Ляўша на тэнісным корце
Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
— Можа, зрабіць вам кавы?
Ён моўчкі падняўся і пайшоў на кухню, я — за ім. Ён сеў на табурэтку, а я паставіла джэзву.
— Я ж думаў, што пакрыўдзіў яе мінулы раз, і таму яна не хоча са мной убачыцца. Як яна загінула? — нарэшце ён запытаўся пра галоўнае.
— Дакладна невядома. Памерла яна ад удару галавой аб каменне перад уваходам на Цэнтральны рынак будматэрыялаў. Можа, яе штурхнулі... Можа, нечым далі па галаве. А магла проста скроняй аб нешта ўдарыцца, напрыклад, аб машыну. Знайшлі сляды... як гэта... тармазны шлях... Ды варыянт міліцыі самы просты: ехала на роліках, звалілася і забілася, — зрыфмавала я.
— На роліках? Ала? Немагчыма! Ала ўмела катацца на роліках? Гэта нейкая лухта! Гэта... Я жыву якраз насупраць рынку. Я... мог бы бачыць! Якое глупства гэтае жыццё... Ала на роліках... — ён не знаходзіў слоў.
— I ўсё-такі яна была на роліках. Дазвольце мне задаць вам некалькі пытанняў, — афіцыйным тонам прамовіла я.
— Пытанняў? — ён спужаўся. — Якіх пытанняў?
— Я шукаю забойцу Алы, яе сяброўка ўпэўнена, што Алу забілі. Падстава так думаць — ролікі. Ала сапраўды не ўмела катацца на роліках. — Я ўжо ведала, што Ала надзела ролікі для Андрэя, але навошта міліцыянеру пра гэта казаць. — Я павінна ведаць пра яе ўсё. Я ўжо здагадваюся, якім чынам вы сустракаліся...
— Так. Яна аднойчы забылася зняць кватэру з аховы, і прыехаў я з напарнікам. Тады ўсё і пачалося. Мы дамовіліся, што кожны чацвер, ці не кож-
ны, як ёй захочацца, яна будзе забываць здымаць кватэру, і я буду прыязджаць да яе. Сябра чакае мяне ў машыне.
— А вы не маглі сустракацца проста па вечарах? Абавязкова трэба было ў экстрэмальных умовах? — я хацела выцягнуць з яго аповед пра эксцэнтрычнасць Алы.
— Разумееш... Тут такая справа... — ён пашкроб правай рукой падбароддзе, і я заўважыла на ягонай загарэлай руцэ белы след ад заручальнага пярсцёнка.
— Цяпер разумею. Дакладней, разумею, чаму так сустракаліся. He разумею, навошта? — мае эмоцыі прарвалі маску дэтэктыва.
— О-о, ты не ведала Алы, — пачаў ён упэўнена...
Калі ён пайшоў, я падумала, што сапраўднага кахання ў Алы не было. Пра якія шчырыя пачуцці можна казаць, калі твой каханы хапае цябе на рукі і кідае на ложак, а ў твар не глядзіць і не размаўляе з табой. He, яна ўсё ж такі была няшчаснай жанчынай. Ды ўсе вакол няшчасныя. Вось гэты міліцыянер, напрыклад. Загінула Ала, ён знойдзе сабе другую. Бо праблема сядзіць у ім самім. Ён не можа мець дзяцей. Ах, іх з жонкай нішто не аб’ядноўвае. Калі ён не можа мець дзяцей, ён не зможа «аб’яднацца» ні з кім. Абы толькі прыдумаць сабе апраўданне. Мабыць, калі жонка зловіць яго пад час чарговага «аб’яднання», ён стане ў позу і будзе плакацца. I яна застанецца вінаватай. А шкада ўсіх траіх.
Калі я ноччу клалася спаць, на розум прыйшла цынічная думка: а нашто я яго спыняла, калі ён шпурлянуў мяне ў ложак, ён бы пасля ўсяго пайшоў не развітваючыся і не заўважыў бы, што я не Ала. Мяркую, Андрэй быў больш уважлівы.
Рынак жыў сваім жыццём: прыязджалі машыны, прыходзілі людзі, гула рэклама. Маленькія прыгожыя домікі клікалі да сябе, і так хацелася забыц-
ца на мэту нашага візіту. Андрэй паказваў месца, дзе ўжо не захавалася ніякіх слядоў.
He, не мог Бог так памыліцца. Калі яму так трэба было забіць Алу, няўжо ён не мог знайсці некага іншага? Андрэй быў апошняй ахвярай Алы. Яна не магла ніяк раз’яднаць Андрэя і Алену. I знайшла унікальнае выйсце. Як магла самаўлюбёная Ала ахвяраваць сабой? Можа, хацела проста папужаць. Ці, можа, сапраўды кахала Андрэя? Хто яе ведае? Пра гэта яна ў дзённіку не напісала.
Мы стаялі з Андрэем моўчкі. Кожны думаў пра сваё.
Ля ўваходу на рынак пачалося нейкае ажыўленне. Хлопцы, якія прымалі плату на аўтастаянцы, цягнулі п’янаватага дзеда. Стары ўпіраўся. Нарэшце, паддаўшы яму каленам, хлопцы выкінулі яго за вароты. Дзед падняўся, абцёрся і неразборліва крыкнуў у адно слова:
— Тут жа дзеўку задавілі.
На што хлопцы яму з рогатам адказалі:
— Цябе самога якая хочаш дзеўка задавіць. Валі, алкаш!
Сказаць, што нас з Андрэем здарэнне зацікавіла, значыць нічога не сказаць. Мы падбеглі да дзеда, быццам бы дапамагчы. А ён усё бурчаў:
— Дзеўку задавілі.
— Якую дзеўку? — спыталі мы дзеда.
— Тут адна такая бегала, часта была, — дзед абрадаваўся ўдзячным слухачам.
— А хто яе задавіў? — дапытваўся Андрэй
— Шкада, дзеўку задавілі, — задумліва паўтарыў стары.
— А хто яе задавіў? — Андрэй не пагрэбаваў тыцнуць дзеда ў плячо.
— Я толькі падумаў, міліцыя панаедзе, нашто мне лішнія праблемы. I два дні не прыходзіў. Шчэ здагадаліся б, што я бачыў, хто яе задавіў.
— А хто? — спрабавалі мы выцягнуць з прапітай галавы дзеда.
— А вам, дзеткі, што за інтарэс? — канчаткова дабіў нас дзед.
— Сяброўка яна наша, — безнадзейна паведамілі мы.
— Добра, што так за сяброўку перажываеце. А мае дзеткі хату маю ў Негарэлым прадалі. У горад, курвы, паклікалі. А нашто, калі я ім непатрэбны? Яны ў тым вунь доме жывуць, на трэцім паверсе, дзеткі мае. А я тут прыжыўся. Ноччу ж тут ні душы. Ну, бывае, вечарком прывязуць што-небудзь, і адразу ж дадому. Жыві-гуляй, Вася. Аж бачу, дзеўка прыйшла. Разбулася. У мяшок запіхала, схавала там, чарцяка. Адзела нейкія боты з калёсамі. Такія і ў маіх унучкаў ёсць. I стаіць дзеўка тая. Хлопца чакала, ці што? Аж едзе ён, мілок. I тут яна як кінецца. А ён хітры, чарцяка. Руль крутануў. I яна проста на зямлю ўпала. Ляжыць, галосіць.
— А вы хлопца не разгледзелі? — асцярожна спытала я.
— У мяне ж ужо вочы слабыя. Так і не прыгледзеў. А ў тую ноч Лорачка тавар прывезла. I ўжо дамоў руліла. Пад’ехала да дзеўкі, спынілася і як газане. Прама па дзеўцы. А я тады падумаў, ну нашто ёй, нежывой ужо, басаножкі? Я тую торбачку знайшоў у кустах, а басаножкі прадаў. У мяне яшчэ і грошай крыху засталося.
Тут дзед пачаў шукаць па кішэнях, даставаць брудныя паперкі. Андрэй з такой удзячнасцю глядзеў на гэтага дзеда, здавалася, расцалуе зараз. А я падумала, Андрэя дзед не разгледзеў, дык як ён мог пазнаць тую Лорачку? I спытала пра гэта.
— Дык толькі ж адна Лорачка на рынку і была, усе раз’ехаліся. А я ж во толькі што пайшоў да яе, кажу: «А я, Лорачка, усё ведаю!» А яна спакойна так: «No problems! Валера-а!» А той Валера пазваў казлоў гэтых.
Дзед павярнуўся да хлопцаў з аўтастаянкі, крыкнуў: «Казлы!» і павольна пайшоў прэч. I ніхто яго не затрымліваў.
Мы прыляцелі дадому як на крылах. Андрэй усё ірваўся патэлефанаваць Алене. Ды я сказала:
— Табе Бог дае другі шанс. Жаніся хутчэй. А калі праз дваццаць год сумеснага жыцця табе надакучыць жонка і ты захочаш ад яе пазбавіцца — раскажы ёй гэтую гісторыю.
Алена патэлефанавала сама. Шчаслівая да згубы прытомнасці. Цяжарная да мозга касцей! А мне стала страшна, што на сумленні Алы магла быць яшчэ адна загубленая дзіцячая душа. Мы цэлы дзень насіліся з цяжарнасцю Алены як з пісанай торбай. Цалаваліся, абдымаліся. Яны былі такімі шчаслівымі, што я не магла ім расказаць пра свае падазрэнні. Алена змянілася на вачах і ўся свяцілася сваім шчасцем. Яна, гэтая бізнес-лэдзі, была ўзрушана да такой ступені, што забыла ў мяне свой сотавы, які быў патрэбны ёй, як яе уласныя рукі.
Мне не цярпелася наведаць маіх суседзяў зверху. Я іх не баялася, але раптам у стрэсавай сітуацыі забойца не здолее пракантраляваць свае эмоцыі. Менавіта таму я патэлефанавала бацьку Алены і папрасіла, каб кожныя 15 хвілін ён тэлефанаваў на сотавы Алены, і, канешне, папярэдзіла яго, што адказваць яму буду я. Перад выхадам я пакінула на стале запіску: «Мне здаецца, што забойца — суседка зверху, Лорачка».
Ларыса, яна ж Лорачка, і яе Валера былі непрыемна ўражаныя маёй дасведчанасцю. Ці, хутчэй, вельмі напужаныя. Прыкмет агрэсіі не назіралася, і калі праз 15 хвілін патэлефанаваў Сяргей Аляксандравіч, я сказала: «Усё нармальна, можаце больш не тэлефанаваць». Лорачка зварыла кавы, запаліла цыгарэту і пачала расказваць.
...Недзе два гады таму яны самі рабілі рамонт у кватэры. Зразумела, вечарамі. I вось аднойчы да іх заявілася раз’юшаная Ала. Пасмяялася з рамонту. Сказала, што можа ім дапамагчы, і Лорачка млела ад такой увагі. Зараз гэта гучыць смешна, але яны сталі сяброўкамі. I Лорачка скардзілася на мужабеспрацоўнага. Маўляў, калі не працуеш, дык хоць шпалеры новыя паклей. I Ала прапанавала ім працу ў адным з павільёнаў «РамСервісу» на рынку. У Валеры, канешне, не было вопыту работы з будаўнічымі матэрыяламі, ды Ала запэўніла, што ў яго ўсё атрымаецца. Ад такога прызнання ягоных вартасцяў Ларысін муж закруціў з ёй раман. Хоць на самай справе гэта Ала закруціла той раман. I канешне, Валера не змог выкруціцца. Таму ўсё расказаў жонцы. Гэтага Ала не чакала. Яна пагражала звольніць іх. I Валера хадзіў да Алы начамі адпрацоўваць сваё працаўладкаванне. Жонка вар’яцела ад бездапаможнасці і ўсё ніяк не магла вырашыць, што даражэй: муж ці праца.
Усё скончылася, калі Але надакучылі і Валера, і Лорачка. Яе імклівая натура патрабавала новых пачуццяў. I яна смела пераступала цераз усё. 3 любых сітуацый яна выходзіла пераможцай. А Валера і Лорачка адчувалі сябе згвалтаванымі, ды так яно і было. Кожны раз, сустракаючы іх у ліфце, Ала напамінала пра тую гісторыю, не давала яе забыць. I магла сціпла спытацца, ці Валера ўсё яшчэ пачынае любоўныя ігрышчы з пацалункаў у спіну? Ці не заеў іх побыт? Можа, ім патрэбна дапамога ў інтымным жыцці?
He, Ларыса не збіралася яе забіваць. Гэта збег абставінаў. Яна бачыла Алу, калі прывозіла тавар. Тая некага чакала. I калі Ларыса вярталася, то бачыла няўдалую спробу Алы скончыць жыццё. Яна ўпала, відаць, заплакала, але пачуўшы шоргат шынаў Лорынай машыны, яна падняла галаву. I куды падзеліся ейныя слёзы! Яна пазнала машыну Лорачкі
і ганарліва (наколькі гэта было магчыма) усміхнулася. I Лора ўспомніла ўсе здзекі, якія яны з Валерам цярпелі ад Алы. Яна не магла яе не забіць!
Праўда, калі б можна было ўсё вярнуць, яна б не задавіла Алу. Калі Ала ўбачыла, што машына едзе проста на яе, ейны твар скамянеў. Далей Лора нічога не памятавала. Ёй здавалася, што яна чамусьці тармазіла... Але навошта яна гэта рабіла і як яна даехала дадому, ёй невядома. Жахліва — адчуваць сябе забойцам, памятаць пра гэта кожны дзень, з гэтым прачынацца і класціся спаць. Трэсціся, што нехта бачыў. Вось той дзед, здавалася б, не вельмі страшны, бо хто алкашу паверыць, а яна па начах не спіць, баіцца. Лора ўздыхнула і амаль шэптам сказала: