• Газеты, часопісы і г.д.
  • Логіка  Аркадзь Бабко

    Логіка

    Аркадзь Бабко

    Памер: 184с.
    Мінск 2017
    50.14 МБ
    8
    важную ролю ў плане вызначэння сутнасці і характару фармальнай логікі. Справа ў тым, што чалавечыя развагі здзяйсняюцца ў стыхіі мыслення, а значыць, і мовы. Дзеля таго, каб быць слушнымі, яны павінны грунтавацца на сістэме пэўных законаў і правіл. Па сутнасці менавіта логас з’яўляецца сапраўдным прадметам фармальнай логікі, што выявілася і ў даследаваннях яе пачынальніка. Пры гэтым варта адзначыць у найвышэйшай ступені абстрактны, усеагульны характар згаданага выяўлення, адкрытага, такім чынам, для розных інтэпрэтацыйных стратэгій [11,с. 54],
    Значэнне логікі
    У дадзенай сувязі цалкам відавочным робіцца і грунтоўнае тэарэтычнае значэнне фармальнай логікі: яна апісвае надзвычай важны сегмент духоўнай рэчаіснасці і таму спрыяе пашырэнню нашых ведаў пра нас саміх і паглыбенню нашага разумення сваёй уласнай сутнасці. Пры гэтым фармальналагічныя даследаванні выходзяць на няпростыя філасофскія і этычныя праблемы (поспехі сучаснай сімвалічнай логікі, напрыклад, пераканалі тэарэтыкаў, схільных да экстраардынарных высноў, у тым, што на самай справе мы з’яўляемся разумнымі машынамі; пры менш экстравагантным падыходзе, аднак, згаданыя поспехі разглядаюцца як сведчанне нашай грунтоўнай перавагі перад механічнымі прыстасаваннямі [24, с. XI]).
    Разам з тым, фармальная логіка мае грунтоўнае практычнае значэнне, што абумоўліваецца ўласцівым ёй істотным нарматыўным аспектам, зафіксаваным у прыведзеным вышэй азначэнні. Аднак, пры разглядзе дадзенага пытання часам выказваліся, на першы погляд, небезпадстаўныя сумненні адносна практычнага патэнцыялу дадзенай навукі. I. М. Бахеньскі распавядае ў працы «Фармальная логіка» пра шатландскага філосафа Томаса Рыда (17101790), які меў намер падаць прысвечаныя лагічнай праблематыцы творы Арыстоцеля шырокай публіцы і з імпэтам распачаў працу над «Арганонам» (такую назву атрымаў ў сярэднявечную эпоху  ці нават раней  іх збор). Аднак хутка наступіла расчараванне, праца набывала ўсё больш змушаны характар і вызначальным для настрою думак філосафа зрабілася пытанне,
    9
    якое ён сфармуляваў наступным чынам: «Чаму я павінен губляць час і з усёй шчырасцю засяродзіцца на тым, што ў сапраўднасці не можа прынесці рэальнай карысці?» У Томаса Рыда не было, значыцца, ніякіх сумненняў у марнасці працы над «Аналітыкамі» (найважнейшая частка «Арганона»), Як ён абгрунтоўваў сваю пазіцыю? На яго думку, Арыстоцель разглядае ў «Арганоне» найабстрактнейшыя рэчы (прычым разглядае іх надзвычай лаканічна і, магчыма, з наўмыснай няўцямнасцю), прыкладае каласальныя намаганні для правядзення доказаў  «і ўсё гэта для таго, каб даказаць усеагульныя палажэнні, якія пры ўжыванні да канкрэтных выпадкаў выглядаюць самавідавочнымі» [11, с. 67] (тут і далей пераклад мой. — А. Б.). Сапраўды, навошта дэталёва разглядаць і даказваць тое, што неабходным і відавочным чынам здзяйсняецца ў кожным слушным разважанні? Наш розум уладкаваны так, што функцыянуе паводле пэўных законаў. Навошта на.м засяроджваць на іх увагу, калі мы так або інакш валодаем імі?
    Акрамя таго, логіка імкнецца адказаць на пытанне, як павінны быць арганізаваны нашы разважанні, каб яны маглі прывесці да агульназначных вынікаў. А вось пытанне пра праўдзівасць вынікаў не ўваходзіць у сферу яе кампетэнцыі: апісваючы структуру агульназначных разваг, выяўляючы законы і нормы, на якіх дадзеная структура грунтуецца, логіка не можа і не павінна высвятляць, наколькі праўдзівымі і пераканаўчымі з’яўляюцца выказванні, з якіх мы зыходзім у нашых развагах. Аднак праўдзівасць нашых высноў залежыць ад праўдзівасці пасылак, якую можна вызначыць толькі на аснове спецыяльнага аналізу. Такім чынам, валоданне законамі логікі ні ў якім разе не вызваляе ад спецыяльнай даследчай працы, калі мы хочам авалодаць той ці іншай прадметнай сферай.
    На чым у такім выпадку грунтуецца практычнае значэнне логікі, якое так выразна артыкулявалася і артыкулюецца прадстаўнікамі гэтай навукі (як указвалася вышэй, у Сярэднявеччы корпус прысвечаных лагічнай праблематыцы твораў Арыстоцеля называўся «Арганон», гэта значыць логіка трактавалася як інструмент для вырашэння канкрэтных пазнавальных задач)? Адзначым, па
    ю
    першае, што «натуральнае», неадрэфлексаванае валоданне законамі і правіламі логікі ні ў якім разе не можа атаясамлівацца з імунітэтам ад іх парушэння і таму не з’яўляецца дастаткова надзейным гарантам слушнасці нашых разваг. Яшчэ ў Антычную эпоху ў духоўнай культуры чалавецтва замацавалася ўяўленне, што чалавек  не Бог: ён асуджаны на няпросты жыццёвы шлях, на якім ніякім чынам не можа абысціся без памылак. Гэта мае моц і ў дачыненні да нашага мыслення. Памылкі, звязаныя з парушэнне.м законаў логікі, зусім не рэдкасць у духоўным жыцці. Выяўленне сутнасці гэтых памылак, умоў і прычын іх узнікнення традыцыйна належыць да ключавых задач логікі. Такім чынам, грунтоўнае валоданне законамі дадзенай навукі дазваляе хутка і эфектыўна распазнаваць, ідэнтыфікаваць і пераадольваць лагічныя памылкі (а ў ідэале і пазбягаць іх) у нашых уласных развагах і дапамагае не быць уведзеным у зман праз наўмысныя (яны называюцца сафізмамі) ці ненаўмысныя (за імі замацавалася назва «пар^загЬмы») памылкі нашых суразмоўцаў і апанентаў.
    Падругое, неабходна падкрэсліць, што, хоць логіка і не вызваляе нас ад спецыяльнай пазнавальнай дзейнасці пры спробе тэарэтычнага засваення таго ці іншага прадмета, яна дазваляе арганізаваць гэтую дзейнасць больш эфектыўна, зрабіць яе больш выніковай. Інакш кажучы, логіка мае грунтоўны метадалагічны патэнцыял. Як найбольш поўна і плённа выкарыстаць яго, гэта вялікая і сур’ёзная праблема, якой спецыяльна займаецца ў шчыльным супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні з самой логікай усеагульная метадалогія.
    Пры разглядзе пытання пра значэнне логікі нелыа пакінуць паза ўвагай яго агульнакультурны аспект. Дадзеная навука выконвае істотныя функцыі ў культуры  і ў індывідуальным, і ў грамадскім плане. 1 гэта цалкам натуральна: лагічная культура выступае як неад’емны аспект агульнай культуры і асобы, і грамадства. Адзначым у дадзенай сувязі факт грунтоўнай запатрабаванасці лагічнай культуры ў камунікатыўнай сферы, на што ўжо Арыстоцель звяртаў увагу і ўказваў на істотнае значэнне навыкаў фармальнага аналізу пры абмене думкамі (валоданне гэтым мастацтвам дазваляе, на яго погляд, заняць уласную, самастой
    іі
    ную пазіцыю ў камунікатыўным працэсе і паслядоўна праводзіць яе) [1, с. 351; 11, с. 59], Згаданы момант набывае асаблівую важнасць у сучасным  інфармацыйным  грамадстве, ва ўмовах якога чалавеку весь час рызыкуе патрапіць пад уладу самых розных дыскурсаў і зрабіцца лёгкай здабычай дыскурсу ўлады.
    Пытанні і заданні
    1.	I. М. Бахеньскі ўказваў, што апроч філасофіі ніякая іншая навука не можа параўнацца з логікай у шматзначнасці яе наймення [11, с. 3]. Паспрабуйце вытлумачыць гэты факт.
    2.	Мысленне вывучаецца шмат якімі навукамі. Як растлумачыць такі стан рэчаў? Як суадносяцца паміж сабой у гэтым плане логіка і псіхалогія?
    3.	Логіка мае ўніверсальнае, агульначалавечае значэнне. Аднак розныя гістарычныя эпохі адрозніваюцца паміж сабой сваім стаўленнем да яе, узроўнем сваёй лагічнай культуры. Да ўзорных у гэтым плане эпох належыць Сярэднявечча [33]. Як Вы лічыце, чаму? Якія агульнакультурныя фактары паспрыялі надзвычай інтэнсіўнаму развіццю логікі ў дадзеную эпоху?
    4.	А. Эйнштэйн лічыў, што найбольш важнай задачай фізікі з’яўляецца адкрыццё грунтоўных (найпрасцейшых, элементарных) законаў прыроды. На яго думку, аднак, шлях да гэтых законаў вызначае не логіка, а выключна «інтуіцыя, якая абапіраецца на пачуццёвае прасякненне досведу» [13, с. 168]. Аналагічнага пункту гледжання прытрымліваўся (спасылаючыся на А. Эйнштэйна) і К. Попер: «Не існуе лагічнага, даступнага для рацыянальнай рэканструкцыі метаду адкрыць штосьці новае» [30, с. 7], Ці можна пагадзіцца з выбітнымі прадстаўнікамі філасофіі і навукі? Адказ абгрунтуйце.
    5.	Сфармулюйце некалькі разваг, ідэнтычных па сваёй форме прыведзеным у дадзеным параграфе.
    6.	Ці з’яўляюцца агульназначнымі прыведзеныя ніжэй развагі? На чым грунтуецца, на Вашу думку, іх слушнасць або няслушнасць?
    а)	Калі ўсе навукі выконваюць важныя культурныя функцыі, дык і фізіка выступае як значны ў культурных адносінах феномен.
    12
    Фізіка  гэта значны культурны феномен.
    Значыцца, усе навукі выконваюць важныя культурныя функцыі.
    Ь)	Калі ўсе навукі выконваюць важныя кулыпурныя функцыі, дык і фізіка выступае як значны ў культурных адносінах феномен.
    Усе навукі выконваюць важныя культурныя функцыі.
    Значыцца, фізіка выступае як значны кулыпурны феномен.
    1.2. ЛОГІКА I МОВА. ТРАДЫЦЫЙНАЯ I СУЧАСНАЯ ЛОГІКА
    Мысленне і мова. Моўны крытэрый вылучэння грунтоўных гістарычных тыпаў логікі
    Паводле трапнага выразу вялікага нямецкага філосафа Гегеля (17701831) мова гэта цела мыслення. Мысленне адбываецца ў яе стыхіі, у ёй здзяйсняюцца і ўсе нашы развагі (слушныя і няслушныя, глыбокія і павярхоўныя, выніковыя і не надта). Мова можа быць вызначана як адмысловая знакавая сістэма, элементы якой (знакі) звязаны паміж сабой паводле пэўных правіл. Надзвычай важным у кантэксце лагічных даследаванняў з’яўляецца выяўленне адрозненняў паміж семантычным, сінтактычным і прагматычным аспектамі функцыянавання моўных знакаў і іх вывучэння. Семантычны падыход мае справу з дачыненнем паміж знакам і прадметам, што ім абазначаецца. Сінтактычны аналіз скіраваны на адносіны паміж самімі знакамі. I, нарэшце, прагматычны аспект выяўляе стасункі паміж знакамі і тымі, хто іх ужывае.
    Моўныя знакі маюць сімвалічны характар: яны не падобныя да тых прадметаў, што абазначаюцца імі. Яны ўзнікаюць ці стыхійна  у працэсе антрапасацыягенезу і этнагенезу, ці праз пагадненні паміж людзьмі. У першым выпадку мы маем справу з натуральнымі мовамі (яны называюцца таксама этнічнымі), у другім  са штучнымі. Відавочна, што нашы развагі могуць фармулявацца і аналізавацца як у рамках натуральнай мовы, так і ў рамках спецыяльнай тэхнічнай мовы, штучнай паводле свайго паходжання. Гэты момант з’яўляецца надзвычай значным для
    13
    логікі, на яго аснове вылучаюцца два найбольш агульныя гістарычныя яе тыпы: традыцыйная логіка (развагі фармулююцца і аналізуюцца тут найперш у натуральнай мове) і сучасная, ці сімвалічная (яна карыстаецца ў першую чаргу і ў асноўным спецыяльна створанай штучнай, тэхнічнай мовай).