Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
75.37 МБ
— Кідай далей!
Маладая павярнулася спінай, размахнулася і шпурнула кветкі. Букет куляўся ў паветры, абмінаючы мноства рук. Каця падскочыла, як баскетбалістка, каб злавіць букет, але ён выслізнуў з яе рук і павіс на залакіраванай галаве Інгі Іванаўны, зачапіўшыся моцнай зялёнай сцяблінкай. Галавачоў кінуўся выблытваць букет, але зрабіў яшчэ горш. Інга Іванаўна сама адчапіла букет і сунула яго ў рукі Галавачову. Яна так і пасадзіла яго ў таксі з гэтым букетам. «Жонцы падорыце», — хацела пажартаваць Інга Іванаўна, але стрымалася.
22
Каці было крыху крыўдна, што яна не злавіла букета, але ў рэшце рэшт яго не атрымаў ніхто, і гэта радавала. Заставалася яшчэ адна справа. Каця адшукала Вераніку, тая размаўляла з Жэнькам.
— Веранічка, дай мне свае трусікі! — папрасіла Каця.
Жэнька здзіўлена падняў бровы, а Вераніка спытала:
— Якія трусікі?
— Твае! Твае! Ну не прыкідвайся! Ты ж заўсёды носіш у сумцы маленькія, амаль лялечныя трусікі, яны ні на якую нармальную жанчыну не налезуць. Ты ж іх хлопцу ў кішэню кладзеш — і ён твой. Ну, дай мне!
Вераніка стаяла з каменным тварам. А Жэнька разрагатаўся, выцягнуў з кішэні бялюткае павуцінне і працягнуў Каці. Дзяўчына ўсё зразумела, ёй
было крыху сорамна, што яна так падставіла сяброўку сястры, але трусікі ўзяла.
На вуліцы стаяў Ігар Леанідавіч у чаканні таксі. Каця выбегла з будынка і кінулася ў ягоныя абдымкі. Яны стаялі каля вулічнага ліхтара, і Ігар добра бачыў, што Каця паклала яму ў кішэню. Яна ўсміхнулася і паабяцала:
— Я прыеду да цябе сёння! Чакай!
У таксі ён цішком дастаў бялюткае павуцінне, насычанае тонкім водарам распусты. Ігар прыціснуў бязважкую рэч да твару, удыхнуў, як яму падалося, Кацін пах і расцягнуў вусны ў шматзначнай усмешцы.
23
Фёдар Дзянісавіч самастойна падаўся ў прыбіральню. На ўсялякі выпадак ён ішоў каля сценкі, разпораз дакранаючыся да яе рукой. Дзверы жаночай і мужчынскай прыбіральняў былі адчыненыя, і Фёдар Дзянісавіч зайшоў у тую, што бліжэй. Ён зачыніўся ў кабінцы, дачакаўся раўнавагі і расшпіліў штаны. Занятак быў прывычны, і Фёдар Дзянісавіч тупа глядзеў у падлогу. Каля сметніцы ляжаў кавалачак ЯГО паперкі. Фёдар Дзянісавіч так і застыў з занятымі рукамі. Праз пэўны час ён ачомаўся, прыродная гідлівасць не дазволіла яму калупацца ў сметніцы, але шчасце ад таго, што паперка не трапіла ў чужыя рукі, захлынула яго. Ён, радасны, выскачыў з прыбіральні і ледзь не паваліў цётку Наташу.
— І-і-і-к, Фёдар Дзянісавіч! — ікнула яна ўслед суседу. Яна секунду пастаяла, потым на дыбачках выйшла з прыбіральні і ўважліва паглядзела на намаляваную на дзвярах жаночую фігуру.
А Фёдар Дзянісавіч хутчэй пабег шукаць жонку, хмель як рукой зняло, і ён быў у стане больш-менш нармальна перасоўвацца.
— Віка! Ты ж казала, што ўсё вырашыцца вельмі проста! Так і ёсць! — толькі што не падскокваў ад
прыемных перажыванняў Фёдар Дзянісавіч. — А што можа быць прасцей? Паперкай проста нехта падцёрся!!! — трыумфаваў Фёдар Дзянісавіч.
Вікторыя Іванаўна доўга глядзела на мужа, потым штурхнула яго ў крэсла і села побач:
— Нешта я не разумею, Фёдар! Ты казаў, што паперка вельмі важная, а зараз радуешся, што ёю нехта падцёрся?
Фёдар Дзянісавіч у знак згоды міргнуў вачыма, спачатку левым, потым правым.
— Фёдар! Я чакаю тлумачэнняў! — пакуль яшчэ спакойна запатрабавала Вікторыя Іванаўна. — 3-за гэтай паперкі цябе, можна сказаць, не было на вяселлі дачкі. Калі б не бацькі Кірыла, я не ведаю, што рабіла б. Такім чынам, я слухаю!
— Банк надаваў крэдытаў са стопрацэнтнай рызыкай. Ну, разумееш, ты ім пяць штук баксаў на лапу, яны табе ў крэдыт сто штук баксаў. Але ты не хвалюйся, Галавачоў тут ні пры чым, — Фёдар Дзянісавіч няўдала паспрабаваў супакоіць жонку.
— Пляваць мне на Галавачова, якое дачыненне да гэтага маеш ты? — не вытрымала перапужаная жонка.
— Ніякага! — усміхнуўся ў два рады зубоў муж. — Вічка! Я спаць хачу.
— Фёдар! — Вікторыя схапіла мужа за гальштук. — Я цябе ўважліва слухаю!
— Ох, Віка, дзіцяці зразумела, што пасля такіх крэдытаў банк гакнецца, як варона аб самалёт. А там жа ўсе грошы нашай фірмы. Галавачоў з-за нашага шчырага сяброўства і невялічкай матэрыяльнай дапамогі згадзіўся выцягнуць грошы, мае, фірмы, пакуль банк яшчэ не аб’яўлены банкрутам. Ну, і зараз прыйдзецца ратаваць грошы Ігара Леанідавіча, бо ён шантажыст! — прашаптаў Фёдар Дзянісавіч і заснуў.
— Вар’яцкі дом, я вам кажу... — сказала сама сабе Вікторыя Іванаўна.
24
Бацькі Кірыла чакалі таксі. Сяргей Іларыёнавіч круціў у руках акуляры. Валянціна Пятроўна адразу здагадалася, чые яны:
— Сяргей, што ж ты нарабіў?
— Нічога я не нарабіў! Сцягнуў у індыка гэтага акуляры. Хай ён не хоча Кіру нашага прапісваць! Нам і не трэба! Затое ён, як моладзь кажа, абламаўся сёння з гэтым вершам. Усё на відэакасеце будзе! А ўсяго толькі ручкамі трэба было папрацаваць.
— Але ж трэба аддаць! Вунь яны ўжо ідуць! — прашаптала Валянціна Пятроўна, беручы акуляры. — Вікторыя Іванаўна, якое ў нас добрае вяселле атрымалася. А столькі хваляванняў было.
— У Фёдара адна паперчына важная знікла, — хлусіла, апраўдваючы мужа, Вікторыя Іванаўна. — Ён разнерваваўся — і вось вынік.
Валянціна Пятроўна дапамагла пакласці Фёдара Дзянісавіча ў таксі і ціхенька ўкінула акуляры ў адкрытую сумку Вікторыі Іванаўны. Таксі паехала. Валянціна Пятроўна падышла да мужа і сказала:
— А ўсяго толькі трэба было ручкамі папрацаваць!
I яны разам разрагаталіся.
25
Калі Кірыл зайшоў у спальню, Вера сядзела на ложку ў прыгожым новым пеньюары і адрывала этыкетку. Кірыл зняў пінжак і сеў на сваю палову ложка.
— Я зусім не баюся! — дрыготкім голасам прашаптала Вера.
— А чаго табе баяцца, я не кусаюся! — сказаў Кірыл, здымаючы шкарпэткі.
Вера ўстала, падышла да акна, панюхала герань. Кірыл распранаўся, педантычна складаючы вопратку на стуле. А яго жонка збегала ў ванны, наліла вады ў лейку, каб паліць падсохлую кветку. Вера
ішла міма ложка, калі Кірыл раптоўна паклікаў яе, дзяўчына ўздрыгнула і выліла крыху вады з лейкі. Вера пераступіла цераз лужыну і пайшла да герані.
— Верка! Кідай сваю герань! — незадаволена загадаў Кірыл.
Вера павярнулася да яго. Ёй здавалася, што ён павінен быць болып пяшчотным. Яна безумоўна яго кахала, яна безумоўна хацела пражыць з ім усё жыццё, але зараз хацелася кінуць у яго чым-небудзь. Урэшце, злосць — гэта таксама элемент жарсці. Але злосць не спатрэбілася. Кірыл сам устаў і нецярпліва рушыў да Веры. Калі ён ступіў босай нагой у лужыну, то з усёй сваёй нецярплівасцю грымнуўся на падлогу. За непяшчоту Вера адпомсціла — яна разрагаталася.
— Ну, трымайся, Вера! — сказаў Кірыл, паціраючы калена.
Вера наліла вады з лейкі ў далоньку і пырснула на мужа. Кірыл падскочыў і падхапіў Веру, паказытаў ёй носам жывот, Вера пачала вырывацца, Кірыл яе не ўтрымаў, і дзяўчына цюкнулася галавой аб тумбачку. Яна села на ложак, трымаючыся за патыліцу. Кірыл сеў побач, узяў яе руку і, гледзячы ў падлогу перад сабой, прамовіў:
— Вера, яшчэ дваццаць хвілін такіх змаганняў — і мы станем інвалідамі! Ты хочаш сустрэць наш першы ранак у гіпсе?
Жонка павярнулася да Кірыла і абхапіла рукамі за шыю...
26
У дванаццаць гадзін Каця сядзела ў скураным крэсле ў кватэры Ігара Леанідавіча і піла моцную каву. Было горача, сукенка прыліпла да азадка, і Каця думала, як бы не забыцца адляпіць сукенку, калі яна ўстане.
— Бацька што-небудзь пра мяне казаў? — як бы між іншым запытаў Ігар.
— Канешне! Хрр-хррр-хррр! — дзяўчына зымітавала бацькаў храп.
Ігар дастаў цыгарэты і пачаў шукаць запальнічку. Ён высоўваў шуфляды, выварочваў кішэні.
— Ігар, ты ж кінуў паліць! — сказала Каця, аблізваючы лыжку. Ёй здавалася, што гэта вельмі эратычна, але Ігар не звярнуў ніякай увагі на такое спакушэнне. Ён згадзіўся, што кінуў паліць і схаваў цыгарэты ў пінжак.
— Нервуешся? — засмяялася Каця.
— Я проста павінен табе нешта сказаць. Мы крыху паспрачаліся з Фёдарам Дзянісавічам. Ён сказаў, што не ўхваляе нашых адносін. I я сказаў твайму бацьку, што збіраюся з табой ажаніцца. — Ігар зноў пачаў шукаць запальнічку.
— А я думала, чаго ён так напіўся! — Каця, смеючыся, узмахнула рукой і перакуліла на сябе каву. Для прыстойнасці яна ўзвізгнула, а потым зняла сукенку. Ігар нерухома сядзеў на падлакотніку крэсла і глядзеў на яе без аніякай страсці.
— Я спецыяльна для цябе прыняла дома ванну і пераапранулася. Што табе не падабаецца? Ці я нешта павінна сказаць? Як у фільмах? Вазьмі мяне? — нервова выгукнула Каця.
— Я чакаю адказу на сваё пытанне! Ты станеш маёй жонкай? — абсалютна спакойна запытаў Ігар.
— Канешне, стану, — умомант супакоілася дзяўчына, — мы закажам такі ж торт, добра? — яна абняла яго. — I ўвогуле меню можна поўнасцю пакінуць, — яна зноў села на крэсла, — толькі не будзем такой рыбы замаўляць. Ты яе каштаваў? 3 душком! Ад яе ў мяне нейкі панос пачаўся. Ледзь паперку знайшла, — па-дзіцячы шчыра паведаміла Каця і засмяялася. А потым з надзеяй запытала: — Дык я ў цябе застаюся?
Менавіта за гэтую шакіруючую непасрэднасць Ігар Леанідавіч, чалавек гальштукаў і строгіх касцюмаў, закахаўся ў Кацю. Намаганнямі сваёй жалезнай волі
ён душыў гэтае кволае пачуццё, і толькі калі два гады таму Фёдар Дзянісавіч спрабаваў звесці свайго намесніка са старэйшай дачкой Верай, Ігар Леанідавіч нарэшце з жахам прызнаўся сам сабе, што кахае Кацечку, гэтае малое нахабнае дзяўчо.
Распісанае па секундах жыццё ўпартага халасцяка Каця штодзённа разбурала сваімі непатрэбнымі, нават бруднымі прызнаннямі. Здавалася, яна проста не ведала сораму і нормаў паводзінаў.
Каця падняла сваю сукенку, узяла сумачку і пайшла ў спальню, Ігар паклыпаў за ёй. Яна села на ложак і пазяхнула:
— Так спаць хочацца, нават кава не дапамагае.
Ігар рассцяліў ложак, Каця калупнула пальчыкам кветачку на зялёнай прасціне і засмяялася:
— Ты такі сур’ёзны, а бялізна — такая вясёленькая.
Яна выцягнула з сумкі блакітнага зайчыка, залезла пад коўдру і скруцілася ў колца. Ігар глянуў на яе зайчыка, і ўсё ягонае мужчынскае жаданне перарасло ў бацькоўскую пяшчоту.
— Каця, я так сёння стаміўся... — толькі пачаў Ігар.
— Стаміўся! — радасна выгукнула Каця. — Я таксама. Так спаць хочацца, — вінавата сказала яна і пацёрла кулачком вока.