• Газеты, часопісы і г.д.
  • Людзей слухай, а свой розум май Беларускія народныя казкі

    Людзей слухай, а свой розум май

    Беларускія народныя казкі

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 211с.
    Мінск 1988
    115.23 МБ
    — Ды так і так,— адказвае бацька,— хоча багаты сусед адабраць у нас карову. Пайшлі мы з ім да пана на суд. А той загадаў нам тры загадкі. Хто з нас адгадае, таму і карова застанецца. Дзе ж мне адгадаць тыя загадкі!
    — А якія, тата, загадкі? — пытаецца дачка.
    Бацька сказаў.
    — Нічога, тата, не турбуйся,— кажа дачка.— Кладзіся спаць. Заўтра што-небудзь прыдумаем.
    А багаты прыйшоў дадому і радуецца:
    — Ну, баба, карова будзе наша! Трэба нам з табою толькі адгадаць тры загадкі: што на свеце сыцей, што саладзей і што шпарчэй?
    — Вось дзіва! — усміхнулася жонка.— Тут і адгадваць няма чаго. Сыцей за нашага рабога парсюка нікога на свеце няма. Саладзей за ліпавы мёд ад нашых пчол таксама няма нічога. А шпарчэй за нашага гнедага жарабца ніхто не зможа бегчы: ён жа як памчыцца, дык і вецер не дагоніць!
    — Праўда,— згадзіўся мужык,— так я і скажу пану.
    Назаўтра прыходзяць бедны з багатым да пана.
    — Ну што, адгадалі мае загадкі? — пытаецца пан.
    Багаты выйшаў наперад:
    — Ды тут і адгадваць няма чаго: нікога і нічога на свеце няма сыцей за майго рабога парсюка, саладзей за ліпавы мёд ад маіх пчол і шпарчэй за майго гнедага жарабца.
    — А ты,— пытаецца пан у бедняка,— адгадаў?
    — Адгадаў, пане: няма нічога сыцей за зямлю, бо яна ўсіх корміць; няма нічога саладзей за сон, бо хоць якое гора, а заснеш, дык і забудзешся; і няма нічога шпарчэй за людскія думкі, бо сам ты яшчэ тут, а думкі ўжо далёка-далёка...
    Правільна адгадаў бядняк! Прыйшлося пану прысудзіць яму карову.
    — Хто гэта цябе навучыў так адказваць на мае загадкі? — пытаецца пан у бедняка.
    — Мая дачка-сямігодка.
    Здзівіўся пан: не можа таго быць, каб такая малая беднякова дачка адгадала яго загадкі! Захацелася яму паглядзець разумную дзяўчынку. Прыехаў ён аднойчы да бедняка, а той якраз з жонкаю ў полі быў. Сустрэла пана беднякова дачка-сямігодка.
    — Дзяўчынка,— пытаецца пан,— да чаго мне коней прывязаць?
    Паглядзела дзяўчынка на сані і калёсы, што стаялі на двары, і кажа:
    — Можаш да зімы прывязаць, а можаш і да лета.
    Пан і вочы вылупіў: як гэта можна коней прывязаць да зімы або да лета? Смяецца, відаць, з яго гэтае дзяўчо.
    — Ну, хоць да саней прывяжы, а хоць да калёс,— растлумачыла дзяўчынка.
    Бачыць пан: беднякова дачка сапраўды надта разумная. He гонар гэта пану. Дачуюцца людзі,
    што яна разумнейшая за яго, тады хоць з маёнтка ўцякай.
    Пагаварыў пан з дзяўчынкай і паехаў, а ёй сказаў, каб увечары бацька да яго прыйшоў.
    Прыйшоў увечары бядняк да пана.
    — Нішто,— кажа пан,— разумная твая дачка. Але я ўсё ж разумнейшы.
    Даў пан бедняку рэшата яек.
    — На,— кажа,— занясі дачцэ і скажы, каб яна пасадзіла на іх квактуху і вывела мне да заўтра куранят на снеданне. А не зробіць гэтага — загадаю бізуноў даць.
    Прыйшоў бядняк дахаты засмучаны. Сеў на лаве і плача.
    — Чаго, тата, плачаш? — пытаецца дачка.
    — Ды вось, дачушка, бяда якая: загадаў табе пан новую загадку.
    — Якую?
    Бацька паказаў дачцэ рэшата з яйкамі:
    — Сказаў, каб ты на гэтыя яйкі квактуху пасадзіла і вывела куранят да заўтра яму на снедарне. Хіба ж гэта можна зрабіць?
    Дачка падумала і кажа:
    — Нічога, тата. Заўтра што-небудзь прыдумаем. А пакуль што бяры, мама, гэтыя яйкі, пячы яечню на вячэру.
    Раніцай дачка кажа бацьку:
    — На табе, тата, гаршчок, ідзі да пана. Скажы, каб ён за дзень ляда высек, выкарчаваў і ўзараў, проса пасеяў, зжаў і змалаціў ды ў гэты гаршчок насыпаў куранят карміць.
    Пайшоў бацька да пана, падаў яму пусты гаршчок і сказаў усё, як дачка загадала.
    Пан падкруціў вусы, паморшчыўся і кажа:
    — Разумная твая дачка, ды я ўсё ж разумнейшы!
    Узяў ён тры сцяблінкі льну, падаў бедняку:
    — Скажы дачцэ, каб яна да заўтра гэты лён сцерла, спрала, выткала і пашыла мне з яго кашулю.
    Вярнуўся бацька дахаты. Дачка пытаецца:
    — Што сказаў табе пан?
    Падаў бацька ёй тры сцяблінкі льну і расказаў, што пан загадаў.
    — Нічога,— адказвае дачка,— кладзіся, TaTa, спаць: заўтра што-небудзь прыдумаем.
    Назаўтра дае дачка бацьку тры кляновыя дубчыкі і кажа:
    — Занясі пану і папрасі, няхай ён іх пасадзіць, за адну ноч вырасціць і зробіць варштат для кросен, каб было на чым палатно яму для кашулі выткаць.
    Пайшоў бядняк да пана, падаў тры дубчыкі і сказаў, як дачка навучыла.
    Пачырванеў пан і кажа:
    — Разумная твая дачка — нічога не скажаш. Ды я ўсё ж разумнейшы? Перадай жа ты ёй, каб яна да мяне не пехатою прыйшла, не на кані прыехала, не голая і не адзетая, і каб падарунак мне прынесла, а я каб не мог яго прыняць. Калі зробіць усё гэта, то вазьму яе за дачку — вырасце, паняй будзе! А не зробіць — дрэнна ёй будзе...
    Вярнуўся бацька дахаты яшчэ больш засмучаны.
    — Ну, што табе, тата, пан сказаў? — пытаецца дачка.
    — Ды вось, дачушка, нарабіла ты сваімі адгадкамі бяды і нам і сабе...
    Расказаў бацька, што пан загадаў. Дачка засмяялася:
    — Нічога, тата. Як-небудзь абдурым пана і на гэты раз. Злаві ты мне толькі жывога зайца.
    Пайшоў бацька ў лес, паставіў сіло і злавіў зайца.
    Дачка закруцілася ў рыбацкую сетку замест сукенкі, села на кіёк і паехала з зайцам да пана.
    Пан стаіць на ганку і дзівіцца: зноў перахітрыла яго беднякова дачка! Узлаваўся ён і нацкаваў на яе сабак — думаў, тыя разарвуць разумніцу. Дзяўчынка выпусціла з рук зайца — сабакі памчаліся за ім.
    Падышла яна да пана.
    — Лаві,— кажа,— свой падарунак: вунь у лес пабег...
    Давялося пану ўзяць разумную дзяўчынку за дачку.
    Паехаў неўзабаве пан за граніцу, а дзяўчынцы сказаў:
    — Глядзі ж, каб ты тут без мяне не судзіла маіх людзей, бо дрэнна табе будзе.
    Засталася дзяўчынка адна ў маёнтку.
    Здарылася ў гэты час такая справа. Пайшлі два дзядзькі на кірмаш. Адзін купіў калёсы, другі — кабылу. Запрэглі кабылу ў калёсы і паехалі дамоў. Па дарозе спыніліся адпачыць. Леглі і паснулі. А як прачнуліся, бачаць: бегае ля калёс малое жарабятка. Дзядзькі заспрачаліся. Той, чые калёсы былі, кажа: «Жарабя маё — гэта мае калёсы ажарабіліся!» А той, чыя кабыла, сваё даводзіць: «Не, жарабя маё — гэта мая кабыла ажарабілася!» Паспрачаліся яны ды парашылі ехаць да пана на суд. Прыехалі, а пана няма дома.
    — Рассудзі хоць ты нас,— просяць дзядзькі прыёмную панскую дачку.
    Даведалася дзяўчынка, што ў іх за справа, і кажа:
    — Няхай той з вас, чыя кабыла, выпража яе
    з калёс ды вядзе ў руках, а той, чые калёсы, няхай цягне іх на сабе ў другі бок. За кім жарабя пабяжыць, той яго і гаспадар.
    Дзядзькі так і зрабілі. Жарабя пабегла за кабылаю. На гэтым і спрэчка ў іх скончылася.
    Вярнуўся пан з-за граніцы і дачуўся, што разумная дзяўчынка без яго суды судзіла. Узлаваўся ён, нарабіў крыку:
    — Што ж ты не паслухала мяне? Бяры сабе з маёнтка што пажадаеш ды ідзі дахаты, каб я цябе больш не бачыў!
    — Добра,— кажа дзяўчынка.— Але мне хочацца на адыход цябе віном пачаставаць.
    — Частуй,— буркнуў пан.— Толькі хутчэй.
    Напаіла яго дзяўчынка віном, пан і заснуў без памяці. Загадала тады яна слугам запрэгчы каня, палажыла пана ў карэту і павезла дахаты. Дома з бацькам зняла яго з карэты ды перанесла ў сенцы на салому.
    — Вось табе,— кажа,— пасцель замест пярынаў. Ачухвайся тут.
    Прачнуўся назаўтра пан, разглядаецца — дзе ж гэта ён? Убачыў сваю прыёмную дачку, якую прагнаў, і пытаецца:
    — Чаму я тут, у бруднай мужыцкай хаце, ляжу?
    — Ты сам так захацеў,— смяецца дзяўчынка.— Ты сказаў мне: «Бяры сабе з маёнтка што пажадаеш ды ідзі дахаты». Я і ўзяла цябе. Уставай ды ідзі замест бацькі паншчыну адбываць. Ты мужык. дужы, работнік з цябе будзе нядрэнны.
    Пачуўшы гэта, пан усхапіўся на ногі і так драпануў, што толькі яго і бачылі. Нават ад коней з карэтаю адрокся.
    HE КАЖЫ «ГОП», ПАКУЛЬ HE ПЕРАСКОЧЫШ
    Пра паляўнічых расказваюць розныя байкі. Штукары яны на выдумкі, што і казаць.'Любяць прылгаць і памарыць аб паляўнічым шчасці.
    Дык вось. Жыў-быў некалі адзін такі паляўнічы. Пайшоў ён у лес, глядзіць — заяц пад кустом спіць. Тоўсты шарак, сыты. Адкарміўся за лета на добрых харчах.
    Дастаў узрадаваны паляўнічы капшук з тытунём, напіхае люльку, а сам думае, любуючыся зайцам: «Няхай, небарака, яшчэ паспіць. Ад сну не толькі чалавек, а і заяц тлусцее. Нікуды ад мяне ён цяпер не ўцячэ. Але што ж я зім зраблю, як застрэлю? Ага! От што зраблю. Мяса пасалю, у дзежку складу, буду есці патрошку, а шкуру — хвацкая шкура! — прадам. Немалыя грошы вазьму! Дзешава не прадам. Буду таргавацца. Так, так. А што за тыя грошы куплю?»
    Прыкінуў мужык-паляўнічы і так і гэтак: шмат дзірак у гаспадарцы на тыя грошы. «Ага! — падумаў ён.— Лепш за ўсё куплю за іх курачку. Яна яек нанясе. Потым пасаджу яе на тыя яйкі ў рэшата, яяа куранятак выведзе: пеўнікаў і курачак. Пеўнікаў, як падрастуць, парэжу — зноў мяса будзе, а курачак прадам — зноў грошы будуць. Немалыя грошы! Што я за іх куплю? Ага! Куплю на гэты раз авечку. Яна прывядзе ягнятак: баранчыка і ярачку. Баранчыка, як падрасце, я на мяса зарэжу — от жа наемся цяпер мяса ўдосталь. А ярачку гадаваць буду. Год за годам — і цэлую чараду авечак развяду. Так, так, далібог, развяду. Гм... Што ж. цяпер з імі рабіць буду?»
    Думаў-думаў паляўнічы, так і гэтак меркаваў. «Ага! — надумаўся нарэшце.— Чараду авечак я таксама прадам. Цэлы мех грошай за іх вазьму. За тыя грошы куплю карабель, нагружу яго лёнам і семем ды паеду за мора гандляваць. Яшчэ больш грошай утаргую. Вярнуся дахаты, куплю маёнтак, стану панам. Зямлю мужыкам у арэнду аддам, немалыя падаткі на іх накладу, а сам буду піць-гуляць ды на слуг пакрыкваць. Прыйдзе каторы з мужыкоў-арандатараў да мяне ў палацы, паклоніцца нізка: «Паночак, будзь ласкаў, пачакай з падаткам за зямлю. Зараз грошай няма. Аддам пасля з дабаўкаю...» А я вусы падкручу ды як закрычу:
    — Прэч, мужык, з вачэй! Нясі падатак хутчэй!»
    I так моцна крыкнуў шчаслівы паляўнічы, што заяц прахапіўся — ды толькі яго і бачылі.
    Недарэмна ж кажуць: «Не здзірай шкуры з незабітага мядзведзя». Або яшчэ лепш: «Не ка-
    жы «гоп», пакуль не пераскочыш».
    ЦІ БЫЛА Ў ПАПА ГАЛАВА
    Пасеялі суседзі Лявон ды Парамон на палянцы авёс. Авёс не ўрадзіў — нейкі шкоднік да каліва яго патравіў. Пасеялі на другі год грэчку — і з грэчкай тое ж самае.
    Дачуўся пра гэта non і кажа:
    — Трэба малебен адслужыць, тады ўсё будзе добра радзіць.
    Згадзіліся суседзі Лявон ды Парамон і заказалі папу малебен.