Людвік і зорны конь
Мэры Сцюарт
Выдавец: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр
Памер: 124с.
Мінск 1996
— Вялікі дзякуй,— сказаў ён.— Лепшай ежы, напэўна, не бывае, a такой смачнай вады я не каштаваў ніколі ў жыцці. Што гэта за крыніца? ,
— Гэта вада не з крыніцы, а з неба.
— Дажджавая? — дома Людвік часцяком піў дажджавую ваду з бочкі, але яна ніколі не была смачнейшая за крынічную, якую ён насіў маці.— Зусім не падобная да нашай,— сказаў ён і ўсміхнуўся ў адказ на залівісты смех гаспадара.— Я разумею, што яна такая самая, але смак зусім іншы.
— Гэта таму, што цябе мучыла смага, і ты быў стомлены і галодны.
— Ну, не ведаю,— адказаў Людвік, адчуўшы сябе ўжо зусім па-свойску з новым знаёмым, які нічым не нагадваў тых юнакоў з пячоры, што гэтак напалохалі яго.— I такіх смачных каўбасак я ніколі не еў. Упэўнены, што яны ўратавалі мне жыццё. Я ўжо збіраўся заначаваць у гарах без ежы і вады. Вядома, можна было б паесці снегу, але ён чамусьці не такі смачны!
— Снег доўга не пратрымаецца,— заўважыў хлопец.— Ён ніколі не ляжыць доўга, яго змывае дождж.
— Дождж? Але ж гэтай парой дажджэй ніколі не бывае!
— Як гэта не бывае? Хіба ты не чуў, што прыйдзе люты — наробіць плюты?
— Але ж цяпер не люты...— пачаў быў Людвік і змоўк, прыгадаўшы
дзіўныя словы, якія чуў ад Стральца і Казярога. Дый Пелей таксама казаў: «Сустрэнемся праз год».
— Тут заўсёды люты,— нягучна прамовіў хлопец. Ён сядзеў, скры-жаваўшы ногі, і не ззодзіў з Людвіка вачэй. У яго быў прывабны шы-ракаскулы твар з вялікім ротам і вузкімі ярка-блакітнымі вачыма, якія ў куточках крыху задзіраліся ўверх. А яго галаву вянчала капа чорных зблытаных валасоў.
Людвік не зразумеў, як гэта тут заўсёды можа быць люты, але апошнім часам ён столькі ўсяго не мог зразумець, што перапытваць было, напэўна, не варта. Таму ён моўчкі ўзяў талеркі са стала і прапа-наваў:
— Я памыю посуд.
Хлопец пакруціў галавой.
— He трэба. Проста вынесі іх на двор. Праз хвіліну яны будуць чыстыя.
Людвік здзівіўся, але зрабіў усё так, як яму раілі. Ён вынес талеркі і патэльню на двор і паставіў іх на зямлю каля дзвярэй. На небе ўжо запаліліся зоры, якія добра асвятлялі ўсё вакол. Рэнці пасвіўся непа-далёк на лапіку зямлі, парослым добрай, сакавітай травой. Раптам з неба ўпала кропля дажджу, потым яшчэ адна і яшчз... Людвік паспя-шаўся схавацца ў хаце, але не паспеў яшчэ як след уладкавацца каля агню, як пачуў, што на двары пачаўся сапраўдны лівень.
Рэнці на дождж не зважаў. Яму было ўсё роўна — дождж ці сонца, абы трава была добрая. Апроч таго, у лагчыне было значна цяплей, чым з таго боку горнага перавалу.
— Ну, а цяпер,— прамовіў хлопец,— расказвай, як цябе завуць і што цябе сюды прывяло.
— Завуць мяне Людвік, Людвік Шпігель, і мне трэба прайсці на другі бок Егерсальпа.
— Гэта далёкі і цяжкі шлях.
— Але ж гэта проста з іншага боку тунеля... Я сам нядаўна прайшоў праз пячору, што ў падножжы скалы...
— Ты прайшоў праз Дом Стральца, а потым праз Дом Казярога. Цяпер ты вельмі далёка ад дома,— са спагадаю ў голасе сказаў хло-пец,— і табе давядзецца ісці да канца. Хіба Стралец табе нічога не растлумачыў?
— Ніхто нічога мне па-сапраўднаму не тлумачыў,— сумна адказаў Людвік.
— He дзіва. Стралец занадта пыхлівы, а Казярог цікавіцца толькі сваімі скаламі, яму на ўсіх напляваць. Але яны дазволілі табе прайсці... I адно гэта ўжо шмат пра цябе гаворыць. Я, вядома, табе дапамагу, іначай і быць не можа. Але наперадзе цябе чакаюць яшчэ сустрэчы...
— Прабач, а ты хто?
— Можаш называць мяне Гула. Мая краіна цягнецца адсюль і да вадаспаду. Ты дабярэшся да яго без перашкод. А далей... Далей я ўжо нічым не здолею табе дапамагчы.
Гула змоўк. Яго вузкія бліскучыя вочы глядзелі на Людвіка пра-нізліва і задуменна, нібыта праціналі наскрозь. Людвік таксама маўчаў, не ведаючы, што сказаць. Цяпер ён ужо зразумеў, што перад ім нейкі прынц, але побач з ім ён адчуваў сябе ў бяспецы, і яму было зусім не страшна. Так, моўчкі, яны і сядзелі пэўны час, гледзячы на агонь і слухаючы, як патрэскваюць дровы і па страсе барабаніць дождж.
— Раскажы мне сваю гісторыю з самага пачатку,— папрасіў Гула.
I Людвік зноў пачаў распавядаць пра ўсё, што з ім здарылася з таго моманту, калі ён пачуў, як ў хляве бразнулі дзверы. Гула слухаў без ніводнага руху, не зводзячы з хлопца цікаўных вачэй.
Калі Людвік скончыў, Гула кіўнуў.
— Цяпер я разумею, чаму Стралец дазволіў табе прайсці. Звычайна ён нікога не прапускае. Яго бандыты заўсёды гатовы прыбіць каго заў-годна, каб толькі паказаць, якую цудоўную падрыхтоўку яны атры-малі... Ён прапусціў цябе дзякуючы твайму каню. Твой Рэнці, напэўна, хацеў дагнаць сонечную калясніцу, і каб аблегчыць яму задачу, Стра-лец дазволіў табе ісці разам з ім. Можа, конь сам папрасіў яго?
— He ведаю. Яны пра нешта гутарылі, але ж я, вядома, нічога не зразумеў. Стралец сказаў, што я павінен выбраць, ісці мне з Рэнці ці не. Я адказаў, што пайду. I мне здалося, што гэта яму спадабалася. A яшчэ ён сказаў, што мы павінны спяшацца, каб дагнаць Сонца, пакуль яно не дойдзе да... да Скарпіёна, калі не памыляюся. А адзін юнак, які быў асабліва добры да мяне, сказаў: «Убачымся праз год». Вось і ўсё.
— Усё правільна,— кіўнуў Гула.— Вашае падарожжа зойме год. Вядома, калі вам пашанцуе дабрацца да канца.
— Год!? — роспачна крыкнуў Людвік.— Але ж мне трэба быць дома
нашмат раней! Хто будзе даглядаць кароў І коз? У траўні іх выпусцяць на пашу, а потым бацька павядзе іх у Альм...
— He хвалюйся,— ласкава ўсміхнуўся Гула.— Ты нават не адчуеш, як праміне гэты год. А дома ніхто не заўважыць твайго знікнення. Калі, безумоўна, ты здолееш урэшце вярнуцца назад.
— Ты ўжо не першы раз гэта кажаш. Ты маеш на ўвазе, што я магу сустрэць нядобрых людзей, накшталт тых юнакоў у пячоры, і яны за-хочуць мяне забіць?
— Баюся, што так. Але выйсця ў цябе няма, давядзецца рызыка-ваць. Цяпер ты ўжо не можаш павярнуць назад, нават калі б і захацеў. Спадзяюся, што хоць праз некаторыя Дамы табе ўдасца прайсці не-заўважаным. Калі ж не, то паспрабуй дамовіцца, асабліва калі ўбачыш, што біцца не варта. Увогуле, не будзь задзірам — спрабуй вырашыць мірам — па-мойму, гэта вельмі добры дэвіз.
— А я і не задзіра. Я ўвогуле не ўмею біцца.
— He можа быць! Ты ж дужы хлопец, і зброя ў цябе ёсць.
— Вой! — выдыхнуў Людвік, раптам прыгадаўшы пра кінжал, які падараваў яму Пелей.
Кінжал тырчаў у яго за пасам і ў святле вогнішча выглядаў вельмі доўгім, вострым і пагрозлівым. Але Людвіка гэта чамусьці не радавала.
— Дый размаўляць я не майстар. Дома ўсе кажуць, што я ўвогуле не надта разумны,— засмучана прызнаўся Людвік і адчуў, як пры слове «дом» яго горла сціснуў камяк.
— Якая розніца? Надта разумны — не надта разумны... He гэта галоўнае. Ёсць болей важныя рэчы,— перапыніў яго Гула.
Амаль тое самае казаў яму і Стралец, і таму Людвік зацікаўлена папытаўся:
— Якія?
— Вернасць, шчырасць і дабрыня,— адказаў хлопец.
Ён прамовіў гэтыя словы нейкім асаблівым голасам, падобным да таго, якім некалі чытала Людвіку кніжкі ягоная маці ці якім святар па нядзелях звяртаўся з казанню да парафіян. Голас гэтага блакітнавокага юнака, які сядзеў на падлозе ў маленькай пастушай хатцы, прагучаў вельмі сур’ёзна і пранікліва.
Дождж перастаў, і на двары зрабілася вельмі ціха. Гулаў голас рэ-хам прабег па маўклівых скалах, асвечаных зорамі, і замер недзе ўда-
лечыні. Было чуваць, як Рэнці, павольна ступаючы, скубе сакавітую траву.
Гула раптам усміхнуўся і сказаў звычайным хлапечым голасам:
— А цяпер занось талеркі ў хату, і я паспрабую ўсё табе растлума-чыць. А потым будзем спаць. У мяне заўтра вельмі шмат спраў.
Людвік прынёс талеркі, а Гула тым часам падкінуў у агмень дроваў. Ён дастаў цёплую коўдру ў бэзавыя з цёмна-сінім кратачкі і, даўшы яе Людвіку, сам загарнуўся ў другую, узор на якой нагадваў паўлінае вока. Хлопцы ўтульна ўладкаваліся каля агню.
— Слухай мяне ўважліва і запамінай,— папярэдзіў Гула,— бо бо-лей я табе нічым дапамагчы не змагу. Заўтра ты пакінеш мой Дом... Дык ты кажаш, што сам з Баварыі?
— Ага.
— Я яе некалі бачыў,— задуменна прамовіў Гула, утаропіўшыся вачыма ў прастору, нібыта разглядаючы нешта, бачнае толькі яму.
Людвік здзівіўся ягоным словам, але прамаўчаў.
— Я там бачыў караля, які плыў па асвечаным месяцам возеры ў чароўным чоўне, падобным да лебедзя... Я яшчэ не ўпэўнены, але мне здаецца, што вяртацца ён будзе праз мой Дом...— Гулавы блакітныя вочы заблішчалі.— Але ты сюды ніколі болей не вернешся... Цяпер слухай: у цябе і твайго каня адна надзея — дагнаць сонца. Каб гэта зрабіць, вы павінны ісці вельмі хутка, а дарога вас чакае вельмі доўгая. Можа стацца так, што вы ніколі яго не дагоніце, бо твой конь стары і кульгавы, і ты вымушаны ісці пешшу, а ў сонца калясніца, запрэжаная чацверыком найлепшых у свеце коней. Але калі ты не будзеш нікуды збочваць, калі ты пойдзеш проста па яго слядах, калі ты будзеш мужны і табе крыху пашанцуе — вельмі можа быць, што ты дасягнеш сваёй мэты.
Людвік моўчкі кіўнуў. Што ён мог адказаць?
— У сваім падарожжы па небе,— настаўніцкім тонам казаў далей Гула,— сонца павінна праехаць на сваёй калясніцы праз дванаццаць каралеўстваў. У кожным каралеўстве, ці Доме, як мы іх называем, ёсць свой валадар, свае вялікія і дробныя зоры, свае звычкі, свае законы... I па правілах толькі сонца мае права прайсці праз іх усе. Калі ж ты пойдзеш за сонечнай калясніцай, то, паводле тых самых правіл, ты апынешся па-за законам. Кожны можа зрабіць з табою, што пажадае.
Вядома, людзі ўжо наведвалі зорныя Дамы і да цябе, але можна на пальцах пералічыць тых, хто здолеў прайсці праз усе дванаццаць і за-стацца жывым. Шчыра кажучы,— тут Гулаў голас зноў загучаў па-хла-печы,— шанцаў у цябе няшмат. Але, з іншага боку, добрае сэрца часам можа зрабіць больш за дужыя плечы. I калі табе пашанцуе дагнаць сонца — што ж, жыццё ў тваёй даліне ўжо ніколі не будзе такім, як раней!
Пачуўшы гэта, Людвік падумаў, што наўрад ці гэта будзе добра, але нічога не адказаў, бо хлопчык ён быў добра выхаваны і ветлівы. Дый які сэнс шкадаваць пра тое, што ўжо здарылася ці чаму немінуча нака-навана збыцца. Урэшце, Людвік разумеў, што на паўдарозе справу не кідаюць.