Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
75.37 МБ
«Лаура» Санькі больш не наведвала іхны інтэрнат, таму ён часова быў пазбаўлены музы. Гледзя-
чы, як Данік не адрывае азадка ад крэсла, пішучы вершы, Санька захлынаўся ад зайздрасці і вінаваціў сябра ў сваім бяздзеянні.
На наступны дзень Таня не пайшла ва універсітэт: быў пачатак семестра, практычных яшчэ не ставілі, а сама яна ўпершыню за тры гады мела справу, важнейшую за вучобу. Яна пайшла да таго люка, дзе захлынуўся Стас, накрыўка люка ўжо была на месцы. «Божа мой, чаму ж яны не закрылі яго хаця б на дзень раней!» Гледзячы на пухкі снег паабапал пратаптанай студэнтамі сцяжынкі, хацелася жыць, марыць пра лепшае, але Таня ўсведамляла, што яе «лепшае» ўжо незваротна прайшло. I калі б Стас быў жывым, яна калі-небудзь яму даравала б, а да таго часу жыла б надзеямі, ды ягоная смерць забрала ўсе мары, усе надзеі, усё шчасце. Яна вінаваціла сябе ў тым, што здарылася: калі б яна даравала яму, Стас не піў бы, не ішоў бы гэтай дарогай, не загінуў бы.
У дзень смерці Стаса быў моцны снегапад, сляды людзей і машын знікалі, ледзь з’явіўшыся. Снег ішоў і ўсю ноч.
«Учора ў гэты час ён быў жывы! Жывы! Жывы!» — пульсавала ў думках.
Гэтай раніцай ніхто з жыхароў інтэрната не пайшоў гэтай сцяжынай: нашто напамінаць пра тое, што і так нельга забыць. Але сляды ўсё ж былі. Чалавек, які прайшоў там, не быў выпадковым прахожым. Нехта хадзіў вакол люка, спыняўся. Зноў хадзіў, пакрываючы снег ланцужкамі слядоў.
«Па падэшве сучасных ботаў немагчыма вызначыць полавую прыналежнасць іх гаспадароў. На жаль», — са шкадаваннем падумала Таня. Яна вярнулася ў інтэрнат, зайшла ў Стасаў пакой, былы Стасаў пакой. Папрасіла хлопцаў пакінуць яе на хвіліначку адну. Яна лягла на яго ложак і абняла падушку. Яна ўжо не плакала і не ўспамінала, гэтыя плач і ўспаміны былі недзе глыбока ў ёй самой.
He хацелася думаць, ці, дакладней, хацелася не думаць.
Вочы яе спыніліся на Стасавым заплечніку, які ляжаў на крэсле побач з ложкам. Стас і ягоны заплечнік здаваліся непадзельнымі, заўсёды разам ва універсітэт, дадому, на дыскатэку. I зноў жа заўсёды ў патаемнай кішэні заплечніка ляжаў яе фотаздымак. Яе! Такіх фотаздымкаў было толькі два: адзін у яе, адзін у Стаса. Таня пацягнулася рукой, расшпіліла «маланку», пашукала і... не знайшла.
Ёй успомнілася адно здарэнне. Веранічка прыцягнула п’янага Стаса ў іх агульны з Таняй пакой. Пакуль дзяўчына паіла яго гарбатай, Таня ціхенька намацала свой фотаздымак у кішэньцы заплечніка і выйшла з пакоя з горда ўзнятай галавой, упэўненая, што Стас усё яшчэ яе кахае.
Так што Таня ведала, што і ў той дзень Стас меў фота пры сабе. Фатаграфія не магла вываліцца выпадкова. Стас мог выняць яе сам, у пакоі ён не пакідаў гэта фота (яго рэчы былі ўжо складзены, і там не было Танінага фотаздымка). Значыць, ён выняў фатаграфію там, каля люка. I не проста выцягнуў, каб палюбавацца, нехта вельмі раззлаваў яго, калі ён асмеліўся паказаць сваё патаемнае.
Хісткае падазрэнне Тані расло і мацнела. Калі б не гэты фотаздымак, можна было б паверыць, што Стас загінуў па п’янцы, але цяжка зрабіць гэта зараз, калі відавочна, што там быў нехта яшчэ.
I перад вачыма Тані нібы паўстаў той дзень: Стас сварыцца з некім з-за яе, выцягвае з заплечніка яе фота і выкідае. Той «нехта», мабыць, угаворваў Стаса вярнуцца да Тані ці наадварот — не тлуміць ёй галавы. Стас раз’юшыўся, выкінуў фотаздымак, магчыма, пачаў лаяцца, нечым абразіў, за што і быў скінуты ў люк. Дык, значыць, яе падазрэнні не дарэмныя?
Да іхняга разрыву адмоўна паставіўся ўвесь інтэрнат, ва ўсім вінавацілі Стаса, а шкадавалі яе. Але
найбольш перажывалі іхнія агульныя сябры, хлопцы смела выказалі Стасу сваё стаўленне да здарэння, і сяброўства іх стала менш шчырым. Стас, які тры гады быў каралём, не мог аддаць свой трон без барацьбы. Яму патрэбна была світа, акружэнне, якое захаплялася б яго жартамі і ім самім. I вось кола гэтых людзей пачало паволі распадацца. Але нават не з-за здрады, здрада была толькі штуршком. Хлопцам проста надакучыла, што Стас пачаў штоночы прыводзіць Веранічку, а іх вымушаў начаваць дзе прыйдзецца. Ім надакучыў пах гарэлкі і перагару ў іхнім пакоі, абрыдлі чужыя людзі (новая світа Стаса), што панавалі днём у іх пакоі. Яны стаміліся ад ягоных выбрыкаў. У гарэлачнай ліхаманцы Стас гэтага не адчуваў, але нават у цвярозым стане ён не зразумеў бы гэтага з-за свайго беспрасветнага эгаізму.
3 усіх былых сяброў Стаса Таня найбольш давярала таўсцяку Валіку. Ён заўсёды мог паспачуваць, зразумець і дапамагчы.
Валік уважліва выслухаў гісторыю пра нязнойдзены фотаздымак, на яго бязбровым твары намалявалася здзіўленне, і ён, пяшчотна зазірнуўшы Тані ў вочы, спытаў сваім паўжаночым голасам:
— Танюля, што ты хочаш гэтым сказаць?
Яна расказала хлопцу, як ёй уяўлялася сцэна смерці Стаса. Але Валік паспяшаўся выказаць сваё меркаванне:
— Танюля, ён апошнім часам моцна перажываў, можа, ён напаследак зірнуў на любімы твар і скінуўся сам?
— Валік, не смяшы! Стас? 3-за мяне? Гэты эгаіст? Ты хоць сам у такое верыш? I куды ён падзеў фота? Па кавалках утапіў у каналізацыі? Ты кажаш, ён сам! А ты хацеў бы сабе такой «геройскай» смерці? У каналізацыі!
— Я толькі версію прапанаваў, — заспяшаўся выправіцца Валік. — Але ж ты не будзеш звяртацца ў міліцыю?
— He буду! Як я ім патлумачу? Хочаш, каб з мяне вар’ятку зрабілі? — пакрыўдзілася Таццяна. — Я сама, Валік, я сама ўсё знайду і зразумею.
Начамі яна глядзела ў столь, дзе адбівалася святло ад фараў машын і думала пра Стаса, на лекцыях яна пісала канспект, не зважаючы на яго змест. Яна не думала пра Стаса столькі, нават калі яны сустракаліся. Ёй здавалася, што, загінуўшы, ён засяліўся ў яе цела, пацясніўшы яе душу. Ён запаўняў яе, a яна не магла і не хацела змагацца.
Таня прыйшла да высновы, што Стаса магла спіхнуць нават дзяўчына. Ён жа не быў джэнтльменам і мог дазволіць сабе брудна лаяцца ці біцца з дзяўчатамі. Колькі разоў Веранічка прыходзіла з сінякамі! Ён усведамляў, што так нельга паводзіць сябе, і ад гэтага яшчэ болей вар’яцеў. Калі ён злаваўся, то не падпарадкоўваўся ўжо свайму розуму. А потым саромеўся сваёй слабасці і хаваў яе за выключнай нахабнасцю.
Таня ж была заўсёды мяккай і добрай. Яна не магла крыўдзіцца на Веранічку, якая пачала сустракацца са Стасам пасля ўсяго. Наадварот, Таня яе шкадавала, бо ўсе, нават сама Веранічка, разумелі, што Стас ёю карыстаецца без аніякага кахання ці хаця б сімпатыі. Ён хацеў зрабіць Тані балюча і інструментам абраў Веранічку. Іра, што таксама жыла з імі ў пакоі, абуралася і не магла зразумець ні Веранічку (маўляў, нічога сабе сяброўка), ні Таню. А Стас хацеў мець фармальнае права прыходзіць у іх пакой, нібыта да Веранічкі, ён хацеў увесь час напамінаць пра сябе, бачыць Таню, але гэтым толькі вярэдзіў рану і сабе, і ёй. Яны ведалі, што кахаюць адно аднаго, але разумелі, што ўжо перайшлі тую мяжу, калі шчэ можна было нешта аднавіць. I калі Веранічка сказала Ірыне, што Стас «у час гэтага, ну, ты разумееш, гэтага» назваў яе Таняй, Іра абурылася: «Заглохні!»
Вераніка, такая павярхоўная, легкадумная, жыла сённяшнім днём і намагалася не думаць пра Стаса, каб не сасніць яго ноччу. Дзяўчына і без таго мела вялікія праблемы. Амаль штоночы яна хадзіла па пакоі і размаўляла, але раніцай нічога не памятала. Дзяўчаты для смеху запісвалі за ёй, таму Веранічка яшчэ больш хвалявалася перад сном, баючыся выдаць штось вельмі асабістае. I таму вечарам, каб прыцягнуць добрыя сны, яна ўспамінала сваю адзіную ўцеху, сваё адзінае захапленне — тэатр. Ён быў для яе нейкім паралельным жыццём. Праўда, не тэатр у звычайным разуменні гэтага слова, хоць яна сапраўды хадзіла на ўсе новыя спектаклі, на памяць ведала ўсе старыя пастаноўкі. Галоўнае ў тэатры для яе — акцёры, мужчыны. Яна заходзіла да іх у грымёркі, і веданне рэпертуару было ёй патрэбна, толькі каб падтрымаць дыялог.
Ах, якія цудоўныя асобы трапляліся сярод непрызнаных геніяў тэатра! Аднойчы Таня мела магчымасць назіраць цудоўную карціну: на Вераніччыным ложку сядзеў п’яны барадаты мужык, ён трымаў у адной руцэ кубачак кавы, а другой актыўна жэстыкуляваў у такт сваім выказванням. Веранічка сядзела ля яго на падлозе, як Магдалена ля Хрыста, гатовая сваімі валасамі выціраць яму ногі.
Таня толькі адкрыла рот, каб «выказацца па праблеме», як Веранічка падхапілася, трымаючы ўказальны палец ля вуснаў.
— Цішэй! Ён гаворыць! Ах, Божа мой, Таня, ты нічога не разумееш. Ён — геній! Ты бачыла б яго ў ролі...
Далей ішоў бясконцы пералік усіх ягоных выключна эпізадычных роляў, уключаючы ягоныя ўвасабленні ў мяшок з падарункамі на нейкім дзіцячым свяце. I ў кожнай ролі, па яе меркаванню, ён іграў бліскуча. Таня не ведала, ці сапраўды ён бліскуча выконваў ролю мяшка з падарункамі, але роля мяшка з бульбай у яго дакладна атрымалася (мена-
віта на гэтую празаічную рэч ён паходзіў, калі сядзеў на ложку, падкурчыўшы ногі).
— Ох, Таня, не гані яго! А сёмай гадзіне будзе спектакль, хай ён трохі адпачне! Ну калі ласка!
— Чым ты захапляешся?! Гэтай бруднай жывёлінай?!
— У чалавеку галоўнае — не знешні выгляд, a унутраны змест.
— I няўжо ты не можаш здагадацца, што ёсць унутраным зместам ягоных кішак? Ён не чалавек, a прыстасаванне для перапрацоўкі ежы і піва ў сама ведаеш што.
— Ты не чула, як ён разважае пра жыццё!
— Гэта ў маналогу Гамлета?
— Таня! Ён ніколі не граў Гамлета. Гэтая роля яшчэ чакае яго!
— Вераніка! Ты звар’яцела? Ты не разумееш, што я здзекуюся?!
— Здзекуешся? A... А навошта ты здзекуешся? Садыстка!
— Вераніка, выйдзі на хвіліначку, трэба пагаварыць.
Вераніка даліла кавы ў кубачак акцёру і папрасіла дазволу выйсці, гледзячы на яго вачыма вернага сабакі. Акцёр доўга вагаўся, ці варта дазволіць ёй. Нарэшце ён кіўнуў, але занадта энергічна, таму кульнуўся з ложка на падлогу разам з кубачкам, ужо пустым. Веранічка падняла свайго «генія» і паспяшалася да Тані, якая заўважыла, што сяброўка п’яная не больш і не менш, чым звычайна. Таму яшчэ больш дзівілі ейныя паводзіны.
— Вераніка, як ён у такім стане будзе працаваць, засталося толькі паўгадзіны!
— Я зараз душ яму арганізую.
Пры гэтых словах у калідор выпаўзлі суседкі па блоку:
— У наш душ?! Гэтага бамжа?!