Людзей слухай, а свой розум май
Беларускія народныя казкі
Выдавец: Юнацтва
Памер: 211с.
Мінск 1988
— Ну вось бачыш, пан суддзя. Можа, ён скажа, што і гэтае футра яго?
— А чыё ж,— злуецца пан,— маё футра!
— Ну, не казаў я, што пан хлусіць,— кажа Клімка.— Можа, ён скажа, што я і на яго кані прыехаў?
Пан аж падскочыў. Аж вусы яго заварушыліся.
— А нех цябе д’яблы! A чый жа конь, калі не мой?!
— Вось бачыш, пан суддзя: ён ужо і майго каня за свайго прызнае. Ці можна ж яму верыць пасля гэтага?
Падумаў суддзя, паківаў галавою і кажа пану:
— Відаць, такі і праўда, што ты хлусіш. Таму не магу я нічога прысудзіць табе.
Пачуўшы гэта, пан ледзь не самлеў, а Клімка сеў сабе на панскага каня і паехаў дахаты ў панскім футры і панскіх ботах.
Прадаў Клімка панскага каня, жыве і бяды не знае. А пан аж учарнеў ад злосці. Усё думае, як Клімку адпомсціць.
Пайшоў аднаго разу Клімка ў мястэчка. Ідзе па вуліцы, шыльды разглядвае. На адной хамут і падсядзёлак намаляваны — значыць, тут рымар жыве. На другой булкі і абаранкі — значыць, пекар. А вось і пляшка з чаркаю — значыць, шынок.
Раптам бачыць Клімка — ідзе насустрач пан.
He хацелася яму з панам сустрэцца. Завярнуўся ён ды ў шынок. Заказаў гарэлкі, заплаціў і на прылаўку пакінуў.
Тым часам шусь і пан у шынок. Убачыў Клімку.
— А,— крычыць,— ты тут, ашуканец! Пачакай жа, я з табою разлічуся!
Спужаўся Клімка, але выгляду не падае. Зняў з галавы старую саламяную шапку, патрос ёю перад шынкаром і пытаецца:
— Заплачана?
— Заплачана,— адказвае шынкар.— Ідзі сабе, чалавеча, здаровенькі дахаты.
Глядзіць пан і вачам не верыць: Клімка бярэ
гарэлку і не плаціць за яе! Толькі старою саламянаю шапкаю памахвае — і ўсё.
Выйшаў пан услед за Клімкам з шынка і пытаецца ў яго:
— Чаму гэта шынкар з цябе грошай за гарэлку не ўзяў?
— А-а,— кажа Клімка.— Гэта, бачыш, у мяне шапка такая чарадзейная. Мне яе адзін вядзьмар даў. Цяпер я магу ў любым шынку што хочаш набраць, і шапка за мяне заплаціць.
Тут пан аж закалаціўся ад зайздрасці.
«Вось жа шчасце якое дурному мужыку трапілася!» — думае.
— Гэй, Клімка,— кажа пан,— прадай мне сваю шапку.
— А чаму не прадаць? Дасі добрыя грошы — прадам.
— Колькі хочаш?
— Сто рублёў.
— Навошта так дорага браць за старую шапку?
— Дык гэта ж не простая шапка!
Таргаваўся, таргаваўся скупы пан з Клімкам і купіў-такі ў яго тую старую саламяную шапку за пяцьдзесят рублёў.
Пайшоў Клімка дахаты прыпяваючы, а пан надзеў чарадзейную шапку ды — назад у шынок. Заказаў там багаты абед, паклікаў гасцей і давай піць-гуляць. Дзівяцца госці, што пан нейкую парваную шапку ўшчапіў на галаву. Ды кожны па-свойму і весяліцца, і розум траціць,— думаюць. Напіліся госці, наеліся.
— Цяпер,— кажа пан,— глядзіце, як я разлічвацца буду.
Падышоў ён да шынкара, зняў шапку, памахаў ёю перад прылаўкам і пытаецца:
— Заплачана?
— He,— матае галавою шынкар.— Калі мне хто плаціў? 3 цябе, пане, тры чырвонцы за банкет...
— Якія чырвонцы! — дзівіцца пан.— За мяне гэтая саламяная шапка заплаціла. Яна — чарадзейная!
Бачыць шынкар: звар’яцеў пан. Паклікаў ён урадніка. Той звязаў п’янага пана вяроўкаю і павёз у вар’яцкі дом. А напалоханыя госці разбегліся хто куды.
Ачухаўся пан і паехаў да Клімкі. «Ну,— думае,— цяпер ён мяне не ашукае. Я яго прыкончу!»
Убачыў Клімка пана. Куды дзявацца? Лёг ён на тапчан і прыкінуўся мёртвым.
Заходзіць пан у хату. Бачыць — ляжыць на тапчане Клімка, рукі на грудзях згарнуўшы.
— Ах,— бядуе пан,— шкада, што не застаў я цябе жывым. Даў бы я табе за тваю шапку-ашуканку!
Пакруціўся злосны пан па хаце, бачыць: на стале качалка ляжыць, што бялізну качаюць. «Спаганю злосць хоць на мёртвым»,— падумаў пан. Схапіў качалку ды трах Клімку па жываце! А Клімка — скок з тапчана! Стаіць перад панам, як нічога і не было.
— Вось дзякуй, панок,— кажа,— што ты ажывіў мяне!
Тут у пана і вочы на лоб палезлі.
— Выходзіць, твая качалка мёртвых ажыўляе?
— Але, але, пане. Яна ў мяне такая — каго хочаш ажывіць. Але пра гэта ведаем толькі я ды жонка мая.
— Дык чаму ж цябе жонка не ажывіла?
— Яна, пане, на полі робіць — бульбу матычыць.
Як пачуў пра гэта пан, дык і пра злосць сваю забыўся.
— Прадай, Клімка, мне сваю чарадзейную качалку,— просіць пан.
— А чаму не прадаць,— кажа Клімка,— добраму чалавеку ды за добрыя грошы.
Заплаціў пан за качалку добрыя грошы ды рушыў дахаты. «Вось,— радуецца,— смерць у маіх руках: каго захачу, таго і ажыўлю!»
Тым часам памерла ў цара дачка. Дачуўся пра гэта пан, сеў на каня і памчаўся ў царскі палац царскую дачку ажыўляць.
Цар зарадаваўся.
— Калі ажывіш маю дачку,— кажа пану,— аддам табе паўцарства.
— Добра,— згаджаецца пан.— Толькі да мёртвай я пайду адзін. Ніхто не павінен бачыць, як я ажыўляю. Гэта мой сакрэт.
Ну, так і зрабілі. Пайшоў пан у пакой да мёртвай, а цікаўны цар паслаў слугу, каб той праз шчыліну ў дзвярах падгледзеў, што будзе пан рабіць.
Зачыніў пан за сабою дзверы, дастаў з рукава чарадзейную качалку ды — трах! — па царэўне. Ляжыць царэўна хоць бы што.
«Эге,— думае пан,— відаць, слаба ўдарыў».
Стукнуў яшчэ раз — не ўстае царэўна.
«Ах,— узлаваўся пан,— дык ты, нягодная, чарадзейнай качалкі не прызнаеш!..»
I давай дубасіць царэўну з усяе сілы.
Прыбег слуга да цара.
— Так і так,— кажа,— гэты пан не ажыўляе царэўну, а дубасіць яе нейкаю палкаю, дзе папала і па чым папала. Усю на цеста змясіў...
Загадаў цар схапіць пана-разбойніка. Прыбеглі царскія стражнікі ў пакой, дзе царэўна ляжала. Бачыць пан — бяда яго чакае, а не паўцарства. Выскачыў ён праз акно, ускочыў на каня ды ходу. Кінуліся стражнікі за ім, але так і не дагналі.
«Ну і ашуканец гэты Клімка! — думае пан.— Як жа мне яго перахітрыць? Ага! Нашлю на яго сваю жонку...»
Паклікаў ён да сябе Клімку і кажа:
— Калі ты такі штукар, то ўкрадзь маю паню...
I зарагатаў на ўвесь маёнтак. Бо, трэба сказаць, пані была баба ліхая. Усіх слуг сваіх біла. Нават сам пан яе як агню баяўся.
— Добра,— згаджаецца Клімка.— Украду я тваю паню. Але... пан жа сам добра ведае: дарэмна і каза не скача...
— А д’яблы на цябе! — усклікнуў пан.— Гэтак ты мяне скора да торбы давядзеш.
— Нічога, пане, жыў будзеш.
Даў пан Клімку задатак, а сам рукі пацірае. «Пагляджу,— маўляў,— як ты маю ліхую паню ўкрадзеш!»
Думаў, думаў Клімка, як паню ўкрасці, і надумаў-такі. Узяў панскія боты і пайшоў на тую дарогу, па якой пані на пагулянку ездзіла. Палажыў адзін бот на дарозе недалёка ад маёнтка. Потым прайшоў з вярсту і палажыў другі бот. А сам сеў за кустом і чакае.
Настаў час, і пані выехала з фурманом на пагулянку. Даехалі да першага бота.
— Глядзі, панечка,— кажа фурман,— гэта ж бот нашага пана. Я падыму яго.
— А навошта пану адзін бот? — адказвае пані.— Паедзем далей.
Праехалі трохі, бачаць, ляжыць другі бот — якраз да пары.
— Шкада,— кажа пані,— што мы таго бота не ўзялі.
— To я збегаю,— кажа фурман.
— Добра. Бяжы. Я тут цябе пачакаю.
Вярнуўся фурман па бот, а Клімка выскачыў з-за куста, сеў на фурманскія козлы і пагнаў коней. Пані ў крык, нагамі стукае, кулакамі махае. Ды Клімка яе не слухае. Гнаў ён, гнаў коней і прыгнаў іх у самае балота, дзе жылі чэрці.
Выскачылі чэрці з балота, напалі на Клімку:
— Ты такі ды сякі, навошта нас турбуеш?
— Ды вось,— кажа Клімка,— прывёз вам паню прадаваць. Яна такая, што любы чорт не дакажа...
I так расхваліў Клімка паню, што чэрці з ахвотаю купілі яе.
Даведаўся пан, што пані не вярнулася з пагулянкі. Пасылае слугу па Клімку.
Прыходзіць слуга да Клімкі, а той храпе на печы, аж вецер свішча.
— Клімка, а Клімка! — будзіць яго слуга.— Ідзі да пана.
— Га? — пазяхае Клімка.— Да якога яшчэ там пана? Я спаць хачу.
— Чуеш, цябе пан кліча.
— Ідзі ты да д’ябла са сваім панам! — адмахваецца Клімка.— Дай чалавеку паспаць з дарогі.
— У якой жа гэта дарозе ты быў? — дзівіцца слуга.
— У чартоўскім балоце быў.
— Чаго?
— Паню вазіў чарцям прадаваць.
Павярнуўся Клімка на другі бок і зноў захроп.
А слуга кінуўся да пана і расказаў яму, што пачуў ад Клімкі.
Напалохаўся пан ды сам пабег да Клімкі.
— Клімка,— пытаецца пан,— дзе ты маю паню падзеў?
— Прадаў, пане.
— Каму?
— Чарцям.
— Як гэта чарцям? Ці ў сваім ты розуме?
— Ты ж, пане, сам захацеў, каб я яе ўкраў. А навошта яна мне? Такая ліхая баба толькі чарцям да пары. Будзе там, у пекле, смалу вазіць.
Бачыць пан — кепскія справы. Пачаў ён прасіцца ў Клімкі, каб вярнуў яму паню з пекла.
— Цяжка, пане, гэта зрабіць,— круціць галавою Клімка.— He такія чэрці добранькія, каб сваё дабро каму аддаваць. Але паспрабую. Так і быць.
— Паспрабуй, Клімка, паспрабуй. Я ў даўгу не застануся.
Узяў Клімка бубен з бразготкамі і пайшоў на балота. А там як загрукае ў свой бубен, як наробіць шуму! Чарцям аж моташна стала.
— Хто гэта разбушаваўся над нашым пеклам? — дзівіцца старшы чорт Люцыпар.— Ад яго шуму ў мяне галава баліць.
Паклікаў ён пасыльнага — шустрага чорта Рагача.
— Скокні, браток, наверх, глянь, хто там наша пекла калоціць.
Выскачыў чорт Рагач з пекла, бачыць: аж гэта Клімка ў бубен смаліць ды брыдкія прыпеўкі пра чарцей гарлапаніць.
— Ой, Клімка, пакінь шумець,— просіць чорт.— А то ў нашага начальніка, пана Лгоцыпара, галава трашчыць.
— He,— кажа Клімка,— не пакіну.
— Вазьмі што хочаш, але пакінь.
— Ну, добра,— згаджаецца Клімка.— Вярніце мне маю паню, тады будзе ціха.
Пабег чорт Рагач да Люцыпара.
— Так і так,— кажа,— гэта буян Клімка расхадзіўся — патрабуе назад сваю паню.
Шкада Люцыпару аддаваць паню: вельмі ж добра яна смалу возіць да катлоў, дзе чэрці грэшнікаў падсмальваюць. Даў ён чорту жалезную палку і кажа:
— Пайдзі з Клімкам у заклад: калі ён падкіне гэтую палку вышэй за цябе, то вернем яму паню. А калі не, то не.
Вярнуўся пасыльны чорт да Клімкі і перадаў наказ свайго начальніка.
— Добра,— кажа Клімка.— Кідай ты першы сваю чартоўскую палку.
Шпурнуў чорт Рагач жалезную палку і аж за хмары закінуў.
Вярнулася палка назад. Узяў яе Клімка ў рукі — цяжкая, ліха на яе! Трымае ён палку, ды ўсё на сонца паглядае.
— Чаго ты, Клімка, на сонца вочы вылупіў? — пытаецца чорт.
— Ды, бачыш, там мой брат кавалём працуе. Дык я выглядаю, дзе яго кузня. Закіну туды гэтую палку, можа, яна яму на што спатрэбіцца.
— Ай, ай! — заенчыў чорт Рагач.— He кідай, Клімка, яму нашу палку. Мы ёю сваё пекла падпіраем.