Мастацкі вобраз Бацькаўшчыны ў літаратуры Беларусі XIX стагоддзя
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 245с.
Мінск 2023
ня да Суднага Дня!» [89, № 1, с. 155], усклікае ён. Згодна са светапоглядам пісьменніка, патрыярхальны лад жыцця бездакорны, таму ўсе справы ў імя Айчыны (вызваленчая барацьба, эканамічныя і асветніцкія рэформы) павінны грунтавацца на вернасці старадаўнім хрысціянскім ідэалам. Прагрэсіўная беларуская шляхта, якую прадстаўляе ў асобе братоў Арлалётаў В. Савіч-Заблоцкі, імкнецца захаваць трывалыя маральныя, рэлігійныя асновы былой дзяржавы. Яскравым сведчаннем з’яўляецца захапляльны аповед наратара пра тое, як звычайна праходзіць дзень у жаночай палове дома Мечніка, дзе чытаюць Свяшчэннае пісанне ды слухаюць аповеды пра жонак знакамітых асоб, натхняючы дзяўчат быць годнымі жонкамі і маткамі.
Пісьменнік штораз паказвае адсутнасць у беларусаў нацыянальнай нецярплівасці да другіх народаў і талерантнасць да іншых веравызнанняў. Гаспадар шляхетнага дому, бацька годных сыноў характарызуецца наступным чынам: «Пан Мечнік быў набожны, высокарэлігійны, старанна выконваў усе касцельныя загады, але не цярпеў фальшы, крывадушніцтва, святатацтва» [89, № 1, с. 146]. Аднак герой, нягледзячы на ўласную набожнасць, а таксама лаяльнасць да іншаверцаў і людзей розных саслоўяў і маёмаснага стану («ёсць бедныя, але багатых няма. Няма розніцы і ў верах» [89, № 1, с. 147]), усё ж надзвычай пераборлівы ў выбары кампаніі. Яе можа скласці толькі чалавек выдатных маральных якасцей, які любіць Айчыну, памятае пра яе слаўнае і трагічнае мінулае і дбае пра яе будучыню. Мечнік памірае ў творы, і на пахаванні гэтага апошняга прадстаўніка старога пакалення прысутнічаюць, слухаючы ксяндза, вернікі ўсіх асноўных канфесій на беларускай зямлі: уніяты (сяляне), каталікі (шляхціцы), іўдзеі (Фроім, Моська), пратэстанты (браты Арлалёты).
Нягледзячы на істотнасць рэлігіі для продкаў, веравызнанне не вызначальнае, таму што галоўным крытэрыем чалавека як асобы выступае здольнасць служэння вялікай і малой радзімам. Таму светапогляд галоўнага героя аповесці «Арла-
лёты і Падканвойны» Януш Павел прадстаўляе ледзьве не ў адметную рэлігію, заснаваную на абавязку, вернасці продкам, свайму народу і краю. У гэтай сувязі духоўныя змены адбываюцца з Арлалётам падчас знаходжання ў карціннай галерэі, сярод выяваў годных продкаў. Гэта асабліва выйгрышна глядзіцца на фоне заўважанай Ю. Манам адметнасці ў творах М. Гогаля: расійскі аўтар піша пра карціны як пра прадметы, змест якіх забыты гаспадарамі («Мёртвыя душы»; «Старасвецкія памешчыкі») [67, с. 132], Для героя В. СавічаЗаблоцкага карцінная галерэя продкаў уяўляе своеасаблівую капліцу, падчас знаходжання ў якой ён «намацвае» сувязь з Айчынай.
* * *
Вобраз Бацькаўшчыны ў шматмоўнай прозе Беларусі XIX ст. выяўляецца як нематэрыяльная прастора сэнсава-жыццёвых каштоўнасцей беларуска-літоўскага народа. Станоўчыя героі пазіцыянуюцца найперш як шчырыя вернікі (Завальня, Войскія, Мечнікі), а адсунутыя на другі план навамоднай філасофскай думкай хрысціянскія арыенціры ў вырашальнай сітуацыі кожны раз узнікаюць як нешта сутнаснае і архетыпова значнае (А. Плуг). Духоўнае жыццё народа ў акрэслены перыяд ладзіцца паводле хрысціянскіх прынцыпаў любові, міласэрнасці, гасціннасці, дабрадзейнасці і служэння Айчыне, якія неабходна захаваць для нашчадкаў. Падкрэсліваецца талерантнасць беларуска-літоўскага народа, арыентацыя ў ацэнцы чалавека на маральнае аблічча і дзеянні на карысць вялікай і малой радзім (В. Савіч-Заблоцкі). У паніжэнні статусу рэлігіі пісьменнікам бачацца прычыны негатыўных з’яў, таму фігуруе ідэя патрэбы вяртання старадаўніх законаў быцця.
3.3. Эстэтыка роднай зямлі
Увасабляючы ў творах вобраз Бацькаўшчыны, літаратары тэрытарыяльна ідэнтыфікавалі сябе ў сітуацыі, калі межы радзімы былі надзвычай неакрэсленымі і незразумелымі з-за
адсутнасці ў яе палітычнай самастойнасці. У дадзены перыяд беларуска-літоўскія землі не мелі дзяржаўнага статусу і з’яўляліся «паўночна-заходнім краем» для рускіх суседзяў і ўсё яшчэ «ўсходнімі крэсамі» для польскіх. Але выяўленне вобраза роднай зямлі было не толькі сродкам самадаследавання, але і надзейным спосабам уздзейнічаць на чытацкую аўдыторыю. Увасобленая на старонках твораў краса прыроды «адкрывала людзям нашага краю іх радзіму, Бацькаўшчыну, уплывала на іх эстэтычнае ўключэнне ў ландшафтна-прасторавую сферу быцця. Дзякуючы ёй у духоўна-ментальным мысленні этнасу пачалі замацоўвацца пэўныя локусы і вобразныя стэрэатыпы, набываючы пры гэтым сакральнасць. У карціне свету з’явіліся вызначальныя, характарыстычныя, сістэмаўтваральныя вобразы-сімвалы» [14, с. 4]. Паступова гэтыя прасторавыя вобразы злучаюцца ва ўяўленні продкаў, а тэрыторыя іх размяшчэння набывае цэласнасць. У наступным стагоддзі гэтая зямля на хвалі гісторыі стане самастойнай палітычнай адзінкай заявіць пра сябе свету і атрымае ад яго прызнанне.
Асаблівае месца ў асэнсаванні ролі Бацькаўшчыны ў шматмоўнай літаратуры Беларусі XIX ст. належыць буйным эпічным жанрам, і аналіз тэмы апявання эстэтыкі роднай зямлі здольны зноў пацвердзіць гэтую думку. Калі браць пад увагу мастацкую прозу, у Беларускім губернатарстве адбываюцца дзеянні твораў В. Савіча-Заблоцкага і Я. Баршчэўскага, а таксама I. Яцкоўскага, у Літоўскім А. Плуга, Н. Ланской. У Я. Баршчэўскага і В. Савіча-Заблоцкага ўвасоблены вобраз Полаччыны, у I. Яцкоўскага Наваградчыны і Нясвіжчыны. У прозе А. Плуга беларускія землі паўстаюць у найменнях Палесся і Літвы, па тэрыторыі якіх працякаюць прыгожыя рэкі Днестр, Буг і Дзвіна, а дзеянні адбываюцца ў ваколіцах гарадоў Бабруйска, Нясвіжа, Міра. У аспекце апявання красы Бацькаўшчыны найчасцей менавіта вобраз малой радзімы месца нараджэння або ў шырэйшым значэнні Вялікага Княства Літоўскага як прарадзімы этнасу фігуруе ў творах, многія радкі
якіх выклікаюць у чытачоў і светлую настальгію, і незагойны боль, і адчайную разгубленасць.
Усепранікальнасць патрыятычнага пачуцця I. Яцкоўскага да роднай зямлі адзначае перакладчык рамана і даследчык яго празаічнай і паэтычнай творчасці М. Хаўстовіч: «Вершаваныя творы I. Яцкоўскага прасякнуты характэрным для гэтага творцы патрыятызмам, які грунтаваўся на любові да малое айчыны Літвы-Наваградчыны і быў адначасна выяўленнем дзяржаўнага пачуцця да Рэчы Паспалітай, якую ў той час звычайна атаясамлівалі з Польшчай. Яшчэ больш яскрава дадзеная тэндэнцыйнасць ягонай творчасці выступіла ў празаічнай “Аповесці з майго часу, або Літоўскіх прыгодах”» [109, с. 41], Што датычыць захопленых апісанняў у творы, то ўсе яны звязаны з малой радзімай пісьменніка мясцінамі нараджэйня і ўсёй прасторай Вялікага Княства Літоўскага як вытоку беларуска-літвінскага этнасу. Аўтар апісвае сваю Наваградчыну, якая ўяўляецца аазісам, што прыцягвае да сябе людзей, асабліва ўжо знаёмых з мясцовасцю: «Наваградскі павет на Літве падобны на маленькую выспу ў акіяне, ледзь бачную здалёк, але якая так вабіць да сябе, што калі карабель праплывае паблізу, дык чуваць міжвольныя воклічы падарожных, якія жадаюць затрымацца тут. Капітан карабля, спачатку глухі на гэтыя просьбы, хутка таксама падахвочваецца, а цвяроза разважыўшы, што нічога тут за прыстанак плаціць не трэба, нібы падпарадкоўваючыся агульнаму жаданню, скіроўвае карабель у затоку і выдумляе ўяўную прычыну: нібыта дзеля таго каб набраць свежае вады ў пустыя дзежкі, ці нібыта каб назбіраць сухога галля на апал, бо ў сваёй кнізе ён мусіць занатаваць, што затрымаўся тут з патрэбы. Тым часам падарожныя бласлаўляюць тую хвіліну, калі яны могуць удыхнуць цудоўнага водару, а тыя, хто ведае гэту мясцовасць, апавядаюць пра яе хараство, якое ўразіла іх у маладосці. Для тых апошніх спатканае тут стромкае ці крывое дрэва з’яўляецца братам; гаваркая ручаіна сястрою; павалены дуб -
нябожчыкам сваяком ці колішнім прыяцелем-суседам; бяроза з паніклымі да зямлі галінамі ідэал іх юнацтва; кустоўе, што цягнецца ўгару, яшчэ невядомае, але дарагое ім маладое пакаленне; шчабятлівыя птушкі уражанні і думкі маладосці, якія тою самаю, як і даўней, моваю прамаўляюць да спакутаванага сёння сэрца. I не дзіва, што ў гэтым захопленым апавяданні абыякавы чалавек не знойдзе нічога прывабнага, бо ў ім трэба цікаўнасць яшчэ абудзіць, але ўжо як токам працінае думка, што ветразі лёсу хутка расправяцца ды панясуць ізноў ад любых мараў у бурлівае мора гора і клопатаў» [123, с. 78-79], Паэтычная мова і багацце метафар, уласцівыя прыведзенаму лірычнаму адступленню на тэму Бацькаўшчыны, сведчаць пра значнасць для пісьменніка як саміх гэтых радкоў, так і тых цёплых і ўтульных мясцін, што паўстаюць з іх. Пра суседнія з малой радзімай паветы (Лідскі, Ашмянскі, Слуцкі і Слонімскі) пісьменнік таксама з цеплынёй гаворыць як пра больш гасцінныя, але не такія прывабныя з прычыны меншай раўніннасці. 3 гонарам аўтар-апавядальнік адзначае, што на нарадах больш крыклівыя абывацелі іншых паветаў ахвотна слухаюць сціплы голас наваградчаніна, важкасць якога вымушае ўсіх прыслухоўвацца.
Прывабнасць Айчыны заключаецца і ў тым, што яна асацыюецца ў чалавечай свядомасці з дзяцінствам, юнацтвам і маладосцю часам, які многія лічаць найлепшым дзякуючы бесклапотнасці і абароненасці або навізне ды яркасці пачуццяў. Час навучання ў Полацкім езуіцкім калегіуме згадваецца Я. Баршчэўскім як найпрыемнейшы, калі ў раздзеле «Полацк» рамана «Шляхціц Завальня» пісьменнік апісвае сустрэчу праз пэўны прамежак часу з прыгажосцю і магутнасцю старажытнага беларускага горада: «Мінаю пушчы і вось на шырокай раўніне бачу горад Полацак. Вежы касцёла св. Стафана.., на замкавай гары царква св. Сафіі.,, якія, стоячы ў тумане, здаецца, імкнуцца да воблакаў; іх постаці-веліканы пануюць над горадам і над усёй ваколіцай. Гледзячы на ўсю гэтую мінуў-
шчыну, я ў думках стварыў яе вобраз; да сэрца падступіў смутак, і са слязьмі на вачах сустракаў я гэтыя высокія муры. Акунуўшыся ў журботныя ўспаміны, падыходжу да горада; сады Спаса нагадваюць мне травеньскія праходкі, тэатр сярод густых ліпаў на вольным паветры; там юначае ўяўленне пад клапатлівым вокам настаўнікаў найперш вучылася пазнаваць Творцу гэтага свету, яго апеку над кожным стварэннем і захапляцца прыгажосцю неба і зямлі» [11, с. 140]. Аўтар праз асэнсаванне прыгажосці Бацькаўшчыны і яе ролі ў сваім станаўленні спазнае і сябе, і Стваральніка.