Маска Чырвонае Смерці
Эдгар Алан По
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 472с.
Мінск 2011
Матрос не ведаў, радавацца ці бедаваць. Ён вельмі спадзяваўся злавіць уцекача, бо наўрад ці той мог выбрацца з пасткі, у якую трапіў, мінаючы громаадвод, а тут матрос дкраз і меркаваў яго падлавіць. Але яго непакоіла тое, што малпа магла нарабіць у доме. Менавіта гэта прымусіла матроса рушыць следам за жывёлінай. Узлезці ўверх па громаадводзе яму, матросу, было няцяжка; але апынуўшыся на ўзроўні акна, што было злева, ён вымушаны быў спыніцца. Адзінае, што ён мог зрабіць, дык гэта, учапіўшыся за аканіцу, зазірнуць у акно. Ад жаху ён ледзь не зваліўся ўніз. Якраз тады і пачуліся тыя жудасныя крыкі, што абудзілі жыхароў вуліцы Морг. Мадам Л’Эспанэ і яе дачка, адзетыя ў начныя кашулі, відаць, разбіралі паперы ў жалезнай скрынцы, выцягнутай на сярэдзіну пакоя. Яна была адчыненая, а паперы ляжалі побач на падлозе. Жанчыны, пэўна, сядзелі спінамі да акна, і, мяркуючы па тым, што паміж з’яўленнем арангутана і іх крыкамі прайшоў некаторы час, яны заўважылі яго не адразу, вырашыўшы, што аканіца грукнула ад ветру.
Калі матрос зазірнуў у акно, велізарная жывёліна трымала мадам Л’Эспанэ за валасы (распушчаныя, бо яна расчэсвала іх на ноч] і, імітуючы цырульніка, круціла перад яе тварам брытвай. Дачка нерухома ляжала на падлозе. Яна страціла прытомнасць. Ад крыкаў старой жанчыны і ў выніку яе супраціўлення — менавіта тады і былі выдраныя з яе галавы валасы — спачатку, відаць, мірныя намеры арангутана саступілі месца раз’юшанасці. Адны.м рашучым рухам мускулістай рукі ён ледзь зусім не адрэзаў галаву старой.
Калі жывёліна ўбачыла кроў, яе гнеў перайшоў у раз'ятранасць. Зубы арангутана заскрыгаталі, вочы запалалі агнём. Ён кінуўся на непрытомную дзяўчыну, учапіўся сваімі страшэннымі кіпцюрамі за горла і не расціснуў іх, пакуль тая не сканала. Азірнуўшыся ў раз'юшанасці на спінку ложка, ён разгледзеў у цемры здранцвелы ад жаху твар гаспадара. Лютасць жывёліны, якая, відаць, не паспела забыцца пра грозны бізун, імгненна перайшла ў страх. Разумеючы, што яго чакае пакаранне, арангутан, відаць, вырашыў схаваць сляды сваіх крывавых дзеянняў і, ахоплены панікай, замітусіўся па пакоі, раскідваючы і ламаючы мэблю, сцягваючы з ложка пасцель. Нарэшце ён схапіў труп дачкі і запхнуў у комін, дзе яго пасля і знайшлі; потым надышла чарга старой жанчыны, якую ён выкінуў праз акно.
Калі арангутан з сваёй знявечанай ахвярай з'явіўся ў акне, матрос прыціснуўся да громаадвода і, хутчэй з’ехаўшы, чым злезшы ўніз, кінуўся адразу ждадому, з жахам усведамляючы магчымыя вынікі крывавага забойства і ахвотна даручаючы лёсу апекавацца арангутанам. Поўныя жаху воклічы француза і раз'юшаныя крыкі малпы і былі тымі галасамі, што пачулі людзі, калі беглі ўверх па лесвіцы.
Вось, бадай, і ўсё. Арангутан, відаць, знік са спальні старой, спусціўшыся ўніз па громаадводзе якраз перад тым як узламалі дзверы. Ён жа, відаць, і апусціў за сабой акно. Праз некаторы час малпу злавіў сам яе ўладальнік і прадаў за вялікія грошы ў Jardin des Plantes1.
Дё Бона выпусцілі на волю адразу ж пасля таго, як мы пайшлі да прэфекта і ўсё расказалі (з каментарамі Дзюпэна). Гэты чыноўнік зычліва ставіўся да майго прыяцеля, аднак не змог схаваць прыкрасці ад такога павароту справаў і нават не ўтрымаўся, каб не зрабіць адной ці дзвюх саркастычных заўвагаў наконт таго, што кожны павінен займацца сваёй справай.
— Няхай пабурчыць, — сказаў потым Дзюпэн, не палічыўшы патрэбным сказаць што-небудзь у адказ. — Няхай
1 Батанічны сад (фр.).
Зубы арангутана заскрыгаталі, вочы запалалі агнём...
пафіласофствуе і супакоіцьтым самым сумленне.Я рады, што перамог на ягонай жа тэрыторыі. Тым не менш яму не варта здзіўляцца ўласнай няздольнасці знайсці разгадку таямніцы, бо, папраўдзе кажучы, наш прыяцель прэфект занадта хітры для таго, каб быць здатным зазіраць у глыбіню праблем. Яго ведам бракуе грунтоўнасці. Адна галава без тулава, як у выявах багіні Яаверны*, ці, у найлепшым выпадку, — галава ды плечы, як у траскі. Але ўсё ж ён добры хлопец. Асабліва мяне захапляе яго здольнасць адным махам здабываць сабе рэпутацыю вялікага разумніка. Я маю на ўвазе яго манеру de піег се qui est, et d'expliquer ce qui n'est pas'.
Пераклаў Уладзімір Шчасны
Адмаўляць тое, што ёсць, і разважаць пра тое, чаго не існуе* (фр.).
Сфінкс
У той час, калі ў Нью-Ёрку лютавала халера*, я прыняў запрашэнне ад сваяка правесці з ім тыдні два ў цішы яго cottage огпё' на беразе Гудзона. Тут было ўсё для летніх забаваў: мы мелі магчымасць гуляць па лесе, рабіць замалёўкі, катацца на лодцы, лавіць рыбу, купацца, музіцыраваць і чытаць кнігі. Мы б бавілі час даволі прыемна, калі б не страшныя навіны, што кожнае раніцы даходзілі да нас з вялікага горада. He праходзіла і дня, каб мы не даведваліся пра скон якога-небудзь знаёмага. 3 ростам смяротнасці мы прызвычаіліся штодзень чакаць звестак пра чарговую страту. Урэшце мы пачалі трымцець пры падыходзе любога наведніка. Сам вецер з поўдня, здавалася, дыхаў смерцю. Гэтая думка канчаткова спаралізавала маю душу. Hi пра што іншае я не мог гаварыць, думаць ці сніць. Мой гаспадар быў менш уражлівы, а таму, нягледзячы на сваю прыгнечанасць, усяляк спрабаваў мяне падтрымаць. Ягоны філасофскі розум ніколі не падпадаў пад уздзеянне фантомаў. Сапраўдныя жахі маглі яго напалохаць, аднак іх цені мала яму абыходзілі.
Ягоныя намаганні развеяць маю хваравітую паныласць не займелі плёну ў значнай ступені праз некаторыя кнігі, знойдзеныя ў ягонай бібліятэцы. Яны былі здольныя абудзіць да жыцця насенне векавых забабонаў што хаваліся ў маіх грудзях. Ён не ведаў, што я чытаю гэтыя кнігі, і губляўся ў здагадках, што ж магло так моцна ўздзейнічаць на маю фантазію.
Маёй улюбёнай тэмай была шырока распаўсюджаная вера ў прыкметы — вера, якую я ў пэўны час быў схільны абараняць амаль сур'ёзна. На гэтую тэму мы жыва і падоўгу дыскутавалі: ён цвёрда настойваў на беспадстаўнасці веры ўтакія глупствы, я ж казаў, што вераванне, якое з’яўляецца ў народзе абсалютна спантанна — без аніякага ўплыву звонку, — нясе ў сабе бясспрэчную долю ісціны і заслугоўвае павагі.
Загарадны дамок (фр.).
Рэч у тым, што неўзабаве пасля майго прыезду сюды са мною здарылася нешта настолькі невытлумачальнае і злавеснае, што з майго боку было цалкам зразумела палічыць гэта знакам. Гэта жахнула мяне і адначасова так разгубіла, што толькі праз шмат дзён я наважыўся расказаць пра гэта майму гаспадару.
На зыходзе гарачага летняга дня я сядзеў з кнігай каля адчыненага акна, з якога былі бачныя рака і аддалены ўзгорак, дзе амаль не было дрэваў пасля так званага апоўзня. Думкі мае ўжо даўно перанесліся ад кнігі ў маіх руках у суседні горад, поўны скрухі і адчаю. Падняўшы вочы ад старонкі, я пабачыў аголены схіл, а на ім — сапраўдную пачвару жудаснага выгляду, якая вельмі хутка спусцілася з пагорка і знікла ў густым лесе. Убачыўшы гэтую пачвару, я спачатку засумняваўся ў сваёй нармальнасці ці, прынамсі, не паверыў вачам; прайшло нямала часу, перш чым я ўпэўніўся, што я не звар'яцеў і не сплю. Аднак калі я апішу пачвару, якую выразна бачыў і за якой меў мажлівасць назіраць цягам усёй яе дарогі са-схілу, баюся, чытачу будзе яшчэ складаней паверыць у яе існаванне, чым мне самому.
Пачвара, пра памеры якой я мог меркаваць, параўнаўшы яе з камлямі самых высокіх дрэваў на яе шляху — рэдкіх лясных волатаў, што перажылі апоўзень, — была нашмат большая за любы акіянскі карабель. Я кажу «карабель», бо пачвара нагадвала яго формай тулава — корпус нашага сямідзесяцічатырохгарматнага судна можа даць досыць дакладнае ўяўленне пра яе постаць. Рот яе змяшчаўся на канцы хобата даўжынёй шэсцьдзесят-семдзесят футаў і таўшчынёй амаль з тулава слана. Аснова хобата была пакрытая чорнай калматай поўсцю, якой хапіла б на тузін бізонаў; з яе тырчалі, выгінаючыся ўніз і ўбок, два бліскучыя іклы накшталт дзіковых, толькі невымерна болыпыя. Па абодва бакі ад хобата ўперад выступалі два гіганцкія рогі футаў на трыццацьсорак, прызматычныя і, здавалася, з чыстага крышталю: у іх асляпляльна адбіваліся промні вечаровага сонца. Тулава мела форму кліну з вастрыём уніз. Ад яго адыходзілі дзве пары крылаў, кожнае даўжынёй каля ста ярдаў. Крылы месціліся
адно пад другім і былі шчыльна пакрытыя металічнай лускою, і кожная лускавінка мела ў дыяметры дзесяць-дванаццаць футаў. Я заўважыў, што верхнія і ніжнія крылы былі злучаныя тоўстым ланцугом. Але галоўнай асаблівасцю гэтага жудаснага стварэння была выява чэрапа, што займала амаль усю паверхню грудзей і ярка бялела на цёмным тулаве, быццам старанна вымаляваная мастаком. Пакуль я з пачуццём жудасці і страху, з прадчуваннем непапраўнай бяды, якое не маглі адолець аніякія разумовыя высілкі, глядзеў на гэтую пачварную жывёліну, і асабліва на выяву на яе грудзях, агромністыя сківіцы на канцы хобата раптам адкрыліся, і з іх вырваўся гучны і тужлівы енк, што ўдарыў па маіх нервах, як пахавальны звон. Калі пачвара знікла ля падножжа пагорка, я ўпаў без прытомнасці.
Калі я ачуняў, маім першым памкненнем было расказаць сябру пра тое, што я бачыў і чуў, але пачуццё агіды, якое я наўрад ці магу вытлумачыць, было настолькі моцным, што я прамаўчаў.
Аднойчы ўвечары, дні праз тры ці чатыры пасля здарэння, мы з сябрам былі разам у тым самым пакоі, дзе Mane наведала відзежа, — я сядзеў на тым жа месцы ля акна, а ён разваліўся побач на канапе. Выкліканыя месцам і часам успаміны падштурхнулі мяне расказаць пра здарэнне. Ён выслухаў мяне не перабіваючы і спачатку шчыра рассмяяўся, а пасля вельмі пасур'ёзнеў, быццам болып не сумняваўся ў маім вар’яцтве. У гэты момант я зноў убачыў удалечыні пачвару і з крыкам жаху паказаў на яе. Ён уважліва ўгледзеўся, але пачаў запэўніваць, што нічога не бачыць, хаця я падрабязна апісаў, як яна спускаецца па бязлесым схіле.
Я быў бязмежна ўзрушаны, бо палічыў відзежу прадвесцем мае смерці ці, што яшчэ горай, вар'яцтва. У адчаі я адкінуўся назад у фатэль, схаваўшы твар у далонях. Калі я адкрыў вочы, відзежа знікла.
Тым часам да гаспадара вярнулася яго звычайная разважлівасць, і ён падрабязна распытаў мяне пра выгляд фантастычнага стварэння. Застаўшыся цалкам задаволены маімі адказамі, ён глыбока ўздыхнуў, быццам камень зваліўся ў