Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
75.37 МБ
Яна ўпёрлася спінай ў падаконнік. Ён падыходзіў усё бліжэй і бліжэй. Нарэшце сустрэліся іхнія рукі, потым вусны. Ён расшпіліў на ёй станік, але не зняў, падняў яе, яна абхапіла нагамі ягоную талію. Ён цалаваў грудзі, шчэ крыху прыхаваныя, але ўжо свабодныя. Як быццам бы ўжо можна, але яшчэ нельга. I раптам яна спытала:
— А твае хлопцы не здзівяцца, што дзверы зачынены, не пачнуць ламацца?
— Яны сёння не начуюць тут, — на секунду адарваўся ён ад грудзей.
Яна пачала вырывацца:
— Ты з самага пачатку планаваў прывесці мяне сюды?! Гад!
— Іра, Іра! Я нічога не планаваў! Так само атрымалася, Валера сёння з вашай Аленай, Валік паехаў дадому, а Марэк да ранку на дыскатэцы. I я падумаў... Прабач...
— Ты правільна ўсё падумаў, адным словам — Аспірант!
— Ты можаш хаця б зараз называць мяне па імені?
— He магу! Ас-пі-рант! Ас-пі-рант! — яна ўскочыла на чыйсьці ложак, завалены кнігамі, параўнялася з ім ростам і кінулася на яго. Ён ледзь устаяў:
— Ну што ты скачаш, як малпа!
Яна была ў ягоных руках, і ён не збіраўся губляць такі шанс, a то праз хвіліну ёй стрэльне штонебудзь у галаву і яна збяжыць.
He было часу расшпільваць ейную спаднічку, ды і навошта, алекалготкі трэба было зняць, не будзеш жа займацца сексам праз іх. Іра завішчала:
— He нарабі зацяжак, Аспірант!
— Як ты можаш думаць пра зацяжкі ў такі момант?! Сама здымай!
Яна хуценька зняла калготкі і нават расшпіліла цяжкую засцёжку спадніцы, пра якую ён казаў:
— У цябе не спадніца, а пояс вернасці!
Яна, абсалютна голая, стала пасярод пакоя і загадала:
— Распранайся, Аспірант! Поўнасцю!!!
Пад ягонымі штанамі аказаліся даволі прыстойныя трусы і тонкія валасатыя ногі, якія псавалі ўсё відовішча.
— Далей! — амаль што крыкнула яна.
— Далей? — ён чамусьці спужаўся. Калі б яна не глядзела на ягоныя ногі з такой пагардай, ён зняў бы трусы без разваг. Ён адчуў, што калі яна гэтак жа гляне на яго аголенае «гаспадарства» — знікне ўсякае жаданне, у яго нічога не атрымаецца, і тады яна будзе так зневажальна глядзець на яго кожны дзень. Ён намаляваў на сваім твары ўсмешку, хутка (пакуль яна не паспела ачомацца) схапіў яе за руку і зваліўся разам з ёй у ложак, дзе пад коўдрай ён распрануўся поўнасцю, не баючыся асаромецца.
— У цябе ногі халодныя, Асс-пі-рант! — прашыпела яна.
— Сагрэй! — ён прашаптаў ёй на вуха, а сам незаўважна падціснуў іх, каб не дакранацца да яе халоднымі ступакамі.
Яна падсоўвалася да сцяны, ён — за ёй. I раптам яна застагнала. Максім сеў на ложку і незадаволена спытаў:
— Ну, што яшчэ? Іра, колькі можна цягнуць? He хочаш — так і скажы. Я ж не прымушаю!
Яна вінавата выцягнула з-пад сябе тлумачальны слоўнік беларускай мовы, на якім скотчам была прыклеена запіска — «Не перашкодзілі?».
— Я іх заб’ю!!!
— Максім, гэта ж класна! Толькі вось на спіне сіняк застанецца.
Ён пачаў цалаваць той будучы сіняк.
— Максім! Максім!..
... Яны ляжалі моўчкі, абняўшыся, бо ложак быў вузкі. Іра прыціснулася галавой да ягоных грудзей, яшчэ ўзрушаная, поўная эмоцый. Ёй было прыемна, што ён не спіць, адчувае яе перажыванні, разумее яе. Прыблізна так яна ўсё малявала сабе ў думках і вельмі баялася расчаравання. А ён аказаўся яшчэ больш пяшчотным, мяккім, блізкім. Яна ляжала і старанна гнала ўспаміны пра іншы вечар у гэтым жа пакоі.
Ён глядзеў у столь і раптам запытаў:
— Хочаш, верш пачытаю? — і прадэкламаваў, не чакаючы адказу: «Арцюр Рэмбо «П’яны карабель». У арыгінале выконвае Аспірант».
I яна пачула гэтую боскую мову, якая заўсёды была і будзе мовай кахання, нават калі на ёй гучаць вар’яцкія трызненні Рэмбо. Своеасаблівае французскае «р», якое павінна было б казытаць і лашчыць слых, гырчэла і раздражняла Іру.
Яна даслухала дасканалы твор сусветнай класікі, але падумала: «Божа мой, нават у ложку ён не можа забыцца пра свой паганы сімвалізм і сваю паганую французскую мову! Як жа я яе ненавіджу!!!»
— Табе спадабалася? — спытаў ён, патрабуючы станоўчага адказу.
— Канешне! — іранічна ўсміхнулася ў цемры Ірына. — Я так люблю слухаць французскую мову! А можна і я табе пачытаю?
Я крочыла павольна і няспешна, Табе ўжо не патрэбная зусім. А памятаеш, я казала: «Вечна 3 табою будзем разам мы, Максім!»
Забудзь, Максім, што я казала тое, Я іншую знайду сабе мішэнь.
3 твайго цішком выходжу я пакоя, Засунуўшы бюстгальтар у кішэнь.
— He Рэмбо, канешне, але няблага, — засмяяўся ён. — Сама сачыніла?
— Гэта Данік напісаў для цябе ад мяне.
— Данік? Іра, я прашу цябе больш ніколі не называць пры мне імені гэтай бясполай істоты і не чытаць ягоных «геніяльных» вершаў. Я не прашу цябе перакрэсліць вашае сяброўства, але чуць пра яго не хачу!
Настрой быў сапсаваны, ён адчуў, што яна свядома гэта зрабіла, значыць, ён недзе памыліўся ці зрабіў ёй нешта непрыемнае, а сам не заўважыў. Спытаць было няёмка, і ён устаў з ложка, апрануўся, узяў джэзву і пайшоў на кухню рабіць каву. Іра яшчэ хвілінку паляжала, потым завярнулася ў коўдру і прайшлася па пакоі, чытаючы наклееныя на сцяну паперкі.
Над ложкам Валеры, зацятага футбаліста і найапошняга студэнта, вісеў аркуш «Сеанс самаўнушэння»:
1.	Я вельмі люблю вучыцца! (Што?)
2.	Я абажаю сесію! (У час семестра.)
3.	Я атрымоўваю асалоду ад наведвання лекцый і практычных заняткаў! (Як і ад мыцця падлогі.)
4.	Нашы выкладчыкі — цудоўныя людзі! (Толькі не ў час сесіі.)
5.	Вучоба — гэта лепш, чым секс! (Кажуць тыя, хто ніколі не займаўся сексам.)
6.	Я — геніяльны! (Трэба сказаць гэта выкладчыкам.)
7.	Я люблю рыхтавацца да экзаменаў! (Трэба сказаць гэта мне.)
8.	Што можа быць прыемней рыхтавання да экзаменаў?! (З’есці жабу прыемней!!!)
9.	Заўтра я прачнуся і пайду на заняткі. (А як жа!!! Канешне!!!)
10.	Я люблю атрымоўваць стыпендыю! (Дык чаму ж я яе не атрымоўваю?!)
Іра засмяялася, уявіўшы, як кожную раніцу ці вечар Валера чытае гэта і ўсё адно не ходзіць на лекцыі, з рыпам здае сесію і з першага курса не атрымлівае стыпендыі.
Над ложкам таўсцяка Валіка вісеў фотаздымак, дзе яго вялікая галава была дапасавана да цела нейкага культурыста. Знізу быў прышпілены «Спіс маіх каханых жанчын». Да вялікага спісу з дванаццаці кіназорак і спявачак почыркам Стаса Зварына было дапісана трынаццатае прозвішча — Дэвід Духоўны.
Валік увогуле быў незвычайным, калі не ўдакладніць, што дзіўным, хлопцам. Ягоная нестандартная знешнасць кідалася ў вочы: высачэзны, крыху паўнаваты, з доўгімі светлымі валасамі, ён так быў падобны да дзяўчыны. Стас быў прыблізна аднаго з ім росту, але нашмат худзейшы, побач з ім Валік быў сапраўды таўсцяком, чым Стас не прамінуў скарыстацца. На Валіка была пастаўлена «пячатка бегемота», а з часам ён пачаў адпавядаць сваёй мянушцы. Паходка ў яго была павольная і пяшчотная, калі так можна сказаць пра хаду. Густыя светлыя валасы, нібы сцяг, вянчалі ягоную постаць.
Калі прыгледзецца, можна было заўважыць, што адно вока ў яго было блакітным, другое — зялёным, і хоць гэтая яго асаблівасць была малазаўважнай, хлопец насіў акуляры са звычайнымі шкельцамі. I выгляд быў разумнейшы, і Валік пачуваў сябе ўпэўнена.
Ён павінен быў бы нарадзіцца дзяўчынай. Хлапечы пакой стаў такім утульным менавіта яго намаганнямі: на падаконніку кветкі, якія ён ніколі не забываўся паліваць, на тумбачках вышываныя сурвэткі, заўсёды чыстая падлога, якую Валік мыў двойчы на тыдзень. А вечарамі ён цыраваў сабе і сябрам
шкарпэткі — занятак даволі дзіўны для хлопца. I зноў жа ніхто не звярнуў бы на гэта ўвагі, калі б не Стас. А горш за ўсё — Валікаў дзявочы твар са слабай расліннасцю. Але нават вусы ці барада не ўратавалі б яго — яшчэ недарэчней глядзеліся б бясколерна-саламяныя вусы на яго пяшчотным твары.
Калі хлопцы яшчэ вучыліся на першым курсе, да іх у госці завітала Валерава мама. Стасу ў тыя часы не далі яшчэ месца ў інтэрнаце, і ён жыў «зайцам» і начаваў у адным ложку з добрым Валікам. Жанчына, увайшоўшы раніцой у пакой, была непрыемна здзіўлена распуснымі норавамі. Як можна прыводзіць дзяўчыну ў пакой, дзе спяць яшчэ два хлопцы?! А Валік бесклапотна спаў, уткнуўшы ў падушку вузкі твар з далікатнай скурай. Пасля таго выпадку Стас, якога пашкадаваў Валік, павёў сябе нахабна і жорстка, дазваляючы і правакуючы жарты наконт іхніх адносінаў. Тады ён і дапісаў у спіс Дэвіда Духоўнага.
Іра гучна разрагаталася, уявіўшы разам пяшчотнага Дэвіда і Валіка з гомасексуальнымі замашкамі. У гэты момант у пакой увайшоў Аспірант, несучы паднос з кубачкамі кавы. Іра вінавата сціхла.
— 3 чаго смяешся?
— 3 Валікавага «Спіса»! Гэта Стас дапісаў?
— Стас. Мы ўсе заўважалі незвычайную пяшчоту Валіка, але толькі Стас не пасаромеўся выказацца ўголас. А далей ведаеш жа: на каго Бог, на таго і людзі. Вось Стас і быў такім богам.
— А ён быў жорсткім, ваш Стас!
— Іра, ты сама зараз смяялася! Стас ведаў людзей, ён ведаў, з чаго яны будуць смяяцца. I калі ён ведаў, што смяяцца будзе шмат людзей, то ён не баяўся пакрыўдзіць аднаго. I гора таму, каго ён абіраў сваёй ахвярай.
— А ты яго баяўся?
— Ну што значыць баяўся? Я асцерагаўся! Але ён усё ж здолеў згуляць са мной.
— Раскажы, — папрасіла Іра і паклала цукар у каву.
— Табе гэта будзе непрыемна. Але калі ты хочаш... Аднойчы, два гады таму, у інтэрнаце з’явілася ваша Таня, такая сціплая, ціхая, і я закахаўся ўмомант. Ды меў неасцярожнасць сказаць пра гэта Стасу. Ох, як ён яе ганіў: і завучка, і дура, і апранецца, як было модна ў беларускай вёсцы мінулага стагоддзя... Ну, ты ж ведала Стаса. Я раскахаўся гэтаксама ўмомант. Я не ведаю, чаму. Магчыма, гэта не было сапраўдным каханнем, таму яно так хутка растала. А Стас закахаўся сам. Канешне, Таня моцна змянілася, папрыгажэла, а язык які востры мае! Мне ж да гэтага часу сорамна за сваю тагачасную слабасць.
— Ты так закахана пра яе расказваеш!
— Да ну цябе! Я кахаю іншую дзяўчыну!
— Я яе ведаю?
— Магчыма! — выразна прагаварыў ён, набліжаючыся да Ірыны.
I яны зноў бухнуліся ў ложак...
Праўда, не надоўга, бо было ўжо шэсць гадзін раніцы, а ў сем ў дзверы гучна пагрукалі. Гэта быў Валера:
— Шчэ спіце?! А надвор’е зараз такое, што чэлес сам стаіць!
— Ты што, з вуліцы? — Максім трымаў Валерку ў калідоры, каб даць Ірыне час апрануцца.
— Загуляліся мы з Аленкай. Інтэрнат быў ужо закрыты. Ну мы і пасядзелі па-студэнцку ў скверы.