Маска Чырвонае Смерці
Эдгар Алан По
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 472с.
Мінск 2011
акно забітае цвіком і палічылі далейшае расследаванне немэтазгодным.
Наступнае пытанне — як злачынца спусціўся ўніз. Тут мяне задаволіла нашая прагулка вакол будынка. Прыкладна за паўтара метра ад згаданага акна — громаадвод. Дацягнуцца праз такую адлегласць да акна, а тым болей залезці праз яго — немагчыма. Аднак я заўважыў, што аканіцы на пятым паверсе — парыжскія цесляры называюць ixferrades — былі асаблівыя: яны даўно выйшлі з моды, але іх часта яшчэ можна ўбачыць на старадаўніх асабняках дзе-небудзь у Ліёне або ў Бардо. Яны па форме нагадваюць дзверы (звычайныя, аднастворкавыя], з той толькі розніцай, што ў ніжняй частцы рашотка, і таму за яе зручна брацца рукамі. У доме мадам Л’Эспанэ шырыня аканіцаў крыху большая за метр. Калі мы бачылі іх з двара, яны былі напалову адчыненыя — гэта значыць былі перпендыкулярныя сцяне. Відавочна, паліцэйскія, як і я, аглядалі дом з двара, але, гледзячы на гэтыя ferrades у папярочным разрэзе (а я ўпэўнены, што так і было], яны не ўсвядомілі, наколькі тыя шырокія, ці, ва ўсякім разе, не надалі гэтаму належнай увагі. Карацей кажучы, упэўніўшыся, што злачынцы не маглі вылезці праз акно, яны, вядома, абмежаваліся вельмі павярхоўным аглядам. Я ж зразумеў, што калі аканіцу акна, застаўленага ложкам, расчыніць да самай сцяны, дык адлегласць паміж ёю і громаадводам будзе крыху большая за паўметра. Было таксама відавочна, што дзякуючы выключнай смеласці і спрыту можна было пералезці з громаадвода ў акно. Выцягнуўшы руку на восемдзесят сантыметраў, пры ўмове, што аканіца была адчыненая насцеж, рабаўнік, відаць, ухапіўся за рашотку. Адпусціўшы потым громаадвод і ўпершыся нагамі ў сцяну, ён мог адпіхнуцца і зачыніць аканіцу, а калі акно ў той час было адчыненае, то і апынуцца ў пакоі.
Заўваж, што я гаварыў пра выключны спрыт як абавязковую ўмову поспеху ў такім рызыкоўным і цяжкім учынку. Я маю намер даказаць, што, па-першае, здзейсніць такое было магчыма, а па-другое — і гэта самае галоўнае, — хачу, каб ты ўявіў сабе, якую надзвычайную, амаль звышнатуральную спрытнасць трэба мець, каб зрабіць такі скачок.
Ты, вядома, скажаш, карыстаючыся юрыдычным лексіконам, што, каб «забяспечыць пераканаўчыя доказы, я павінен хутчэй утойваць, чым прызнаваць у поўнай меры спрытнасць, неабходную ў дадзеным выпадку». Такая практыка, можа, і прыдатная для юрыспрудэнцыі, але толькі не для аналітычных разважанняў. Мая канчатковая мэта — ісціна. Найбліжэйшая задача — даць табе магчымасць супаставіць надзвычайную спрытнасць, пра якую я толькі што гаварыў з вельмі своеасаблівым, пранізлівым (або рэзкім) голасам і невыразнай гаворкай чалавека, пра нацыянальнасць якога не знайшлося нават двух аднолькавых меркаванняў і які гаварыў так, што нельга было разабраць ніводнага складу.
Пры гэтых словах у маёй галаве мільганула нейкая яшчэ зусім цьмяная здагадка наконт таго, пра што гаварыў Дзюпэн. Здавалася, вось-вось — і я ўсё зразумею. Так часам чалавеку здаецца, што ён зараз нешта ўспомніць, але ўрэшце ўсе намаганні застаюцца марнымі. Між тым мой прыяцель працягваў:
— Як бачыш, я раблю цяпер націск не на пытанні пра тое, як забойца ўцёк з дому, а як ён там апынуўся. Мне хацелася, каб ты ўсвядоміў, што і тое і другое было здзейснена адным і тым жа шляхам і ў адным і тым жа месцы. А зараз вернемся ў пакой. Што мы там убачылі? Як паведамлялася ў газетах, шуфляды камоды былі перарытыя, хоць многія рэчы засталіся на сваіх месцах. Такое заключэнне абсурднае. Яно не больш чым меркаванне, ды і тое не вельмі разумнае. Адкуль мы можам ведаць, што там было раней, можа, у шуфлядах і не было нічога, акрамя знойдзеных рэчаў? Мадам Л'Эспанэ і яе дачка жылі вельмі адасоблена, нікога не прымалі і рэдка выходзілі на людзі •— у іх не было патрэбы часта мяняць уборы. Убранні, якія знайшлі, ва ўсякім разе, не найгоршыя, што маглі мець гэтыя пані. Калі злодзей паквапіўся на адзенне, дык чаму ён не ўзяў найлепшых рэчаў — чаму не захапіў з сабой усяго? Да таго ж калі ён спакусіўся жаночай бялізнай, чаму ён адмовіўся ад чатырох тысяч франкаў золатам? Бо золата ж засталося ў пакоі. Суму, згаданую мсьё Міньё, банкірам, амаль некранутай знайшлі ў мяшэчках, што ляжалі на пад-
лозе. Таму я хачу, каб ты выкінуў з галавы памылковае меркаванне пра матывы забойства, якое ўзнікла ў паліцэйскіх галовах на падставе той часткі сведчанняў, у якой ішла размова пра дастаўленыя на дом грошы. Супадзенні, у дзесяць разоў больш дзіўныя, чым дастаўка грошай, а потым забойства праз тры дні пасля атрымання іх кліентам, здараюцца кожную гадзіну цягам усяго нашага жыцця, мы іх нават не заўважаем. Супадзенні — гэта наогул вялікая перашкода на шляху тых філосафаў, адукацыя якіх не перадугледжвала знаёмства з тэорыяй імавернасці — той самай тэорыяй, якой найбольш слаўныя чалавечыя даследаванні абавязаныя сваімі не менш слаўнымі адкрыццямі. Вядома, калі б у дадзеным выпадку золата знікла, да таго факту, што яго прынеслі за тры дні да забойства, ставіліся б як да чагосьці больш значнага, чым простае супадзенне. Гэты факт пацвердзіў бы менавіта такую версію матыву забойства. Але калі з улікам рэальных акалічнасцяў справы мы будзем лічыць золата матывам гэтага гвалтоўнага злачынства, то павінныя будзем пагадзіцца з тым, што злачынца быў настолькі нерашучы і настолькі дурны, што забыўся і пра золата, і пра тое, дзеля чаго ён усё гэта зрабіў.
Цвёрда памятаючы пра тыя акалічнасці, на якія я звярнуў тваю ўвагу, — своеасаблівы голас, надзвычайную спрытнасць і незразумелую адсутнасць матыву ў такім неймаверна жорсткім забойстве, — зноў звернемся да жудаснай карціны злачынства. Вось ахвяра, якую задушылі голымі рукамі і запхнулі ў дымаход уніз галавой. Звычайныя злачынцы так не забіваюць. I, ва ўсякім разе, не хаваюць трупаў забітых. Пагадзіся, у тым, што труп заціснулі ў дымаход, ёсць нешта больш чым ненатуральнае — гэта ніякім чынам не адпавядае нашым уяўленням пра чалавечыя ўчынкі, калі нават і ўявіць, што дзейнічалі канчаткова дэградаваныя тыпы. Уяві сабе, якую трэба мець сілу, каб запхнуць труп у дымаход знізуўверх так, што некалькі мужчын агульнымі намаганнямі ледзь выцягнулі яго адтуль — зверхуўніз.
Звярні ўвагу і на іншыя праявы гэтай неймавернай сілы. На каміне знайшлі тоўстыя пасмы — вельмі тоўстыя — сівых
чалавечых валасоў Іх павыдзіралі з каранямі. Ты ўяўляеш, колькітрэба сілы, каб вырваць вось такз галавы адразудваццаць або трыццаць валасоў? Ты ж, як і я, бачыў тыя пасмы. На каранях — жудаснае відовішча! — засохлі кавалкі скуры, паздзіранай з галавы — доказ той неймавернай сілы, з якой адным махам вырвалі з каранямі, відаць, паўмільёна валасоў. Горла старой не проста перарэзалі — адсеклі галаву, а ў руках забойцы была звычайная брытва. Звярні таксама ўвагу на звярыную жорсткасць злачынства. Я не кажу ўжо пра сінякі на целе мадам Л'Эспанэ. Мсьё Дзюма і яго шаноўны калега мсьё Эцьен лічаць іх вынікам удараў нейкай тупой зброяй, і, трэба сказаць, панове маюць рацыю. Тупой зброяй — цяпер гэта ўжо відавочна — быў брук, на якім аказалася мадам Л'Эспанэ, калі вывалілася з акна, застаўленага ложкам. Аднак гэтая ідэя, якая, хоць і здаецца цяпер вельмі простай, не прыйшла ў галаву паліцэйскім, яны не звярнулі ўвагі на шырыню аканіц — і гэта таму што праз тыя самыя цвікі ўся іх здольнасць думаць канчаткова атрафіраваліся і яны не дадумаліся да таго, што вокны ўсё ж маглі адчыняцца.
Калі цяпер яшчэ і ўважліва паразважаць наконт незразумелага беспарадку ў спальні, застаецца толькі супаставіць неймаверны спрыт, нечалавечую сілу, звярыную жорсткасць, беспадстаўнасць крывавага забойства, неймаверную жахлівасць зусім не ўласцівых чалавеку паводзін і незразумеласць інтанацыі голасу людзям самых розных нацыянальнасцяў якія не змаглі разабраць не тое што ніводнага слова, але нават складу. Што ж вынікае з усяго гэтага? Які вобраз я стварыў у тваім уяўленні?
У мяне ад гэтага пытання па целе папаўзлі мурашкі.
— Вар’ят! — усклікнуў я. — Гэта справа рук шаленца, які, відаць, уцёк з найбліжэйшай вар'ятні.
— У нейкай ступені, — заўважыў Дзюпэн, — твая версія не такая ўжо і недарэчная. Але выкрыкі вар'ята нават у час самых шалёных прыпадкаў непадобныя да гукаў таго голасу, што чулі людзі, калі беглі ўверх па лесвіцы. У вар’ята ёсць нацыянальнасць, мова. Ён можа вярзці нешта незразумелае, вымаўляючы словы без усялякай сувязі, але захоўваючы тым
не менш сувязь паміж складамі. Апрача таго, валасы чалавека, хоць і вар’ята, непадобныя да тых, што я трымаю ў руцэ. Я выцягнуў гэтую пасмачку са счэпленых у кулак пальцаў мадам Л’Эспанэ. Ну, што ты наконт гэтага скажаш?
■— Дзюпэн! — усклікнуў я, канчаткова разгублены. — Валасы гэтыя вельмі незвычайныя — яны не чалавечыя!
— А я і не сцвярджаю, што яны чалавечыя, — сказаў Дзюпэн, — але перш чым прыйсці да нейкай высновы, хачу, каб ты зірнуў вось на гэты рысунак, які я намаляваў на паперы. Гэта дакладная ілюстрацыя той часткі сведчання, дзе ішла гаворка пра «чорныя сінякі і глыбокія сляды ад пазногцяў» на шыі мадэмуазэль Л'Эспанэ, а таксама і другога сведчання, якое атрымалі ад паноў Дзюма і Эцьена, дзе ішла гаворка пра «шэраг сініх плямаў што відавочна былі слядамі пальцаў».
— Пагадзіся, — працягваў мой прыяцель, распраўляючы перада мной на стале паперу, — што, мяркуючы па малюнку, хватка моцная і ўчэпістая. У ахвяру ўпіліся ўсімі пальцамі і не адпускалі шыю, пакуль дзяўчына не сканала. Паспрабуй зараз адначасова пакласці пальцы на ўсе адпаведныя адбіткі. Паглядзім, як у цябе гэта атрымаецца.
Я паспрабаваў зрабіць так, як сказаў Дзюпэн, але ў мяне нічога не выйшла.
— Можа, мы робім гэта нетак, яктрэба, — сказаўДзюпэн. — Папера ляжыць на роўнай паверхні, чалавечая ж шыя — круглая. Вось палена прыкладна такога ж радыюсу, што і шыя. Абгарні яго паперай з малюнкам і паспрабуй яшчэ раз.
Я ўсё зрабіў, як ён сказаў, але зрабіць гэта было яшчэ цяжэй, чым раней.
— Гэта, — сказаў я нарэшце, — адбітак не чалавечай рукі.
— А зараз, — прапанаваў Дзюпэн, — прачытай вось гэты ўрывак з Кюўе*.
Гэта было падрабязнае анатамічнае і агульнае апісанне бурага арангутана, які водзіцца на Ост-Індскіх астравах. Велізарная жывёліна, яе неймаверныя моц і спрыт, неўтаймавальная злосць і надзвычайныя здольнасці да пераймання агульнавядомыя. Я адразу ж зразумеў увесь жах забойства.