Маска Чырвонае Смерці  Эдгар Алан По

Маска Чырвонае Смерці

Эдгар Алан По
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 472с.
Мінск 2011
109.3 МБ
— Апісанне пальцаў, — сказаў я, скончыўшы чытанне, — дакладна супадае з рысункам. Цяпер я разумею, што ніякая другая жывёліна, акрамя арангутана, не магла пакінуць такіх адбіткаў, якія ты тут намаляваў. Жмуток рудой поўсці таксама адпавядае апісанню, дадзенаму Кюўе. Але я ніяк не магу зразумець акалічнасцяў гэтай жахлівай таямніцы. Да таго ж людзі чулі, як сварыліся два чалавекі, і адзін голас бясспрэчна належаў французу.
— Сапраўды так; і табе запомніўся выраз, які ледзь не ўсе прыпісваюць гэтаму голасу, — mon Dieu! Гэтыя словы, улічваючы абставіны, як справядліва ахарактарызаваў адзін сведка (Мантані, уладальнік крамы), выказвалі пратэст і папрок. Таму менавіта з дапамогай гэтых двух словаў я і спадзяваўся знайсці разгадку таямніцы. Нейкі француз быў сведкам забойства. Магчыма, і нават больш чым імаверна, ён невінаваты ў крывавым забойстве. Арангутан мог ад яго ўцячы. Француз жа, відаць, адшукаў яго ў тым самым пакоі, але ў сумятні, што там узнікла, не здолеў яго злавіць. Малпа па-ранейшаму на волі. Я не хацеў бы падрабязна казаць пра свае здагадкі, бо пакуль не маю права называць іх інакш, таму што хісткія меркаванні, на якіх яны грунтуюцца, далёка не такія глыбокія, каб я мог канчаткова ўпэўніцца ў іх правільнасці, а таксама таму, што не магу сцвярджаць, што яны будуць пераканаўчымі для іншых. Таму будзем паранейшаму называць іх здагадкамі і ставіцца да іх адпаведна. Калі той самы француз, як я спадзяюся, насамрэч невінаваты ў жорсткім забойстве, дык вось гэтая аб’ява, што я занёс учора вечарам па дарозе дадому ў рэдакцыю газеты «Монд», папулярнай сярод маракоў, прывядзе яго да нас.
Дзюпэн даў мне газету, і я прачытаў наступнае:
«ЗЛОЎЛЕНЫ ў Булонскім лесе на досвітку адпаведнага дня (якраз тады, калі адбылося забойства] вельмі вялікіх памераў буры арангутан, з тых, што водзяцца на востраве Барнэа, будзе вернуты ўладальніку (згодна са звесткамі, матросу мальтыйскага судна) пры ўмове дастатковых доказаў прыналежнасці яму жывёліны і кампенсацыі выдаткаў, звязаных з яе лоўляй і ўтрыманнем. Звяртацца па адрасе:
дом № *** па вуліцы *** у Сэн-Жэрменскім прадмесці, спытаць на трэцім паверсе».
— Як гэта, — спытаў я, — ты даведаўся, што гэты чалавек — матрос, ды яшчэ з мальтыйскага судна?
— Я гэтага не ведаю, — адказаў Дзюпэн, — і не ўпэўнены ў гэтым. Але вось кавалачак стужкі, якім, калі меркаваць па ..вонкавым выглядзе і зашмальцаванасці, відавочна завязвалі валасы ў queues1, якія так падабаюцца матросам.
Больш за тое, такі вось вузел мала хто можа завязаць, акрамя матросаў, а дакладней, мальтыйскіх матросаў. Я падабраў стужку пад громаадводам. Яна не магла належаць забітым жанчынам. Калі ж усё-ткі я і памыляюся ў сваіх высновах і наконт стужкі, і наконт таго, што француз — матрос з мальтыйскага судна, вялікай бяды з таго, што я напісаў у аб’яве, няма. Калі гэта памылка, ён проста падумае, што мяне ўвяла ў зман якая-небудзь акалічнасць, пра якую і дазнавацца не будзе. Калі ж я маю рацыю, такім чынам будзе вырашаная важная справа. Як сведка, хоць і невінаваты ў забойстве, француз, натуральна, будзе вагацца, перш чым адгукнуцца на аб’яву наконт арангутана. Разважаць ён будзе так: «Я невінаваты; да таго ж чалавек я бедны, арангутан наогул каштуе шмат, а для такога, як я, ён сапраўднае багацце — навошта ж мне страчваць яго толькі таму, што я баюся невядома чаго? Ён тут, побач, толькі руку працягні. Знайшлі арангутана ў Булонскім лесе — гэта значыць вельмі далёка ад месца Ta­ro жорсткага забойства. Хто здагадаецца, што гэта зрабіла малпа? Паліцыя — у тупіку, не здолела знайсці нават самага нязначнага ключа да разгадкі. Калі яны і выйшлі на след малпы, ім не ўдасца даказаць, што я быў сведкам забойства, або навесіць на мяне адказнасць за тое, што здарылася, толькі таму, што я ведаў пра здарэнне. Галоўнае ж тое, што пра мяне ведаюць. Той, хто даў аб'яву, вызначыў мяне як уладальніка жывёліны. He ведаю, наколькі падрабязныя яго звесткі пра мяне. Калі ж я не прызнаюся, што я — уладальнік такой каштоўнай маёмасці, а гэта ўжо вядома, жывёліна акажацца
1 Хвасты (фрф
пад падазрэннем. Такім чынам, не варта залішне звяртаць увагу на сябе ці на малпу. Лепш я з’яўлюся па аб'яве, забяру арангутана і схаваю яго, пакуль уся гэтая справа не атрымала розгаласу».
У той самы момант мы пачулі, як нехта затупаў па лесвіцы.
— Трымай пісталеты напагатове, — звярнуўся да мяне Дзюпэн, — але не паказвай іх і не страляй без маёй каманды.
Уваходныя дзверы былі незачыненыя, наведнік зайшоў не пазваніўшы і пачаў уздымацца па прыступках. Але, відаць, завагаўся. Мы пачулі, як ён пайшоў уніз. Дзюпэн кінуўся да дзвярэй, але тут мы пачулі, што прыбыш вяртаецца. Больш ён не рабіў спробы павярнуць назад, рашуча пайшоўуверх па лесвіцы і хутка пастукаў у дзверы пакоя.
— Уваходзьце! — бадзёра і добразычліва адгукнуўся Дзюпэн.
У пакой зайшоў мужчына. Гэта відавочна быў матрос — высокі, дужы, мускулісты. На выгляд — той яшчэ вісус, але нельга сказаць, каб зусім несімпатычны. Моцна загарэлы твар быў напалову схаваны пад бакамі і mustachio'.
У руках матрос трымаў тоўстую дубовую палку, відаць, адзіную сваю зброю. Ён няўклюдна пакланіўся і пажадаў нам «добрага вечара» на добрай французскай мове, праўда, з лёгкім неўшатэльскім* акцэнтам, але ўсё ж было зразумела, што ён карэнны парыжанін.
— Сядайце, прыяцель. — сказаў Дзюпэн. — Відаць, вы прыйшлі наконт арангутана. Папраўдзе кажучы, я амаль зайздрошчу вам, выдатны экзэмпляр і, безумоўна, вельмі каштоўны. Колькі яму гадоў, як вы лічыце?
Матрос уздыхнуў з палёгкай чалавека, з плячэй якога зваліўся важкі камень, і загаварыў упэўненым тонам.
— He ведаю, што вам сказаць, — гады чатыры або пяць, не больш. Ён тут, у вас?
— Ну што вы, не — у нас няма ўмоваў для ягонага ўтрымання. Ён на платнай стайні, што па вуліцы Дзюбур, зусім побач. Можаце забраць раніцай. Вядома, вам няцяжка будзе даказаць свае правы.
1	Вусы (іт.).
— Вядома, не, сэр.
— Шкада будзе развітвацца з ім, — сказаў Дзюпэн.
— He думайце, што ўсе вашы клопаты не будуць узнагароджаныя, сэр, — сказаў матрос. — Я ж не які-небудзь там... Ахвотна заплачу ўзнагароду за тое, што вы знайшлі жывёліну, — вядома, адпаведную маім магчымасцям.
— Што ж, — адказаў мой прыяцель, — вельмі прыстойна з вашага боку. Дайце падумаць, што ж я магу ў вас папрасіць? Ага! Слухайце. Узнагарода будзе вось якая. Вы паведаміце мне ўсю інфармацыю, якой валодаеце пра забойства, што адбылося на вуліцы Морг.
Дзюпэн сказаў апошнія словы вельмі ціха і спакойна. Гэтак жа спакойна ён падышоў да дзвярэй, замкнуў іх і паклаў ключ у кішэню. Потым дастаў пісталет, які трымаў за пазухай, і паклаў без усялякага шуму на стол.
Твар матроса зрабіўся барвовы, нібыта яго нехта душыў за горла. Ён ускочыў і схапіўся за палку, але адразу ж асеў на крэсла, потым увесь закалаціўся і зрабіўся белы як смерць, не здольны вымавіць ніводнага слова. Мне было шчыра шкада яго.
— Паслухайце, прыяцель, — спагадліва звярнуўся да яго Дзюпэн, — паверце слову двараніна і француза — мы не збіраемся рабіць вам нешта дрэннае. Мне добра вядома, што вы невінаваты ў крывавых забойствах, што адбыліся на вуліцы Морг. Аднак разам з тым нельга сцвярджаць, што вы не маеце да іх ніякага дачынення. 3 таго, што я ўжо сказаў, вы, відаць, здагадаліся, што я валодаю інфармацыяй наконт гэтай справы — прычым з крыніцы, пра існаванне якой вы нават не здагадваліся. Абставіны складваюцца наступным чынам. Вы не зрабілі нічога такога, за што вас маглі б прыцягнуць да адказнасці. Вас нельга абвінаваціць у рабаўніцтве, хоць вы маглі беспакарана завалодаць чужымі рэчамі. Вам няма чаго хаваць і няма падстаў для ўтойвання чагосьці. 3 іншага боку, згодна з прынцыпамі гонару, вы павінны засведчыць усё, што вам вядома. За кратамі апынуўся бязвінны чалавек, якога вінавацяць у забойстве, а вы можаце паказаць на сапраўднага злачынцу.
Словы Дзюпэна падзейнічалі — матрос у значнай ступені ачуняў, але ад яго былой самаўпэўненасці нічога не засталося.
■— Ну, што ж, застаецца спадзявацца на Божую літасць, — адказаў матрос, крыху памаўчаўшы. — Няхай будзе так, я раскажу вам усё, што ведаю пра гэтую справу. Трэба быць дурнем, каб спадзявацца, што вы хоць напалову паверыце маім словам. I ўсё ж я невінаваты, і хай мяне пакараюць смерцю, але я вам раскажу ўсё як на споведзі.
Паведаміў ён, па сутнасці, наступнае. Нядаўна ён плаваў на астравы Індыйскага архіпелага. Кампанія матросаў у якой быў і ён, выйшла на бераг у Барнэа і скіравалася на прагулку. Яны з таварышам злавілі арангутана. Кампаньён хутка памёр, і матрос застаўся адзіным уладальнікам жывёліны. Перажыўшы шмат турбот праз неўтаймаваны нораў малпы ў час вяртання на радзіму, ён нарэшце здолеў прывесці яе ў свой парыжскі дом, дзе і трымаў як мага далей ад цікаўных вачэй суседзяў, чакаючы, пакуль у арангутана зажыве пашкод^каная на караблі нага. Матрос разлічваў яго выгадна прадаць.
Неяк вярнуўшыся дадому з гулянкі, а было гэта ў тую ноч, дакладней, у тую раніцу, калі адбылося забойства, матрос убачыў арангутана ў спальні, куды той залез, вырваўшыся з суседняй каморкі, дзе яго звычайна замыкалі за, здавалася, надзейна замкнёнымі дзвярыма. Трымаючы ў руцэ брытву і намыліўшыся па ўсіх правілах, малпа сядзела перад люстэркам і збіралася галіцца, пераймаючы дзеянні гаспадара, за якімі, несумнеўна, назірала праз замочную адтуліну. Матрос напалохаўся, убачыўшы такую грозную зброю ў руках небяспечнай жывёліны, з якой яна да таго ж так спрытна ўпраўлялася, і на некалькі хвілін разгубіўся. Аднак яму неаднойчы даводзілася ўтаймоўваць арангутана, нават у моманты неймавернай раз'юшанасці, з дапамогай бізуна, таму і цяпер ён збіраўся зрабіць тое ж самае. Убачыўшы бізун, арангутан кінуўся да дзвярэй, паімчаў уніз па лесвіцы і адтуль праз акно, якое, на жаль, было адчынена, скочыў на вуліцу.
Француз у адчаі пабег наўздагон. Малпа, па-ранейшаму трымаючы ў руцэ брытву, раз-пораз спынялася, азіралася, крывіла пысу ў бок гаспадара і, падпусціўшы яго зусім блізка,
зноў кідалася наўцёкі. Так яны адбеглі далёка ад дому. Было тры гадзіны ночы, і на вуліцах панавала мёртвая цішыня. Прабягаючы па завулку каля вуліцы Морг, уцякач звярнуў увагу на святло, што мігцела ў адчыненым акне спальні мадам Л'Эспанэ на пятым паверсе яе дому. Кінуўшыся ў бок будынка, арангутан заўважыў громаадвод, з надзвычайным спрытам палез наверх па сцяне, ухапіўся за аканіцу, якая была адчыненая насцеж, і з яе дапамогай скочыў на спінку ложка. На ўсё гэта спатрэбілася менш за хвіліну. Апынуўшыся ў пакоі, арангутан штуршком зноў расчыніў аканіцу.