Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
75.37 МБ
— Па-студэнцку гэта як? — цягнуў час Аспірант.
— Па-студэнцку — гэта лежачы! — зарагатаў хлопец. — Хутка твая апранецца? A то ноччу ў інтэрнат не пускаюць, днём — ва ўласны пакой.
У гэты момант выйшла Ірына з такім выглядам, нібыта яна забягала толькі на хвіліну. I кінула на развітанне:
— Да пабачэння, Ас-пі-рант! Кава была дужа смачнай!
— Во гадаўка! — вымавіў у захапленні Валера.
— А зараз ты мне скажаш, чыя гэта была ідэя — падкінуць у мой ложак слоўнік, га?
— Мы разлічылі так, што іншым спосабам нам не даведацца, ці не будзеце вы валяцца ў нашых ложках. Можа, табе ў тваім кахацца сумна, га?
— Ну, то вы ўсё зрабілі, каб было смешна!
— Спадзяюся, што самай адказнай часткай ты на яго не напароўся? — зацікаўлена спытаў Валера.
— Калі будзе твая чарга начаваць, я табе ў ложак вожыка вашывага падкладу. Будзеіп з Аленай усю ноч вошак давіць! — раззлаваўся Аспірант.
— 3-за чаго, хлопцы, сварыцеся? — матэрыялізаваўся з паветра сусед па блоку Юра-Трасянка. — Паненку не падзялілі? Ці пана?
— Йдзі, як ішоў, — Аспірант не мог настроіцца на жартаўлівы лад веселуна.
— Стоп, стоп, Аспірант! Ноч была няўдалая?
Хлопец зразумеў, што ягоныя сум і злосць могуць сапсаваць ягоную мужчынскую рэпутацыю, і як мага гучней адказаў:
— Так, ноч была няўдалая... у Валеры. I не таму, што Аленка кастлявая, а таму, што лаўка рабрыстая.
Хлопцы разрагаталіся і пачалі жартаўліва апісваць ноч і пакуты Валеры, які бессаромна дадаваў падрабязнасці.
Ірына хуценька збегла паверхам ніжэй і ўляцела ў свой пакой. Таня заўважыла:
— Бачу, дыскатэка атрымалася, калі прыходзіш раніцой.
— Таня, я сёння ў яго ноч правяла, у яго пакоі. Божа мой, як ён падобны да твайго Стаса!
— Да Стаса? — Таня не змагла схаваць здзіўлення.
Ірыніна заўвага была нечаканай, асабліва калі памятаць, як халодна ставілася яна да Стаса пры
жыцці. Адкуль жа такое незвычайнае ўзрушэнне ад падобнасці Стаса і Аспіранта? Іра зразумела, што ляпнула нешта не тое, і крыху змяніла тэму:
— Ведаеш, я зноў не змагла прызнацца Максіму, што не цярплю французскую мову.
— Трэба альбо сказаць пра такое сваё стаўленне, альбо прымусіць сябе палюбіць тое, што любіць ён, — тонам вопытнага псіхолага параіла Таня.
— Я ніколі не змагу прызнацца, бо для яго гэта вельмі істотна. Я нават думаю, што мая нянавісць з-за таго, што ён трызніць Францыяй, а не мной.
— А табе мала кахання, табе абавязкова патрэбна трызненне?
— Хацелася б.
Калі б Таня распытвала, цікавілася падзеямі мінулай ночы, Іра дыпламатычна выкруцілася б, але знешняя Таццяніна абыякавасць падштурхнула дзяўчыну да падрабязнасцяў, а можа, яна расказвала менавіта таму, што хацела сваім нібыта шчасцем падкрэсліць становішча і стан сяброўкі.
Іра са смехам пераказала эпізод з Данікавым вершам, але Таня такі жарт не ўхваліла:
— Нашто ты зводзіш іх, і без гэтага хлопцы цкуюць Данілу. А яму самому не абараніцца. Яны жорсткія, а ён чуйны, ён занадта адчувае жыццё, і тое, што не пакрыўдзіць футбаліста Валеру ці твайго Аспіранта, можа давесці Даніка да дэпрэсіі.
— Данік твой прызвычаіўся, што ты яго абараняеш, і выяўляе з сябе Шклянога-Прынца-ТкніРазаб’юся. А ягоны Санька штоночы новую дзеўку цягне, каб паэтычныя пачуцці былі заўсёды свежымі, а дзяўчат сваіх ён так і называе — свежына. А ты кажаш: чуйны! паэт!
Таня не сказала Ірыне пра фотаздымак, ды і не збіралася гаварыць, сама для сябе яна дзяўчат апраўдала. Гэты сакрэт ведалі толькі яна, Валік і, магчыма, забойца. Але Таня забылася, што пяшчотны і
ласкавы Валік языком менціць не горш за любую дзяўчыну.
Валік прыпёр з дому дзве вялізныя торбы з бульбай, салёнымі агуркамі, морквай, капустай. Валера і Юра-Трасянка з радасцю кінуліся разбіраць прывезенае. А Валік як бы між іншым спытаў, ці не знайшла Таня забойцу. Калі хлопцы здзіўлена паднялі галовы, Валік уздыхнуў з палёгкай: не ведаюць, значыць, можна даваць сваю інтэрпрэтацыю. Але як ён ні намагаўся выставіць Таніна падазрэнне як прымхі цяжарнай, хлопцы зразумелі, што нешта не так у гэтай выпадковай смерці. Валік пакрыўджана змоўк, калі зразумеў, што хлопцы не падтрымліваюць ягонай пазіцыі.
Валера, стоячы пасярод пакоя з банкай салёных гуркоў, якую ён нават забыўся паставіць, ціха сказаў:
— Але ўсё будуецца на нейкіх фантазіях, хісткіх уліках. Стас мог з тыдзень таму выкінуць той фотаздымак... А магчыма, мы, як звычайна ў такіх выпадках, не верым у смерць сябра, не хочам яго адпускаць і таму чапляемся за розную дробязь. Хутчэй за ўсё так.
Юра-Трасянка свайго меркавання не меў, але ён заўсёды адчуваў, што трэба сказаць у пэўнай сітуацыі, таму ён сказаў Валіку:
— Канешне, ты нікому, акрамя нас, гэта не расказваў і не раскажаш?
Валік баязліва пасунуўся ад яго і спытаў сваім высокім голасам:
— Як жа так, хлопцы... I Аспіранту не скажам?
— Я бачыў, як ён да люка таго на наступны дзень хадзіў. Ён начэй не спіць з-за Стасавай смерці, ды я і сам, калі вочы заплюшчу, Стаса бачу, жывога. А здавалася б, што мне Стас? Hi брат, ні сябра, ні сваяк, — дадаў Валера.
Жартаўлівы, няпэўны, неканкрэтны ў кожным штодзённым слове, Валера ў цяжкіх сітуацыях пе-
ратвараўся ў камень, валодаў сітуацыяй і заўсёды быў упэўнены, што ўсё робіць правільна. I зараз ён разумеў, што Аспірант, як і Таццяна, кінецца шукаць забойцу. Гэта толькі ў кіно ўсе дэтэктыўныя гісторыі маюць happy-end. А ў жыцці забойца часта бывае разумнейшым за іншых, — і Валера хітра ўсміхнуўся сваім думкам.
— He, хлопцы, Таня, калі трэба, сама Аспіранту скажа. Мы тут ні пры чым. Мне здаецца, Таня зразумее, што ўсё гэта лухта... Валік, а яна не збіралася пайсці ў міліцыю і расказаць пра фотку?— як бы між іншым спытаў Валера.
— He, яна сказала, што не хоча, каб з яе рабілі вар’ятку, — паслужліва паведаміў Валік.
— Першая прыкмета розуму! Яна сама бачыць, што міліцыя наплюе на такую ўліку, і збіраецца паціху вар’яцець у адзіноце. Бо Аспіранта мы ёй не аддадзім. А Тане трэба прапанаваць культурную праграму прыкладна на пару тыдняў, а потым пачнуцца практычныя заняткі, і наша любімая «завучка» будзе больш улягаць у навуку, чым у свае фантазіі.
Юра-Трасянка быў уражаны гэтым маналогам да такой ступені, што нават выказаў уласнае меркаванне:
— Валера, а калі там сапраўды нешта было? Можа, хай шукае?
— Ці шмат адшукае цяжарная дзяўчына, якая цяжка перажывае смерць свайго каханага? А калі забойца даведаецца, заб’е і Таню таксама? Стас загінуў, дык давайце хоць выратуем яго дзіця! Згодны, Юрык?
Ну...
— Што «ну», Юрык? Я ж цябе не прымушаю, ідзі і скажы Аспіранту! Ён спачатку дасць табе добра за тое, што адразу яму не расказаў. А потым будзе кожнага з нас падазраваць! Вось глядзі, ты ўчора казаў, што калі Данік пра цябе яшчэ адзін верш напіша, ты яго заб’еш.
— Казаў, але ж я не меў на ўвазе... — пачаў апраўдвацца Юра.
— Гэта ў міліцыі раскажаш, што менавіта ты не меў на ўвазе, калі паэт выпадкам паслізнецца і загіне! — пераможна выдаў Валера.
Юра-Трасянка вырашыў у гэтыя справы больш не мяшацца, спаслаўся на нейкае спатканне і выйшаў з пакоя. Валіку не хацелася заставацца там з Валерам, і ён выйшаў, адзначыўшы, што хоць сам ён паводзіць сябе дзіўна, але паводзіны Валеры насцярожваюць яшчэ болей.
Агульная тайна, якую незразумела чаму яны вырашылі захаваць, раз’яднала іх. Хлопцы баяліся, што застаўшыся сам-насам, яны зноў пачнуць закранаць тую балючую тэму. Разважыўшы, кожны вырашыў, што сапраўды, лепш трымаць язык за зубамі. Гэты цяжар ціснуў, і хлопцы стрымліваліся з апошніх сіл. Нават Юра-Трасянка, які не змог бы не тое што чалавека забіць, а нават слова супраць сказаць, і той адчуваў сябе забойцам.
Але яны не маглі пазбягаць адзін аднаго: жылі разам, наведвалі адныя і тыя ж лекцыі, хадзілі на адныя і тыя ж дыскатэкі.
Валік, нягледзячы на сваю фігуру, вельмі любіў танчыць, вага не дазваляла яму рухацца па вертыкалі, і таму ўсю душу ён укладаў у гарызантальнае перамяшчэнне. Цела яго калыхалася, усё на ім уздрыгвала, але хлопец нічога не заўважаў і не саромеўся. Ірына заўсёды станавілася ў кола насупраць яго, каб потым вечарам у сваім пакоі перадражніваць ягоныя скокі. Вераніка нават у лютым апранала на дыскатэкі самы мінімум адзення. Валера жартаваў, маўляў, што ж ты на факультэцкую дыскатэку адзяваешся, як на працу? На што Веранічка агрызалася:
— Вось кіне цябе Аленка, я шчэ пагляжу, у чый ложак ты прасіцца будзеш!
I Валера больш дзяўчыну не чапляў, бо гэткую сітуацыю яму было страшна ўявіць. Такім ульты-
матумам Веранічка паставіла б яго на адзін узровень з Данікам. Увесь інтэрнат ведаў, што толькі Данік — персона non grata ў яе ложку. Валера не спадзяваўся ўсе студэнцкія гады пражыць з Аленкай, таму раней ці пазней прыйшлося б пасябраваць з Веранічкай ізноў.
Рознакаляровыя агеньчыкі выхоплівалі з цемры твары, фігуры, і ў гэтай мітусні Веранічка выпадкова заўважыла Даніка і паказала на яго Ірыне. Данік не танцаваў, ён прыхіліўся да сцяны і моўчкі назіраў. Дзяўчаты пачалі шаптацца:
— Іра, я яго запрашу на наступны танец!
— Веранічка, не трэба!
— Можа, й не трэба, бо ён адразу скончыць.
— Таня цябе заб’е, калі даведаецца.
— Яна ж у нас абаронца братоў нашых меншых.
— А ў рэшце рэшт, запрашай, ён закахаецца, ажэніцца з табой. I ты станеш жонкай вядомага паэта! Ён не будзе табе здраджваць, бо вольны час будзе ахвяраваць вершам.
— Іра, ён мне і так здраджваць не будзе, але і са мной спаць не зможа. Так што лепей я запрашу твайго Аспіранта.
— Ну! Рызыкні здароўем! — адначасова ваяўніча і жартаўліва прамовіла Іра.
Яны забыліся на Даніка, а ён, адшукаўшы вачамі Вераніку, пільна ўглядаўся ў яе фігуру. Пасля таго выпадку, калі ён ратаваў яе ад перапою і пабачыў яе голай, ён нібы захварэў. I нельга, канешне, сказаць, што ў той момант яна была дужа эратычнай, але Данік зацыкліўся і нічога не мог з сабой зрабіць. Санька смяяўся з гэтага сляпога кахання і спрабаваў расказваць пра Веранічку брудныя гісторыі. Але дарма, бо Данік сам ведаў іх на памяць. Яму нават падабалася, калі ён чуў пра яе ўсё горшыя і непрыстойнейшыя аповеды. I Санька, каб не падтрымліваць ягоны мазахізм, вырашыў больш Вераніку не ўспамінаць.
У апошняй спробе задушыць гэтае ненармальнае пачуццё Санька усё расказаў Таццяне, каб яна неяк паўплывала. Яна паназірала і заўважыла, што Даніку проста патрэбна дзяўчына, якой ён будзе прысвячаць вершы, якую ён будзе нібыта кахаць. Але ў вершах найбольш прывабна выглядае няшчаснае каханне, і Данік, мабыць, быў упэўнены, што пачуццё да Веранічкі, якая грэбавала ім, будзе дакладна няшчасным. Паспрабуй зразумей гэтых паэтаў!