Маска Чырвонае Смерці
Эдгар Алан По
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 472с.
Мінск 2011
Калі б мяне працяла маланкай, я не быў бы агаломшаны так моцна — але толькі агаломшаны, ні ў якім разе не абражаны ці непрыемна здзіўлены, хоць гэткі смелы жэст з боку любой іншай жанчыны мусіў бы выклікаць крыўду ці агіду. Але гэта было зроблена з такой вытрымкай, з такой апрычонасцю, з такім спакоем, з такой выхаванасцю, што ў гэтым не было і ценю бессаромнасці, і душа мая поўнілася багомленнем і фасцынацыяй.
Я заўважыў, што, падняўшы ларнет першы раз, яна нібы задаволілася кароткім сузіраннем маёй асобы і ўжо адводзіла сваю прыладу, калі раптам, прыспетая нечаканай думкай, узняла яе зноў і цягам некаторага часу засяроджана разглядала мяне — сама меней, клянуся, гэта доўжылася пяць хвілінаў.
Жэст,такі незвычайныўамерыканскімтэатры, прыцягнуў усеагульную ўвагу і паслужыў прычынай няяснага хваляван-
ня, шэпту ў залі; на нейкае імгненне я сумеўся, чаго нельга было сказаць пра мадам Лаланд.
Задаволіўшы сваю цікаўнасць — калі гэта была цікаўнасць, — яна дала ларнету павіснуць на руцэ і спакойна вярнула сваю ўвагу сцэне; цяпер яна была да мяне ў профіль, як і раней. Я працягваў пільна сузіраць яе, цалкам усведамляючы ўсю непрыстойнасць гэтага. Праз пэўны час я заўважыў, што яе галава пакрысе зрушылася ў мой бок, і хутка я ўпэўніўся, што дама, робячы выгляд, што сочыць за сцэнай, насамрэч крадком вывучае мяне. Лішне казаць, як шакавалі маё ўяўленне гэткія паводзіны гэткай фантастычнай жанчыны.
Паглядзеўшы на мяне такім чынам недзе з чвэрць гадзіны, гэты чысты аб’ект маёй жарсці звярнуўся да джэнтльмена, які суправаджаў яе, і па позірках суразмоўцаў я беспамылкова вызначыў, што гавораць яны пра мяне.
У выніку мадам Лаланд зноў павярнулася да сцэны і некалькі хвілінаў, здавалася, уважліва сачыла за спектаклем. Праз пэўны адцінак часу яна, аднак, прывяла мяне ў экстаз, другі раз абярнуўшыся; ларнет, што да таго вісеў на руцэ, зноў быў накіраваны на мяне, і, выклікаўшы паўторнае перашэптванне ў залі, яна ўзялася аглядаць мяне з ног да галавы з тым самым дзівосным халаднакроўем, якое было так усхвалявала маю натхнёную душу.
Гэткія нечуваныя паводзіны, пасяліўшы ўва мне ліхаманку захаплення, наўсуцэль ап’яніўшы мяне каханнем, хутчэй падбадзёрылі, чым збянтэжылі мяне. У мілосным шале я забыўся на ўсё, апроч велічнай красуні, якая апанавала мой зрок. Прычакаўшы момант, калі заля, здавалася, была занятая адно операй, я нарэшце злавіў позірк мадам Лаланд і зрабіў хуткі, лёгкі, але выразны паклон.
Яна расчырванелася — потым адвяла вочы — потым паволі і асцярожна азірнулася, відаць, правяраючы, ці мой дзёрзкі жэст быў кім-кольвек заўважаны, — потым нахілілася да джэнтльмена, які сядзеў поруч з ёй.
Цяпер я адчуваў усю скандальную недарэчнасць свайго ўчынку і быў перакананы, што наступствы не змусяць сябе чакаць; карціны заўтрашняй дуэлі прамільгнулі ў маёй
галаве. I які ж вялікі камень зваліўся з майго сэрца, калі я пабачыў, што яна проста моўчкі перадае суседу праграмку; і няхай шаноўны чытач хоць крышачку ўявіць, якім быў мой шок — маё бязмежнае здзіўленне, — які вэрхал ап’янення ўсчаўся ў сэрцы й душы, калі праз імгненне, зноў неўпрыкмет азірнуўшыся, яна паглядзела сваімі бліскучымі вачыма проста ў мае і з лёгкай усмешкай, што прыадкрывала яе бялюткія жамчужныя зубы, двойчы выразна і недвухсэнсоўна прыязным чынам схіліла галаву.
He мае сэнсу апісваць тут маю радасць, маё ўзрушэнне, бязмежны экстаз майго сэрца. Калі можна звар'яцець ад шчасця, то гэта быў акурат такі момант. Я кахаў. Кахаў упершыню — так мне тады здавалася. Гэта было найвышэйшае, абсалютнае каханне. «Каханне з першага позірку» — і гэты першы позірк быў ацэнены і вернуты.
Так, вернуты. Як я мог сумнявацца ў гэтым хаця б хвіліну? Як яшчэ можна было патлумачыць паводзіны гэткай прыгожай, багатай і, несумненна, культурнай, бездакорна выхаванай дамы з гэткім статусам у свеце і гэтак паважанай усімі, якой, безумоўна, была мадам Лаланд? 0 так, яна кахала мяне — яна адказала на маё палкае каханне гэткай жа бяспамятнай, няспыннай, бурлівай палкасцю — гэткай жа бурлівай, як мая ўласная! Mae прыўкрасныя фантазіі і летуценні былі, аднак, перапыненыя падзеннем заслоны. Заля ўстала, тут жа ўсчаўся звычайны ў такіх выпадках гармідар. Спехам развітаўшыся з Толбатам, я з усіх сілаў паспрабаваў як мага шчыльней наблізіцца да мадам Лаланд. Паколькі натоўп не дазволіў мне здзейсніць гэтага намеру, я спыніў пераслед і выправіўся дадому; свой адчай з той нагоды, што мне не ўдалося крануцца і акрайчыка яе сукні, я ўтаймоўваў думкай, што наступнага дня Толбат прадставіць мяне ёй належным чынам.
I ён надышоў, гэты дзень; дню, трэба сказаць, папярэднічала доўгая бяссонная ноч нецярплівасці; але вось развіднела — і пацягнуліся бясконцыя, незлічоныя гадзіны «да першай дня». Але нават Стамбулу, як гаворыцца, аднойчы будзе крэс, быў крэс і гэтаму пакутліваму чаканню. Прабіла
гадзіну. Ледзь аціхла рэха ўдару, як я ўвайшоў у гатэль Б. і папрасіў паклікаць сябра.
— Нямашака, — адказаў служка — лёкай Толбата.
— Ня-ма-ша-ка? — перапытаў я, адступіўшы на колькі крокаў. — Мушу сказаць вам, шаноўны, што гэта абсалютна немагчыма і недапушчальна. Містэра Толбата не можа не быць. Што вы маеце на ўвазе?
— Толькі тое, сэр, што містэра Толбата няма ў апартаментах, вось і ўсё. Ён выехаў у С. адразу пасля сняданку і прасіў перадаць, што не вернецца ў горад раней чым праз тыдзень.
Я скамянеў ад жаху і раз'юшанасці. Я намагаўся гаварыць, але мой язык адмаўляўся слухацца. Нарэшце я выйшаў вонкі, збялелы ад гневу, у думках пасылаючы ўсё Толбатава племя ў найжарчэйшыя мясціны Апраметнай. Было відавочна, што мой абавязальны таварыш, гэты оперны маніяк, выкінуў з галавы нашую сустрэчу, не паспелі мы прызначыць яе. Зрэшты, ён ніколі не быў чалавекам, які надта трымаецца свайго слова. Але не было рады, утаймоўваючы, як мог, сваё злаванне, я панура сунуўся па вуліцы, завязваючы марныя размовы з кожным стрэчным, спрабуючы выпытаць нешта пра мадам Лаланд. Як я выявіў, ведалі яе ўсе, многія толькі з выгляду — яна гасцявала ў горадзе адно пару тыдняў, і ўсяго некалькі асобаў маглі пахваліцца асабістым знаёмствам з ёю. Гэтыя людзі, аднак, лічылі сваё знаёмства павярхоўным і не маглі — або не хацелі — узяць на сябе місію прадставіць мяне ёй падчас фармальнага ранішняга візіту. Пакуль я, поўны адчаю, гутарыў пра адзіны аб'ект маіх думак з трыма сябрамі, здарылася так, што аб’ект гэты мінаў нашую кампанію.
— У імя ўсяго святога, вось і яна! — ускрыкнуў першы сябар.
— Рэдкая красуня! — заявіў другі.
— Анёл на зямлі! — заключыў трэці.
Я абярнуўся. У дрожках, што паволі набліжаліся да нас па вуліцы, сядзела чароўная здань оперы ў кампаніі маладой дамы, якая тады была з ёй у ложы.
— Яе спадарожніца таксама выглядае даволі няблага, — сказаў той з тройцы, хто пачынаў першым.
— Неверагодна — ніяк не завяне: мастацтва здзяйсняе цуды. Клянуся, яна выглядае лепей, чым пяць гадоў таму ў Парыжы. Усё яшчэ прыгажуня, га, Фруасар, я хацеў сказаць, Сімпсан?
— Усёяшчэ? — быў мой адказ. — А чаму не? Але ў параўнанні са сваёй сяброўкай яна як свечка поруч з Мілавіцай, святляк поруч з Антарэсам*.
— Га-га-га, Сімпсан, у вас дзівосны дар рабіць адкрыцці — і вельмі арыгінальныя, я вам скажу.
Мы развіталіся, і адзін з тройцы пачаў напяваць вясёлы вадэвільчык, з якога я ўлавіў адно радкі:
Ninon, Ninon, Ninon a bas — A bas Ninon De L'Enclos!1
Падчас гэтай сцэнкі, аднак, здарылася рэч, якая суцешыла мяне, хоць і падагрэла маю ўсёабдымную жарсць. Калі дрожкі мадам Лаланд міналі нашу кампанію, я заўважыў, што яна мяне пазнала і, больш за тое, недвухсэнсоўна дала гэта зразумець, надзяліўшы самай анёльскай з усіх магчымых усмешак.
Што да нашага афіцыйнага знаёмства, я мусіў пакінуць усялякія спадзевы на гэта да моманту, калі Толбату заманецца вярнуцца з правінцыі. Цягнучы час, я спраўна наведваў усе папулярныя месцы свецкіх збораў і ў выніку, у тэатры, дзе я пабачыў яе ўпершыню, я меў шчасце пабачыць яе зноў, яшчэ аднаго разу абмяняўшыся з ёй позіркамі. Здарылася гэта, аднак, праз два тыдні. Усе два тыдні я штодня заходзіў да Толбата ў гатэль і штодня заходзіўся ў прыступе нямой ярасці ад вечнага «яшчэ нямашака» з вуснаў яго лёкая.
Вось жа, у вечар, пра які будзе гаворка, я быў у стане, блізкім да шаленства. Мадам Лаланд, якая, як мне сказалі, была парыжанкай — нядаўна з Парыжу, — магла туды нечакана вярнуцца — да прыезду Толбата, — і тады я страціў бы яе назаўсёды. Думаць пра гэта было невыносна. Вялося пра маё будучае шчасце, і я пастанавіў дзейнічаць як сапраўдны мужчына. Таму пасля заканчэння п'есы я пайшоў за дамай да
1 Нінон, Нінон, далоў Нінон, Далоў Нінон Ланкло* (фр.).
яе дому, запомніў адрас і наступнага ранку даслаў ёй падрабязны ліст, у якім разнасцежыў сваю душу.
Я пісаў напорыста, вольна — пісаў жарсна. Я не хаваў нічога — нават сваіх слабасцяў. Я спасылаўся на рамантычныя абставіны нашай першай сустрэчы — у тым ліку на позіркі, якімі мы абмяняліся. Я дайшоў да таго, што выказаў упэўненасць ва ўзаемнасці нашых пачуццяў; гэтая ўпэўненасць, а таксама моц маёй прыхільнасці, паводле маіх словаў, апраўдвалі мае недаравальныя ў іншых абставінах паводзіны. Па-трэцяе, я казаў пра свой страх, што яна пакіне горад да таго, як я атрымаю магчымасць быць ёй прадстаўленым. Я скончыў гэтае самае палкае пасланне з тых, што калі-кольвек выходзілі з-пад пяра пісьменных, шчырым аповедам пра свае грашовыя справы — сваю заможнасць — і прапанаваў ёй руку і сэрца.
Я чакаў адказу ў агоніі прадчуванняў. I праз пэўны час, які падаўся мне стагоддзем, адказ прыйшоў.
Так, ён сапраўды прыйшоў. Як ні рамантычна ўсё гэта гучыць, я сапраўды атрымаў ліст ад мадам Лаланд — прыгожай, багатай небажыхаркі мадам Лаланд. Яе вочы — яе боскія вочы — казалі праўду ад усяго яе высакароднага сэрца. Як сапраўдная францужанка, якой яна і была, яна падпарадкавалася шчырым памкненням розуму — высакародным імпульсам сваёй натуры, якія змаглі пурытанскія ўмоўнасці свету. Яна не адрынула маёй прапановы, яна не вярнула майго ліста неадкрытым. Яна нават накрэсліла мне адказ, трымаючы пяро сваімі харошанькімі пальчыкамі. Вось ён:
Мсьё Сімпсон даруе мяне я не пішу belle мова яго краіна вельмі Ыеп. Я прыехаю не так рано і яшче не меў час Ьіеп мова вучыў.