• Газеты, часопісы і г.д.
  • Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

    Ляўша на тэнісным корце

    Аксана Бязлепкіна

    Выдавец: Беларускі кнігазбор
    Памер: 352с.
    Мінск 2002
    75.37 МБ
    Вера круцілася перад люстэркам у новым бюстгальтары, а яе малодшая сястра давала парады:
    — Верка, надзень іншы, у гэтым у цябе нейкія цыцкі абвіслыя.
    — А так? — запытала Вера і выгнула спіну.
    — А так спіна абвіслая! Апранай іншы! — безапеляцыйна загадала сястра.
    — А раптам Кірыл... ну... ты разумееш, — Вера, якая са смехам магла абмяркоўваць чужыя адносіны, пра сваё інтымнае жыццё словамі гаварыць не магла.
    — Думаеш, ён цябе лапаць будзе? I не спадзявайся! Ды ў любым выпадку ён жа не будзе цябе пры людзях распранаць, а праз кофту — дык любы станік падыдзе, лепш нават без станіка! — яна разрагаталася і плюхнулася на ложак.
    — Каця! He камячы! — Вера выхапіла з-пад сястры чырвоную спаднічку.
    — Верка! Без пяці хвілін, Кіра твой ужо, мабыць, пад дзвярыма стаіць. Я пабягу паглядзець у «вочка»! — Каця пацерла рукі ад задавальнення.
    — Стой! Ён жа пачуе, што нехта за дзвярыма! Сядзі! — Вера схапіла сястру за руку і штурхнула на ложак.
    — Сцерва! — закрычала Каця і дала сястры добрага выспятка.
    — Ты мне проста зайздросціш! — Вера крыкнула так гучна, што аж сарвала голас.
    — Было б чаму зайздросціць! Знайшла сабе не то бабу не то хлопца і ганарыцца! — Каця зымітавала смех і села на стол, пасунуўшы азадкам лямпу.
    Сёстры яшчэ шмат чаго прыпомнілі б адна адной, але пачуўся званок. Перапужаная Вера дала сястры інструктаж:
    — Адчыняй дзверы і вядзі яго ў залу, чуеш, у залу! Я — у туалет.
    — Угу! — хітра бліснула маленькімі вочкамі Каця. — Толькі там баба Люся, на яе зноў дрысня напала! — зарагатала яна ўслед сястры.
    Вера пабегла да прыбіральні, паторгала за ручку, а ў гэты момант Каця адчыняла дзверы Кірылу. Вера нырнула ў ванны пакой, села на край ванны і ліхаманкава вырашала, што ж рабіць далей: «Баба Люся з прыбіральні выйдзе не скора, і Кірыла прымушаць чакаць непрыгожа, ну што... можа... у ванну?»
    Лёгенькай хадой шчаслівага чалавека Вера выйшла з ваннага і ўвайшла ў свой пакой, каб апрануцца. Яна адчыніла дзверы — і ўбачыла Кірыла, які сядзеў на яе ложку побач з Кацяй і трымаў на каленях альбом з фотаздымкамі. Ён глядзеў на яе, амаль голую, і не мог адвесці вачэй, не яе надзвычайная прыгажосць пазбавіла яго волі, а сама сітуацыя. Вера ж застыла і не магла ступіць ні кроку.
    Першым апрытомнеў Кірыл, ён падняў фотаальбом, закрыў ім твар і выйшаў з пакоя, услед за ім рушыла Каця, якая, праходзячы міма Веры, паказала сястры язык.
    Пакуль Вера апраналася, Кацька сядзела з Кірылам у зале і паказвала яму фатаграфіі. А ён быў такі задуменны, што Каця выкарыстала шокавую тэрапію:
    — А гэта Верчын першы мужчына! — сказала яна, тыцнуўшы пальцам у твар стрыечнага брата, які на здымку абдымаў Веру.
    Кірыл угледзеўся ў фота, неяк разгублена паглядзеў на Кацю: «Першы мужчына? Дык яна... А я думаў... Каця, а мне яна казала, што гэта ваш стрыечны брат Жэня!»
    — Так сказала?! Мабыць, гэта зараз так называецца. Кірыл, а як яна павінна была табе сказаць, га? — Каця баялася, што праз хвіліну не вытрымае і рассмяецца.
    — Вядома, вядома, — Кірыл сам не ведаў, да чаго гэтае «вядома». Тут у пакой увайшла Вера, уся такая прыгожая, але Кірыл паглядзеў на яе неяк незвычайна, яна заўважыла гэта і спужана зірнула на Кацю. Сястра ж падняла на яе па-дзіцячы чыстыя вочкі.
    3
    Калі парачка выйшла з кватэры, Кірылава рука занадта нахабна спусцілася ніжэй Верынай таліі, і дзяўчына спачатку не паверыла сама сабе. Раней Кірыл такога сабе не дазваляў, яна не забараняла, але ў іх нават размовы пра гэта не было. I таму Вера не ведала, як сябе паводзіць: папрасіць прыбраць руку ці зрабіць выгляд, што нічога не здарылася. Лепш другое. А Кірылава рука ўжо палезла пад майку. «Нічога, мы ўсё адно збіраеся пажаніцца».
    У Кірыла дрыжэлі рукі, раней ён не зрабіў бы так. «Божа! Іншыя яго сябры ўжо колькі дзяўчат «пакаштавалі», а ён цэлы год з адной валаводзўся, цнатліва і чыста. Ён жа думаў, што яна... А так заўсёды! Калі адзін святы, другі — абавязкова грэшны. Ну, можа, ён і не святы, дык хлопец і не павінен быць святым. А для дзяўчыны гэта абавязкова. Калі зараз яна скажа «прымі руку», я не вытрымаю і выкажу ёй усё. Што мне рабіць? Што мне рабіць? Кінуць яе? Але я кахаю яе, мы ж збіраемся пажа-
    ніцца. Застацца з ёй? Але я не першы яе мужчына! Так не павінна быць! Мне патрэбна шлюбная ноч з усімі наступствамі. А з другога боку, галоўнае, каб яна не здраджвала, а Вера не будзе, я ведаю, ведаю...»
    А рука ўсё ляжала на тым самым месцы. У Кірыла ўжо змакрэла спіна, яму здавалася, што для прыстойнай дзяўчыны такія паводзіны павінны быць абразай, што чыстая дзяўчына павінна пляснуць яму па твары, накрычаць і кінуць. Але нічога не адбылося. Яму хацелася справакаваць яе. «Ну, добра, пакуль счакаю. Завяду куды-небудзь, і паглядзім, хто каго».
    4
    У бары было мала людзей. Ціхая музыка разнявольвала, давала адчуванне калі не палёту, дык абсалютнай свабоды. Але Кірылу было мала гэтай свабоды. Усе жанчыны дзяліліся для яго на дзве катэгорыі: адны — для кахання, другія — для жаніцьбы. I Вера ў яго ўяўленні была раней дзяўчынай для жаніцьбы, якую трэба паставіць на п’едэстал, далей ад бруду жыцця. А зараз яна, аказваецца, і ёсць той бруд жыцця.
    Яны селі за столік у цёмным кутку. Вера заняла месца насупраць Кірыла, павесіла парасон і маленькую сумку на крэсла, раптам Кірыл перасеў да яе. Дзяўчына, здаецца, зразумела яго намеры. Кірыл лічыў, што па ўсіх законах прыстойнасці яна павінна была б пасунуцца ад яго, але Вера так даўно марыла пра цнатлівую блізкасць, так хацела адчуць сябе каханай, што ёй у галаву нават не прыходзіла такая думка.
    Кірыл піў піва і вар’яцеў ад бездапаможнасці. Хацелася абазваць яе шлюндрай, паказаць ёй яе месца і... жаніцца. Куфаль запацеў ад халоднага піва, таму правая рука была халоднай і мокрай. I вось такую руку Кірыл паклаў ёй на калена. Вера
    уздрыгнула ад холаду, не ад жарсці, але ці растлумачыш гэта мужчыну. Кірыл глядзеў на свой куфаль, а рукой рушыў далей. Вера стуліла ногі, дастала яго руку з-пад спадніцы і паклала на стол.
    «Жанюся!» — вырашыў Кірыл.
    5
    Каця сядзела ў крэсле ў святочнай сукенцы. Залітая лакам прычоска магла б зрабіць яе гадоў на пяць старэйшай, але зялёная пасмачка на скроні адназначна паказвала і на сапраўдны ўзрост дзяўчыны, і на яе несфармаваны густ. Побач мама прасавала бацьку кашулю. Каця сядзела моўчкі і нерухома, Вікторыя Іванаўна паглядзела на дачку і запытала:
    — Кацечка, ты рада, што Вера замуж выходзіць? А што ж ты такая сумная сядзіш? Кацечка!
    — Мам, а мяне хто-небудзь замуж возьме? — дзяўчына ўяўляла сабой стопрацэнтную ахвяру комплексу непаўнацэннасці.
    Мама засмяялася, паставіла прас і падышла да дачкі:
    — Знойдзеш і ты свайго Кірыла!
    — He хачу Кірыла, мне такі непатрэбны! Слабак!
    — Каця, нельга так казаць пра жаніха сваёй сястры. Праз дзве гадзіны мы будзем адной сям’ёй, — Вікторыя Іванаўна пацалавала Кацю ў лоб і зноў ўзялася за прас.
    У пакой віхорчыкам уляцеў маленькі мужчына, бацька сваіх дачок і муж сваёй жонкі. Ён пляснуў Вікторыю Іванаўну па азадку, пацалаваў яе ў глыбокі выраз, праз шыю дабраўся да вуснаў, а потым гучна цмокнуў у нос. Ён пацягнуўся да дачкі і са смяшком сказаў:
    — Прабач, Кацечка, не стрымаўся.
    — Цалуйцеся на здароўе, Фёдар Дзянісавіч! Зусім ужо ты, бацька, разбэсціўся. Нават дачкі не саромеешся! — Каця ўстала і выйшла з пакоя.
    — Што з ёй, Віка? — спытаў Фёдар Дзянісавіч, прыціскаючы жонку да сябе.
    — Ёй цікава, ці возьмуць яе замуж. Федзя! Федзя! О-ой! А калі хто загляне?
    — Ну хто сюды загляне! — абачлівы Фёдар Дзянісавіч зачыніў дзверы на замок.
    6
    Праз дзве гадзіны вясельны картэж пад’ехаў да рэстарана. Фёдар Дзянісавіч дапамог жонцы выйсці з машыны і прашаптаў ёй на вуха:
    — Забыўся табе сказаць, я Галавачова з жонкай запрасіў. Разумееш, нам яшчэ наконт банка трэба пагаварыць. Я тут і паперку прыхапіў, — Фёдар Дзянісавіч дастаў з кішэні лісток з надрукаванымі лічбамі і разлікамі.
    — Федзя, ты вяселле дачкі пераўтвараеш у офіснае пасяджэнне, — бясстрасна прамовіла Вікторыя Іванаўна.
    Фёдар Дзянісавіч удзячна паглядзеў на жонку, і кінуўся адчыняць дзверы бабе Люсі, сваёй маці. Баба Люся ў яркай хустцы, новай кофце, квяцістай спадніцы і зручных шлёпках свяцілася гонарам за сваю ўнучку. Вось, да вяселля дажыла, а там можна і праўнукаў прычакаць. Адчуванне поўнага шчасця асвятляла яе шырокі твар, доўгі нос падкараціўся, слязлівыя вочкі свяціліся, і нават хворыя калені не балелі.
    Фёдар Дзянісавіч пакінуў бабу Люсю на жонку, a сам пабег да машыны, якая толькі што пад’ехала. «Галавачоў!» — паспеў крыкнуць ён Вікторыі Іванаўне. А з «таёты-каролы» ўжо вылазіў зграбны мужчына з выразнымі вачамі і цвёрдым падбароддзем. Ён павітаўся за руку з Фёдарам Дзянісавічам і пазнаёміў яго з жонкай, маленькай жанчынай з мяккімі вуснамі:
    — А гэта мая Марына Канстанцінаўна.
    — Вялікі гонар для нас, што Вы прыехалі, — па голасу Фёдара Дзянісавіча адчувалася, што «Вы» сапраўды з вялікай літары. Ён схіліў галаву і пацалаваў Марыне Канстанцінаўне руку. — Дазвольце пазнаёміць вас з маёй жонкай. Ёй будзе вельмі прыемна. Вікто-о-рыя-а!
    Вікторыя Іванаўна пакінула бабу Люсю на Кацю, а сама накіравалася да гасцей і яшчэ здаля заўважыла, як дзіўна Марына Канстанцінаўна глядзіць на яе мужа. I нейкая непрыхільнасць да мужа захліснула яе. «Гэтыя справы з банкам можна было вырашыць у іншы дзень, навошта было цягнуць сюды гэтую бабу з тоўстымі вуснамі, кабыла размаляваная, што яна да Фёдара клеіцца? I пры мужу... Ці гэта спецыяльна... у кожнага ж свой стыль весці справы...»
    7
    Зала рэстарана складалася з дзвюх частак: адна з П-падобным сталом, другая — танцпляцоўка. Насупраць была гэткая ж зала, толькі, відаць, ніхто не замовіў яе на той дзень. Доўгі хвост віншавальнікаў пацягнуўся да маладых, якія сталі каля невялікага століка, куды сведкі пачалі складваць кветкі і падарункі. Мішка Мігно, найлепшы сябра Кірыла і сведка на вяселлі, звычайна вясёлы і гаваркі, безуважна прымаў букеты. Кірыл штурхануў яго локцем і шэптам спытаўся:
    — Мішка, ты чаго?
    — I ўсё-ткі, ты дзе такую «прыгажуню» адшукаў? — кіўнуў Мішка на Вольгу, сведку з боку маладой. — I мне з ёй што, цалавацца прыйдзецца? — з жахам прамовіў хлопец, які ў свой час перацалаваў палову аднакурсніц.