Мастацкі вобраз Бацькаўшчыны ў літаратуры Беларусі XIX стагоддзя

Мастацкі вобраз Бацькаўшчыны ў літаратуры Беларусі XIX стагоддзя

Выдавец: Беларуская навука
Памер: 245с.
Мінск 2023
66.18 МБ
W & &
Вобразы Бацькаўшчыны нагадваюць аб сабе на ўзроўні ідэйна-эстэтычнага зместу твораў: беларуска-літоўскія землі і іх жыхары выглядаюць раз’яднанымі, і падобная адасобленасць відаць і паміж народамі былой Рэчы Паспалітай, якія ніколі не адчувалі сябе адзіным цэлым (А. Бартэльс). Шматмоўная літаратура Беларусі XIX ст. паказвае, што пасля далучэння нашых земляў да Расійскай імперыі з фарміраваннем адміністрацыйных адзінак Беларускага (Магілёўшчына і Віцебшчына) і Літоўскага (Міншчына, Гродзеншчына, Віленшчына) губернатарстваў асабліва абвастраецца ўспрыманне гэтых земляў як адрозных (В. Савіч-Заблоцкі). Разам з тым акцэнтуецца разбуральнасць такой сітуацыі і адмоўнага стаўлення адзін да аднаго, у сувязі з чым творчая інтэлігенцыя ўзвышае сваю вялікую і малую радзімы, транслюе пачуццё еднасці і тэндэнцыю да кансалідацыі. Разуменне Бацькаўшчыны праходзіць стадыі ідэалізацыі і сакралізацыі і паступова вядзе да злучэння вобразаў Беларусі і Літвы ў мастацтве
і ў рэальным жыцці. Такім чынам, хаця ў свядомасці тагачаснага чалавека адсутнічае цэласны вобраз Бацькаўшчыны з пункту погляду тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь, распачатыя менавіта тады працэсы этнанацыянальнай самаідэнтыфікацыі настойліва дыктуюць беларускаму народу патрэбу не толькі яднання дробных унутраных рэгіёнаў краю, але і дакладнага акрэслення агульнай прасторы выбар адзінай аўтаназвы.
Раздзел 3
МАСТАЦКА-ВОБРАЗНАЯ РЭАЛІЗАЦЫЯ ІДЭІ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ Ў БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ XIX СТАГОДДЗЯ
Ідэя Бацькаўшчыны, праяўляючыся ў творах праз многія кампаненты, утварае своеасаблівы мастацкі каркас унутраную стрыжнявую структуру, якая арганізуе ў адно цэлае ледзьве не ўсю шматмоўную літаратуру Беларусі XIX ст., як гэта ўжо было паказана раней. У той жа час неабвержным з’яўляецца і тое, што паняцце Айчыны праз прысутнасць у свядомасці людзей і мастацкай творчасці найперш выяўляецца у праблемна-тэматычным змесце, наўпрост фундаментуючы выспяванне нацыянальнага пачуцця. Аналіз мастацкавобразнай рэалізацыі ідэі Бацькаўшчыны прадугледжвае неабходнасць вылучэння шэрагу канкрэтных праяў-прызмаў увасаблення вялікай і малой радзім. Імі з’яўляюцца, па-першае, людзі, якія на правах спадчыннасці пражываюць на сваёй зямлі, па-другое, свет іх духоўных каштоўнасцей, па-трэцяе, тэрыторыя, з якой асацыюецца ў свядомасці чалавека тэрыторыя яго бытавання.
ЗЛ. Матыў змарненння чалавека і яго адраджэння
Адной з мастацкіх праяў увасаблення вобраза Бацькаўшчыны ў шматмоўнай літаратуры XIX ст. з’яўляецца выяўленне абагульненага вобраза людзей, якія пражываюць на беларуска-літоўскіх землях і асацыююць сябе з імі, калі разважаюць у катэгорыях сямейна-родавага мінулага. У мастацкіх творах заўважны матыў паўсюднага змарнення чалавека жыхара акрэсленай тэрыторыі, прычым як у фізічным, так
і ў маральным, псіхалагічным, духоўным вымярэннях, што праяўляецца ва ўсіх сферах жыцця. Незадаволенасць абліччам людзей правакуе ў аўтараў настальгію па былым, якую даследчыкі звязваюць з нацыятварэннем: Л. Гаранін адзначае, што «ў перыяд фарміравання той ці іншай нацыі рамантычнымі кампанентамі сацыяльна-палітычнай свядомасці з’яўляюцца паняцці “старасветчыны”, “даўняга мінулага”, “айчыны”» [24, с. 79]. Літаратары, схільныя ідэалізаваць мінуўшчыну, у якой былі і незалежнасць, і годныя ўмовы існавання, і павага да асобы, асацыююць негатыўныя тэндэнцыі са стратай палітычнай самастойнасці.
Крытычны Э. Масальскі ў рамане «Пан Падстоліц», у адпаведнасці з агульнай канцэпцыяй твора-праекта пераўтварэння грамадства, штораз акцэнтуе негатыўныя змены ў жыцці, характары і выглядзе мясцовых людзей на іх звяртае ўвагу галоўны герой:
Аднак жа гэты люд, гэтакі цяпер нікчэмны, быў даўней народам адважным, дужым, высокім. Косці са старажытных магілаў дзівяць нас сваімі памерамі; даўнейшая зброя, якою некалі, асабліва тут, на Літве была ўзброеная не толькі шляхта, але і просты люд, сведчыць, што былі яны волатамі, мелі моц незвычайную на сённяшні дзень. Невымерная розніца цягам стагоддзяў магла быць нязначнаю ў суседніх пакаленнях; але кожны, хто бачыў апошнія два пакаленні, прызнае значны заняпад апошняга ў параўнанні з папярэднім [73, с. 46],
Калі пісьменнік гаворыць пра фізічнае змарненне сялянства, то яно абумоўлена канкрэтнымі прычынамі, сярод якіх галоўная гэта звязанае з недахопам сродкаў жыццё ў бруднай, дрэнна пабудаванай, нават без падмурка і коміна, хаце. Але такі ж заняпад прыкметны і ў асяроддзі шляхты: «Не відаць сярод нас тых велізарных, страшных сілаю і позіркам мужоў, якіх шмат васпан дабрадзей мусіў бачыць у маладосці, нават і я ведаў падобных старых, а чуў, што гэта была звычайная рэч сярод аднагодкаў майго дзеда» [73, с. 46], У гэтай
сітуацыі нядзіўна тое шчырае захапленне старым пакаленнем і звычка схіляць перад ім галаву, што ў розных варыяцыях дэманструе польскамоўная проза Беларусі XIX ст. Аднак змарненне шляты пан Падстоліц звязвае ўжо з іншымі прычынамі, не матэрыяльна-побытавага характару, а хутчэй унутранага: «У нас: распешчанасць бацькоў, мяккае выхаванне дзяцей, сапсаванасць грамадскае маралі, пустое жыццё без мэты знявечылі характар і давялі да нікчэмнасці род даўніх рыцараў» [73, с. 46], У гэтым пазіцыя Э. Масальскага выглядае надзвычай блізкай той, якую выяўляюць рускія і польскія пісьменнікі, калі апісваюць бессэнсоўнае жыццё дэградаванай шляхты ці дваранства (I. Ганчароў, I. Тургенеў, Б. Прус, Г. Сянкевіч і інш.).
Ва ўяўленні Пана Падстоліца за гэты заняпад адказныя менавіта бліжэйшыя яму пакаленні, таму што жыццё продкаў было бездакорным: ашчадна карыстаючыся прыродным багаццем, яны пакінулі нашчадкам лясы і пушчы, якія зараз бяздумна вырубаюцца, у тым ліку і чужынцамі. Такія паводзіны яму падаюцца тым больш ганебнымі, што папярэднікі былі менш адукаваныя і менш інфармаваныя, што амаль не ўлічвалі вопыт суседзяў, у той час як яго сучаснікі маюць выдатную магчымасць браць усё гэта пад увагу. Пра сям’ю Харунжых пан Падстоліц, носьбіт аўтарскай думкі, адзываецца выключна з раздражненнем і пагардай:
I гэтыя людзі маюць нахабства называцца нашчадкамі нашых продкаў! [73, с. 71].
Аўтар рамана, завітаўшы ў дом пана Харунжага, адзначае няшчырасць нават запрашэння, і ў гэтай сувязі робіць заўвагу, якая датычыць ўсяго народа: «Адно што дзівяць мяне гэткія перамены ў нашым характары. Амаль што цалкам страцілі мы гасціннасць і шчырасць нашых продкаў, а ўсе іхнія дабрачыннасці замяніла паказная ветлівасць» [73, с. 43], Затое пан Падстоліц з вялікай адказнасцю ставіцца да таго, што сам з’яўляецца нашчадкам знакамітага роду і імкнецца адпавядаць
годным папярэднікам высакароднымі ўчынкамі, у тым ліку і на карысць служэння Бацькаўшчыне.
Калі ўлічваць гэтыя заўвагі Э. Масальскага наконт беларуска-літоўскай шляхты, робіцца зразумелым, чаму Я. Баршчэўскі на значнасці ідэі гасціннасці будуе раман у навелах «Шляхціц Завальня». Акцэнтуючы старажытнасць традыцыі прывітаць і прытуліць падарожнага, аўтар ператварае ў нацыянальны сімвал зычлівасці агеньчык у акне дзядзькі арыенцір і запрашэнне падарожнікам, што маглі збіцца са шляху. Сам Янка «увесь час адчуваў ветлівасць і шчырасць сэрцаў усёй ягонае сям’і» [11, с. 316], Задавальненне прымаць гасцей пазіцыянуецца ў якасці спрадвечнай рысы менталітэту, праява якой спосабы баўлення святочных дзён, апісаныя ў творы: «Завальня ламаў аплатку з панам Марагоўскім, а пасля па чарзе з кожным госцем. Апавядаў, як колісь князь Агінскі, добры і ласкавы пан, запрашаў да сябе на гэты вечар усіх суседзяў, не зважаючы, ці ён бедны, ці багаты, абы толькі шляхціц і прыстойны чалавек. 3 незвычайнай сардэчнасцю прымаў гасцей, шчыра і адкрыта з кожным гаварыў, бавіў яго, расказваючы размаітыя даўнейшыя гісторыі» [11, с. 197], Гаспадар маёнтка ў аповесці «Драўляны Дзядок і кабета Інсекта» пан Зямельскі таксама чалавек гасцінны: ён не адпускае Ротмістра і аўтара-апавядальніка, просіць пабыць яшчэ. Я. Баршчэўскага клапоціць занядбанне традыцый продкаў і пагаршэнне парадкаў, звязанае з гаспадараннем чужынцаў. Але пісьменнік не ідэалізуе і мясцовае насельніцтва, шматфарбна паказваючы ў апавяданнях, як асобныя людзі ідуць на службу прыхадням, што запаланілі край. Суайчыннікі, прагнучы ўзбагачэння лёгкім шляхам, служаць чужынцам, забываючы пра радзіму, яе гісторыю, яе ідэалы і яе будучыню, пра якую асабліва неабходна дбаць.
Я. Баршчэўскі, не адыходзячы ад жыццёвай праўды, таксама не абмінае тэмы знешняга і ўнутранага змарнення: «Жыхары гэтага краю, а менавіта Полацкага, Невельскага і Себеж-
скага паветаў, спрадвеку пакутуючы, зусім змяніліся характарам; на іх тварах заўсёды адбіты нейкі смутак і змрочная задумлівасць. У іх фантазіях увесь час блукаюць нядобрыя духі, якія, аднак, служаць злым панам, чараўнікам і ўсім непрыяцелям простага люду. Я нарадзіўся там і вырас, іх скаргі і журботныя апавяданні, як гоман дзікіх лясоў, навявалі на мяне заўсёды змрочныя думкі і з дзяцінства былі маёй адзінаю марай» [11, с. 81], Паказальна тое, што і даследчыкі беларускай народнай філасофіі ў выданні «Трошкі бліжэй да Сонца, трошкі далей ад Месяца» гавораць пра ідэю заняпаду ў беларускім традыцыйным светапоглядзе: «Шлях ад стварэння да сканчэння свету мае рэгрэсіўны характар, што выяўляецца ў паступовым змяншэнні (вычарпанні) усяго, што ёсць на зямлі» [104, с. 39], I хоць змены ў ментальнай сферы найбольш павольныя і найменш паддаюцца ўплыву, падаецца, менавіта ўспрыманне разгортвання гісторыі як энтрапіі варта было б падвергнуць перагляду і мэтаскіраванаму выкараненню як шкоднае і разбуральнае.
Разам з тым адзін з самых папулярных сярод сучаснікаў пісьменнік XIX ст. здолеў па-майстэрску «выцягнуць» сапраўдную паэзію з уласнага суперажывання паўсюднаму змарненню суайчыннікаў. Гэта «дзякуючы аўтару “Шляхціца Завальні” міфалагічнае светаўспрыманне беларускага народа стала пазнавальным элементам яго вобраза ў тагачаснай літаратуры» [52, с. 341], падкрэслівае П. Кошман. Праз мастацкую заглыбленасць у спрадвечныя, архетыповыя глыбіні нацыянальнага быцця Я. Баршчэўскі адмаўляе негатыўнае і канцэнтруецца на паказе добрага і вартага, таму адзначанае змарненне чалавека на радзіме не ўспрымаецца як канчатковае.