Людзей слухай, а свой розум май Беларускія народныя казкі

Людзей слухай, а свой розум май

Беларускія народныя казкі
Выдавец: Юнацтва
Памер: 211с.
Мінск 1988
115.23 МБ
ЛЮДЗЕЙ СЛУХАЙ, А СВОЙ РОЗУМ МАЙ
Беларускія народныя казкі
і
ЛЮДЗЕЙ СЛУХАЙ, А СВОЙ РОЗУМ М АЙ
Беларускія народныя казкі
Мінск «Юнацтва» 1988
ББК84Бел7 Л93
Апрацоўка А. ЯКІМОВІЧА
Мастак В. СЛАВУК
4803010200—152
Л	 35—87
М307(03)—88
ISBN 5-7880-0296-6
©Ілюстрацыі. Выдавецтва «Юнацтва», 1987.
СТАРЫ БАЦЬКА
Даўней было так: як састарэе бацька, то сын завязе яго ў глухую пушчу ды і пакіне там...
Вось аднаго разу павёз сын бацьку ў пушчу. Шкада яму бацькі — моцна любіў ён яго, але што зробіш? He павязеш — людзі смяяцца будуць: старых, скажуць, звычаяў не трымаецца. Яшчэ з сяла выганяць...
Едзе ён так маркотны, аж бацька і кажа яму:
— Няўжо ты, сынку, мяне, старога ды нядужага, аднаго ў пушчы пакінеш?
Падумаў сын, змахнуў слязу і кажа:
— He, бацька, не пакіну. Але для людзей хоць трэба зрабіць гэта. Уночы я прыеду па цябе, забяру і буду трымаць да смерці ў цёмнай каморцы, каб ніхто не бачыў.
Так сын і зрабіў.
Як прыйшла ноч, прывёз ён бацьку з пушчы ды схаваў у цёмнай каморцы.
Здарылася няшчасце: град усё жыта выбіў і няма чым нават новага пасеяць.
Прыйшоў сын да бацькі ў цёмную каморку, бядуе:
— Што рабіць? He пасеем жыта — і налета без хлеба будзем.
Бацька кажа:
— He, сынку, пакуль я жыў, без хлеба мы не будзем. Слухай мяне. Як ты быў яшчэ малы, тады я гумно ставіў. А ў тым годзе быў вельмі ж добры ўраджай. Дык я немалочаным жытам гумно накрыў. Здзяры страху, абмалаці і мецьмеш' насенне.
Сын так і зрабіў. Садраў страху з гумна, абмалаціў і пасеяў увосень жыта.
Суседзі дзівяцца: адкуль ён насенне ўзяў?
А сын маўчыць, бо нельга ж прызнацца, што гэта стары бацька яму памог.
Прыйшла зіма. Няма чаго есці. Зноў ідзе сын да бацькі ў цёмную каморку.
— Так і так,— кажа,— давядзецца з голаду паміраць...
— He,— кажа бацька,— з голаду не памром. Слухай, што я табе скажу. Вазьмі рыдлёўку ды пакапайся ў хаце пад лаваю. Там я некалі, як быў яшчэ малады і дужы, закапаў трохі грошай на чорны дзень. Жыццё, сынку, пражыць — не поле перайсці: усё можа здарыцца. Так я думаў, так і рабіў.
Зарадаваўся сын, выкапаў бацькавы грошы і купіў збожжа. Сам з сям’ёю хлеб есць ды яшчэ і суседзям пазычае. Вось яны і пытаюцца ў яго:
— Скажы ты нам, браце, адкуль ты хлеб бярэш?
1 Me ц ь м е ш — будзеш мець.
Прызнаўся сын.
— Бацька,— кажа,— мяне корміць.
— Як жа так? — дзівяцца суседзі.— Ты ж завёз свайго бацьку ў лес, як і ўсе добрыя сыны!
— He,— кажа ён,— я не рабіў так, як вы робіце, а пакінуў бацьку пры сабе дажываць веку. Затое, як прыйшла бяда,— бацька мне і памог. Старыя людзі большы розум маюць, чым маладыя.
Перасталі з таго часу сыны бацькоў у пушчу вазіць, а пачалі пад старасць шанаваць іх і даглядаць.
ЯК МУЖЫК ЦАРСКАГА ГЕНЕРАЛА ПРАВУЧЫЎ
Капаў мужык склеп і выкапаў кавалак золата. Ачысціў яго ад пяску і думае: «Што ж мне з ім рабіць? Занесці пану, дык пан адбярэ і нічога за яго не дасць. Занесці карчмару, дык той ашукае: скажа, што гэта не золата. Пакінуць дома — могуць зладзеі ўкрасці... He, панясу лепш самому цару. Што ён дасць, тое і вазьму».
Апрануў мужык новую світку, абуў новыя лапці і панёс цару золата.
Можа, тыдзень ішоў, можа, два — прыходзіць нарэшце ў царскую сталіцу. Падышоў да царскага палаца.
— Куды, дзядзька, ідзеш? — спытаў яго вартавы салдат.
— Да цара, служывенькі.
— Чаго?
— Ды вось нясу яму кавалак золата.
Салдат прапусціў мужыка за браму.
Падышоў ён да царскіх пакояў. А там на варце сам царскі генерал стаіць.
— Куды, мужык, лезеш? — грозна закрычаў генерал на мужыка.
— Да цара,— кажа мужык.
— Чаго?
— Дык вось, капаў я склеп на агародзе і выкапаў кавалак золата. Дык нясу цару — можа, ён што дасць за яго.
— Пакажы,— кажа генерал,— золата.
Паказаў яму мужык золата. Паглядзеў генерал: праўда, што золата.
Падумаў генерал, паскуб сябе за вусы і кажа:
— Калі дасі мне палавіну таго, што табе цар за золата дасць, дык пушчу, а не — дык ідзі назад.
— Добра, панок, дам! — кажа мужык.
Генерал далажыў цару. Цар выйшаў, забраў золата і пытаецца ў мужыка:
— Што ж табе, мужычок, даць за яго?
— Анічога, царочак-паночак. Калі ёсць чым пачаставаць, то пачастуй: бо я з вялікай дарогі, дужа есці захацеў.
Цар загадаў, і слугі прынеслі мужыку каравай белага хлеба і бутэльку віна.
Паглядзеў мужык на далікатны пачастунак і кажа:
— Царочак-паночак! Мой дзед і прадзед такога хлеба не елі, такога віна не пілі — і я да гэтага не прывык. Ці няма ў цябе салдацкага хлеба?
Прынеслі мужыку чорнага салдацкага хлеба.
Наеўся і дзякуе цару.
— Ну, а што яшчэ ты хочаш, мужычок?
Анічога, царочак-паночак. Цяпер дазволь паскакаць трохі ў тваіх пакоях.
— Гэй, музыку! — клікнуў цар.
Прыйшла палкавая музыка.
— He,— кажа мужык,— я пад такую музыку не ўмею скакаць.
— А пад якую ж ты ўмееш?
— Пад дуду.
Знайшлі дудара з дудою. Зайграў дудар, a мужык як пайшоў скакаць, аж царскія пакоі трасуцца. Наскакаўся ўволю, усе лапці стаптаў, a потым кажа:
До1.
Дудар перастаў іграць.
А цяпер, царочак-паночак,— кажа мужык,— ёсць у мяне яшчэ адна, апошняя, просьба.
— Якая?
— Ды вось я табе тут нашумеў, насмяціў сваімі лапцямі — дык дай мне за гэта сто розаг.
— Навошта табе розгі? — кажа цар.— Ты ж мне золата прынёс!
— He, царочак-паночак, дай розаг, бо я ад цябе так не пайду.
Ну, рабіць няма чаго. Паклікаў цар катаў з розгамі. Палажылі мужыка на ўслон. Каты намачылі розгі ў салёнай вадзе і падрыхтаваліся біць яго.
А мужык раптам як закрычыць:
— Пачакай, царочак-паночак! У мяне ёсць палавіннік.
— Які палавіннік?
— Ды вось, калі я ішоў да цябе, дык мяне тут адзін твой генерал не пускаў. «Калі дасі,— кажа,— палавіну таго, што табе цар дасць за зо-
1 Д о — досыць.
лата, то пушчу». Я абяцаў яму аддаць палавіну. Дык дайце яму першаму яго палавіну — усё ж ён не мне раўня, я яму сваю чаргу мушу пераступіць.
Прывялі генерала. Убачыў ён розгі, задрыжаў, пачаў нешта гаварыць, ды язык яго не слухаецца.
А мужык кажа:
— He бойся, панок-генерал, я цябе не ашукаю: тваю долю спаўна аддаю. Дайце яму пяцьдзесят, а потым рэшту мне.
Раздзелі генерала, палажылі на ўслоне і пачалі лупцаваць розгамі.
Як налічылі роўна пяцьдзесят, мужык кажа: — Царочак-паночак! Ен табе добра служыць, дай яму і маю палавіну. Мне не шкада.
Далі генералу яшчэ пяцьдзесят розаг. А мужык шапку ў ахапку ды за парог.
АД КРАДЗЕНАГА HE ПАСЫЦЕЕШ
5>ылі ў аднаго чалавека два сыны. Як выраслі яны, бацька сказаў:
— Пара, сыны, за сталую работу брацца. Хто з вас чым хоча заняцца?
Маўчаць сыны — не ведаюць, якую сабе pa60 ту выбраць.
— Ну, дык пойдзем,— кажа бацька,— у свет, паходзім, паглядзім, што людзі робяць.
Сабраліся і пайшлі.
Ідуць так памаленьку, сыны да ўсяго прыглядаюцца, думаюць, якую работу ім выбраць.
Падышлі да адной вёскі. Бачаць — стаіць пры канцы вёскі кузня. Зайшлі яны ў кузню. Прывіталіся да каваля, пагаварылі. Старэйшы сын нават молат у рукі ўзяў — памог кавалю нарог выкаваць.
I зноў далей рушылі.
Падышлі да другой вёскі. Старэйшы сын паглядзеў туды-сюды: не відаць кузні ў гэтай вёсцы. Вось ён і кажа да бацькі:
— А чаму б і тут кузню не паставіць? Я мог бы за каваля застацца. Мне гэта работа падабаецца.
Бацька зарадаваўся: знайшоў, думае, большы сын сабе спосаб да жыцця!
— Добра,— кажа,— будзь кавалём у гэтай вёсцы.
Паставіў ён сыну кузню, той і пачаў кавальскаю справаю займацца. Людзі яго хваляць, і сам ён сваёю работаю задаволены,
А меншы сын, колькі ні ходзіць,— ніяк не можа работу па густу выбраць.
Ідзе ён аднаго разу з бацькам каля лугу. Бачыць — пасецца на лузе вол. А вёска далекавата, і пастуха не відаць.
— Ці не пачаць мне, бацька, валоў красці? — кажа сын,— Работа гэта лёгкая, і кожны дзень з мясам буду. Растаўсцею і сам, як вол.
— Крадзь,— кажа бацька.— На тое ж я цябе і ваджу, каб ты сабе які сталы занятак выбраў.
Заняў сын вала і пагнаў дахаты. А бацька кажа:
— Пачакай мяне пры лесе — мне трэба яшчэ ў гэтую вёску заглянуць: там адзін мой знаёмы жыве...
Гоніць сын вала ды ўсё азіраецца, як воўк, ці не бяжыць хто за ім. Пакуль да лесу дагнаў, дык добра такі перадрыжаў. Аж млосна ад страху зрабілася.
Пачакаў ён на ўзлеску, пакуль бацька вярнуўся, і пагналі разам вала дахаты.
Зарэзалі дома вала, знялі шкуру ды пачалі варыць свежаніну.
Наварылі, бацька кажа сыну:
— Вось што, сынку, давай знімем меркі і паглядзім, хто з нас ад гэтага вала пасыцее.
Узяў ён шнурок, змераў шыю сабе і сыну і завязаў вузельчыкі.
Селі за стол. Бацька есць спакойна, а сын усё на дзверы паглядае: ці не ідзе хто вала шукаць? Забрэша сабака, пройдзе ці праедзе хто — сын за мяса ды ў каморку хаваецца... А ў самога рукі і ногі дрыжаць.
I пайшло так дзень за днём.
З’елі нарэшце таго вала. Бацька кажа сыну:
— А цяпер давай шыі мераць: хто з нас пасыцеў?
Памералі, дык у бацькі шыя ўдвая патаўсцела, а ў сына ўдвая патанчэла.
Дзівіцца сын:
— Чаму гэта так?
— Бо ты еў крадзенага вала,— кажа бацька.
— Дык жа і ты крадзенага еў!
— He, я заплаціў за вала гаспадару і еў як свайго. Таму я і пасыцеў. А ты як сядзеш за стол, дык страх адразу на шыю скок і душыць! Праз гэта яна і худзее. Ад крадзенага, брат, не пасыцееш!
СТРАШНЫ ЗАЛОМ «
Даўней бадай што ў кожным сяле быў свой вядзьмар. А што ні вядзьмар — то найпершы чмут. Вядзьмар і шэпча, і заломы1 вырывае, і ўсялякім чарадзействам займаецца. Людзі баяліся іх, дагаджалі, як ліхой скуле.
Дык вось, быў у адным сяле такі вядзьмар. Яго ведалі не толькі ва ўсёй аколіцы, а і ў цэлай акрузе. Ніхто не асмельваўся сказаць яму што насуперак, каб не зрабіў чаго ліхога.
Але быў у тым сяле адзін смелы чалавек. Звалі яго Тодарам. Многа ён па свеце хадзіў, шмат дзе быў, шмат чаго бачыў.
— Чмуціць ён, ваш вядзьмар,— кажа Тодар суседзям.— Нічога ён не знае і не ведае.
1 3 а л 6 м — пераламаны пучок жыта. Паводле старых забабонаў залбм рабіўся ліхадзеямі, каб наклікаць на гаспадара бяду. Вырваць яго мог толькі вядзьмар за пэўную плату.
— Што ты гаворыш! — не вераць суседзі.— Глядзі, каб не наслаў ён на цябе бяды...
— Ну, то самі ўбачыце, праўду я кажу ці не.
Пайшоў Тодар у сваё жыта і заламаў там залом. Праз колькі дзён прыходзіць да ведзьмара.
— Так і так,— кажа,— нейкі ліхадзей заламаў у маім жыце залом. Баюся, каб што благое мне не сталася. Схадзі вырві. Ты ж з гэтаю нячыстаю сілаю знаешся. Я табе заплачу што захочаш.