• Газеты, часопісы і г.д.
  • Логіка  Аркадзь Бабко

    Логіка

    Аркадзь Бабко

    Памер: 184с.
    Мінск 2017
    50.14 МБ
    A. I. БАБКО
    ЛОГІКА
    Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў»
    A. I. Бабко
    ЛОГІКА
    Рэкамендавана ВМА па адукацыі ў галіне культуры і мастацтваў у якасці вучэбнаметадычнага дапаможніка для студэнтаў усіх спецыяльнасцей установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт кулыпуры і мастайтваў»
    2е выданне, перапрацаванае і дапоўненае
    Мінск БДУКМ 2017
    УДК 16(075ю8)
    ББК 87ю4я73
    Б 126
    Рэцэнзенты:
    кафедра агульнанавуковых дысцыплін установы адукацыі «Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці»;
    М. В. Анцыповіч, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт кафедры філасофскіх вучэнняў установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт», дацэнт
    Бабко, A. I.
    Б126 Логіка : вучэб.метад. дапам. / A. I. Бабко ; Мва культуры Рэсп. Беларусь, Беларус. дзярж. унт культуры і мастацтваў.  2е выд., перапрац. і дап.  Мінск : БДУКМ, 2017.  184 с.
    ISBN 9789855221860.
    У перапрацаваным і дапоўненым выданні дапаможніка разглядаюцца грунтоўныя праблемы традыцыйнай і сучаснай логікі. Увага засяроджваецца на найважнейшых сістэмах дэдуктыўнага высноўвання  сілагістыцы, якой належыць цэнтральнае месца ў традыцыйнай логіцы, і дэдуктыўных працэдурах, якія здзяйсняюцца ў рамках прапазіцыянальнага злічэння
    Для студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў універсітэта, а таксама ўсіх, хто цікавіцца праблемамі фармальнай логікі.
    УДК 16(075к>8)
    ББК87ю4я73
    ISBN 9789855221860
    ©Бабко A. I., 2010
    © Бабко A. I., 2017, са змяненнямі
    © Афармленне. Установа адукацыі
    «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастаіпваў», 2017
    ЗМЕСТ
    АД АЎТАРА................................. 4
    1.	УВОДЗІНЫ............................... 6
    1.1.	Прадмет і значэнне логікі............ 6
    1.2.	Логіка і мова. Традыцыйная і сучасная логіка.	13
    2.	АСНОВЫ ТРАДЫЦЫЙНАЙ ЛОГІКІ............. 20
    2.1.	Імёны............................... 20
    2.2.	Катэгарычныя выказванні............. 43
    2.3.	Грунтоўныя законы логікі............ 60
    2.4.	Просты катэгарычны сілагізм......... 71
    2.5.	Складаныя, скарочаныя і складанаскарочаныя сілагізмы................................ 89
    3.	АСНОВЫ СУЧАСНАЙ ЛОГІКІ................ 97
    3.1.	Складаныя выказванні................ 97
    3.2.	Дачыненні паміж складанымі выказваннямі......	114
    3.3.	Высноўванне ў логіцы выказванняў... 132
    3.4.	Аксіяматызацыя логікі выказванняў.. 146
    3.5.	Элементы логікі прэдыкатаў......... 150
    СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ................ 156
    АДКАЗЫ НА ЗАДАЧЫ........................ 159
    СЛОЎНІК АСНОЎНЫХ ПАНЯЦЦЯЎ............... 181
    3
    АД АЎТАРА
    Калі першае выданне дадзенага дапаможніка было падрыхтавана да друку, я разглядаў яго толькі як сегмент больш аб’ёмнай працы і меркаваў, што ў бліжэйшай будучыні здолею напісаць другую яе частку, прысвечаную філасофскім і ўжытковым праблемам логікі. Абставіны змусілі мяне, аднак, непасрэдна пасля выхаду ў свет згаданага выдання засяродзіцца на іншым курсе, на «Асновах сучаснага прыродазнаўства». Між тым на пярэдні план зноў выйшла распрацоўка вучэбнаметадычнай інфраструктуры для эфектыўнага выкладання логікі. Прааналізаваўшы якасны стан і ўзровень першай версіі дадзенага дапаможніка, а таксама досвед яе ўжытку ў адукацыйным працэсе, я прыйшоў да высновы, што яна патрабуе сур’ёзнай дапрацоўкі і ўдасканалення.
    У выніку чытачу прапаноўваецца другое  перапрацаванае і дапоўненае  выданне «Логікі», упершыню надрукаванай у 2010 г. Я спадзяюся, што яно будзе значна больш эфектыўным сродкам выкладання і вывучэння дадзенай дысцыпліны, чым папярэдняе. Гэтыя спадзяванні звязаны, натуральна, са змяненнямі і дапаўненнямі, якія тэкст зведаў у новай версіі; прычым іх адносна шмат і яны дастаткова істотныя:
    	папершае, значна павялічыўся аб’ём пададзенага матэрыялу (напрыклад, разгляд тэмы «Імя» дапаўняецца аналізам такой важнай лагічнай аперацыі, як лагічнае дзяленне; у раздзеле, прысвечаным логіцы выказванняў, з’явіўся параграф, дзе апісваюцца аксіяматызацыйныя працэдуры, што здзяйсняюцца ў яе абсягу, і г. д.);
    	падругое, тэкст праграфаў разбіты на пункты, што павінна зрабіць яго выкарыстанне больш зручным;
    	патрэцяе, перапрацаваны і дапоўнены пытанні і заданні амаль да кожнага параграфа; акрамя таго, у канцы тэксту падаюц
    4
    ца адказы на большасць з іх, што мае на мэце аблягчыць самастойную працу;
    	пачацвёртае, падаецца слоўнік асноўных паняццяў, што таксама павінна паспрыяць эфектыўнасці выкарыстання дапаможніка ў працэсе самастойнай працы;
    	папятае, у тэксце фіксуюцца спасылкі на ўжытыя пры яго падрыхтоўцы крыніцы, што можа паслужыць дадатковым арыенцірам у арганізацыі далейшага самастойнага вывучэння лагічнай праблематыкі тымі, хто будзе да яго звяртацца.
    Наколькі ўдалымі з’яўляюцца гэтыя навацыі  меркаваць чытачу. Я з удзячнасцю прыму ўсе абгрунтаваныя водгукі і заўвагі  яны дапамогуць мне і ў працэсе практычнага выкарыстання дадзенага дапаможніка, і пры падрыхтоўцы другой яго часткі. Шчырую і глыбокую падзяку выказваю ўсім, ад каго дапамогу важную і каштоўную  ужо атрымаў, хто неабыякава паставіўся да дадзенага праекта і паспрыяў яго здзяйсненню.
    І.УВОДЗІНЫ
    1.1.	ПРАДМЕТ I ЗНАЧЭННЕ ЛОГІКІ
    Сутнасць і прызначзнне фармальнай логікі
    Фармальная логіка  гэта навука, у рамках якой апісваецца і аналізуецца структура чалавечыхразваг дзеля выяўлення законаў і правіл, што надаюць Lu агульназначны характар. Агульназначнымі развагі з’яўляюцца ў тым выпадку, калі іх структурныя ўласцівасці і вынікі могуць фігураваць як важкія, слушныя і абгрунтаваныя для кожнага разумнага індывіда. Выказванні, што выступаюць як зыходныя ў разважаннях, якія будуць прадметам нашага разгляду, у далейшым мы будзем называць пасылкамі, вынікі, атрыманыя з іх,  высновамі, а працэдуру гэтага атрымання ў цэлым  высноўваннем.
    Эпітэт «фармальная» ўжыты ў дачыненні да дадзенай навукі зусім не выпадкова, ён указвае на яе найгрунтоўнейшую характарыстыку: яе цікавяць такія аспекты нашых разважанняў, што маюць значэнне ў кантэксце асэнсавання любога матэрыялу і зместу, з’яўляюцца незалежнымі ад яго. Праілюструем гэта на прыкладзе. Возьмем спачатку развагу, якая мае аднолькавы ўзрост з самой логікай:
    Капіўсе людзі смяротныя, а грэкі  людзі, дык і грэкі смяротныя.
    А вось развага, звязаная з іншай прадметнай сферай і зусім іншай эпохай:
    Калі ўсе ядавітыя рэчывы небяспечныя для здароўя, а хімічныя злучэнні ўрана належаць да ядавітых рэчываў, дык хімічныя злучэнні ўрана з ’яўляюцца небяспечнымі для здароўя.
    L нарэшце, прыклад, што мае непасрэднае дачыненне да студэнцкага жыцця:
    Калі ўсе студэнты ўніверсітэта культуры  творчыя асобы, а будучыя харэографы з'яўляюцца студэнтамі ўніверсітэта
    6
    культуры, дык будучыя харэографы належаць да кола крэатыўных асоб.
    Мы бачым, такім чынам, што развагі, датычныя розных прадметных сфер і зусім не падобныя па сваім змесце, выяўляюць ідэнтычную ўнутраную структуру. Спосаб выбудоўвання нашых разваг, што не залежыць ад іх зместу, называецца лагічнай формай, і таму цалкам натуральна, што навука, якая мае справу са згаданым феноменам, носіць назву фармальная логіка.
    У сувязі з гэтым падкрэслім яшчэ раз, што дадзеная навуковая дысцыпліна мае ў якасці цэнтральнай задачы і мэты выяўленне тых спосабаў руху думкі (спосабаў высноўвання), якія адпавядаюць патрабаванню агульназначнасці, у рамках якіх пры ўмове праўдзівасці пасылак неабходным чынам атрымліваюцца праўдзівыя высновы. Той момант, што не кожная са структур, у якіх можа ўвасобіцца чалавечае мысленне, мае згаданую ўласцівасць, няцяжка прадэманстраваць на прыкладах:
    Калі ўсе пратоны належаць да барыёнаў і некаторыя барыёны з 'яўляюцца нейтронамі, дык некаторыя нейтроны з ’яўляюцца пратонамі;
    Калі некаторыя палітыкі не з 'яўляюцца філосафамі, а некаторыя парламентарыі  філосафы, дык некаторыя парламентарыі не з ’яўляюцца палітыкамі.
    Высновы, зробленыя ў выніку гэтых разваг, маюць відавочна памылковы характар, нягледзячы на тое, што яны зыходзяць з праўдзівых выказванняў, і логіка павінна даць адказ на пытанні, чаму так адбылося, як пазбегнуць такога стану рэчаў.
    Логіка і логас
    Варта адзначыць, што навука, пра якую ідзе гаворка, не адразу атрымала сваю назву (якая  мы высветлілі гэта вышэй  надта ёй пасуе). Хоць тэрмін «логіка» і вытворныя ад яго словы ўзніклі ў эпоху Антычнасці, ужываліся яны спачатку ў адрозным ад сучаснага сэнсе. Арыстоцель (384322 да н. э.), напрыклад, абазначаў дадзеным тэрмінам сферу тэарэтычнага аналізу імаверных высноў, якая ўключалася ў прадметны і праблемны абсяг дыялектыкі, у той час як асноўныя яго працы, прысвечаныя лагічнай праблематыцы, атрымалі назву «Аналітыкі». Аднак ужо знакамі
    7
    ты рымскі прамоўца Цыцэрон (10643 да н. э.) назваў логікай навуку, занятую праблемамі высноўвання і аргументавання ўвогуле [22, т. 5, с. 358], У гэтым значэнні, хоць і не толькі ў ім, дадзены тэрмін ужываўся і надалей. Праўда, на права абазначаць згаданую навуку прэтэндавалі і іншыя тэрміны (дыялектыка, вучэнне пра розум, навукавучэнне і г. д.), але ён перамог сваіх канкурэнтаў. У выніку назва «логіка» замацавалася за навукай, што імкнецца выявіць фармальныя ўласцівасці, законы і правілы карэктных разважанняў, але не толькі за ёй: згаданае слова мае полісемічны характар. Так, яно ўжываецца для абазначэння сістэмы законаў, на аснове якіх разгортваюцца самыя розныя рэчаісныя працэсы (напрыклад, «логіка здрады»), ці для перадачы псіхалагічнай адметнасці мыслення, звязанай з узростам, полам і да т. п. (напрыклад, «дзіцячая логіка»).
    He цураецца дадзенага тэрміна і філасофія, у рамках якой ён набывае розныя сэнсавыя адценні і абазначае абсягі тэарэтычных пошукаў, што істотна адрозніваюцца ад фармальналагічных даследаванняў: логіка трактуецца тут як тэорыя пазнання, як сфера філасофскага разгляду мыслення ўвогуле і да т. п. Падкрэслім таксама, што ў межах пэўных філасофскіх кірункаў (напрыклад, дыялектычнаспекулятыўнай логікі Гегеля) гучала выразная крытыка адноснай аднабаковасці фармальнай логікі і рабіліся спробы яе пераадолення ў рамках больш высокай тэарэтычнай сістэмы, у якую фармальналагічны падыход уключаўся б як яе момант, як пэўны яе аспект.
    Аднак існаванне тэарэтычных кірункаў, што падаюць сябе як логіку і разам з тым прэтэндуюць на больш высокі статус у галіне нашых ведаў пра мысленне, чым запачаткаваная Арыстоцелем фармальналагічная традыцыя, ні ў якім разе не пазбаўляе фармальную логіку ні яе фундаментальнага тэарэтычнага і практычнага значэння, ні яе права на дадзенае імя. У канчатковым выніку гэта абумоўлена яе своеасаблівай сувяззю з логасам (што знаходзіць сваё знешняе выяўленне ў этымалагічным плане). Як бы ні трактавалася дадзенае паняцце  як сістэма грунтоўных законаў, якімі накіроўваецца развіццё Сусвету, як мысленне ці як разумнае, аргументаванае маўленне,  яно выконвае надзвычай