Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
75.37 МБ
Нельга сказаць, што Вольга была непрыгожай, зусім не. Стройная, з прыемным тварыкам і доўгімі чорнымі валасамі, яна была вельмі эфектнай. Пагарэла яна на акулярах... якія пакінула дома. Ёй так
хацелася быць прыгажэйшай, што яна была гатова ахвяраваць уласнымі ўражаннямі. Ну што ўбачыць чалавек са зрокам «мінус шэсць»? А вось пакінуць дома з акулярамі сваю цікаўнасць Вольга не здолела: калі хтосьці з гасцей клаў канверт з доларамі на столік, дзяўчына ледзь не нахілялася, нібыта там можна было нешта ўгледзець.
Ейны залаты ланцужок з крыжыкам увесь час правальваўся ў занадта глыбокі выраз цёмна-блакітнай сукенкі. Вольга выцягвала крыжык і ўважліва разглядала сваё дэкальтэ. А Мішку зусім не здавалася прывабнай дзяўчына, што так пільна ўглядаецца ва ўласныя грудзі. Пасля кожнай акцыі па выцягванню ланцужка Вольга крадком паглядала на Мішку.
— Божа мой, Кірыл, дзе ты яе адкапаў!!! — застагнаў хлопец.
У гэты момант Кірылаў дзед Іларыён падышоў да маладых. Ён ціха, азіраючыся на сваю жонку бабу Просю, пажадаў унукам шчасця. Нязграбнымі сялянскімі рукамі ён абняў Кірыла, а потым абхапіў галаву Веры, крыху сцягнуўшы вэлюм набок.
Пакуль маладыя прымалі віншаванні, Фёдар Дзянісавіч завёў Галавачова ў суседнюю залу, разгарнуў свой лісток і толькі пачаў гаварыць, як Галавачоў паблажліва рассмяяўся:
— Фёдар Дзянісавіч, дазвольце мне павіншаваць вашу дачку. А справы нікуды ад нас не ўцякуць, — дадаў ён. Фёдар Дзянісавіч захітаў галавой, згаджаючыся, хоць было відаць, як яму карціць запярэчыць. Але ён толькі моўчкі глядзеў у свой лісток.
Раптам у залу зазірнула рыжавалосая жанчына з хітраватымі вочкамі, яе ад прыроды выразна акрэсленыя вусны расплыліся ў прыязнай усмешцы. Яна лёгка падышла да мужчын і ўзяла Фёдара Дзянісавіча пад руку, ён неахвотна прамовіў:
— Інга Іванаўна, сястра маёй жонкі.
Незамужняя Інга Іванаўна з цікавасцю паглядзела на Галавачова і з меншай увагай глянула ў паперку. Фёдар Дзянісавіч міжволі перавярнуў лісток другім бокам. Інга Іванаўна амаль што праспявала ў адказ:
— Усё сакрэты, Фёдар? He буду вам перашкаджаць! Толькі хутчэй да нас далучайцеся!
Яны дачакаліся, пакуль жанчына выйдзе, і Фёдар Дзянісавіч зноў хацеў паўтарыць сваю прапанову. Галавачоў здагадаўся без слоў і зноў рассмяяўся, узяў паперку з рук Фёдара Дзянісавіча, паклаў яе на столік і прыціснуў далоняй:
— Фёдар Дзянісавіч, я не менш за вас хачу пагаварыць пра банк, але ў гэтай сітуацыі прыстойнасць важнейшая за жаданне, нават самае нястрымнае. Сёння ж свята! У час першага перапынку мы зможам усё абмеркаваць! Згода?
— Згода! — уздыхнуў Фёдар Дзянісавіч.
Галавачоў па-сяброўску паклаў руку яму на плячо, і яны накіраваліся ў «сваю» залу. На выхадзе яны сутыкнуліся з высачэзным хлопцам. Фёдар Дзянісавіч перасмыкнуў плячыма і даволі няветліва запытаў:
— А вы што тут робіце?
— Я — аператар! — з годнасцю адказаў хлопец.
Толькі тут Фёдар Дзянісавіч заўважыў камеру, і ягонай галаве ўзнавіліся падзеі сённяшняй раніцы, калі замоўлены аператар трапіў у аварыю (як спецыяльна!) і тэрмінова прыйшлося шукаць яму замену. Фёдар Дзянісавіч са шкадаваннем падумаў, што з загса застануцца толькі фотаздымкі, а тут яшчэ гэты незнаёмы аператар. Фёдар Дзянісавіч нахмурыў лоб і строга запытаў:
— А ваша імя...
— Ваня! — неяк па-дзіцячы адказаў хлопец.
— Ваня, — паўтарыў Фёдар Дзянісавіч. — А тут што вы шукаеце?
— Я аглядаў тэрыторыю, дзе мне прыйдзецца здымаць, — здзіўлена апраўдваўся аператар.
— He думаю, што вам прыйдзецца тут здымаць, — раздражнёна прасіпеў Фёдар Дзянісавіч.
А лісток з лічбамі і разлікамі застаўся ляжаць на століку ў пустой зале.
8
Сяргей Іларыёнавіч, бацька жаніха, зацягнуў сваю жонку Валянціну Пятроўну ў залу насупраць, адкуль толькі што выйпілі Фёдар Дзянісавіч і Галавачоў. Сяргей Іларыёнавіч кіпеў, як чайнік са свістулькай. Паветра цяжка выходзіла праз яго зламаны калісьці нос. Твар быў чырвоны, а рукі без патрэбы сноўдалі па патыліцы. Па гэтых прыкметах Валянціна Пятроўна здагадалася, што мужа нешта вельмі непакоіць:
— Сяргей, ну што здарылася?
— Я быў упэўнены, я вас папярэджваў! О-ох, папомніце вы мае словы! А я ж казаў! Казаў! — выпускаў пару Сяргей Іларыёнавіч.
— Сяргей, — тонам маці супакойвала мужа Валянціна Пятроўна. — Сяргей, пра што ты папярэджваў?
— Ты ведаеш, што я падслухаў? Выпадкова, вядома ж. Верчын бацька, куркуль гэты недабіты... — Сяргей Іларыёнавіч аж захліпнуўся ад злосці.
— Сяргей, як ты свайго свата называеш?! — Валянціна Пятроўна спужана азірнулася на дзверы і адцягнула мужа ўглыб залы. — Ну, што ты там пачуў?
— Куркуль гэты недабіты, — знарок паўтарыў Сяргей Іларыёнавіч, — размаўляў з нейкай рыжай бабай.
— Рыжая? У сінім касцюме? Інга Іванаўна. Сястра жонкі Фёдара Дзянісавіча. I што ты такое важнае змог падслухаць? — намагалася не паказваць сваёй зацікаўленасці Валянціна Пятроўна.
— Дзеўцы кватэру купілі, а Кіру нашага туды прапісваць не збіраюцца!!! — выдаў таямніцу Сяргей Іларыёнавіч.
— Фу ты! I праз нейкую дробязь ты так распыхкаўся? — засмяялася Валянціна Пятроўна.
— Баба — дура! Слухай далей. А калі наш Кіра захоча да яе прапісацца, ён павінен падпісаць шлюбную дамову, маўляў, пры разводзе на жылплошчу не прэтэндую! — узвіваўся Сяргей Іларыёнавіч.
— А ты, ведама, спаў і марыў пра гэтую жылплошчу! — раззлавалася Валянціна Пятроўна. — А калі б гэта ты сыну кватэру купіў, ты б не шкадаваў? Сяргей, толькі жабракі не сквапныя. Гэта ж натуральнае жаданне бацькоў абараніць сваё дзіця.
— А тваё дзіця хто абароніць? Валя! Ты мяне дзівіш! Трэба спыніць вяселле! — амаль ускрыкнуў Сяргей Іларыёнавіч.
— Ідыёт! — яна заціснула мужу рот. — Ты разумееш, што кажаш? Яны ж ужо пажаніліся. Яны ўжо муж і жонка. Навошта псаваць усім свята? Падумай урэшце пра сваіх бацькоў. У дзеда Іларыёна адна мара была: да Кірылавага вяселля дажыць. Баба Прося сядзіць і плача ад шчасця. Хочаш бацькам жыццё падкараціць? — Валянціна Пятроўна выкарыстала апошні аргумент.
— Мужыка ў хаце павінны паважаць! А ці будзе жонка гэтая нашага Кіру паважаць пры такіх умовах?! — стаў у ваяўнічую паставу Сяргей Іларыёнавіч.
— Думай, што хочаш! Гавары, што хочаш! Але толькі не сёння! He псуй дзецям свята! — Валянціна Пятроўна апусцілася на крэсла і закрыла твар рукамі, бо яна ведала, што толькі так можна паўплываць на мужа.
— Валя! Валечка! Толькі не плач! Я не буду, не буду! — ён прысеў каля жонкі. I дадаў аднымі ByeHawi, каб яна не пачула: — Я знайду, як іх паставіць на месца.
9
Вера была ў прыгожай вясельнай сукенцы: шырокія белыя шлейкі ярка кантраставалі з загарэлымі плячамі і шыяй, доўгія пальчаткі надавалі туалету закончаны выгляд. Веры вельмі пасавала высокая прычоска з выпушчанымі пасмачкамі і доўгім вэлюмам. Мінімум касметыкі і ўпрыгожанняў.
А Веры і не трэба было ніякіх упрыгожанняў, яна проста свяцілася радасцю. Кожным крокам, кожнай усмешкай яна паказвала сваё нечалавечае шчасце. Некаторыя госці спадылба касіліся на Веру: ну шлюб, ну вяселле, але так выстаўляць свае пачуцці проста непрыстойна.
Кірылу ж уся мітусня з гасцямі была непатрэбная. Эх, каб пасля рэгістрацыі адразу шлюбная ноч! Але ён трымаўся, ветліва адказваў на пытанні і воклічы шматлікіх цётак, цвёрда паціскаў рукі мужчынам.
Усе селі за стол, і тамада, высокі прыгожы мужчына са знешнасцю кінаакцёра, па чарзе даваў слова бацькам, сябрам, крэўным.
Валянціна Пятроўна, маці Кірыла, выйшла віншаваць дзяцей з насовачкай. Было відаць, што яна вельмі перажывае за маладых. Дзед Іларыён не вытрымаў:
— Валюха, ты што, сына замуж аддаеш? Гэта хай Верчына мамка плача!
Вікторыя Іванаўна, мама Веры, ветліва ўсміхнулася.
Сведка з боку маладой Вольга ўсе гэтыя прамовы не слухала, яна пільна ўглядалася ў талерку з салатай, якая стаяла занадта далёка ад яе падслепаватых вочак. Мішка заўважыў, як яна выцягвае шыю, каб лепей разгледзець страву, і пхнуў Кірыла. Вольга падцяла вусны, сціснула ў руцэ відэлец і ўжо сабралася пакласці сабе трохі, але ўсё ж не наважылася. Кірыл з іранічнай усмешкай запьітаў:
— Вольця, праблемы?
— Э-э. He... Ммм... Дарэчы, што гэта за салата? — спытала яна, не гледзячы на Кірыла.
— Смачная, напэўна, ты не глядзі, што так паскудна выглядае, — пажартаваў Кірыл. — Я ж не повар, каб ведаць кожны інгрэдыент, — адкруціўся хлопец ад прамога адказу і паслужліва перадаў Вользе талерку. Дзяўчыне не было куды адступаць.
Баба Прося сказала тост і ад свайго імя, і ад імя дзеда Іларыёна, сам жа дзед выявіў жаданне паспяваць:
Я любіў спяваць прыпеўкі, I любілі мяне дзеўкі, Ажаніўся з бабай Просяй, А яна не песень просіць.
10
Калі пачаўся перапынак, Фёдар Дзянісавіч адразу накіраваўся да Галавачова, але той з першымі акордамі музыкі нечакана падхапіў жонку ды рвануў на танцавальную пляцоўку. Марына Канстанцінаўна прыгожа выгінала спіну, яе рукі былі счэплены за шыяй мужа. Іхнія ногі рухаліся выверана і лёгка, целы плылі нібы склееныя. Марына Канстанцінаўна шчыра ўсміхалася мужу, ягоны ж выраз твару заставаўся нязменным. Галавачоў не любіў выяўляць свае пачуцці. Ён кінуў на Фёдара Дзянісавіча толькі адзін позірк, і няўрымслівы камерсант адразу зразумеў, што совацца з паперкай было б верхам недыпламатычнасці. Пляменнік Жэнька пацягнуў Фёдара Дзянісавіча за рукаво:
— Дзядзя Фёдар!
— Жэнька! Як справы, хлапчына? Як мама, як Танька, як мой любімы брат? Шкада, што яны не змаглі прыехаць! Дзякуй, што хоць ты сёння з намі! — Фёдар Дзянісавіч ляпаў хлопца па плячы, трос яго і тармасіў за патыліцу. — Ах, які ты ўжо кавалер! Муж-жык! Мужык! А сам жаніцца не збіраешся?
— Дзядзя Фёдар! Я? Жаніцца? Вось выйшла Танька замуж, то яны сварацца, то разыходзяцца, а зараз вось уся сям’я сядзіць над ёй у раддоме. Гэта шчасце? Нервы! — скончыў свае хлапечыя развагі Жэнька.
— He хочаш мець пляменніка? — жартаўліва запытаў Фёдар Дзянісавіч.
— Пляменніцу, дзядзя Фёдар, пляменніцу, — уздыхнуў Жэнька.
Тут да іх падскочыла Каця, пацалавала бацьку і пацягнула ад яго стрыечнага брата. Фёдар Дзянісавіч абраў наступную ахвяру сваёй увагі — Ігара Леанідавіча, свайго намесніка. Хлопцу было 28 год, ён быў усё яшчэ нежанаты і, як жартавалі на фірме, мабыць, ніколі ўжо не зменіць свайго грамадзянскага статусу.