Ляўша на тэнісным корце
Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
— Выключэнне толькі пацвярджае правіла! — выратавала сваю фемінісцкую тэорыю Веранічка. — Проста ты на два гады старэйшы і з дзецьмі не водзішся.
— Калі не лічыць Іру, — засмяяўся хлопец.
— Іра — гэта часовая з’ява, павер мне, — прашаптала яна і паклала далонь на калена Аспіранта.
— Эх, Ніка-Вераніка, хочаш пазбавіць правіла выключэння, — намагаючыся не пакрыўдзіць дзяўчыну, сказаў Аспірант і ўзяў яе руку ў сваю.
Вераніка ўздыхнула:
— Зноў пракол, можа, я старэю, га?
— Значыць, самы час пісаць мемуары, — пажартаваў Максім.
— Ну, то да пабачэння, пайду пісаць мемуары! — сумна згадзілася дзяўчына.
Адкрываючы дзверы ўласнага пакоя, яна пачула гучны смех і паспяшалася далучыцца да кампаніі.
У госці прыйшоў Данік, і хоць як мужчыну яго не ўспрымалі, у якасці паэта ён захапляў усіх дзяўчат. I спецыяльна для іх ён пісаў свае эратычныя вершы.
Убачыўшы Веранічку, ён не разгубіўся, як звычайна, а прадэкламаваў:
Як падаюць зоры —
Жаданне сваё загадаю.
Прачнуцца б з табою!
Я большага шчасця не маю.
— Данік, ты са мной не прачнешся, бо ты са мной не заснеш! — смяялася да слёз дзяўчына.
— Ніка, што ж ты перапыняеш, я ж яшчэ не скончыў.
— Ну, даражэнькі, ад вершаў і я не скончу! — словы Веранічкі паглынуў выбух смеху. I хоць яна здзеквалася з кожнага сказа, ёй была прыемная такая ўвага.
— Веранічка, я напісаў такія вершы, што нават ты скончыш, — пачырванеў Данік.
He снілася замежным рэжысёрам,
I порназоркам, й порнагледачам, Як мы з табой свой забывалі сорам, Як мы з табой свой выяўлялі нораў.
— Данік, гэта сапраўды не снілася замежным рэжысёрам. Гэта снілася табе, Данік!!! — Вераніка ўжо трымалася за жывот, бо болей не было моцы смяяцца. — Данік, яшчэ адзін такі верш — і я памру.
Данік, нібы вампір, сілкаваўся гэтым смехам, гэтай увагай.
— А вось яшчэ верш!
— I каму ты яго прысвяціў? Мне, канешне, — здагадалася дзяўчына.
Згарае ноч пад ранкам, Як нехта пад табой.
А ты сядзіш на ганку, Мяне ж там не было.
— Ну, хоць у адным вершы не схлусіў, — падзякавала Веранічка і пацалавала паэта.
— Ну, Ніка, ты сама справакавала, — загарэўся паэт.
Я вазьму аберуч твае рукі. Ты смяешся — смяюся і я.
I на целе, вільготным і пругкім, Застаецца пяшчота мая.
— Данік, гэта ўжо нахабства! А ну, сцірай сваю пяшчоту з майго цела! — жартоўна загадала «запэцканая». — Э! Э! Рукі прыбяры!!! Лепш бруднай хадзіць!
Таня шчыра радавалася поспеху Даніка і ў захапленні выдала амаль афарызм:
— Гэта святыя людзі, хто ў 19 год шчэ піша вершы. Усе мы спрабавалі, але ў час зразумелі, што гэта не для нас.
— Данік, дай німб памацаю, — павалілася ад смеху Веранічка.
— Я быў бы не супраць, каб ты што іншае памацала.
Дзяўчына павольна падняла галаву і паглядзела на яго, яна была ўпэўнена, што і гэты яе жарт ён сцерпіць і стрывае безліч зняваг ад яе, а ён...
— Данік, у цябе пераходны ўзрост скончыўся ці толькі пачынаецца?
— Хадзем праверыш! — надзвычай самаўпэўнена прамовіў хлопец, душа ж яго на самай справе трэслася, як заечы хвосцік.
Веранічка дэманстратыўна занепакоілася:
— Данік, я лічыла, што сваю цнатлівасць ты страціш са мной. Але ж ты таксама, як бачу, у шапку не спаў.
— Я насамрэч спаў не ў шапку, праз шапку нязручна, — трыумфаваў паэт. Галоўнае, перагаварыць Веранічку, добра яе падкузьміць. I не будуць больш па ім таптацца. A то любы слабак, каб вылучыцца, на ім у славесным двубоі трэніруецца.
— Тайм-аўт! — спыніла іх Таня. — Людзі, хочаце сварыцца? Мы можам выйсці. Лепш пачытай штонебудзь яшчэ, Данік!
— А Данік вам штось чытаў? — зазірнуў у пакой Санька. — Штосьці з новенькага? Ён са сваім запорам усю туалетную паперу вершамі спісаў. А потым «Не снілася замежным рэжысёрам...», канешне, не снілася, яны ад запораў не пакутуюць!
Данік збялеў, а Санька загадкава на яго паглядзеў, маўляў, паспрабуй дакажы, што запор быў не ў цябе, а ў Юры-Трасянкі. Дзяўчаты абурыліся і выгналі Саньку, найбольш у гэтым працэсе шчыравала Веранічка, ды кульгавы аўтарытэт Даніка зноў кульнуўся з хісткага п’едэстала. Хлопец усё зразумеў і хутка развітаўся.
Дзяўчаты ўладкоўваліся на ноч, калі Веранічка стала сярод пакоя і абвясціла:
— Таня, я табе зайздрошчу!!!
— Чаму мне? — Таня ад здзіўлення не магла прыдумаць нічога разумнейшага.
— Цяжарнасць жанчыну ўпрыгожвае. У цябе жывоцік ужо ёсць, і ты стала такой пяшчотнай, круглай. Па ўсім відаць, для цябе самае важнае зараз — ты сама, а ўсё вакол хай праваліцца, зруйнуецца, цябе нішто не вытрусіць з тваёй раўнавагі. Напэўна, прырода такім чынам ахоўвае маці і дзіця, вы ў такой абалонцы эмацыянальнага спакою...
— Звар’яцела? — груба спыніла яе Іра.
— Іра, ну навошта ты так? — Таня абурылася за Веранічку, бо тая стаяла ў сваіх развагах, бы статуя. Таццяна звярнулася да свайго жывоціка:
— А мы з табой самыя шчаслівыя насуперак усяму. I сказала нам пра гэта цёця Вераніка.
— Вы мне надакучылі са сваімі хворымі фантазіямі! — крыкнула Ірына і захуталася ў коўдру з галавой.
— Толькі б мне Стас не прысніўся, — ледзь чутно прашаптала Вераніка, гэтую фразу як замову яна паўтарала кожны вечар з дня гібелі хлопца.
Усе заснулі, адна толькі Таня ўспамінала, якім прыемным быў для яе дзень. Веранічка пачала куёўчыцца ў ложку, стагнаць, і Таня падумала: «Зараз галёкаць будзе!» Яна ціхенька адшукала нагамі тапкі і падышла да ложка суседкі:
— Ш-ш-ш-ш! Спі, Веранічка! Ш-ш-ш-ш...
Веранічка стагнала і плакала ад сну-ўспаміну. Яна зноў перажывала тую гісторыю.
Стас ўжо не кантраляваў сябе, у шаленстве ён нічога вакол сябе не бачыў:
— Я прасіў цябе? He ўблытвайся ў маё жыццё! Ты — дзеўка! Якой я карыстаюся, калі захачу! Я ... цябе, але не кахаю! I ср... я хацеў на твае пачуцці! У цябе няма пачуццяў!
А ўсё распачалося толькі з-за таго, што Веранічка паставіла на тумбачку Стаса свой фотаздымак у рамцы.
— Але фатаграфію Тані ты носіш з сабой! — абаранялася дзяўчына.
— Таня — не ты! Адчуй розніцу, шлюндра! — пырскаў слінай Стас.
— Захоўваеш яе фота, выдатна, яна твае — даўно ўжо скарыстала па прызначэнню!— бясконцыя абразы раз’юшылі нават Вераніку.
— Рухай капытамі, кабыла! — расчыніў дзверы Стас. — А фота Тані я зраблю постэрам!
Стас палез у заплечнік, але не знайшоў фатаграфіі.
— Сука! Ты ўзяла! — ён абрынуў на яе стопку кніг са стала. Яна ўпала, а Стас пачаў пінаць яе
нагамі, найчасцей трапляючы па кнігах, робячы балюча сабе і ад гэтага яшчэ болей шалеючы.
I тут у пакой убег Аспірант:
— Стас, супакойся! Што ж ты за звер такі! Веранічка, Веранічка!
Дзяўчына, захліпваючыся, паўтарала: «Гэта не я зрабіла! Гэта не я! Стас! Гэта не я! He я!». Аспірант паклаў яе на свой ложак, раз’ятрана запытаў у Стаса: «Што яна такога зрабіла?» і, сцяўшы сківіцы, чакаў адказу. Стас, задыхваючыся, расказаў. Аспірант схапіў заплечнік, памацаў рукой у кішэні і выцягнуў фотаздымак, што забіўся глыбока сярод папер. Стас з палёгкай выдыхнуў, пяшчотна ўзяў фота і нібыта забыўся на здарэнне. А Вераніка разрыдалася: «Я ж казала! Гэта не я!»
Таня стаяла наўколенцах перад ложкам дзяўчыны, Вераніка плакала і крычала: «Гэта не я! Гэта не я зрабіла! Ста-ас!» Таня спачатку хацела разбудзіць яе, але счакала колькі часу, каб паслухаць, што яшчэ тая скажа. Але Вераніка бясконца паўтарала адно і тое ж і сцякала слязьмі. Таня пашкадавала яе і выратавала ад жахлівага сну. Вераніка падхапілася, пачала выціраць твар. Яна спужана паглядзела на Таню і, запыняючыся, патлумачыла: «Дрэнны сон!» Яна нічога болып не сказала, а Тані ўсю ноч снілася, як Ніка крычала.
Іра цяжка прачнулася:
— Я сёння нейкая разбітая. Адчуванне, што мяне праз мясарубку прапусцілі.
— Ніка дрэнна спала, крычала ноччу, — расказала Таня.
— Ёй прыснілася, што яна цяжарная? — падкалола Іра.
— He, ёй прысніўся Стас, — Таня не вытрымала. — А што ты маеш супраць цяжарнасці?
— А тое, што я таксама цяжарная! — ужо крычала дзяўчына.
— Аспірант будзе ад шчасця на сёмым небе, — з лёгкім сумам выказала меркаванне Таццяна.
— Ах! Ён будзе на сёмым небе! Цудоўна! Выдатна!.. Я рада за яго. А пра мяне ты падумала? Ён праз пару месяцаў скончыць універ і, калі не паступіць у аспірантуру, паедзе дадому вучыць дзетак у школцы, а я застануся тут цяжарная?! А калі Аспірант сапраўды стане аспірантам, я што, буду жыць у інтэрнаце ўсё жыццё? He смяшы мяне!
— Ты можаш жыць са мной, бацькі Стаса купілі кватэру...
— Я не такая разумная, як ты! Трэба было ад Стаса зацяжарыць, а не ад гэтага... А ты святая, Стасу бацькі кватэру не купілі, бо шлюх вадзіў бы штоночы, а ты во як атрымала. А мой Аспірант, цьфу! Цюха-мацюха! Сёння я іду рабіць аборт! Я ўжо даўно ўсё вырашыла! I не збіраюся гэта абмяркоўваць!
Тані стала непрыемна выслухоўваць ўсё гэта, і яна пакінула Ірыну сам-насам з яе незапланаванай і непажаданай цяжарнасцю.
Па калідоры насустрач ішоў Аспірант, ён быў надзвычай вясёлы і ледзь стрымліваўся, каб не спяваць на ўвесь інтэрнат.
— Танюш, які сёння дзень? — гучна і ўрачыста спытаў хлопец.
— 27 чэрвеня. У мяне заўтра ў 14.00 апошні экзамен, а я ўжо ўсе білеты ведаю! — Таня падладзілася пад яго настрой.
— А сёння што? — пакрыўджана вымавіў Аспірант.
— Ма-аксім! Прабач, сёння твой дзень нараджэння! Шчасця, здароўя!
Таня ўспомніла пра Ірыну і дадала:
— I калі нешта дрэннае будзе адбывацца ў тваім жыцці, лепей, каб ты пра гэта не ведаў.
— Дзіўнае пажаданне... Але... Вы, паненка Таццяна, і ваша шаноўнае дзіця, спадзяюся, дзяўчын-
ка, запрошаны сёння на святкаванне майго дня народзінаў. Прабачце, што не ў пісьмовай форме паклікаў. А яшчэ... Ты Іру не бачыла? Яна дома? — спытаў ён, ужо адчыняючы дзверы.
Ірына сядзела на ложку неапранутая, заплаканая, і кожны, хто б пабачыў яе ў гэты момант, зразумеў бы, што лепей ёй на вочы не трапляцца. Але Аспірант, захоплены ўласным святам, заўважыў яе стан занадта позна.
— Пайшоў прэч! — Іра нават не глянула на яго, a зноў легла і адвярнулася тварам да сцяны. Хлопец, пакрыўджаны няўвагай, пачаў дапытвацца, чым ён заслужыў такое стаўленне.
— Ах, ты хочаш ведаць, чым ты заслужыў? Вось гэтым органам! — Іра недвухсэнсоўна паказала рукой.
Але калі галава шчэ хвіліну таму была занятая рыхтаваннем да застолля, то цяжка скеміць, што мае на ўвазе твая дзяўчына.