• Газеты, часопісы і г.д.
  • Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

    Ляўша на тэнісным корце

    Аксана Бязлепкіна

    Выдавец: Беларускі кнігазбор
    Памер: 352с.
    Мінск 2002
    75.37 МБ
    — Бачу, ты нядрэнна ведаеш жаночую псіхалогію, — заўважыла я.
    — Хлопцы вымушаны станавіцца добрымі псіхолагамі, каб заўсёды падтрымліваць форму, гэта як быць паляўнічым, — пахваліўся Ігар.
    — Твой паляўнічы азарт разбіў жыццё столькім людзям, і пасля гэтага табе не сорамна пра яго разважаць? — пакпіла я.
    — У тыя часы, калі мяне так танна прадалі, я яшчэ не ведаў такіх жанчын. А вось ты, разумніца, паўтараеш памылку Таццяны. Як звычайна кажуць у такіх выпадках: я кахаў яе ўсёй душой, — летуценна прамовіў Ігар.
    — Наколькі я ведаю, і целам, — нахабна ўдакладніла я.
    — I целам, — Ігар усміхнуўся. — Хочаш, адкрыю табе маленькі сакрэт? Каб не рабіла памылак. Уяві, мы з Таццянай у інтымнай абстаноўцы. Цемра, ложак і ўсё такое. Яна ў джынсах. Я пачынаю расшпільваць рамень на ёй, потым самі джынсы. А потым як ўдар маланкі: як быццам бы я з хлопцам. Кожны дзень на сабе расшпільваю гэткі ж рамень. I ніякага жадання займацца «гомасексуалізмам» не ўзнікае. Ну, што ты смяешся? Уяві, што ў цябе ёсць сябар-шатландзец. У спадніцы, канешне. I ты здымаеш з яго спадніцу. Табе б на нейкі момант здалося, што ты лесбіянка. Вось, а мне здавалася, што я «блакітны». Ала ж ў самыя моцныя маразы — у спадніцы. Ала ў самыя моцныя маразы — жанчына. Во сцерва! Яна нас ведала як аблупленых. Гэта зараз я на такое не куплюся. Ды час ужо, хутка трыццаць будзе.
    — I тут ты зразумеў, што лепшай жонкі, чым Таня, не знойдзеш? I ўсе гэтыя сем год ты гэта ведаў, але так і не паспрабаваў прызнацца? — бязлітасна спытала я.
    — А ты лічыш, можна дараваць тое, што я зрабіў? Калі б не Ала, калі б не я, мой сын ужо пайшоў бы ў школу. Ты разумееш, што я страціў, што Таня страціла? Хіба гэта можна дараваць? — ён нібы гаварыў на судзе абвінаваўчую прамову супраць сябе.
    — Я хутчэй за ўсё не даравала б. Але Таня кахае цябе неяк па-вар’яцку. Дзякуй табе за размову і за адкрыццё. A то ўсё жыццё хадзіла б непісьменнай і ў джынсах, — жартаўліва падзякавала я.
    — Няма за што, шаноўная! — у тон мне адказаў Ігар.
    Мы ўжо збіраліся ўставаць з-за століка, як падышоў Андрэй:
    — Добры дзень! Дазволіце да вас далучыцца?
    Мне падалося нясціплым ягонае запытанне, ды раптам я заўважыла, як ён глядзеў на Ігара, а Ігар на яго. Нібы яны былі калісь знаёмымі, а зараз вырашаюць, прызнацца ў гэтым ці не. У нейкія сотыя долі секунды яны ўсё ўзважылі (прафесійная звычка хутка прымаць рашэнні!) і... не прызналіся. Андрэй мог, канешне, бачыць Ігара ў студэнцкім інтэрнаце. Але гэта было нешта большае за звычайнае прыпамінанне. Інтуіцыя падказвала мне, што яны добра знаёмыя. Можа, нейкія прафесійныя інтарэсы? Але чаму яны не захацелі прызнацца? I ўвогуле, што іх можа аб’ядноўваць, акрамя старога кахання да Алы? Што?
    Асабістае жыццё ў Алы было на «выдатна». А наконт грамадскага я вырашыла пацікавіцца ў яе непасрэднага начальніка Сяргея Аляксандравіча Белазёрава, які толькі сёння вярнуўся з замежнай камандзіроўкі.
    Але ж гэта не Ігар і не Андрэй, каб проста спытаць: а вы за што яе не любілі?
    Таму Алена сама пайшла да бацькі, каб патлумачыць сітуацыю. Праз хвіліну яна выйшла і сказала:
    — Я ж казала, мой бацька — самы найлепшы бацька ў свеце. — I яна паказала рукой, што можна зайсці.
    Сяргей Аляксандравіч пачаў гаварыць першым:
    — Алена расказала мне пра вашае агульнае расследаванне, я ўражаны яе ініцыятыўнасцю. I калі вы так сур’ёзна заняліся гэтай праблемай, вам не лішне будзе даведацца пра пэўныя нюансы. Але гэта зробіць вашу работу бессэнсоўнай.
    — Для пачатку ўсё ж раскажыце, — холадна папрасіла я.
    — Ала была амаль прафесійнай шантажысткай. Дарэчы, усё, што яна рабіла, яна рабіла бездакорна. I калі працавала, і калі помсціла, вы ўжо мне паверце, — ён неверагодна шчыра ўсміхнуўся.
    — А-а... Адкуль вы пра шантаж ведаеце? — я ўжо асмялела.
    — Я — адна з яе апошніх ахвяр. Алена, вядома ж, нічога не ведала пра гэткае экзатычнае хобі сяброўкі. — Ён так паглядзеў на мяне, што я зразумела: Алена ніколі не павінна даведацца пра гэта. — А найапошняя ахвяра, як я разумею, яе забіла. I, магчыма, не варта нікога шукаць. Гэта, калі можна так сказаць, абарона. А вам, зразумела, цікава, чым яна мне пагражала.
    — Ну, вядома ... — я ўся пераўтварылася ў вушы, а фантазія мая прыгатавалася ўзнаўляць каляровыя малюнкі шантажу.
    — А вось і не скажу, — ён гучна разрагатаўся, але пакрыўдзіцца на яго чамусьці было немагчыма. Ён нарэшце супакоіўся, нармальны колер вярнуўся на ягоны твар, Сяргей Аляксандравіч паправіў гальштук і прымірэнча прамовіў: — Прабач, але не змог устрымацца, каб не пажартаваць. Неяк Ала запрацавалася, дзесяць гадзін, а яна ў сваім кабінеце. Я якраз збіраўся ехаць ужо дадому, яна зайшла да мяне з маім жа кіроўцам Мішам, трэба адзначыць, хлопцам звышнаіўным. Ды і я таксама добры дурань. Яна сказала, што да Новага года рыхтуе сценгазету, і прапанавала: «Давайце зробім смешныя фатаграфіі». I трэба ж мне быць такім ідыётам, каб згадзіцца. He хачу нават расказваць, у якіх паставах мы сфатаграфаваліся... I праз пару дзён яна зайшла ў мой кабінет і кінула на стол фотаздымкі.
    — I няўжо вы нічога не маглі зрабіць? — пакпіла я з яго.
    — Нічога ты не разумееш. Гэтая дзяўчына — проста майстар фальсіфікацый. Зразумела, я ні ў чым не вінаваты. Але! У Жанны Кірылаўны — гіпертанія, яна ўвесь час жыве пад пагрозай інсульту. Мая жонка цярпець не магла Алу і была супраць таго, каб Алена з ёй сябравала. I ўяві, што Ала прыходзіць да маёй Жанны Кірылаўны з гэткімі фотаздымкамі.
    Ці, лепш, не прыходзіць — проста дасылае па пошце. Калі б яна сама прыйшла, жонка б ёй ніколі не паверыла, а вось нейкаму добраахвотніку! Гэтая навіна забіла б яе. He проста здрадзіў, а з Алай!!! I не было б сэнсу апраўдвацца. А праз якую б хвіліну апраўданні і не спатрэбіліся б. Вы зараз скажаце, што я мог бы і сам расказаць у сваёй інтэрпрэтацыі. Мог, але не расказаў. Баяўся? Саромеўся? He ведаю. А можа, цешыў сябе думкай, што не залежу ад Алы, што магу адкрыцца ў любы момант.
    — Ала патрабавала грошай?
    — He, ёй было дастаткова ўсведамлення сваёй улады. Але я дакладна ведаю: я не адзіная яе ахвяра. Гэта было яе хобі. Нехта збірае манеты, нехта рэдкія кнігі. Яна збірала дасье на людзей з дэфектамі біяграфіі.
    — Значыць, знайсці забойцу немагчыма?
    — А навошта? Ала была д’яблам у плоці. А вы... вы — нядрэнная дзяўчына. Кіньце ўсё гэта. Нашто марнаваць свой час? А? Я толькі хацеў папрасіць вас, можа б, вы знайшлі тыя фотаздымкі. У яе кабінеце іх няма, магчыма, яны — у кватэры. Пашукайце, калі ласка!
    Тут нехта да яго зайшоў, і Сяргей Аляксандравіч адразу пачаў гаварыць па-руску, кінуўшы мне на развітанне «да пабачэння!». Будучыня за людзьмі, якія імкнуцца рабіць іншым прыемнае, і гэта не прыстасоўванне. Сяргей Аляксандравіч ведаў, што мне будзе прыемна чуць беларускую мову, і ён зрабіў мне гэтую ласку. Яму ж сапраўды гэта нічога не каштавала.
    Мне ўжо пачынала надакучваць, што ўсе адгаворваюць мяне ад расследавання. Я не стала турбаваць Алену і паехала дахаты на метро. Я стаяла на пероне, калі да мяне падкацілася тоўсценькая бабка і пачала соваць мне ў рукі «рэкламку» нейкай царквы. Я адмовілася. Яна стала ў паставу тыгра
    перад скачком, наколькі гэта было магчыма пры яе вазе.
    — Ты ў Бога не верыш? — строга запытала яна.
    — Веру, — шчыра адказала я.
    — Дык ты, можа, была ўжо ў гэтай царкве? — палагаднела бабка.
    — Я не хаджу ў цэрквы, — катэгарычна прамовіла я.
    — Чаму? — аж разгубілася апалагетка царквы.
    — Проста так, — ціха, але цвёрда адказала я.
    — Беражы цябе Бог, даражэнькая! — яна адступіла ад мяне як ад пракажонай і перахрысціла паветра.
    I я раптам адчула, як даўно я не трымала ў руках Біблію, якая я ўся грэшная і брудная. I стала сорамна перад сабой і перад Богам. Я сапраўды даўно не хадзіла ў царкву. Асабліва пасля таго, як у час цяжкай хваробы майго дзядзькі ў цёткі Марыі ў Божым храме запатрабавалі грошы за маральную падтрымку. Калі б той non толькі пагаварыў з ёй, яна ўдвая болей аддзячыла б. Яе ж да папа нават не дапусцілі. Маўляў, давай спачатку грошы, пакутніца. Дзядзька надзіва ўсім дактарам акрыяў. I потым жартаваў, што гэта Бог прасіў прабачэння за сваіх «старанных» служак. У царкву я не хадзіла, але Біблію мела. Зрэдку я яе чытала, калі было асабліва цяжка. У лепіпыя ж часы мне было дастаткова проста патрымаць яе ў руках. Яна супакойвала і дазваляла як бы дакрануцца да Бога.
    Я ведала, што Біблія ў Алы павінна быць дакладна. На першым курсе мы ўсе купілі гэтую самую разумную ў свеце кнігу, праўда, не для штодзённага чытання, а для міфалагічнага аналізу. Мая суседка па інтэрнацкім пакойчыку так натхнілася, што кінулася ў рэлігію і хлопца свайго пацягнула. Бацькі ледзьве адгаварылі іх ад пострыгу. I зараз яны non і пападдзя. Ды Ала ніколі не думала пра манастыр, хоць у яе было нават дзве Бібліі. Адна, сціплая, якую
    яна купіла разам з намі, а другая, у шыкоўнай вокладцы, толькі што не ў золаце, — падарунак чарговага кавалера.
    Біблію ў кватэры Алы я знайшла адразу. Ха, няўжо яна часта ёю карысталася? Грахі замольвала? Кніжка сама раскрылася на дзесяці запаветах. Насупраць кожнага сказу было напісана алоўкам: «Ёсць!» А насупраць «не пажадай жонкі бліжняга свайго» было дапісана: «3 папраўкай на мой жаночы пол — не пажадай мужа бліжняй сваёй». I замест «ёсць» было напісана: «Аблом».
    Яна што, адбіла чужога мужа? Але ж я памятала пра гальштук і дзве зубныя шчоткі і падумала, што гэта таксама для паказухі, тым больш што кніга сама адкрылася на гэтых старонках.
    Я разумела, што трэба абшукаць кватэру, раней мне здавалася, што анёл Ала недзе зверху глядзіць на гэты свет, але зараз я адчувала, што з пекла ёй не будзе відаць яе кватэры. Ужо не было ніякага шкадавання, ды і кватэра, якую я абжыла, не памятала болып Алу.
    Нарэшце прыйшоў час перагледзець яе паперы. Павінны ж быць недзе дзённікі, фотаздымкі, нешта, што дапаможа праясніць сітуацыю. I даказаць, што яна сапраўды была шантажысткай.
    Ніякіх дзённікаў я не знайшла, а вось фотаздымкаў было навалам. Ала была то Каралевай Жахлівых Ільдоў, то Прынцэсай Паўднёвага Мора. Калі ж забыць, што яна загінула, што пры жыцці была лгунняй і шантажысткай, калі пра ўсё гэта забыць, то можна было ўбачыць, што яна была сапраўды прыгожай. Прыгожай нейкай лабараторнай, стэрыльнай прыгажосцю. Калі б я не вучылася з ёй на адным курсе, я не паверыла б, што гэты цуд, гэты ідэал мог існаваць.