• Газеты, часопісы і г.д.
  • Логіка  Аркадзь Бабко

    Логіка

    Аркадзь Бабко

    Памер: 184с.
    Мінск 2017
    50.14 МБ
    30
    значэння слова асімптота, мы наўрад ці здолеем поўнасцю зразумець, пра што ідзе гаворка і наколькі слушнай з’яўляецца выніковая тэза. Толькі азначыўшы яго і затым тэрміны асімптота праўды і асімптота ідэалу, мы выправім становішча.
    Тым не менш кагнітыўны патэнцыял азначэння не заўжды высока ацэньваецца ў літаратуры. Маючы на ўвазе навуковае пазнанне, Т. Кун піша, напрыклад, што вербальныя дэфініцыі, узятыя самі па сабе, не вылучаюцца багаццем навуковага зместу і што азначэнні ключавых навуковых паняццяў павінны разглядацца з улікам канкрэтнага даследчага кантэксту, у якім яны фармулююцца [27, с. 141142].
    Асноўныя віды азначэнняў (у кантэксце супрацьлеглых філасофскіх інтэрпрэтацый)
    Прадметам ажыўленых філасофскіх дыскусій былі і застаюцца таксама існасць і характар дадзенай лагічнай працэдуры. У іх сутыкаюцца ў першую чаргу эсэнцыялістычны і наміналістычны падыходы (важна мець на ўвазе, што ў выпадку апошняга гаворка вядзецца пра феномен, што не супадае з аднайменным кірункам у сярэднявечнай схаластыцы, якому супрацьстаяў схаластычны рэалізм). На думку прадстаўнікоў першага з іх, азначэнне ў першую чаргу павінна выявіць сутнасць таго, што азначаецца (лац. essentia  сутнасць пэўнай рэчы). Адзначым, што дадзеную пазіцыю энергічна адстойваў Арыстоцель [1, с. 318, 352353, 357], які разам з тым упершыню правёў выразнае адрозненне паміж азначэннем сутнасці і азначэннем імя [22, т. 2, с. 31]. Фактычна гаворка ідзе пра надзвычай важнае з пункту гледжання далейшага разгортвання адпаведных лагічных даследаванняў адрозненне паміж рэальным і намінальным азначэннем.
    Намінальнае азначэнне мае на мэце раскрыць сэнс пэўнага імя, а рэальнае  тое, што ўяўляе сабой рэч (ці рэчы), якую яно абазначае. Арыстоцель указвае ў сувязі з гэтым, што пустыя імёны могуць быць азначаны толькі намінальным чынам: «Пра тое, чаго няма, ніхто не ведае, чым яно з’яўляецца (але [вядома толькі], што азначае [дадзенае] слова ці назва, як, напрыклад, калі я скажу «казлаалень». Аднак што такое «казлаалень»  гэта ведаць немагчыма) [1, с. 323]. Для агульных імён магчымыя і
    31
    намінальнае, і рэальнае азначэнне. Пры гэтым важна, аднак, мець на ўвазе, што адрозненні паміж імі задаюцца найперш іх мэтай у дачыненні да дэфініендума  і маюць досыць адносны характар: цалкам магчыма, што ў намінальным азначэнні будзе пададзена істотная інфармацыя пра рэчы, якія абазначае яго дэфініендум (такая сітуацыя будзе мець месца, напрыклад, калі мы азначым слова мезон як назву недаўгавечнай часцінкі, у склад якой уваходзіць кварк і антыкварк).
    Як найбольш адэкватны спосаб выяўлення сутнасці рэчы ў рамках рэальнага азначэння прадстаўнікамі эсэнцыялістычнай традыцыі разглядаецца класічная яго форма (такога кшталту азначэнне часам нават называецца эсэнцыяльным [26, с. 62]). Дэфініенс у такім выпадку змяшчае ўказанне на найбліжэйшы род (лац.  genus proximum), да якога належыць азначанае, і на спецыфічную прымету, якая яго адрознівае (таму на лаціне дадзены элемент дэфініенса класічнага азначэння называецца differentia specifica) ад іншых відаў гэтага роду, г. зн. на відаўтваральную прымету. У якасці адпаведнага прыкладу мы можам прывесці прапанаванае ў першым раздзеле азначэнне фармальнай логікі. Тут трэба мець на ўвазе, што паняцці роду і віду з’яўляюцца ў логіцы (у адрозненне ад біялогіі) адноснымі: пэўны клас выступае ў адным дачыненні як від, а ў іншым  як род. Так, клас базонаў з’яўляецца родавым для фатонаў, глюёнаў і г. д., але выступае як від у дачыненні да класа элементарных часцінак.
    Неабходна мець на ўвазе, што класічнае азначэнне не ўсімі логікамі разглядаецца як адмысловы від адпаведнай лагічнай аперацыі [5, с. 265], На карысць дадзенай пазіцыі прыводзіцца наступны аргумент: «Паняцце заўжды мае родавідавую структуру», што знаходзіць выразнае адлюстраванне ў шмат якіх спосабах азначыць яго [5, с. 264265]. Згаданае бачанне лагічных працэдур адпаведнага кшталту засяроджваецца на іх экстэнсіянальным аспекце, дзякуючы чаму губляюцца іх адрозненні ў інтэнсіянальным (змястоўным) плане. Згаданыя адрозненні могуць мець у найвышэйшай ступені субтыльны характар, але ў такім выпадку яны робяцца тым больш каштоўнымі. Так, надзвычай блізкімі па сваіх лагічных уласцівасцях да класічнага з’яўляюцца генетычнае і каўзальнае азначэнні. У дэфініенсе
    32
    генетычнага азначэння ўказваецца на спосаб узнікнення прадмета ці з’явы, што абазначаецца дэфініендумам (напрыклад: нейтронная зорка — гэта касмічны аб'ект, што паўстае на завяршальнай стадыі эвалюцыі зорак пэўнай масы — пры выбуху звышновай  праз сплаўленне электронаў і пратонаў матэрыяльнаіі рэшты ў нейтроны). Каўзальнае азначэнне даецца праз указанне на прычыну, праз якую паўстае феномен, які фіксуецца азначаным (напрыклад: вясёлка  гэта аптычная з 'ява ў атмасферы, што паўстае ў выніку пераламлення і інтэрферэнцыі сонечнага святла на сферычных дажджавых кроплях). У абодвух выпадках можна весці гаворку пра наяўнасць своеасаблівай відаўтваральнай прыметы.
    Існуе мноства прыкладаў ужывання гэтых відаў азначэння ў навуцы. Генетычныя азначэнні знайшлі шырокі ўжытак у геаметрыі (акружнасць можа быць вызначана, напрыклад, як замкнутая крывая, утвораная рухам пункта, роўнааддаленага ад пункта нерухомасціў Справа ў тым, што яе класік  вялікі антычны матэматык Эўклід  актыўна выкарыстоўваў іх у сваёй творчасці, бо «дэфініцыі служылі ў яго толькі таму, каб наглядна растлумачыць утварэнне адпаведных геаметрычных паняццяў» [22, т. 1, с. 738], Аднак генетычнае азначэнне можа знайсці свой плённы ўжытак не толькі ў геаметрыі. Увогуле, яно робіцца надзвычай важным ва ўсіх тых выпадках, калі для нас важны менавіта характар узнікнення прадметаў і з’яў рэчаіснасці. Так, В. фон Гумбальт быў перакананы, што адэкватная дэфініцыя мовы можа мець выключна генетычны характар, бо паводле сваёй сутнасці яна выступае як дзейнасць, а не як прадукт і вынік (на думку навукоўца, мова  гэта праца духа, якая вечна паўтараецца дзеля таго, каб зрабіць артыкуляваны гук здольным да выяўлення думкі) [15, т. 4, с. 413]. У пэўным сэнсе як своеасаблівую разнавіднасць генетычнага азначэння мы можам разглядаць азначэнне паняццяў, калі яны разглядаюцца як вынік дыялектычнага разгортвання і сінтэтычнага вырашэння ўнутраных супярэчнасцяў (з ім мы сутыкаемся, відавочна, у галіне філасофіі, у дыялектычнай філасофскай традыцыі: станаўленне, напрыклад, вызначаецца Гегелем як катэгорыя, што паўстае ў
    33
    выніку сінтэзавання катэгорый быцця і нішто і выступае як іх адзінства [21, с. 188]).
    Для прадстаўнікоў наміналістычнай традыцыі ўсякае азначэнне з’яўляецца адпаведна намінальным. Пытанне «што ёсць?», на якое дае адказ рэальная дэфініцыя, падаецца ім бязглуздым, «калі яно разглядаецца як пытанне пра “сутнасць”» [19, с. 30], У першую чаргу яны засяроджваюць сваю ўвагу на стыпуляцыйных і апісальных (дэскрыптыўных) азначэннях. Пры гэтым стыпуляцыйныя азначэнні разглядаюцца як элементарныя скароты: патрэба ў іх паўстае тады, калі «пэўная паслядоўнасць сімвалаў зрабілася настолькі доўгай, што ёй нязручна ці нават немагчыма маніпуляваць. Таму слушна замяніць яе ў пэўных кантэкстах скаротам» [19, с. 30]. Дадзеная працэдура здзяйсняецца праз пагадненне ўдзельнікаў адпаведнага дыскурсу [19, с. 30], адкуль вынікае яе назва (лац. stipulation  дамова, якая паўстае праз запыт і абяцанне). Дэскрыптыўныя азначэнні, згодна з поглядамі прадстаўнікоў гэтай традыцыі, маюць на мэце выявіць сэнс таго ці іншага выразу, які ў кантэкстах пэўнага кшталту знайшоў стабільны ўжытак [19, с. 29]. Такім чынам, стыпуляцыйнае азначэнне выступае як наданне імю пэўнага значэння, а дэскрыптыўнае  як яго выразнае выяўленне.
    Неабходна адзначыць, што наміналістычны падыход шырока распаўсюджаны сярод логікаў і эпістэмолагаў, якія ў сваіх пошуках зыходзяць з прызнання прыярытэтнай ролі навукі ў сістэме пазнавальнай дзейнасці. Уласцівы ён і для навукоўцаў: Г. Галілей, напрыклад, энергічна падкрэсліваў адвольны і тэхнічны характар азначэння [22, т. 2, с. 33],
    Варта мець на ўвазе, што стыпуляцыйныя і дэскрыптыўныя азначэнні прызнаюцца як важныя віды дадзенай лагічнай аперацыі і прадстаўнікамі эсэнцыялістычнага падыходу (ці блізкімі да яго тэарэтыкамі). I гэта цалкам справядліва, бо лагічныя працэдуры адпаведнага кшталту шырока ўжываюцца ў працэсе навуковага (і іншых відаў) пазнання. Стыпуляцыйныя азначэнні выступаюць як дзейсны сродак увядзення ў рамках пэўнага дыскурсу новых паняццяў, а дэскрыптыўныя  як важны спосаб удакладнення ўжо задзейнічаных у пазнавальных практыках выразаў.
    34
    Адзначым, што ў дадатак да іх некаторыя аўтары вылучаюць эксплікацыйныя азначэнні як іх своеасаблівы сінтэз: у іх рамках улічваюцца некаторыя з найважнейшых аспектаў папярэднага ўжывання пэўнага імя і разам з тым прысутнічаюць стыпуляцыйныя элементы (напрыклад, азначэнне ўмоўнага выказвання ў логіцы толькі часткова супадае з паўсядзённым яго разуменнем і ўжываннем) [17]. Даследчыкі, якія прытрымліваюцца наміналістычнай пазіцыі, энергічна падкрэсліваюць памылковасць такога падыходу. Яны разглядаюць эксплікацыйныя, г. зн. скіраваныя на высвятленне сэнсу не зусім ясных і выразных паняццяў, працэдуры ў кантэксце развіцця тых тэарэтычных пабудоў, у якіх дадзеныя паняцці ўжываюцца [19, с. 30].
    Правілы азначэння
    У працэсе свайго гістарычнага самаразвіцця логіка выпрацавала пэўныя правілы, якімі неабходна кіравацца, каб азначэнне было карэктным. Гэтыя лагічныя прадпісанні могуць падацца трывіяльнымі, і тым не менш надзвычай важна засвоіць іх і мець іх на ўвазе пры правядзенні адпаведнай лагічнай працэдуры, бо пры ўсёй іх трывіяльнасці яны тым не менш парушаюцца  праз няўважлівасць, праз лагічную неахайнасць.
    Разгледзім найважнейшыя са згаданых патрабаванняў  і найперш правіла, згодна з якім аб’ёмы дэфініендума і дэфініенса павінны супадаць (правіза роўнааб’ёмнасці). Цяжка ўявіць сабе, што хтосьці задаволіцца азначэннем маралі толькі як духоўнага феномена: кожны, нават некампетэнтны ў логіцы чалавек заўважыць невыяўленасць спецыфікі азначанага ў ім, яго занадта шырокі характар. Аднак калі мы азначым мараль як сістэму норм і правіл, што рэгулююць паводзіны людзей і іх стасункі, дык памылка, тоесная па сваёй сутнасці з папярэдняй, можа застацца і незаўважанай.