• Газеты, часопісы і г.д.
  • Людзей слухай, а свой розум май Беларускія народныя казкі

    Людзей слухай, а свой розум май

    Беларускія народныя казкі

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 211с.
    Мінск 1988
    115.23 МБ
    — Давай, баба, прадамо гусака, а купім брусок.
    — Давай,— згаджаецца баба.— Бо ўсё роўна толку з гусака як з казла малака.
    Прадалі гусака, купілі брусок. Пайшоў дзед з касою і бруском сена касіць. Бачыць: у возеры качка плавае. «Заб’ю,— думае дзед,— качку — мяса будзе». Глянуў туд-сюд — няма нідзе каменя. А качка вось-вось далей адплыве. Узяў дзед і шпурнуў у качку бруском. Качка ўзнялася і паляцела, а брусок у возеры патануў.
    Так і засталіся дзед з бабаю без нічога.
    СТАРЫЯ, ЯК МАЛЫЯ
    Пасвілі ў адной вёсцы авечак два пастухі — Дзям’ян і Раман. Абодва немаладыя ўжо.
    Дзям’ян быў чалавек справядлівы, работу сваю рабіў сумленна. А Раман усё хітраваў. Бегаць за авечкамі ленаваўся: то ў яго нага раптам забаліць, то жывот схопіць. А што лепшае ў торбу трапляла ад гаспадароў — першы з’ядаў.
    He падабаўся Дзям’яну яго таварыш. Ды што зробіш? Цярпеў да пары да часу.
    Аднаго разу ў свята гаспадары расшчодрыліся і паклалі пастухам у торбу з дзесятак яек і добры кавалак сала.
    Узялі старыя пастухі з сабою патэльню і пачалі ў полі агонь раскладаць, каб яечню пячы. Гамоняць пра тое ды сёе. Світкі паскідалі — цёпла стала каля агню.
    — А помніш, як мы з табою малыя былі? — кажа Раман.
    — Дзіва што помню,— адказвае Дзям’ян.— Ты тады ўсё ў чужыя сады лазіў... I авечак мы з табою таксама разам тады пасвілі.
    — Але,— згаджаецца Раман.— А помніш, як мы гаварылі тады? He так, як цяпер.
    — Пэўна ж не так. На авечак казалі авецацкі, на агонь — жыжа або зыза...
    — Дык давай, братка Дзям’ян, і цяпер так пагаворым. Гэта ж вельмі цікава.
    — Давай.
    I пачалі яны гаварыць, як малыя.
    — Ты, Раманацка, кладзі галавесацкі, а я нарэзу сквалацак у яецаньку.
    — Добра, Дзям’янацка. Налэз сквалацак.
    Як толькі спяклася яечня, Раман глянуў на авечак і кажа:
    — Дзям’янацка! Вунь авецацкі ў яцмені... Бязы адгані. А я яецаньку павалтую.
    Усхапіўся паслухмяны Дзям’ян і пабег да авечак. А хітры Раман тым часам хоп-хоп і з’еў усю яечню з салам...
    Вярнуўся Дзям’ян. Глядзіць — патэльня пустая.
    — А дзе ж яецанька? — пытаецца.
    — Жыжа гам-гам,-— адказвае Раман і аблізваецца.
    Ну, жыжа дык жыжа. Нічога не зробіш.
    Паселі яны ды зноў гамоняць, як малыя. А тут авечкі — шусь у той жа ячмень.
    — Бязы, Дзям’янацка, адгані іх далей,— кажа Раман.
    — He,— упёрся Дзям’ян.— Цяпел твая цалга...
    — У мяне зывот баліць...
    — А ты не зыватом, а нагамі бязы.
    Давялося на гэты раз Раману самому бегчы
    да авечак. А Дзям’ян тым часам хоп новую Раманаву світку ды ў агонь...
    Вярнуўся Раман. Бачыць — світкі няма.
    — А дзе з мая світка, Дзям’янацка?
    — Яе жыжа гам-гам...— развёў рукамі Дзям’ян.
    Узлаваўся Раман і падаў на Дзям’яна ў суд за тое, што спаліў новую яго світку.
    Выклікае суддзя Дзям’яна і Рамана на суд.
    — Ты, Дзям’ян, навошта спаліў Раманаву світку? — пытаецца.
    — Пан суддзя,— кажа Дзям’ян,— запытайце лепш у яго, калі гэта было.
    — А ці ж ён, гіцаль, не помніць? — кажа Раман.— Бачыш, памяць у яго адабрала, як я ў суд падаў? Гэта было, пан суддзя, тады, калі мы малымі былі, па-дзіцячаму гаманілі ў полі каля агню. Няхай успомніць.
    — Але,— кажа Дзям’ян,— гэта было мо з паўсотні гадоў таму назад...
    Узлаваўся суддзя на Рамана, закрычаў:
    — Што ж ты, стары дурань, мне даўнейшае ўспамінаеш? Трэба было тады і на суд падаваць, а не цяпер!
    I выгнаў Рамана з суда.
    Перастаў ён з таго часу хітрыкамі займацца.
    ПАНСКАЯ ЛАСКА
    С/лужыў у аднаго пана ляснік. Добра служыў, вераю і праўдаю, як кажуць. Пан гэта бачыў. Расчуліўся ён аднаго разу і кажа лесніку:
    — Люблю я цябе, мой верны слуга. I буду за гэта трымаць я цябе і карміць да самай тваёй смерці.
    Ну, а ляснік-то добра ведаў свайго пана. Вось ён і кажа:
    — Э, пане, не крыўдуй, але я адкажу табе на гэта прыказкаю: панская ласка, жончын язык ды пасынкава любоў да бацькі-айчыма — аднаго варты.
    — Няпраўда! Мая ласка шчырая і непарушная.
    — Ну што ж,— кажа ляснік.— Пажывём — пабачым.
    Назаўтра ўкраў ён у пана гусака і кажа жонцы:
    — Звары, толькі каб ніхто не бачыў...
    — Дзе ты ўзяў яго? — пытаецца жонка.
    — Украў у пана. Толькі — ша! — ні слова нікому.
    Зварыла жонка гусака. Сама са сваім сынам наелася, мужыка накарміла і пайшла ў панскі двор куму пераведаць. Сядзіць там у яе, балакае ды ўсё ваду папівае.
    — Што ж гэта, кумка, ты такое ела, што так на ваду накінулася?
    Муляецца госця, маўчыць.
    — Цікава,— дзівіцца кума.— Ты ж ад мяне ніколі праўды не хавала. Нядобра, кумка.
    — Ну што ж,— кажа госця,— скажу табе праўду, толькі ты, глядзі, нікому ні-ні...
    Кума нават пабажылася, што будзе маўчаць як рыба.
    А калі даведалася пра такі цікавы сакрэт, то ў той жа дзень пабегла да другой кумы. А тая — да трэцяй. Трэцяя — да чацвёртай. А чацвёртая была злосная на лесніка і расказала ўсё пану.
    Пан палічыў гусей — праўда, не хапае аднаго гусака. Узлаваўся ён на лесніка, аж калоціць яго. Паклікаў ён свайго вернага слугу-лесніка да сябе і кажа:
    — Павешу я цябе!
    Усміхнуўся ляснік горка:
    — Вельмі ж скора, пане, ты забыўся пра сваю ласку.
    — Да д’ябла ласку,— крычыць пан.— Павешу!
    — Добра, пане,— згаджаецца ляснік.— Дазволь толькі мне схадзіць дахаты. Там у мяне трохі грошай ёсцека. Падзялю іх жонцы і па-
    сынку.
    Пан дазволіў і нават сам пайшоў з лесніком: каб той, чаго добрага, не збег куды.
    Расклаў ляснік свае грошы на тры кучкі і кажа:
    — Гэта жонцы, гэта пасынку, а трэцяя таму, хто мяне вешаць будзе.
    — Навошта, бацька, каму чужому грошы аддаваць. Дай іх лепш мне, я цябе павешу,— кажа пасынак.
    Паглядзеў ляснік на пана і кажа:
    — Ну, пане, не мая праўда? Усё выйшла так, як я казаў. Я табе шчыра служыў, не раз цябе на паляванні ад мядзведзя ратаваў, а ты мяне за нейкага аднаго гусака павесіць хочаш. Вось якая твая ласка!
    САПРАЎДНЫ ДУРАНЬ
    Жылі тры браты: два разумныя, а трэці — дурань. Разумныя працавалі, вялі гаспадарку, a дурань да работы не меў ахвоты: ляжаў на печы, выграваў плечы.
    Паехалі аднойчы разумныя браты араць, a жонкам сказалі:
    — У поўдзень прынясіце нам абед.
    Згатавалі жонкі абед і кажуць дурню:
    — Чаго ты, гультаіна, прыліп да печы? Хоць бы ты абед занёс братам. Тыя, ні свет ні зара ўстаўшы, працуюць, а ты толькі бакі адлежваеш.
    — Адчапіцеся! — адмахваецца	дурань.—
    Нясіце самі.
    Пабралі братавы дзеркачы ды сілаю сагналі дурня з печы. Далі яму бохан хлеба, гаршчок капусты і гаршчок кашы ды выправілі ў поле.
    Ідзе дурань, варон лічыць. Надакучыла лічыць варон, пачаў навокал азірацца. Бачыць —
    ідзе за ім яго цень. Дурань падумаў, што гэта злодзей крадзецца, хоча абед адабраць.
    — Чаго ты прыстаў да мяне? — закрычаў дурань на цень.— Адчапіся! A то як смальну гаршком, дык табе і канцы будуць!
    Пайшоў дурань далей. Азірнуўся — цень не адстае. «Трэба ўцякаць ад гэтага злодзея»,— думае дурань. Кінуўся ён бегчы. Бег, бег, змарыўся. Паглядзеў назад, а злодзей тут... Узлаваўся дурань ды запусціў у цень гаршком з капустаю. А сам стаіць і глядзіць, што будзе. Цень таксама стаіць.
    — Ага! — закрычаў дурань ад радасці.— Казаў табе: «Адчапіся, a то канцы зраблю!»
    Пайшоў дурань далей. Цень зноў ідзе за ім.
    — Ах, каб ты выхвараў — ты яшчэ жыў?! — закрычаў дурань.— Вось жа табе!
    I запусціў у цень гаршком з кашаю. А сам пабег. Прабег трохі ды парашыў праверыць, ці забіў злодзея. Азірнуўся, а ён тут...
    — Дык табе мала двух гаршкоў, нягоднік! На ж табе яшчэ ў прыдачу!
    Размахнуўся дурань ды стукнуў злодзея боханам хлеба. А сам зноў пабег далей. Аж глядзіць праз нейкі час — і цень за ім бяжыць.
    Бачыць дурань: жывучы злодзей трапіўся, нічым не заб’еш. Напужаўся ён, нарабіў крыку:
    — Гвалт! Ратуйце!
    Пачулі браты, прыбеглі на дапамогу.
    — Чаго ты крычыш? — пытаюцца.
    — Ды вось нейкі злодзей прычапіўся... Я яго і прасіў, і гаршкамі біў — не адстае!
    — Ах ты, дурань! — смяюцца браты.— Гэта ж твой цень, а не злодзей!
    — А чаго ж ён бег за мною?
    — Бо ты бег, дык і цень бег.
    Палаялі браты дурня, што гаршкі пабіў, і пайшлі дамоў абедаць. А яму загадалі:
    — Пасі коней, адганяй аваднёў.
    Узяў дурань галінку і пачаў аваднёў адганяць. Згоніць іх, а яны зноў садзяцца.
    — Пачакайце ж, праклятыя,— злуецца дурань,— я вам пакажу!
    Высек ён дубінку. I як толькі сядзе авадзень на каня, дурань трах яго дубінкаю!
    Біў, біў аваднёў і пазабіваў коней.
    «Ну, гэта яны наеліся,— думае дурань,— і спаць палеглі. Адпачну і я трохі».
    Вярнуліся браты. Пабудзілі дурня.
    — Дзе коні? — пытаюцца.
    — Ды вунь, у кустах, спяць.
    — А ты аваднёў адганяў?
    — А няўжо ж не! — адказвае дурань.— Як пазабіваў аваднёў, дык коні адразу супакоіліся і паснулі.
    Пайшлі браты па коней, глядзяць, а тыя і ногі выпруцілі. Пабедавалі яны ды вярнуліся дахаты. Дома напалі на жонак:
    — Навошта вы нам дурня паслалі? Ен жа і абеду не данёс, і коней са свету звёў. Што мы panep рабіць будзем без коней?
    Думалі-думалі браты, што ім рабіць, і парашылі ісці ў лес дровы секчы — грошы на коней зарабляць. Узялі з сабою і дурня: там ён шкоды не наробіць.
    Браты сякуць добрыя дровы, а дурань да гнілога пня прычапіўся. Выкапаў пень, а пад ім цэлы кацёл грошай...
    Убачылі разумныя браты кацёл грошай, зарадаваліся. Насыпалі поўныя кішэні, ды і палавіны не забралі.
    — Ідзі ты,— кажуць дурню,— дахаты па
    мех. А мы тут застанемся грошы вартаваць.
    Выйшаў дурань з лесу і забыўся, па што яго браты паслалі. Вярнуўся назад і пытаецца:
    — Браткі, па што вы мяне паслалі?
    — Па мех! — кажуць браты.— А каб ты больш не забываўся, дык ідзі ды ўсё гавары: «Мех, мех...»
    Ідзе дурань і мармыча сам сабе: «Мех, мех, мех...» У дарозе апанавалі яго сабакі. Дурань гудзе пад нос: «Мех, мех, мех...» А сабакі так і круцяцца каля ног, за лыткі хапаюць.
    — Ах, каб вас ваўкі з’елі! — закрычаў дурань на сабак і кінуўся наўцёкі.
    Уцёк сяк-так ад сабак ды зноў забыўся, па што ідзе. Вярнуўся назад:
    — Браткі, па што вы мяне паслалі?
    — Па мех, дурань ты!
    — Гэта ж мяне,— кажа дурань,— сабакі апанавалі, дык я пачаў на іх крычаць і забыўся, па што ішоў.
    — Дурань ты! — адказваюць браты.— Трэба было ўзяць палку ды таго-сяго па баках, тагосяго па зубах... He хадзіце, брахуны, па шляхах, не пужайце людзей!
    Узяў дурань добрую палку і пайшоў па мех. Сустракае па дарозе папоў і дзякоў.
    — Куды вядзе гэтая дарога? — пытаюцца папы і дзякі ў дурня.