• Газеты, часопісы і г.д.
  • Маска Чырвонае Смерці  Эдгар Алан По

    Маска Чырвонае Смерці

    Эдгар Алан По

    Выдавец: Кнігазбор
    Памер: 472с.
    Мінск 2011
    109.3 МБ
    Аповед мой вымагае дакладных аўтабіяграфічных звестак. Я зусім яшчэ маладзён — мне няма і дваццаці двух. Прозвішча маё на дадзены момант даволі банальнае і нават плебейскае — Сімпсан. Я кажу «на дадзены момант», бо такое прозвішча ў мяне ад нядаўна — я афіцыйна ўзяў яго менш за год таму, каб атрымаць вялікую спадчыну, якую пакінуў мне далёкі крэўны мужчынскага полу, Адольф Сімпсан, эсквайр. Умовай тэстаменту было тое, што я мушу ўспадчыніць і прозвішча памерлага; толькі прозвішча, не імя. Імя, а дакладней, імёны мае — Напалеон Банапарт.
    Прозвішча Сімпсан я прыняў ускрай неахвотна, бо па праве ганарыўся сваім родавым імем — Фруасар, свята веруючы, што паходжу ад несмяротнага аўтара «Хронік»*. Дарэчы, пра імёны: у прозвішчах маіх непасрэдных продкаў меў месца шэраг займальных гукавых супадзенняў. Мой бацька быў нехта Фруасар з Парыжу. Яго жонка — мая маці — якая пабралася з ім у пятнаццаць гадоў, — у дзявоцтве насіла прозвішча Круасар; яна была старэйшай дачкой банкіра Круасара, чыя жонка, у сваю чаргу, выйшла замуж шаснаццацігадовай і была старэйшай дачкой чалавека, якога звалі Віктор Вуасар. Гэты Вуасар, як ні дзіўна, быў жанаты з дамай, што да таго мела падобнае прозвішча — Муасар. Яна таксама выйшла замуж
    амаль дзіцем, і яе маці нейкі Муасар павёў пад вянец, калі нявесце было ўсяго чатырнаццаць. У Францыі такімі раннімі шлюбамі нікога не здзівіш. Вось жа, Муасары, Вуасары, Круасары і Фруасары — і ўсё гэта мае продкі па простай лініі. Я ж, як я ўжо сказаў, зрабіўся Сімпсанам, падпарадкоўваючыся закону і з такой унутранай агідай, што пэўны час нават вагаўся, ці прымаць спадчыну пры такіх раздражняльных і бязглуздых юрыдычных варунках.
    Што да асабістых якасцяў, то я, безумоўна, чалавек адораны. Ніякіх дэфектаў не маю. Наадварот, я станісты, і дзевяць дзясятых усяго свету назавуць мой твар прыгожым. Рост мой складае пяць футаў адзінаццаць дзюймаў1. Мой волас чорны і кучаравы. Мой нос вельмі нават нішто сабе. Mae вочы вялікія і шэрыя; і хоць бачаць яны так кепска, што гэта прыносіць мне плойму нязручнасцяў, па іх выглядзе гэтага аніяк не скажаш. Слабасць зроку, аднак, заўжды раздражняла мяне, і я пераспрабаваў усе сродкі — апроч акуляраў. Малады і прывабны, я, натуральна, адпрэчваў гэты аксэсуар і ўсялякім чынам пазбягаў ім карыстацца. Нішто не надае маладому твару болей занудства ды нейкага старэчага ханжаства. Манокль жа, у сваю чаргу, — атрыбут піжонаў ды снобаў. Пакуль што я з пераменным поспехам абыходзіўся і без таго, і без другога. Зрэшты, годзе пра дэталі, тым больш што яны малаважныя. Дадам яшчэ для поўнай карціны, што ў мяне тэмперамент сангвініка: я чалавек палкі, імпэтны, поўны энтузіязму і ўсё сваё жыццё быў адданым заўзятарам жанчынаў.
    Аднойчы зімовым вечарам я падняўся ў ложу тэатра П., на пару з маім сябрам па прозвішчы Толбат. Давалі оперу, анонсы абяцалі рэдкае відовішча, таму заля была забітая публікай. Мы прыйшлі акурат у час, каб заняць зарэзерваваныя для нас месцы ў першым шэрагу, прабрацца да якіх тым не менш было няпроста.
    Дзве гадзіны запар таварыш мой, апантаны меламан, быў зліўшыся са сцэнай у адно цэлае; я ў гэты час забаўляў сябе, разглядаючы бамонд, які збольшага складаўся з гарадской
    1 м 81 см.
    эліты. Нацешыўшыся гэтым заняткам, я быў гатовы звярнуць свае вочы на прымадонну, калі раптам іх спыніла і прыкула да сябе постаць у адной з прыватных ложаў, што дагэтуль заставалася па-за маёй увагаю.
    Пражыві я хоць тысячу гадоў, я ніколі не забуду моцнага пачуцця, з якім я аглядаў гэтую постаць. Гэта была найчароўнейшая з кабетаў, якіх я калі-кольвек сустракаў. Твар быў павернуты да сцэны такім чынам, што пару хвілінаў я не мог бачыць яго цалкам, але форма была боскаю, ніякае іншае слова не перадасць напоўніцу яго выдатных прапорцыяў, і нават слова «боскі» здаецца да смешнага мізэрным, калі я пішу яго.
    Жаночыя вабноты, чары жаночай грацыі заўжды былі сілай, з якой я не мог змагацца, але тое была ўвасобленая грацыя, мой ідэал, уцелясненне маіх самых смелых і самых апантаных відзежаў. Постаць, якую канструкцыя ложы дазваляла мне бачыць амаль цалкам, мела рост крыху вышэйшы за сярэдні і, без значнага перабольшання, сягала каралеўскай велічы. Яе формы былі цудоўна налітымі, пастава — перфектнаю. Абрысам яе галоўкі, бачнай толькі ззаду, магла б пазайздросціць сама грэцкая Псіхея, і элегантны капялюшык з тканіны gaze аегіеппе1, які выклікаўу мяне асацыяцыі ventum textilem2 Апулея*, хутчэй падкрэсліваў, чым хаваў гэта. Правая рука ляжала на балюстрадзе, змушаючы трымцець кожны нерв майго цела сваімі дасканалымі прапорцыямі. Яна была па апошняй модзе абхопленая свабодным адкрытым рукавом, якое адно крыху прыкрывала локаць. Ніжняе ж рукаво з нейкай далікатнай матэрыі шчыльна абцягвала руку і завяршалася пышнай карункавай манжэтай, якая спадала складкамі на далонь так, што былі відаць толькі тонкія пальчыкі, на адным з якіх ззяў дыямент, які я адразу ацаніў як надзвычай каштоўны. Запамарочную кругліню запясця ўдала падкрэсліваў бранзалет; таксама ўпрыгожаны нізкай каштоўных камянёў, ён пераканаўча даводзіў багацце і тонкі густ уладальніцы.
    1 Паветраны газ (фр.).
    2 Тканіна з паветра (лац.).
    Я разглядаў гэтую каралеўскую постаць сама меней паўгадзіны, нібы аслупянеўшы; і ўвесь гэты час я напоўніцу адчуваў моц і праўдзівасць усяго, што калі-кольвек было прамоўлена ці праспявана пра «каханне з першага позірку». Тое, што я перажываў не было падобна ні да аднаго пачуцця, што я зазнаваў дагэтуль у прысутнасці самых слаўных прыгажуняў. Неадольнае і, змушаны прызнаць, магнетычнае прыцягненне душаў прыкавала, здаецца, не адно мой зрок, але ўсю моц думак і пачуццяў маіх да незямнога аб'екта перада мною. Я бачыў — я адчуваў — я ведаў, што я глыбока, шалёна, незваротна закаханы — і гэта я яшчэ не бачыў твару багіні. Жарсць, што апанавала мяне, была такой нясцерпнай, што, думаю, калі б яшчэ не ўбачаны тварык выявіўся абсалютна звычайненькім, для мяне мала што змянілася б, калі б змянілася ўвогуле; такая ўжо гэта анамалія: сапраўднае — з першага позірку — каханне. I так мала залежыць яно ад чагосьці па-за намі: нам адно здаецца, што гэта вонкавыя абставіны раскладаюць мілосны агонь і падтрымліваюць яго.
    I пакуль я стаяў саляным слупом у гонар гэтай цудатворнай іконы насупраць, раптоўны пошум у залі змусіў яе крыху павярнуць галоўку да мяне, і такім чынам я быўузнагароджаны ўсім яе профілем. Яго прыгажосць нават пераўзышла мае чаканні — і ўсё-ткі штосьці ў ім — я не мог патлумачыць сабе, што менавіта, — расчаравала мяне. Я сказаў «расчаравала», але гэта не зусім тое слова. Mae пачуцці суцішыліся, і адначасова я перажыў нечуванае ўзнясенне. У іх было менш узрушэння і больш разлітага экстазу — экстатычнага спакою. Гэты кшталт пачуцця спарадзіла, відаць, тое, што перада мной быў твар Мадонны, які нёс на сабе пячатку шчаслівага мацярынства; і раптам я зразумеў што прычына не толькі ў гэтым. Было штосьці яшчэ — нейкая недаступная мне таямніца, — нешта ў манерах, выразе твару, што адначасова абудзіла маю трывогу і расцвяліла маю цікаўнасць. Так што я перабываў у такім душэўным стане, калі чуллівы юнак гатовы на самыя экстравагантныя ўчынкі. Калі б дама была адна, я, без сумневу, уварваўся б у яе ложу і рызыкнуў загаварыць з ёй; але, на жаль, ёй складалі кампанію нейкі джэнтльмен і
    надзіва прыгожая жанчына, з выгляду на некалькі гадоў за яе маладзейшая.
    Я пракруціў у галаве тысячы спосабаў, што дазволілі б мне быць прадстаўленым старэйшай за мяне даме, ці, для пачатку, хаця б лепей разгледзець яе. Я б мог прасунуцца бліжэй у яе бок, але ў залі, перапоўненай, як таго вечару, гэта здавалася немагчымым. У той жа час няпісанае, але суворае правіла бон тону, апошнім часам пашыранае ў свеце, забараняла мне скарыстацца тэатральным біноклем для такіх мэтаў, нават калі б я меў шчасце мець яго, а я не меў — і з гэтай прычыны перабываў у адчаі.
    Нарэшце я даўмеўся звярнуцца да свайго таварыша.
    — Толбат, — сказаў я, — у вас пры сабе тэатральны бінокль. Дайце яго мне, калі ласка.
    — Тэатральны бінокль? He! Нашто гэта мне, па-вашаму, тэатральны бінокль? — і ён нецярпліва павярнуўся назад да сцэны.
    — Але Толба-а-ат! — працягнуў я, торгаючы яго за плячо, — паслухайце сюды, дружа. Зірніце на тую ложу.
    — Гэтую?
    — He, суседнюю... Ці сустракалі вы калі-небудзь такую красуню?
    — Анягож, харошанькая — адказаў Толбат.
    — Цікава, хто яна?
    — Святыя анёлы, вы што, не ведаеце? «Яе не ведаць — значыць быць нікім»*. Гэта ж знакамітая мадам Лаланд, першая красуня, ва ўсім горадзе пра яе гавораць. Да таго ж надзвычай багатая ўдава і выгадная партыя — нядаўна з Парыжу.
    — Вы з ёй знаёмы?
    — Так, маю гонар быць.
    — Вы прадставіце мяне?
    — Зразумела — з вялікай прыемнасцю; калі вам заўгодна?
    — Заўтра, а гадзіне дня, я зайду па вас у гатэль.
    — Цудоўна. А цяпер памаўчыце, калі можаце.
    Мне нічога не заставалася, як паслухацца Толбата, бо ад таго моманту ён нібы аглух і не рэагаваў на мае рэплікі, наўсуцэль захоплены падзеямі на сцэне.
    Я ж тым часам не зводзіў вачэй з мадам Лаланд і ўрэшце меў шчасце пабачыць яе твар анфас. Ён быў надзвычай гожанькім: вядома ж, маё сэрца падказвала мне гэта яшчэ да таго, як Толбат задаволіў маю цікаўнасць на гэты конт, і ўсё-ткі нешта няўцямнае не давала мне спакою. Урэшце я вырашыў, што мяне бянтэжыла пэўная сумесь самавітасці, маркоты, ці, слушней сказаць, стомы, якая пазбаўляла яе існасць драбка маладосці і свежасці, каб надаць ёй анёльскай пяшчоты і велічы, што, вядома ж, дзесяцікротна павялічвала яе цікавасць для маёй жарснай і рамантычнай натуры.
    Паядаючы даму вачыма, я з трымценнем прачытаў па ледзь прыкметныхзменахуяе паводзінах, штояназаўважыла мой неадчэпны позірк. Але я быў у поўным захапленні і не мог адвесці ад яе вачэй нават на хвілю. Яна адвярнула твар, і я зноў мог бачыць адно дыхтоўны абрыс патыліцы. Праз некаторы час, нібы цікавячыся, ці я ўсё яшчэ гляджу на яе, яна крадком зноў павярнула твар да мяне і зноў напаткала мой палымяны погляд. Яе вялікія цёмныя вочы тут жа апусціліся, і густая чырвань заліла шчокі. Але, да майго глыбокага здзіўлення, я заўважыў што яна не толькі не адвярнула галаву другі раз, але выцягнула з рыдыкюля ларнет, узняла яго, паднесла да твару — і ўважліва вывучала мяне праз яго на працягу некалькіх хвілінаў.