Ляўша на тэнісным корце
Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
— Табе ніколі не зразумець...
— Ір, давай вячэраць, няўжо я дарма стараўся? — запрасіў Аспірант. I яна паслухмяна села за стол...
Раніцой Вераніка ўчыніла скандал, маўляў, дзе мая ружовая спаднічка. Таня шчыра прызналася, што яе ўзяла Аленка, і згадзілася пайсці забраць яе. Зайшоўшы ў суседні пакой, яна аслупянела: на двух састаўленых ложках спалі Аленка і Валера, і ў гэтым не было б нічога дзіўнага, калі б на суседнім ложку не спала дзіцячым сном Ліля-першакурсніца. Таня ад здзіўлення гучна пракаўтнула сліну і ўжо збіралася выйсці, як падняў галаву Валера і падміргнуў Тані. Яна кіўнула галавой на Лілю, маўляў, не саромеешся? Ён толькі бязгучна засмяяўся.
Таня вырашыла забраць спадніцу ў другі раз. А на кухні, калі прыйшла гатаваць снеданне Ліля, спытала яе:
— Як вы так спіце? А яны, нахабнікі, не саромеюцца!
— Дык я лягла і заснула, — спакойна адказала Ліля.
— Як заснула? Ну, Ліля, я ў такой сітуацыі прынцыпова б не заснула! — засмяялася Таня, зразумеў-
шы Валеру. Неэмацыянальная, павольная і нетаропкая, як чарапаха, Ліля сапраўды спала, не звяртаючы ўвагу на шум.
Валера потым прыйшоў да Тані, каб пасмяяцца з Лілі.
— Я саромеўся, хоць гэта не мая ўласцівасць. Думаю, групавуха нейкая атрымоўваецца: двое робяць, трэцяя глядзіць ці слухае. Я пачаў сумнявацца, можа, яны скажэнкі якіясь. Шчэ прымусяць з дзвюма... — Валерка задаволена засмяяўся. — А яна спіць, Аленка нават кніжку спецыяльна на падлогу ўраніла, а Ліля сапе, як сапла. А можа, мне яе спакусіць? A то як ні знайду сабе дзеўку, а вяршкі ўжо Стас зняў...
Валера развіваў далей гэту тэму, не заўважаючы, як пачалі дрыжэць Таніны вусны і ў вачах пачаў адлюстроўвацца пакой.
Раптам расчыніліся дзверы і, як бы ад некага хаваючыся, уціснуўся Валік, ён толькі паспеў сказаць сваё адвечнае: «Танюля!», як заўважыў Валеру, які запытальна на яго паглядзеў. I Валік са словамі: «А... не буду вам перашкаджаць» падаўся назад.
Таня памкнулася за Валікам, але Валера пяшчотна ўзяў яе за руку: «Танечка, ты цяжарная, што ж ты скачаш, як каза? Калі б было нешта тэрміновае, ён бы сказаў. 3 драбязой нейкай прыцёгся, як заўсёды». А пра сябе адзначыў: «Шасцёрка Валік!»
— Эх, Таня, як было б добра, калі б ты прыйшла на спаборніцтва заўтра. Табе нельга хвалявацца, але заўтра ты і не будзеш хвалявацца. Мы стопудова пераможам! А станоўчыя эмоцыі табе не пашкодзяць, можа, у тваім жываце расце футбаліст. Таня, футбол для мяне — усё. Сама бачыш, як я вучуся. Калі б не футбол, я памёр бы. He думай, што я ідыёт, які не можа асвоіць праграмы і таму ўлягае ў спорт. Проста адчуванне ад забітага гола, ды нават ад знаходжання на пляцоўцы — гэта нешта боскае. Тое,
дзеля чаго варта жыць і мучыцца. Я жыву толькі на пляцоўцы, а ўсё астатняе — нерэальна, у іншым вымярэнні, — ён гаварыў гэта так узнёсла, так шчыра, а потым як бы прачнуўся, адчуў, што сказаў нешта залішняе, і паспрабаваў пажартаваць: — Нават у ложку з Аленкай я не такі шчаслівы, як там. А можа, мне проста не пашанцавала з Аленкай, — рассмяяўся хлопец.
— Валера, — раптам успомніла дзяўчына, — раней Стас быў капітанам, а зараз хто?
Валера замёр, вочы пачалі бегаць, ён злаваў на сябе, ніхто ж не прасіў расказваць пра футбол, і калі ўжо далей маўчаць стала непрыстойна, ён выдавіў:
— Я.
— Ты? Валера! Як жа так! — не ведала што сказаць Таня.
— Але не бывае каманды без капітана, — паспрабаваў ён апраўдацца.
— Канешне, канешне, — прамовіла Таня, ледзь стрымліваючыся. «Футбол для яго самае важнае, тое, дзеля чаго варта жыць... Інакш смерць? Значыць, увесь той час, пакуль Стас быў капітанам, Валера яму зайздросціў? I наколькі далёка ён зайшоў у сваёй зайздрасці? Настолькі, каб...»
— Валера, лепш выйдзі, я прашу цябе! — Таня не хацела падмацоўваць сваё падазрэнне ўсё новымі і новымі дробязямі і выбегла першай.
Валера абапёрся галавой на рукі: «Вось так заўсёды, якая-небудзь драбната выдае з галавой... He, ніколі немагчыма ўлічыць усё».
У гэты момант увайшла Веранічка і здзіўлена паглядзела на Валеру, які сядзеў у пустым пакоі. I хлопец паспяшаўся выйсці.
Веранічка лягла на ложак, закінула ногі на палічку для кніг. У дзверы нехта пастукаў і, пачуўшы запрашэнне, няўпэўнена ўвайшоў. Мужчына, высокі і цёмнавалосы, у тым узросце, калі чалавеку можна даць і 40 гадоў, і 60, няёмка пераступаў на парозе.
Веранічка з цікавасцю глядзела на яго, нават не паспрабаваўшы прыняць прыстойную паставу. Мужчына грэбліва прыўзняў густыя бровы і стараўся не глядзець на задраныя ногі дзяўчыны.
— Я шукаю Таню Захарэвіч, — яму было няёмка і непрыемна звяртацца да гэтага нявыхаванага дзіцёнка.
— I што вам ад мяне трэба? — нечакана для самой сябе сказала Веранічка.
— Таня?! — жахнуўся мужчына і ўжо ўважлівей абгледзеў яе спакушальную паставу. — Канешне, канешне, ведаючы Стаса, як мог я спадзявацца... — ён хацеў яшчэ нешта дадаць, але, глянуўшы на ногі дзяўчыны, перадумаў.
Веранічка раптам адчула, што гэта дрэнна — выдаваць сябе за іншую, але было ўжо сорамна прызнацца, і таму палічыла за выратаванне, калі ў пакой ўляцела Іра і загаварыла:
— Веранічка, бяжы хутчэй на кухню. Я не ведаю, што далей рабіць!
Веранічка з выглядам шэф-повара прадэфілявала паўз мужчыну і нясціпла так яму падміргнула.
— Веранічка? Дык гэта не Таня? — ён паціху адыходзіў ад шоку.
Ірына засмяялася, папрасіла яго пачакаць і пабегла шукаць Таню.
I калі тая ўвайшла ў пакой, сціплая і безабаронная, мужчына расплыўся ва ўсмешцы:
— Спадзяюся, што вы дакладна Таня!
— Мне ўжо сказалі, як пажартавала Веранічка, — дзяўчына не ведала, што трэба далей гаварыць гэтаму чалавеку, якога яна ўпершыцю бачыла і які не спяшаўся называць сваё імя. Нарэшце ён зразумеў сваю памылку:
— Я бацька Стаса, Сяргей Антонавіч.
— Стаса? — Тані чамусьці захацелася збегчы, знікнуць.
— Мне Максім расказаў, што вы цяжарная.
— Максім? А, Аспірант, мы клічам яго Аспірант, — Таня гаварыла абы гаварыць. Яна не ведала, што мог ёй паведаміць у такой сітуацыі бацька Стаса, і яна страшэнна баялася, што ён зараз пачне дапытвацца, ці сапраўды гэта Стасава дзіця. Яна не хацела адчуць сябе аўтаматам па вырабу немаўлятак. I яна хацела пазбегчы гэтай размовы.
— Я быў дрэнным бацькам Стасу, але ён мой адзіны сын, у мяне ёсць яшчэ дачка ад другога шлюбу. Я не змог наладзіць з ім кантакт, і ён вырас такім, якім вырас. I я не хачу паўтараць сваіх памылак. Я лічу, што ў дзіцяці павінна быць сям’я. Вы ж не пазбавіце сваё дзіця сям’і? — прасіў мужчына, ад якога яна чакала абразы.
Таня ўздыхнула з палёгкай:
— А я так баялася гэткай сустрэчы... я была вырашыла для сябе, што ніколі нічога ў вас не папрашу, не буду дабівацца прызнання дзіцяці... што я ўсё зраблю сама. I мне ... мне вельмі прыемна, што вы прымаеце нас... мяне і ... — Таня ўжо плакала.
— Ну, не трэба, не трэба, — Сяргей Антонавіч няўмела спрабаваў супакоіць дзяўчыну.
— He хвалюйцеся. Гэта я ад радасці, — Таня смяялася і плакала адначасова.
— Таня, ты не павінна жыць у інтэрнаце ў такім стане.
— Засталося здаць сесію, а потым я на лета дадому. А пасля нараджэння малога бацькі абяцалі здымаць мне кватэру.
— Гэта не спатрэбіцца, кватэру мы ўжо купілі.
Таніны слёзы імгненна высахлі. Значыць, ён прыйшоў, прасіў прыняць сям’ю, казаў пра высокія матэрыі, пра дрэнныя адносіны са Стасам, а сам ўжо купіў кватэру. Падкупіць яе хоча, нават калі ў гэтым няма патрэбы. А потым будзе папракаць. Ці дзіця забяруць. Але, з іншага боку, яна ў любы момант зможа адмовіцца ад усяго. А пакуль што
кватэра ёй не зашкодзіць. Як непрыемна ў такія справы блытаць матэрыяльныя інтарэсы.
— Табе будзе цяжка жыць адной. У Мінску вучыцца адна з маіх пляменніц, калі захочаш, яна будзе дапамагаць. Ну, і канешне, Максім абяцаў, калі трэба, дапамагаць і зрабіць усё дзеля твайго камфорту.
— Ну, Сяргей Антонавіч, я сказаў бы тое самае, але болып красамоўна, — на парозе стаяў Аспірант і па-змоўніцку ўсміхаўся.
Сяргей Антонавіч зірнуў на гадзіннік і паспяшаўся развітацца. Аспірант нахіліў галаву на бок і па-бацькоўску глядзеў на дзяўчыну.
— Максім, дзякуй, што ты вырашыў адну з самых важных для мяне праблем.
— Сказаць шчыра, я думаў не толькі пра цябе. Калі бацькі згубілі Стаса, яны не павінны згубіць для сябе ўнука.
— Ці ўнучку! — выгукнула Таня.
— Нават лепей унучку, бо жанчыны ў сям’і Сяргея Антонавіча нашмат прыемнейшыя за мужчын. I я спадзяюся, дзіця возьме ад ўсіх самае лепшае.
— Максім, ты сапраўдны сябра, — прашаптала Таня, а ў вачах яе свяцілася нешта болыпае за звычайную ўдзячнасць.
Аспірант нахіліўся, абняў Таню, якая не даставала яму нават да пляча, і сказаў ёй на вуха: «Усё будзе найлепшым чынам, я табе абяцаю».
Ён вярнуўся ў свой пакой і стомлена лёг на ложак, стома была не фізічная, ад якой так лёгка пазбавіцца, а эмацыянальная. У галаве круцілася калейдаскопам: маленькая Таня, Стас, Сяргей Антонавіч, зноў Таня, зноў Стас, вось яны разам, вось Стас робіць апошні крок у люк. Аспірант міжволі застагнаў, уткнуўся галавой у падушку, каб не заплакаць. Ён сеў на ложку, дацягнуўся рукой да тумбачкі, узяў фотаздымак, дзе побач стаялі ён і Стас. Ён і Стас.
— Зноў сабе сэрца надрываеш? — пісклявы голас Веранічкі, як камарыны звон, парушыў цішыню.
Аспірант павольна схаваў фота ў шуфлядку і запытальна паглядзеў на дзяўчыну. Яна залезла на яго ложак з нагамі, закінула галаву і, гледзячы ў столь, з горкай усмешкай сказала:
— Я таксама хацела б плакаць па ім. I плакала б... калі б не была для яго ўсяго толькі анучай для выцірання ботаў.
— Ну што ты, Вераніка, — Аспірант механічна вымавіў тое, чаго чакала ад яго дзяўчына.
— Я ведаю, як вы, хлопцы, да мяне ставіцеся. Як да... якойсьці. Я ведаю. Я не ведаю, чаму я так жыву, але я так жыву. Хлопцы думаюць, што яны мной карыстаюцца, а на самай справе ўсё наадварот.
Такі нестандартны падыход зацікавіў Аспіранта, ён адарваўся ад сваіх думак і пачаў слухаць.
— Я прыходжу са спаткання і распавядаю дзяўчатам розныя інтымныя падрабязнасці. Лёгка быць цнатлівымі, калі самае цікавае я ім ужо расказала. Я, калі хочаш, заканадаўца мод. Заўважыў, як дзяўчаты Данікам грэбуюць, а ўсё з-за мяне.
— Ніка, калі мяне яшчэ склероз не замучыў, са мной ты не кахалася. А я не магу паскардзіцца на недахоп жаночай увагі.