Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
75.37 МБ
Калі дзяўчаты ўжо ішлі дадому, Ірына заўважыла, што Данік быў на дыскатэцы п’яны. Наступнай раніцай Веранічка зазірнула ў пакой да хлопцаў. Данік спаў, а Санька і Юра-Трасянка ўжо ігралі ў карты. Дзяўчына падміргнула хлопцам, села на Данікаў ложак і пяшчотна разбудзіла яго пацалункам у шчаку. Убачыўшы Веранічку, Данік аж падскочыў у ложку. Яна шчыра ўсміхнулася, правяла рукой па яго валасах і ласкава запытала:
— Данік, памятаеш, як ты да мяне ўчора чапляўся?
— Я?! — жахнуўся Данік і азірнуўся на хлопцаў у пошуках падтрымкі.
— Болей не рабі так, пакуль я сама не дазволю, — кажучы гэта, Вераніка нахілілася так, што Данік меў магчымасць зазірнуць у ейнае дэкальтэ. Малады ўразлівы паэт быў у паўпрытомным стане, калі Вераніка, віхляючы клубамі, выйшла з пакою.
— Данік, няўжо ты думаеш, што мы не заўважаем тваіх «сардэчных» пакут?! — сыграў заклапочанасць Санька.
Ён выняў нешта са сваёй шуфлядкі, схаваў за спінай і ўрачыстым крокам падышоў да сябравага ложка.
— Я для цябе кніжачку набыў. «Майстэрства сексу». У цябе ж ніколі нічога не атрымаецца, — нібы гіпнатызаваў Санька. — Ніколі й нічога! Таму я табе заклаў параграф «Аральны секс». Парадуеш Веранічку. Языком ты добра мянціць ўмееш!
Хлопцы разрагаталіся. Юра-Трасянка ад смеху захлынуўся ўласнай слінай, і Санька доўга ляпаў яго па спіне. Данік, нацягнуўшы коўдру па самую шыю, абурана назіраў за іх рэакцыяй. А потым яму стала ўсё адно. Хай смяюцца. Галоўнае, што яна прыйшла да яго. Прыйшла сама. Ён дакладна памятаў, што ўчора нават не гаварыў з ёй, не тое што прыставаў. Значыць, яна прыйшла пажартаваць. А гэта ўжо добрая прыкмета, ён не ведаў для каго добрая, але было жахліва прыемна, і нават хлопцы не змаглі сапсаваць яму настрой.
Данік нацягнуў спартовыя штаны і сеў за пісьмовы стол.
— I не паснедаеш, паэт? — зайздросна вымавіў над Данікавым вухам Санька.
— Адзін толькі верш, пачакай, — папрасіў хлопец. I Санька са шкадаваннем зразумеў, што ад паперы Даніка не адцягнеш.
А Юра-Трасянка адзначыў сабе: «Паэты, як жанчыны, гатовы псаваць настрой адзін аднаму дзеля якой-небудзь дробязі, гатовы ганіць выдатны верш толькі за тое, што яго напісаў лепшы сябар, і гатовы плакаць з-за крывога позірка і сваёй недаацэненасці». Але, як заўсёды, разумныя думкі Юра пакідаў сабе, а лухту з задавальненнем агучваў. I самае дзіўнае, што два тонкіх, адчувальных паэта, што жылі з ім у адным пакоі, не раскусілі суседа, а захлыналіся ў сваім суперніцтве і сваім эгаізме.
Чуйныя? Якія ж яны чуйныя? — Ірына ўсё ўспамінала словы Таццяны наконт паэтаў, — Стас загінуў, а Санька нейкі галімы верш яму прысвяціў, які ён напісаў толькі таму, што ведаў: усе прачытаюць. Данік хоць не кан’юнктурыў. Мала хто любіў Стаса да згубы прытомнасці, можа, адна толькі Таня, але нармальная рэакцыя на яго смерць павінна быць у кожнага, хто яго ведаў. Кожны павінен быў падумаць, што на месцы Стаса мог апынуцца ён сам. Людзі эгаісты, ім шкада сябе больш, чым іншых,
свая дробязь прыносіць больш перажыванняў, чым чужое гора. I плакаць павінны былі ўсе, шкадуючы сябе, успамінаючы самае лепшае, што было звязана са Стасам. А Санька паспрабаваў узняцца на хвалі гэтага жаху.
Ірына ўспомніла сваю рэакцыю на смерць аднакласніка, з якім у яе была «халодная вайна». Першае, што яна падумала, было адчуванне свабоды ад яго надакучлівых чаплянняў, ад крыўд. А потым яна зразумела, што гэта такое, і была б гатова цярпець яго абразы ўсё жыццё, абы ён толькі быў жывы. Як заўважыла Ірына, такой жа была першая рэакцыя Даніка: спачатку ён уздыхнуў з палёгкай, што не дакранецца больш да яго атрутнае джала Стасавай іроніі, а потым зразумеў, якое гора гэта для Тані, для таго ж Аспіранта і хлопцаў. I ўжо ніколі дзяўчаты не чулі, каб ён сказаў нешта дрэннае пра Стаса, ды ён ужо і не памятаў нічога дрэннага.
За такімі думкамі застала Ірыну Веранічка, вяртаючыся з чарговага спаткання. Яна плюхнулася на свой не прыбраны з раніцы ложак і задаволена пацягнулася да трэску касцей.
— Ну, што? Пазбавіла цнатлівасці чарговага хлопца? — іранічна запытала Іра.
— Мне здаецца, што я ў яго не першая... Але хацелася б! — летуценна прамовіла Веранічка.
— Хацелася б ёй! Вераніка, прыбяры на ложку і на палічцы. A то прыйдзе твой «цнатліўчык», пабачыць гэткі развал і ...
— Знайду новага! — спыніла яе дзяўчына.
— Ara! А потым яшчэ аднаго, а потым яшчэ... Чым гэта ўсё скончыцца, га? — не стрывала Ірына.
— Ты што, мая мама? Што хачу, тое й раблю! — раззлавалася Вераніка.
— Ніка, а ты сапраўды гэтага хочаш? Гэтага? Знайдзі сабе нармальнага хлопца, а не гэтых...
— Абавязкова! Як мяркуеш, Аспірант мне падыдзе? Ці пакінуць табе?
— Прабач, канешне, але калі Аспірант захоча з табой сустракацца, сам захоча, то я не буду перашкаджаць. Бо ён ужо не будзе Аспірантам, а стане, як усе твае хлопцы. I пасля цябе, зноў прабач, з пункту гледжання гігіены і ўсяго астатняга, ён не будзе вабіць ніякую дзяўчыну...
— Усё сказала? — кпліва прамовіла Вераніка і ўстала, каб выйсці з пакоя.
У гэты момант у пакой зазірнуў Валера, ён заўважыў непрыбраны ложак і грэбліва прамовіў:
— Ну й бардак у вас!
— Ідзі й прыбяры! — агрызнулася Вераніка і выйшла, ляпнуўшы дзвярыма.
— Яна звар’яцела? — Валера сеў на ложак Ірыны і глянуў на яе знізу ўверх.
— У яе, як звычайна, праблемы з хлопцамі.
— Іра, у яе ніколі не было праблем з хлопцамі, — засмяяўся Валера.
— Валерка, ты прыйшоў, каб гэта сказаць? — заўважыла Ірына, як заўсёды, іранічна.
— He, я прыйшоў паведаміць, што сёння ты можаш пераначаваць у нашым пакоі.
— Ведаеш, мне мінулы раз было так сорамна перад Таняй, яна пра Стаса ўспомніла, — з падкрэсленым сумам прамовіла дзяўчына і села побач з Валерам.
— I ты гатова ахвяраваць сваімі адносінамі з Аспірантам з-за гэтага?
— He, канешне... Бедная Таня, — уздыхнула Іра.
— Бедная Таня, — паспяшаўся згадзіцца Валера. — Дык ты пойдзеш сёння да Аспіранта?
— А ён сам не можа пра гэта спытаць?
— Ён рыхтуецца! Слухай, упершыню такога хлопца бачу. Звычайна дзяўчаты ладзяць вячэры са свечкамі, а твой Аспірант або дурак, або вельмі цябе кахае.
— Эх, Валерка, Валерка... — уздыхнула Іра і выгнала яго, каб апрануцца для спаткання.
... Яна павольна ўвайшла ў пакой хлопцаў. Пачуўшы крокі, Аспірант азірнуўся і амаль што спалохаўся:
— Іра?! Я не падрыхтаваўся яшчэ! Гэта ўсё Валерка наблытаў з часам! Я на кухню за «шарлоткай». Пачакаеш?
— Канешне, — засмяялася яна з яго спалоху і падышла да акна. I адразу ўспомніўся іншы вечар, што знік у нябыт паўгода таму. Яна і Стас у гэтым жа пакоі.
Светлым жнівеньскім вечарам яна зайшла сюды. Стас толькі што прыехаў і раскладаў свае рэчы. Іра падышла да яго ззаду і абняла. Ён развёў яе рукі і азірнуўся.
— Іра, — ён амаль не здзівіўся, — не думаў, што прывітаеш мяне такім чынам.
— Кінь яе! — прашаптала яна.
Фраза павісла ў паветры, не дачакаўшыся адказу. Іра са злосці села на кашулі, што былі раскладзены па ўсім ложку.
— Я кахаю яе, — сказаў хлопец з націскам на апошнім слове. I ўсміхнуўся тонкай і прыемнай усмешкай, якая не пакрыўдзіла Ірыну. Яна глядзела ў яго чорныя вочы, прыгожыя да такой ступені, што было балюча ў іх глядзець.
— Табе гэта толькі здаецца! — страсна сказала Ірына і кінулася да яго, каб абняць. Ён спыніў яе, схапіўшы за рукі:
— Іра, табе не сорамна? Таня твая сяброўка.
— У каханні няма сяброў! — выгукнула яна, спрабуючы выблытацца з яго рук. Ён адпусціў яе і зноў пачаў распакоўваць сваё адзенне. Яна хадзіла па пакоі, раздражнёная. Стас краем вока назіраў за ёй. На нейкі момант у галаве мільганула думка: зараз распрану яе і... Але ўспомніў Таню, яе закаханыя шчаслівыя вочы, і стала сорамна.
— Паглядзі на мяне, — амаль крыкнула Іра, ведаючы, што жыхары суседніх пакояў яшчэ не з’ехаліся. — Я прыгажэйшая за яе. Хочаш параўнаць?
I яна пачала расшпільваць блузку. Стас толькі пакруціў галавой, маўляў, не трэба. Яна, абражаная гэтым рухам, кінулася на яго ложак, абняла падушку, але не заплакала, як чакаў Стас. Яму здавалася, што трэба неяк яе супакоіць, так, каб яна зразумела, што ён нікому нічога не раскажа. Ён падышоў і сеў на ложак. Яна рэзка павярнулася і запытальна паглядзела на яго. Ён міжволі глянуў у расшпіленую блузку, і яна, перахапіўшы позірк, прашаптала, нібы малітву:
— Я кахаю цябе, толькі цябе, я сапраўды цябе кахаю. Навошта табе яна? Яна не цэніць тое, што мае! — і дзяўчына пацалавала яго, ён не стрымаўся і адказаў на пацалунак, і закапаўся з галавой у выраз блузкі, а яна, шчаслівая, высока і пераможна падняла галаву. Яна ж ведала Стаса, які не мог прапусціць паўз сябе ніводнай спадніцы. I цяпер Стас будзе належаць ёй!!!
Але праз секунду Стас падняў галаву і са шкадаваннем, паглынаючы вачыма яе грудзі, дрыжачымі пальцамі зашпільваў яе блузку.
— Я заб’ю яе! — са слязамі ў голасе прашаптала Іра.
— I нават тады я буду кахаць яе. Я буду ўспамінаць яе. Я буду даставаць яе фотаздымак, — ён узяў свой заплечнік і дастаў яе фота. — Такіх фатаграфій толькі дзве: адна ў мяне, другая — у яе. I я буду глядзець... глядзець... I гэтага будзе дастаткова.
— Тады я заб’ю цябе! — выбухнула Іра.
— А казала, што кахаеш. Ці ж забіваюць у такіх выпадках? — Стас уважліва глядзеў ёй у вочы і зрэдку дакранаўся пальцамі да свайго тонкага носа.
— Я дачакаюся... Стас! Я адпомшчу! He смейся, шчэ плакаць будзеш! Нават калі міне 20 год, я адпомшчу табе. А фотаздымак гэты можаш выкінуць зараз, каб праз 20 год мне не прыйшлося ірваць яго на кавалкі!
Вось з таго часу Ірына Стаса проста ігнаравала: не віталася, не размаўляла з ім, гаварыла пра яго
ў трэцяй асобе нават у ягонай прысутнасці, а Танядурніца думала, што Стас нечым Іру пакрыўдзіў, і ўсё спрабавала памірыць іх.
Ірына задуменна глядзела ў акно, калі над яе вухам зашаптаў Аспірант:
— Я кахаю цябе, Ірка! Я сапраўды цябе кахаю! — ён глядзеў на яе сваімі чорнымі вачыма, прыгожымі да такой ступені, што было балюча глядзець. He дачакаўшыся адказу, ён няўпэўнена дакрануўся да свайго тонкага носа, і толькі тады заўважыў слёзы, што стаялі ў вачах Іры.
— Я таксама кахаю цябе, ты проста не ўяўляеш, як я цябе кахаю.
— Ірка, дурная, што ж ты плачаш? — засмяяўся ён, а яна сцялася як ад удара і прашаптала: