Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
75.37 МБ
— Калі ласка, не піце зараз піва, мне ад пахаў — дрэнна, — як мага спакойней папрасіла я.
Дзядзька незвычайна абрадаваўся, запхнуў бутэльку ў торбу і жыццярадасна паведаміў:
— Разумею, у маёй жонкі таксама алергія! Пааскудная хвароба, — ён з задавальненнем расцягнуў словы.
— У мяне не алергія! — запярэчыла я і зразумела, што ад трохгадзіннай размовы мне не адкруціцца.
Дзядзька Юзік расказваў пра жонку, пра дачку, пра ўнучку, і калі ён перайшоў на суседзяў, высветлілася, што мы едзем у адзін горад. I тады я шчыра зацікавілася гутаркай, навяла размову на Алу Агалецкую. Дзядзька, відаць, быў не майстар расказваць плёткі, таму запрасіў мяне ў госці пагаварыць з яго дачкой Валянцінай, якая вучылася з Алай у адной школе, дакладней, у адзінай школе горада.
Валянціна аказалася жанчынай вельмі гасціннай, яна адразу прапанавала мне застацца ў іх на патрэбны тэрмін. Было, канешне ж, прыемна, але ўсё адно дзіўна, як гэта абсалютна незнаёмаму чалавеку можна так даверыцца. Пасля абеду, пад каву і абаранкі, яна пачала расказваць мне пра Алу.
— Шкада, што яна загінула. He, я разумею, кожнага шкада. I хоць Алка была апошняй паскудніцай... — Валянціна пакуль што шукала словы.
— Вы добра яе ведалі? — я паспрабавала дапамагчы.
— Мы ж з табой на «ты»! Я з Алкай у адной школе вучылася, толькі на чатыры класы пазней. Ледзь давучылася я да адзінаццатага класа. А потым замуж выйшла, дзіця нарадзіла, сама разумееш, якая тут вучоба. Я вось толькі што сяброўцы сваёй патэлефанавала, Наташы, яна Алку ведала, як змесціва
сваёй касметычкі. Наташа, канешне, Алку ненавідзела і ненавідзіць. Ала, вядома ж, адбіла ў яе хлопца. Перад самым вяселлем, — Валянціна нервова засмяялася. — Якія ж мужыкі ідыёты, увесь горад ужо ведаў Алкіну натуру, але як толькі яна каму міргне, той імчаў ледзь не ногі ламаючы. А Наташкін хлопец не промах быў. Ён і з адной, і з другой. I тут, і там, — Валянціна ўздыхнула і крыху памаўчала. — А жаніцца збіраўся ўсё адно з Наташкай. I перад вяселлем забегла да іх Алка, збялела-счырванелая, перапужаная, кажа: «Я цяжарная... здаецца». Здаецца! Абы сапсаваць усё. Наталля, канешне, казлу гэтаму аплявуху ўляпіла, выгнала і сукенку вясельную ўслед кінула. Алка ўсім шчыра ўсміхнулася і пайшла. Фантастыка! У нас такіх дзевак больш няма. Здаецца, шлюха шлюхай, але хадзіла ганарлівая, як прынцэса. He, няма такіх дзевак зараз, каб так усё спалучаць. Эх, Ала вытанчана помсціла, — працягвала Валянціна, не даючы мне ўставіць слова. — Матка Наташкіна з’ездзіла ў Польшчу, тады многія ездзілі, і прывезла вельмі прыгожы світэр. Алка, калі трапіла ў Мінск, на рынку ўбачыла такі ж самы світэр. Грошаў было мала, дык яна галадала, але свінню Наташы падклала. Алка той світэрок даслала Наташкінай лепшай сяброўцы. I якая яна ні сяброўка, але насіла, бо хто ж тут утрымаецца ад такой спакусы. Наталка звярэла, але не адбярэш жа чужое адзенне.
— А гэта нармальна, што вы ёй патэлефанавалі... Ты... патэлефанавала, — выправілася я.
— Дык мы з ёй лепшыя сяброўкі, нягледзячы ні на што, — не да месца дадала Валянціна. — Ты Наташку ў Мінску сваім, у Італіі ці нават у Індыі сустрэнеш — і адразу пазнаеш. Скура заўсёды загарэлая, вочы чорныя, і нос, як парогі на рацэ Ніл, двума прыступкамі.
— Парогі на рацэ Ніл? Якое цікавае параўнанне! — заўважыла я.
— А гэта дачка ў школе праходзіла, а я з ёй урокі вучыла, — засмяялася Валянціна. — Дык малая і кажа, у цёці Наташы нос, як рака Ніл з парогамі. Добрая яна баба, толькі заскокі і ў яе бываюць. На малую маю накрычала, маўляў, не перапыняй ты мяне, я забываюся, што хачу сказаць. Склерозніца старая. Гэта ж дзіця, няўжо можна так. Няма сваіх дзетак, вось і вар’яцее баба.
— А чаму няма? — ціха запыталася я, прагнучы якой-небудзь крывавай гісторыі — спецыфіка маёй новай работы..
— А ад каго? — зарагатала Валянціна.
У дзверы пазванілі і праз секунду ў гасцёўні з’явілася паўнаватая фігурка з незвычайным профілем. Наташа адкінула густыя светлыя валасы з твару, пакруцілася па пакоі і спытала:
— Як вам ?
Я, канешне ж, не зразумела, што трэба хваліць. А Валянціна, да Наташыных выбрыкаў прывучаная, стомлена адказала:
— Новая спадніца? Ну, нічога, нічога. Толькі якая ж ты, Наташа, эгаістка. У мяне госця!
— Эгаістка! Ты думай, што ты кажаш! Ты, дура, думай, калі гаворыш! — аж захліпнулася Наташа, a гук «р» віскнуў амаль па-французску.
Мне стала непрыемна, што з-за мяне сварацца сяброўкі, і я паспрабавала накіраваць размову ў патрэбнае мне рэчышча:
— Я хацела з вамі пагаварыць...
Ната павольна павярнулася да мяне, тарганулася і выразна спытала:
— Я не разумею — што ты хочаш!
Я нават не знайшлася, што адказаць. О, такіх Наташачак нічым не выправіш, толькі які-небудзь не вельмі інтэлігентны мужык аднойчы як падыме кулак ды як раструшчыць і раку Ніл і піраміды Хеопса, то-бок вочы. Найлепшы аргумент. А я нічога зрабіць не магла.
I ўсё-такі мы селі піць гарбату (мне ўжо дрэнна станавілася ад бясконцасці піцця кавы). Ната ў мяне з-пад носа выхапіла цукарніцу і пачала распавядаць штосьці вельмі філасофскае, трымаючы яе ў руцэ. Яна відавочна выпрабоўвала маё цярпенне.
— Э-э-э... Можна цукар... — толькі пачала я. Ната, не даючы мне часу аформіць думку ў ветлівую форму, зазначыла са шляхетнай пакрыўджанасцю:
— Я заўважыла, ты не кажаш «калі ласка».
Унутры мяне быў ужо вулкан эмоцый, але Ната чакала вывяржэння. Я пусціла энергію ў іншае рэчышча і пачала моцна разбоўтваць гарбату, грукаючы лыжкай аб філіжанку.
У пакой забегла маленькая дзяўчынка, яна заўважыла Наталлю і адразу схавалася за маму. Потым, асмялеўшы, выкрыкнула: «Цёць Наташа, ты як Баба Яга!» і выбегла з пакою.
— Калі б у мяне была такая дачка, не ведаю, як бы я жыла. А ў мяне дачка была б менавіта такая, — паведаміла Наташа.
Яна так нічога і не расказала пра Алу, і я, узрадаваная добрым пачаткам, крыху расчаравалася. Потым успомніла пра Наталчынага жаніха і пасля адыходу Наташы запытала ў Валянціны, ці не з’ехаў ён з горада.
— А ты не зразумела? Ната ж казала пра дзіця... Любая мая, я ж была там, калі Ала вяселле сапсавала. Застаўся ён адзін, я слёзкі яму павыцірала і... Затое ў мяне дом, сям’я, дачушка бегае. А Наташка ў адпачынак дадому прыехала і няма чым пахваліцца. Праўда, з заручальным пярсцёнкам ходзіць і фотаздымак паказвала, але нешта не прывозіць яго. А фотку прыгожага мужыка можна нават з долара адрэзаць, — зласліва прамовіла Валянціна. — Ты можаш здзівіцца, чаму мы з ёй сябруем. Але ўяві сабе, калі ў цябе ўсё добра, калі ў цябе новая сукенка ці спадніца, калі ты прыгожая і зусім сталічная пані, перад кім ты будзеш хваліцца? Наташа атрым-
лівае асалоду ад красавання перада мной. Ну, фігура ў мяне пасля мяшка на другім месцы, але ж у мяне ёсць дзіця!
Яна пасцяліла мне ў зале, я прыйшла, каб нарэшце легчы, але ў крэсле сядзела дзяўчынка і з павагай перагортвала цвёрдыя старонкі альбома пра Адраджэнне.
— Глядзі! — яна здзіўлена тыцнула пальчыкам у постаць голага мужчыны.
— Тады так было модна рабіць, — я паспрабавала растлумачыць гэтае дзіва.
На наступнай старонцы пачынаўся артыкул пра Мікеланджэла. Над загалоўкам цяжка навісаў фотаздымак з выяваю генія. Вочкі малой павялічыліся, яна скамянела і, не датыкаючыся паперы рукамі, сказала шэптам: «Нос, як у цёткі Наташы».
Наступным ранкам я дамовілася пра сустрэчу з бацькамі Алы. Валянціна смяялася:
— Куркулі гэтыя цябе, мабыць, і не пачастуюць нічым. Калі што дрэннае скажуць, не хвалюйся. Калі бацька яе...
— Ты хочаш сказаць айчым... — спыніла я яе парады.
— Якая розніца! Карацей, калі будзе рукі распускаць, не хвалюйся, ён бясшкодны, — Валянціна шматзначна засмяялася.
— Ну, я ж у штанах! Якія рукі, калі нават у сябе самой я не выклікаю ніякіх пачуццяў, — я ўзяла са стала кубачак з кавай і глытнула. У гэты момант у пакой ўбегла малая і тыцнула мне лялькай пад нос. Лялька была прыгожая, але кава апынулася на маіх светлых штанах. Валянціна замест таго каб папрасіць за дачку прабачэння, засмяялася сваім мужчынскім смехам і сказала:
— Ну, гэткія штаны Піліпу Казіміравічу дакладна не спадабаюцца. Ён у нас эстэт.
Я вырашыла не крыўдзіцца і папрасіла якую-небудзь вопратку. Валянціна, кабета самалётных га-
барытаў, падрагочваючы, пачала калупацца ў шафе і выцягваць сваё мешкаватае адзенне. Мне стала сумна. Але Валянціна раптам дастала з палічкі маленькую спаднічку:
— Малой маёй падарылі навырост... Але на тваю курыную дупку якраз насунецца.
Курыную дупку? Ну, дзякуй за камплімент. Але выбару не было. Стоячы перад нязручным люстэркам, я ўсё ж зразумела, што мне лепш не нахіляцца і не рабіць вялікіх крокаў, калі я не хачу прадэманстраваць усяму гораду сваю бялізну.
У такім нязвыклым выглядзе я даклыпала да дома, дзе жылі Агалецкія. Можна нават сказаць, што я пабыла ў скуры Алы, бо менавіта такія спаднічкі складалі яе гардэроб. Хлопцы нязмушана сачылі за мной позіркамі, а жанчыны няўхвальна хіталі галовамі.
Дзверы мне адчыніў Піліп Казіміравіч. Ён спрактыкаваным позіркам прайшоўся па маіх нагах і задумліва пашкроб падбароддзе. Аліна маці, Валерыя Генадзеўна, незадаволена акінула мяне позіркам і разгублена прамовіла:
— Я вас уяўляла крыху іншай...
Я паспрабавала патлумачыць сітуацыю, але Піліп Казіміравіч пяшчотна ўзяў мяне за руку і салодка загадаў:
— He апраўдвайся, мілая! Лерачка, калі ласка, давай нам гарбату!
Валерыя Генадзеўна кінула на мужа спапяляльны позірк, прасіпела: «Пшэк юрлівы» і паслухмяна пайшла на кухню...
I хоць бацькі Алы мне нічога асаблівага не расказалі, яны мне вельмі спадабаліся. Прыгнечаныя смерцю дачкі, яны ўсё ж намагаліся быць гасціннымі і прыемнымі. Піліп Казіміравіч зусім не заляцаўся, толькі на развітанне пацалаваў руку, магчыма таму Валерыя Генадзеўна не нервавалася і нармальна са мной пагаварыла. Яны не закраналі даўняй гісто-
рыі з Ігарам і Таццянай, не сказалі пра Алу нічога дрэннага. Яны мала што ведалі пра яе жыццё, але мне падалося, што Ала ўсё ж падтрымлівала адносіны з маці. Валерыя Генадзеўна лічыла Алу сваім увасабленнем, таму не толькі не змагла ад яе адмовіцца, але нават ганарылася дачкой. Мне паказалі пакой Алы, дакладней, агульны пакой Алы і Тані. Аднолькавыя ложкі былі ўпрыгожаны цацкамі, на стале стаялі фотаздымкі ў рамках, на сцяне вісеў каляндар з выявамі кветак. «Разбураная ідылія, такая непадобная да сучаснай кватэры Алы», — чамусьці падумалася мне.