Маска Чырвонае Смерці
Эдгар Алан По
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 472с.
Мінск 2011
Альфонса Гарсія, трунар, засведчыў, што жыве на вуліцы Морг. Гішпанец па нараджэнні. Разам з іншымі быўудоме. Наверх не падымаўся. Слабыя нервы, яму нельга хвалявацца. Галасы чуў. Хрыпла гаварыў француз. Што ён сказаў разабраць не мог. Пранізлівым голасам гаварыў ангелец, у гэтым сведка ўпэўнены. Па-ангельску не разумее, мяркуе па інтанацыі.
Альберта Мантані, уладальнік крамы гатовага адзення, засведчыў што ў ліку першых падняўся па лесвіцы. Галасы, пра якія ідзе размова, чуў. Хрыпла гаварыў француз. Разабраў некалькі словаў. Здалося, што некага папракалі. 3 таго, што крычаў пранізлівы голас, не зразумеў нічога. Словы сыпаліся часта, але нераўнамерна. Здаецца, гаварыў расіец. Пагаджаецца з ранейшымі сведчаннямі. Сам ён італьянец. 3 расійцамі размаўляць ніколі не даводзілася.
Некалькі сведкаў на другім допыце зазначылі, што коміны ў абодвух пакоях занадта вузкія, каб праз іх мог пралезці чалавек. Калі гаварылі пра «камінараў», дык мелі на ўвазе цыліндрычныя шчоткі, якімі карыстаюцца для чысткі комінаў. Гэтымі шчоткамі прайшліся па ўсіх дымаходах. У доме няма чорнай лесвіцы, па якой можна было б збегчы ўніз у той час, пакуль натоўп падымаўся на пяты паверх. Труп мадэмуазэль Л'Эспанэ быў настолькі шчыльна заціснуты ў коміне, што толькі агульнымі намаганнямі чатырох-пяці мужчын удалося яго адтуль выцягнуць.
Поль Дзюма, лекар, сведчыць, што яго выклікалі агледзець трупы недзе на досвітку. Абодва ляжалі на голым ложку ў пакоі, дзе знайшлі мадэмуазэль Л’Эспанэ. Усё цела дачкі было ў сіняках і драпінах. Гэта ў дастатковай меры тлумачыцца тым, што яе запіхвалі ў дымаход. Асабліва пашкоджаная шыя. Крыху ніжэй за падбароддзе — некалькі глыбокіх драпін і шэраг сінякоў, відавочна, сляды пальцаў. Твар страшэннага колеру, вочы павылазілі з арбітаў. Язык ледзь не наскрозь пракушаны. Вялікі сіняк на ніжняй частцы жывата сведчыць пра тое, што тут націскалі каленам. На думку мсьё Дзюма, мадэмуазэль Л’Эспанэ была задушаная адной або некалькімі невядомымі асобамі. Труп маці жудасна знявечаны. Усе косці правай рукі і нагі ў той ці іншай ступені паламаныя. Пашчэпленыя tibia1 і рэбры з левага боку.
Усё цела ў сіняках і драпінах. Цяжка вызначыць, чым нанесеныя гэтыя пашкоджанні. Гэта можна было зрабіць і тоўстай палкай, і жалезным ломам, і крэслам — любой важкай і тупой
Галёнкавая косць (лац.).
рэччу ў руках вельмі дужага чалавека. У жанчыны не хапіла б сілы так моцна ўдарыць. Галава забітай, калі яе ўбачыў лекар, ляжала асобна ад цела і таксама была вельмі знявечаная. Горла перарэзалі, відавочна, вельмі вострым інструментам, магчыма, брытвай.
Аляксандр Эцьен, хірург, быў выкліканы разам з мсьё Дзюма, каб агледзець трупы. Далучаецца да сведчанняў і думак калегі.
Больш нічога істотнага высветлена не было, хоць дапыталі яшчэ некалькі чалавек. У Парыжы ніколі раней не чулі пра забойства, здзейсненае ў такіх загадкавых і заблытаных абставінах, калі гэта насамрэч забойства. Паліцыя ў поўнай разгубленасці — незвычайная з’ява ў такіх справах. Няма нават намёку на магчымую разгадку».
У вячэрнім выпуску газеты паведамлялася, што ў квартале Сэн-Рош па-ранейшаму пануе страшэнны пярэпалах і што згаданы дом зноў старанна абшукалі і яшчэ раз дапыталі сведкаў, але ўсё аказалася дарэмна. Дадаткова паведамлялася, што арыштавалі і пасадзілі за краты Адольфа Лё Бона, хоць, здавалася, ніякіх новых фактаў у дачыненні да яго, апрача тых, што паведамляліся, устаноўлена не было.
Дзюпэн, здавалася, вельмі цікавіўся ходам следства — зрэшты, я меркаваў так па яго паводзінах, бо ніякіх заўваг з яго боку не чуў. I толькі калі з'явілася вестка пра арышт Лё Бона, ён пацікавіўся маёй думкай наконт забойства.
Я мог толькі пагадзіцца з усім Парыжам, што гэтую таямніцу разгадаць нельга. Я не бачыў ніякіх шляхоў, якія б маглі вывесці на след забойцы.
— Мы не павінны меркаваць пра магчымыя шляхі на падставе такога павярхоўнага вышуку, — заўважыў Дзюпэн. — Парыжская паліцыя, якую так хваляць за праніклівасць, насамрэч толькі хітрая — і не больш за тое. У яе дзеяннях няма сістэмы, агенты жывуць адным момантам. Займаюцца дэманстрацыяй шматлікіх прыёмаў, але нярэдка гэтыя прыёмы настолькі не адпавядаюць аб’ектам вышуку, што на думку прыходзяць словы мсьё
Журдэна*, які загадваў прынесці robe-de-chambre — pour mieux entendre la musique1.
Вынікі ix дзейнасці нярэдка сапраўды ўражваюць, але дасягаюцца яны ў большасці выпадкаў стараннасцю і энергічнасцю. Калі гэтыя якасці адсутнічаюць, іх задумы аказваюцца марнымі. Відок*, напрыклад, вельмі здагадлівы і ўпарты чалавек. Але калі яму бракуе інтэлекту, дык ён увесь час блытаецца, робячыся ахвярай сваёй мітуслівасці. Бачанне аб'екту скажаецца, бо ён трымае яго занадта блізка да вачэй. Ён, бадай, здольны бачыць адну-дзве дэталі выразна, але адначасова ўвесь аб’ект вывучэння абавязкова аказваецца паза межамі зроку. Такім чынам, існуе такая з'ява, як залішняе паглыбленне. Праўда не заўсёды на дне глыбокага калодзежа*. Больш за тое, найбольш важныя веды, я ўпэўнены, непазбежна ляжаць на паверхні. Глыбіня — у тых безданях, дзе мы шукаем гэтыя веды, а не на горных вышынях, дзе іх знаходзім. Характар і карані вось такіх памылак можна вызначыць шляхам назірання за нябеснымі целамі. Калі глядзець на зорку па-рознаму — зірнуць на яе коса, паступова павярнуць да яе вонкавую частку сятчаткі (больш адчувальную да ледзь прыкметных водбліскаў святла, чым яе ўнутраны бок), убачыць зорку выразна, — можна выбраць найлепшы шлях да ўяўлення пра яе бляск — бляск, які робіцца ўсё больш цьмяным, чым шырэй наш позірк ахоплівае зорку. У апошнім выпадку ў вока трапляе фактычна больш промняў але ў першым — больш вострая ўспрымальнасць. У выніку беспадстаўнай заглыбленасці думкі збіваюцца і паслабляюцца, так і Венера можа растаць на нябесным купале, калі ўзірацца ў яе занадта ўпарта або занадта засяроджана.
Што ж датычыць гэтых забойстваў, давай зробім самастойныя вышукі, перад тым як выказаць пра іх сваю думку. Расследаванне забавіць нас. — (Я падумаў што слова «забавіць» — недарэчнае ў дадзеным выпадку, але змаўчаў). — Акрамя таго, Лё Бон аднойчы зрабіў мне паслугу, за якую я не магу не быць яму ўдзячны. Пойдзем і агледзім будынак самі. Я знаё-
1 Халат — каб лепш чуць музыку (фр.).
мы з Ж., прэфектам паліцыі, таму мы без цяжкасцяў атрымаем неабходныдазвол.
Атрымаўшы дазвол, мы адразу ж рушылі на вуліцу Морг. Гэта ціхі завулак, які злучае вуліцы Рышэльё і Сэн-Рош. Квартал быў далёка ад дому, дзе мы жылі, і таму мы дабраліся туды толькі пад вечар. Дом знайшлі адразу ж, бо вакол яго паранейшаму было шмат людзей, якія, стоячы на процілеглым баку вуліцы, з пустой цікаўнасцю пазіралі на зачыненыя аканіцы. Гэта быў звычайны парыжскі асабняк з шырокімі дзвярыма параднага ўваходу, да якога збоку прыляпілася будка з адсоўным акенцам, па якім можна было здагадацца, што гэта loge de concierge1.
Перад тым як зайсці ў дом, мы прайшліся па вуліцы, звярнулі ў завулак, зноў звярнулі, прайшліся каля дому з двара — увесь гэты час Дзюпэн вывучаў квартал і сам дом з незвычайнай пільнасцю, хоць я не разумеў, што яго магло так зацікавіць.
Вярнуўшыся той жа дарогай да ўваходу, мы пазванілі і, паказаўшы адпаведныя паперы, атрымалі ад дзяжурных паліцэйскіх дазвол зайсці ўсярэдзіну. Мы пайшлі наверх, у пакой, дзе была знойдзеная мадэмуазэль Л’Эспанэ і дзе ўсё яшчэ ляжалі абодва трупы. Там па-ранейшаму быў беспарадак, бо ўсё, як гэта звычайна робіцца, захоўвалася ў непарушнасці. Нічога новага ў параўнанні з тым, што пісала «Судовая газета», я не заўважыў. Дзюпэн, аднак, уважліва агледзеў кожную дробязь, не абмінуў і трупаў. Потым мы зайшлі ў іншыя пакоі і спусціліся ў двор — увесь гэты час нас суправаджаў паліцэйскі. Агляд працягваўся да самай цемры, толькі з яе надыходам мы нарэшце развіталіся. На зваротнай дарозе дадому мой прыяцель зайшоў на хвіліну ў рэдакцыю адной ранішняй газеты.
Я ўжо гаварыў, што дзівацтвы майго сябра былі самыя нечаканыя, але je les menageais2: у ангельскай мове няма адпаведнага эквіваленту.
1 Памяшканне кансьержа (фр.)-
2 Я ім патураў (фр.).
У той вечар у яго не было настрою весці гаворку пра забойства, і распачаў ён яе толькі апоўдні наступнага дня. Менавіта тады ён спытаў мяне, ці заўважыў я што-небудзь асаблівае ў той сцэне жорсткасці. Ён вымавіў слова «асаблівае» з такім націскам і такім дзіўным тонам, што я, не ведаю чаму, скалануўся.
— He, нічога асаблівага, — адказаў я, — ва ўсялякім разе, у параўнанні з тым, што паведамлялася ў газеце.
— Баюся, што газета, — запярэчыў Дзюпэн, — не спасцігла ўсяго неймавернага жаху таго, што здарылася. Але забудзем пра дылетанцкія разважанні прэсы. Здаецца, загадку лічаць невырашальнай з тае самае прычыны, якая дае падставу ставіцца да яе як да вельмі зразумелай, — я маю на ўвазе тое, што ўсё ў ёй неяк празмерна жудаснае.
Паліцыю, відаць, збіла з тропу адсутнасць матывацыі не столькі забойства, колькі жорсткасці, з якой яно было здзейсненае. Іх таксама бянтэжыць, здавалася, невырашальная супярэчнасць: сведкі чулі, як нехта сварыўся, але наверсе нікога, акрамя забітай мадэмуазэль Л’Эспанэ, не знайшлі. Выйсці ж адтуль, каб не заўважылі людзі, што падымаліся па лесвіцы, было немагчыма. Страшэнны беспарадак у пакоі, заціснуты ў комін уніз галавой труп, жахліва знявечанае цела старой — гэтых абставін, а таксама тых, пра якія я толькі што гаварыў, і іншых, што не варта ўспамінаць, было дастаткова, каб спаралізаваць высілкі ўладаў, якія, нягледзячы на сваю праніклівасць, якой яны так ганарацца, апынуліся ў тупіку. Яны сталі ахвярамі грубай, але вельмі распаўсюджанай памылкі, зблытаўшы незвычайнае з незразумелым. Але менавіта дзякуючы адхіленню ад звычайнага і адкрываецца прастор, калі гэта сапраўды магчыма, для розуму ў пошуках ісціны. У вышуках, накшталт гэтых, якімі мы цяпер займаемся, трэба ставіць не столькі пытанне «што здарылася?», колькі «што здарылася такога, чаго ніколі раней не здаралася?». I насамрэч існуе непасрэдная сувязь паміж лёгкасцю, з якой я прыйду ці ўжо прыйшоў да разгадкі гэтай таямніцы, і яе невырашальнасцю, якая існуе на думку паліцэйскіх.
Я глядзеў на Дзюпэна ў нямым здзіўленні.