Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
75.37 МБ
— Трыма-ай! Кіра-а-а! Нявесту скралі!!! — не кантраляваў сябе Мішка.
Хлопцы выбеглі з кола і праз секунду імчалі па калідоры, у канцы якога свяцілася вясельная сукенка. Але дзяўчына на высокіх абцасах не магла ды і не хацела бегчы так хутка, як два раз’юшаныя хлопцы, якія падганялі сябе індзейскімі воклічамі. Міша выхапіў Веру з Жэнькавых рук, нібы гэта была не дзяўчына, а лялька. Кірыл жа ўтаропіўся на Жэньку і злосна запытаўся ў Веры:
— А ён тут што робіць?
— Мяне крадзе! — засмяялася Вера і абняла Жэньку за шыю. — Кірыл, памятаеш, я табе фотку паказвала. Гэта ж мой стрыечны брат, Жэнька!
— Стрыечны брат? Гэта зараз так называецца? — пырскаў слінай Кірыл. Мішка на ўсялякі выпадак трымаў яго за руку. Кірыл намагаўся нешта спытаць, але саромеўся і Мішкі, і самога Жэнькі. Пытанне, якое яго так даўно хвалявала, трэба было вырашыць раней, а не ўсчынаць сварку на вяселлі. Яму хацелася, каб зараз усе разышліся, нібы нічога не было, але ўсе стаялі і чакалі, што ён скажа. А што гаварыць? Што нельга прыцягваць на сваё вяселле былога хлопца?
Маўчанне зацягнулася, Мішка супакоіўся і адпусціў руку Кірыла. Да іх падышла Веранічка:
— Прывітанне, народ! Хоць мы ўжо віталіся! Нешта здарылася? — яна адчула нацягнутасць і прыхаваную буру эмоцый. Яна бачыла, што Кірыл невядома за што вызверыўся на Жэньку. — Хлопцы, трэба быць прасцей! — засмяялася Веранічка і ўшчыкнула Кірыла за ягадзіцу. Кірыл здзіўлена павярнуўся да яе, яна ж цмокнула языком і казытнула Кірыла за чэлес. «Ну, блін! I Веркі не саромеецца!» — падумаў Кірыл і паглядзеў на жонку. Але Вера так прызвычаілася да выбрыкаў сваёй сяброўкі, што не звярнула ўвагі і зараз. А Веранічка ўжо падышла да Жэнькі, абхапіла шчодра нафарбаванымі вуснамі ягоныя вусны. Калі яна нарэшце ад яго адляпілася, то ўсе заўважылі, што Жэнькаў твар ад носа да падбароддзя запэцкаўся памадай.
— Які ты, Жэнька, парсючок! Пойдзем, зліжу з цябе памаду, брудненькі ты мой! — Веранічка абхапіла Жэньку за талію, і яны пакінулі анямелых маладых.
У іншай сітуацыі Вера запытала б, што гэта Веранічка збіраецца рабіць з яе братам, але беспадстаўная рэўнасць Кірыла прымушала стрымлівацца.
— У цябе не сяброўка, а секс-бомба! — пакрыўджана сказаў Мішка. — Толькі чаму яна мяне не заўважае? Жанатага — памацала, брата твайго даўганогага-даўгарогага — пацалавала, а мяне, прыгажуна халастога, абмінула! Ну не курва, га?
Кірылу ад гэтых слоў стала непрыемна: даўганогідаўгарогі не Жэнька, а ён сам, Кірыл. Трэба было прыцягнуць сваіх «стрыечных сясцёр», каб не выглядаць так па-дурному. Хопіць нервавацца, усё можна будзе высветліць потым! — падумаў Кірыл, а ўголас сказаў:
— Пойдзем да гасцей! I ўвогуле, давай дамовімся не псаваць сённяшняга свята!
— Канешне, я і не збіралася нічога псаваць! — пакрыўджана адказала Вера.
Галавачоў танчыў з Інгай. Яна разумела, што такія мужчыны сваіх жонак не кідаюць, але не магла адмовіцца ад гэтага шчаслівага імгнення. Вечарам яна будзе сядзець у любімым крэсле, без касметыкі, з толькі што памытымі валасамі. Такая самотная і няшчасная. I дзеля вось гэтага танца, дзеля таго, што яшчэ магло між імі адбыцца, яна была гатовая выціснуць з сябе апошнія кроплі абаяльнасці, грацыёзнасці, жаночай вабнасці.
Узрост не мог сапсаваць прыгажосці гэтага мужчыны. Упэўнены, стрыманы, з тонкім пачуццём гумару — такія заўсёды падабаюцца жанчынам. Дай яму ў рукі меч ці калькулятар — ён застанецца Мужчынам.
Галавачоў не заўважаў пакут сумлення сваёй партнёркі. Раптам ён злавіў яе позірк, змоўк і мацней прыціснуў да сябе, нібы гаворачы: «Не бойся! Я абараню цябе!» Ці не зашмат для людзей, якія бачыліся першы раз?
Марына Канстанцінаўна крыху паназірала за мужам і, узяўшы сумачку, рашуча выйшла з залы. Яна спусцілася на першы паверх, паазіралася, стала каля люстэрка і дастала з футарала сотавы тэлэфон. 3 гэтага ж футарала выпала паперка, складзеная ў восем столак. Марына Канстанцінаўна разгарнула паперку, доўга глядзела ў яе, потым зірнула на сваё адлюстраванне, прашаптала: «Ён сам вінаваты!» — і набрала нумар:
— Алё! Макс? Гэта я!.. Нам трэба сустрэцца!.. Шмат работы? Макс! Гэта будзе бомба! I гэтую інфармацыю я аддаю тваёй газеце, ты разумееш. У рэшце рэшт ты зможаш сказаць сабе, што недарма спаў са мной... He перапыняй. Я ведаю, ты шкадуеш. Толькі ёсць адна праблема... О-о, ты здагадлівы. Сустрэнемся заўтра ў дванаццаць на нашым месцы.
Цётка Наташа вельмі засмуцілася, што выкрадання маладой не адбылося. Але можна было яшчэ сцягнуць туфлік з нагі маладой. I цётка Наташа жвава накіравалася да Веранічкі, каб дамовіцца пра новую спробу вясельнага злачынства. Самой цётцы Наташы да Веры нельга было падыходзіць: у Кірыла была на цётку «алергія». Як толькі ён бачыў недзе паблізу яе ярка-ружовы пінжак, рэфлексійна мацаў, ці побач жонка. А вось Веранічка магла хадзіць, дзе захоча. Яна прашаптала ўсё Веры на вуха і хацела хуценька зняць туфлік. Але той маленькім раменьчыкам прымацоўваўся да шчыкалаткі. I замочак не паддаваўся. Веранічка прысела, каб было зручней расшпіліць. Раптам падышоў Кірыл і спакойным тонам запытаўся:
— Дапамагчы?
Веранічка, не паднімаючы галавы, адказала:
— Ага, тут нешта не атрымоўваецца. Ой, Кірыл!.. Э-э-э, прабач... Я тут...
Кірыл нічога не сказаў, толькі прыязна ўсміхнуўся і адвёў жонку ад сяброўкі. Кампанія выкрадальнікаў зразумела, што маладая ахоўваецца надзейна. Але «генератар ідэй», цётка Наташа, знайшла выйсце і тут. Яна прапанавала падаслаць свайго ўнука Алежку. Ён залез бы пад сукенку і зняў чаравік, ніхто б не заўважыў, што там хтосьці сядзіць.
Малы Алежка з радасцю залез пад сукенку маладой. А цётка Наташа займала ўвагу Кірыла. Хлопец нешта западозрыў і азірнуўся, ці няма паблізу выкрадальнікаў. Раптам Вера пачырванела і даволі гучна запытала:
— Цётка Наташа, колькі год вашаму ўнуку?
— Шэсць! — з гонарам адказала шчаслівая бабуля.
— Шэсць?! — закрычала Вера. — Забярыце гэтага маленькага маньяка.
— Сапраўды, а я думаю, што ён там так доўга сядзіць? — Цётка Наташа выцягнула хлопчыка з-пад сукенкі.
Кірыл проста разрагатаўся, назіраючы за гэтай сітуацыяй. Вера стаяла ўся чырвоная і механічна папраўляла прычоску. У кутку залы цётка Наташа сварылася на свайго любімага ўнука. Да маладых падбег Фёдар Дзянісавіч і пацікавіўся пра здарэнне. Кірыл усё вельмі смешна пераказаў, і Фёдар Дзянісавіч слухаў з усмешкай і ўжо збіраўся разрагатацца ад душы, як за спінамі маладых узнікла Веранічка і падміргнула Фёдару Дзянісавічу. Яму адразу расхацелася смяяцца. Ён успомніў пра Ваню і здарэнне ў суседняй зале, адразу прыдумаў нейкія справы і пакінуў маладых. Кірыл з недаверам паглядзеў на таропкую хаду свайго цесця, але, убачыўшы Веранічку, зразумеў, хто Фёдара Дзянісавіча справакаваў.
Ад няўдалых выкраданняў стаміліся ўсе: і «злачынцы», і назіральнікі, і сама нявеста. Кірыл прашаптаў Веры за сталом:
— Што занадта, то не добра! Хопіць выкраданняў. Гэта ўжо не смешна. Ты са мной згодная, любая?
Вера кіўнула галавой, але пакуль Кірыл дзякаваў гасцям за чарговае пажаданне, высунула з-пад сукенкі нагу і расшпіліла замочак. Калі ўсе зноў выйшлі з-за сталоў, Вера папрасіла Кірыла суправаджаць яе на першы паверх. Кірыл на секунду задумаўся і незадаволена запытаў:
— Гэта абавязкова?
Вера здзіўлена паглядзела на мужа, абедзвюма рукамі адтапырыла яму вушы і ўсміхнулася:
— Я магу пайсці адна, калі ты мне давяраеш.
Каб пазбегнуць розных правакацый, Кірыл зрабіў знак Мішку, і той прывязаўся да іх як хвосцік.
Цётка Наташа стаяла з мужам на першым паверсе. Дзядзька Жора кахаў сваю жонку гэтак жа моц-
на, як і ў першы год сумеснага жыцця. У яе тады яшчэ не было такіх неабдымных грудзей, яна была мініяцюрнай і безабароннай. Дзядзька Жора паклаў руку жонцы на плячо і запытаў:
— Наташа, а ты памятаеш, як жаніліся мы?
Твар цёткі Наташы пасвятлеў і памаладзеў, яна паправіла завушніцу і какетліва зірнула на мужа:
— Ты быў такі смешны, з доўгай шыяй. I страшэнна баяўся першай ночы.
— Хто? Я? — жартоўна абурыўся дзядзька Жора. — Галоўнае, што ў мяне ўсё атрымалася, нягледзячы на тое, што пад дзвярыма сядзела твая мама і прыслухоўвалася.
У гэты момант міма пажылай парачкі прайшла тройца: Кірыл, Вера і Мішка. Яны крыху пастаялі, Вера ў гэты час асцярожна выняла нагу з туфліка і пакінула яго. Цётка Наташа і дзядзька Жора былі так захоплены сваімі ўспамінамі і пачуццямі, што не заўважылі паваленага набок белага туфліка. А вось інтуіцыя прымусіла Мішку азірнуцца, з дзікім крыкам хлопец кінуўся да туфліка і, вядома ж, паспеў першым. Кірыл з дакорам паглядзеў на Веру, яна вінавата ўсміхалася. Мішка з трыумфам прынёс туфлік і пяшчотна сказаў:
— Яшчэ што-небудзь падобнае зробіш — шыю зламаю.
I Вера ўжо не супраціўлялася, калі ён задраў сукенку і пачаў насоўваць туфлік. Але Кірыл спыніў яго, узяў за абцас ненавісную рэч і пайшоў да цёткі Наташы.
— Бярыце і рабіце, што трэба. Інакш гэта ніколі не скончыцца, — ветліва сказаў Кірыл. — А мяне гэта ўжо за-дзяў-бло!!! — дадаў ён крыкам.
Ён падхапіў Веру і панёс у рэстаранную залу, за імі дробным крокам бегла цётка Наташа. У зале яна напоўніла чарку Кірыла, паставіла яе ў Верын туфлік і працягнула Кірылу. Ён выняў чарку, а цётка Наташа з віскам спыніла яго:
— Трэба з чаравіка.
— Я ведаю, што раблю, — Кірыл падняў на цётку цяжкі позірк. Цётка замоўкла на паўслове, a Кірыл выліў змесціва чаркі ў чаравік. Усе ахнулі. A Вера адразу ўявіла, як яна будзе хадзіць у мокрым абутку.
Кірыл абвёў позіркам усіх прысутных і сказаў выразна, амаль па складах:
— Гэта мая жонка. I я буду піць з яе туфліка.
I выпіў.
19
Ігар Леанідавіч, намеснік Фёдара Дзянісавіча, стаяў на першым паверсе. Ён відавочна нерваваўся. Раз-пораз ён даставаў сотавы і глядзеў на яго з надзеяй. Ён мераў крокамі падлогу, лічыў пліткі, з падазрэннем азіраўся на людзей.
Нарэшце ён не вытрымаў, сеў у крэсла і ўзяў са століка рэкламныя праспекты. Да яго падсела дзяўчына:
— Вы некага чакаеце?
Ігар Леанідавіч падскочыў ад нечаканасці, рэкламкі выпалі ў яго з рук, і ён з нянавісцю паглядзеў на дзяўчыну. Тая скрывілася і, ганарліва перасмыкнуўшы вуснамі, пайшла знаёміцца з іншымі. Ігар Леанідавіч абхапіў твар рукамі і ўткнуўся ў калені. Калі ён падняў галаву, перад ім стаяла Каця.