Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
75.37 МБ
— Ну, то я раскажу. Як ты ведаеш, мы браты па маці, у нас розныя бацькі. Як ты разумеееш, я старэйшы. Мама зацяжарыла і мела няшчасце пасварыцца з маім бацькам, якога вельмі кахала. Але яна не зрабіла аборту! Ёй было 19 год, узрост вельмі легкадумны, і яна выйшла замуж за лепшага сябра майго бацькі. Той ведаў пра цяжарнасць і ўсё адно жаніўся. Што было з маім бацькам, калі ён даведаўся! Ён быў хлопец настойлівы, і чакаў зорнай хвіліны. Маці нарадзіла мяне, праз два гады — Стаса. Я дакладна не ведаю, што там адбылося, але яна
сабрала свае рэчы, узяла пад пахі дваіх дзяцей і пайшла жыць да майго бацькі.
Вось так мы і жылі, у нядзелю прыязджаў Сяргей Антонавіч, браў Стаса, тата даставаў санкі ці велік (у залежнасці ад пары года), браў мяне, і мы ўчатырох ішлі гуляць. Нейкая шведская сям’я. На святы мы збіраліся разам, Сяргей Антонавіч прывозіў жонку і дачку. Было весела, але...
Горш за ўсіх было Стасу. Мама не разумела, што разбіла нам жыццё. Стас не разумеў, чаму я магу жыць з мамай і татам, а ён — не. Мне ж было няёмка, што мой тата заўсёды побач. Напэўна, таму мы сталіся рознымі. Аднолькавая энергія, здавалася б, але да чаго яна давяла Стаса і як выкарыстаў яе я? Чаму я Максім-Аспірант, а мой брат Станіслаў не Слава, а Стас? Вось я і кажу, што мы аднолькавыя і адначасова розныя.
— Чаму ён мне не казаў пра свае перажыванні? — Таня заўсёды бачыла Стаса вельмі самаўпэўненым, хлопцам, у якога не было ніякіх праблем.
— Яму была непрыемная гэтая гісторыя. Ён помсціў усім за тое сваё гора і помсціў да апошняга дня. Таму ён быў такім калючым, — даў сваю версію Аспірант.
— Тым больш! Калі яго нешта непакоіла, ён проста павінен быў мне гэта сказаць! — Таня з сумам падумала, што Стас так ніколі не даверыўся ёй, каб не шкадавала, калі яны былі разам, і каб не скарыстала, калі разыдуцца.
— He хвалюйся так, а то я ўжо шкадую, што сказаў табе, — Максім занепакоена зірнуў на яе жывот.
— He, не. Усё правільна, — Таня скрывіла твар, бо дзіцятка чуйна рэагавала на маміныя перажыванні.
— Я не пра Стаса хацеў гаварыць, а пра нас, — Максім вярнуўся да пачатку размовы.
— А? Што? — Таня так задумалася пра свае адносіны са Стасам, што прапусціла яго словы.
— Ты мяне нават не слухаеш! Таня! Ты згодна быць маёй жонкай? — з усмешкай спытаў Максім, упэўнены, што Таня адразу пагодзіцца.
— Дай тры гады падумаць, га? — паспрабавала выкруціцца Таня.
— Даю! — хлопец не паказаў, што адказ яго здзівіў.
— Цудоўна! Праз тры гады прыходзь, — Таня з задавальненнем адзначыла, што ўдала выкруцілася з няёмкай сітуацыі.
— Я прыду раней! — паабяцаў Максім.
— Прыходзь, калі хочаш, толькі зараз мы павінны вярнуцца да тваіх гасцей, імяніннік!
Яны павольна ішлі па калідоры, Максім маўчаў, і Таня думала: «Дарма я сябе цешыла! Стас не кахаў мяне, калі не расказаў пра самае галоўнае ў яго жыцці».
— Максім, я не знайшла нідзе свайго фотаздымка. Ты ведаеш, Стас яго заўсёды ў заплечніку насіў. Значыць, там быў нехта яшчэ. Яны хутчэй за ўсё пасварыліся. Максім, я шмат думала і я ведаю, дакладней, мне здаецца, што я ведаю, хто гэта зрабіў.
— Хто? Скажы мне? — Аспірант сам бы, здаецца, забіў, калі б Таня назвала імя.
— Прабач, я не маю права! А раптам я памыляюся?! Пачакай крыху.
Калі яны ўвайшлі ў пакой, Юра-Трасянка ўспамінаў жарты Стаса наконт Валіка:
— Валік выклікаў у Стаса вялікае пачуццё. I гэта не на шчасце нашаму «тлушчавіку»! Ха! Гэта слова таксама Стас прыдумаў.
Валік няўмела рабіў выгляд, што яму таксама смешна. Яго белыя броўкі рухаліся, змагаючыся з крыўдаю, імітуючы смех.
— Калі ласка, панове! Другая мянушка Валіка — «На табе булачку»! Але гэта так, драбяза! — Юра пахітаў рукой перад тварам, нібы ён нешта хоча спыніць.
— Стас рабіў Валіку цудоўны камплімент! О-о, болей не магу! Ён хваліў, маўляў, цябе, Валік, даіць можна! А яшчэ шыкоўна... Пачакайце... Як жа... А! «Валік, калі я стану старым і на мяне дзеўкі глядзець не будуць, я цябе паклічу, каб хоць за грудзі патрымацца!» — спарадзіраваў Юра.
Усе разрагаталіся, а ў Валіка на вейках павісла слязінка, якую ніхто, акрамя Тані, не заўважыў. А Юра ўсё не сунімаўся:
— А вось сапраўдны шэдэўр Стасавай думкі! Ён называў Валіка, нашага надзвычай пяшчотнага Валіка (ад сораму і крыўды Валік моцна заплюшчыў вочы, нібы чакаючы ўдару, і ён дачакаўся), Стас называў яго Валечка! Наша Валечка!
Таня ніколі не бачыла такога прылюднага катавання, і яна разумела, чаму Валік не гарэў сяброўствам да Стаса і чаму ён так акрыяў пасля смерці свайго ворага. Але колькі такіх ворагаў шчэ будзе! Усе ж не загінуць.
У гэты момант Ірына, на якой вамп-макіяж ператварыўся ў вамп-маску (чырвоныя вочкі, чорныя вусны, размазаная туш), выцягнула Таню ў калідор, не даўшы даслухаць.
— Што гаварыў пра мяне гэты слімак? — горда ўзняла галаву дзяўчына.
— Мы гаварылі пра Стаса! — абурылася Таня за «слімака». Яна мела дзіўную звычку абурацца за іншых, калі некага крыўдзілі пры ёй. Яна крыху памаўчала і не ў тэму дадала:
— Ты не кахаеш Максіма.
— Ён такое ж быдла, як і твой Стас!
— Ты проста яго не кахаеш! — шчасліва паўтарыла Таня.
— Чым я сябе выдала, пан дэтэктыў? Стаса ж забілі, мне Валера расказаў пра твае пошукі! Ох, Ста-ас! He адна ты, Танюша, была ў палоне яго чорных вачэй, паўінтэрната млела ад яго. I да цябе, і пры табе, і пасля цябе! — пакпіла Ірына.
— Я кажу зараз не пра Стаса, — паспрабавала павярнуць размову Таня.
— А за што яго, Аспіранта, кахаць? Ён мяне цікавіць толькі як бляклая копія Стаса! Яны падобныя, але Стас быў прыгажун, а Максім — звычайны, прапанову мне сёння рабіў, ледзь не плакаў,— Іра ўжо бессаромна выдавала свае таямніцы.
— А ты можаш кахаць не толькі за знешнасць? — абурылася Таня.
— Ты прапануеш мне кахаць яго за розум? — п’яна разрагаталася Ірына. — За розум кахаюць толькі тыя, каго кахаюць за розум, цябе, напрыклад. Толькі вось не ведаю, нашто Стасу спатрэбіўся твой розум! — Іра ўжо плакала. He столькі ад успамінаў, колькі ад болю: вакуум-аборт аказаўся не такім бяскрыўдным, як яна сабе ўяўляла. Лекі перасталі дзейнічаць, і цяпер у яе было адчуванне, што яна памірае.
Каб не працягваць гэты пачуццёвы стрыптыз далей, Таня прывяла Іру ў іх пакой і паклала спаць не распранаючы.
Калі Таня вярнулася ў пакой Аспіранта, яе пяшчотна прыціснуў да сцяны Валера-футбаліст і пачаў спавядацца:
— Тань, я не забіваў Стаса! Клянуся!
— Ды я ведаю! — дзяўчына не ўяўляла, як выслізнуць з гэтых абдымкаў, якія Валера разлічыў для цяжарнай.
— He, я скажу! Я баяўся, што ты матыў знойдзеш, а для мяне футбол — усё. Болыпага матыва знайсці нельга, таму я і не хацеў, каб ты шукала. Хлопцаў падгаварыў... А Валік шасцёрка! He крыўдуй, Тань. Ты ж усё адно не знайшла... А так бы да мяне прычапілася.
— Валерка, гэта ты да мяне прычапіўся! Пусці!
Таня адпіхнула хлопца і зайшла ў пакой. Аспірант стомлена пазіраў на сваіх гасцей, лежачы на ложку. Імяніннік патрэбны толькі на пачатку свята. А далей можна самім. Хлопец запытальна паглядзеў на Таню, але яна паціснула плячыма, маўляў, яшчэ не ўпэўненая.
Юра-Трасянка расказваў ужо каторую гісторыю з жыцця Стаса. Нечакана ён спыніўся і папрасіў Веранічку прынесці яму вады, простай вады. А сам працягваў расказваць. Героямі наступнага жаху былі Стас Зварын і Даніла Ручка.
— Вось узнагародзіў бацька прозвішчам! Ручка! Ножка! А Стасу толькі дай да чаго прычапіцца. Дарэчы, з Даніка прыемней здзеквацца, бо ён крыўдзіцца. Валік нармальна да ўсяго ставіцца. А Данік віруе, злуецца. А нічога зрабіць не можа. Толькі пасквілі, паэмкі пісаў, але і Стас не зломак. Слухайце, што ён напісаў:
Ішоў паэт
Даніла Ручка. Ён склаў санет «Кабель і сучка».
I быў яшчэ такі мужчынскі жарт, прабачце, дзяўчаты. Стас казаў: «Данік, ты пры мне штаны шырынкай назад не апранай!»
Сэрца Тані сцялася ад болю і шкадавання да Даніка. Якім жа жорсткім быў Стас! Як праз туман да яе даляцеў голас Юры:
— Але мне найбольш падабаецца Стасава фраза: «Я — active, Валік — passive, а Данік — universal».
Тані здалося, што яна зараз кіне ў Юрыка талерку ці што-небудзь іншае з посуду, але нават гэта не спыніла б гаваркога хлопца.
За вадой для Юры-Трасянкі Веранічка пабегла чамусьці на кухню. Там ўжо нікога не было, толькі галодны Данік варыў бульбу і пісаў чарговы верш.
I тут з’явілася Веранічка. Данік не змог ацаніць, была яна апранута добра ці дрэнна, ён бачыў толькі, што мала. Яна села на ягоныя паперы:
— Што піша паэт?
— Верш, — задрыжэў Данікаў голас.
— Пра мяне? — яна падсунулася бліжэй. Данік ліхаманкава ўспамінаў усё, што расказваў яму пра секс Санька, бо разумеў, што прыйшоў час яму страціць цнатлівасць. Ягоная нявіннасць вісела над ім дамоклавым мячом, але ён гэтак жа баяўся сексу, як і чакаў яго.
Спадніца была занадта кароткай, Данік спрабаваў адвесці вочы і не мог. «Дык вось як гэта выглядае!»
Ён падняў руку і хацеў пакласці ёй на калена, нечага спужаўся і адвёў. Але Веранічка сама злавіла ягоную далонь і паклала пад спадніцу. I тут Данік падумаў, што яшчэ хвіліна — і ён згубіць прытомнасць ці памрэ ад разрыву сэрца. А бацькам скажуць, што памёр ад сексуальнага напружання. Сорам! Ганьба!
Ён разумеў, з якой мэтай прыйшла Веранічка і баяўся, што яна ўсяго толькі выпрабоўвае яго. Яму зусім не хацелася сексу на кухні, куды ў любы момант маглі зайсці, хоць дзяўчына і прычыніла дзверы. Яму па-іншаму ўяўляўся гэты дзень пачатку яго мужчынскага жыцця. Сказаць пра гэта Веранічцы? Засмяе!
Ён не ведаў, з чаго пачаць, якім трэба быць: нахабным ці пяшчотным? На шчасце, яму хапіла розуму застацца самім сабой. Данік узяў яе руку і пацалаваў. Веранічка чакала чаго заўгодна, але толькі не гэткага рыцарства. Яна зразумела, што зараз будзе мець магчымасць удзельнічаць у «класічнай любоўнай сцэне з цнатлівага савецкага фільма». I яна ўспомніла, што ніводзін з яе шматлікіх хлопцаў не цалаваў ёй рукі.
Данік разумеў, што трэба пацалаваць яе, але проста не ўяўляў, як гэта зрабіць. I яна сама пацалавала яго. 3 Данікавага рота пахла малаком, як пахне з рота ў немаўлятак. Гэтае параўнанне здалося ёй вельмі смешным, але не хацелася крыўдзіць паэта смехам.
Яны цалаваліся, ён няўмела абдымаў Ніку. I Веранічка нарэшце зразумела, што прайшло паўз яе ў гэтым жыцці. Але яна гэтак жа разумела, што ніколі ўжо не зможа стаць іншай. Пацалункі-абдыманкі яна прайшла шчэ ў восьмым класе, а Данік лічыў немагчымым дакрануцца да яе грудзей. Бульба падгарэла, і Веранічка першая гэта ўчула, яна паказала Даніку на каструлю, жартоўна пацалавала ў нос і выйшла з кухні, сутыкнуўшыся ў дзвярах з Таняй. Данік задуменна стаяў каля пліты, вячэра не атрымалася, кішкі гралі марш, галава кружылася, было не да вершаў і жахліва хацелася ў прыбіральню... Голас Тані вярнуў яго з эратычных трызненняў: