Мастацкі вобраз Бацькаўшчыны ў літаратуры Беларусі XIX стагоддзя

Мастацкі вобраз Бацькаўшчыны ў літаратуры Беларусі XIX стагоддзя

Выдавец: Беларуская навука
Памер: 245с.
Мінск 2023
66.18 МБ
Вялікія празаічныя творы часцей за ўсё ахопліваюць значны прамежак часу, утрымліваюць разгорнутую сістэму персанажаў, маюць некалькі сюжэтных ліній, што, у сваю чаргу, патрабуе моцнага ўнутранага стрыжня арганізуючага цэнтра вялікай тэкставай структуры. Агульнавядома, што гэтым цэнтрам звычайна выступае асоба аўтара, якому ў акрэслены перыяд у еўрапейскім мастацтве пачынае надавацца асаблівае значэнне: «Фігура аўтара належыць Новаму часу; відаць, яна фарміравалася нашым грамадствам па меры таго, як з адыходам Сярэднявечча гэтае грамадства пачало адкрываць для сябе (дзякуючы англійскаму эмпірызму, французскаму рацыя-
налізму і прынцыпу асабістай веры, зацверджанаму Рэфармацыяй) вартасці індывіда, ці, выказваючыся больш высокім складам, “чалавечай асобы”» [7, с. 385], разважае Р. Барт. Асвойваючы розныя формы самавыяўлення ў творы, аўтар выступае з кожным разам усё болын выразна, самастойна і незалежна. Адпаведна разгляд вобраза вялікай і малой радзім ў буйной эпічнай форме заканамерна абапіраецца найперш на аўтарскі светапогляд, выяўлены праз фігуры героя-апавядальніка, стылізаванага наратара ці ўсяведнага наратара ў форме трэцяй асобы.
З’яўленне аповесці і асабліва рамана, падаецца, найбольш шчыльна звязана з патрыятычным пачуццём і асэнсаваннем тэмы Бацькаўшчыны, таму што сама спецыфіка згаданых жанраў патрабуе наяўнасці той ці іншай грамадзянскай пазіцыі і, калі не вырашэння, то, перадусім, пастаноўкі сур’ёзных надзённых задач. «Такім чынам, раман, будучы мастацтвам па генезісу, меў цягу да “антымастацтва”, да філасофіі, навукі навук. Ужо ў пэўных адносінах не мастацтва, яшчэ далёка, па сутнасці, не філасофія: такая культурная ніша рамана. Маргінальнасць, амбівалентнасць, двупрыроднасць вось модус, статус і сутнасць рамана. Звернем увагу: не аб’ём, не тып героя і не спосаб падачы матэрыялу станавіліся вырашальнай характарыстыкай; такой характарыстыкай станавіліся культурныя функцыі рамана» [3, с. 3-4], Культурнымі функцыямі тагачаснага айчыннага буйнога эпічнага жанру былі, па-першае, данесці да чытача праўду пра сваю гісторыю і актуальны час, па-другое, падаўшы звесткі пра памылкі і заслугі мінулага, навучыць, як у будучым пазбегнуць няўдач, па-трэцяе, па традыцыі, пацешыць.
Я. Баршчэўскі ў рамане ў навелах «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», паводле перакладчыка і даследчыка твора М. Хаўстовіча, ставіць задачу ў завуаляванай фантастычнымі і міфалагічнымі гісторыямі форме расказаць пра тых, хто вінаваты ў няшчасцях яго народа
і краю [111]. I. Яцкоўскі залічвае свой раман да шэрагу тых, што «адначасова і вучаць, і бавяць, а сімвалам якіх можа быць: “бавячыся, вучыць”» [123, с. 5-6], I. Яцкоўскі менавіта праўду выстаўляе ў якасці мэты твора «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды», калі ў прадмове адмаўляецца назваць сваё імя і выдае яго ананімна: «Хто ж пісаў гэту кнігу? Гэта неістотна. Той, хто ведае мясцовасць і дэталі, апісаныя тут, пазнае аўтара, і гарантый праўдзівасці яму не трэба; для тых, хто падрабязнасцяў не ведае, імя аўтара не было б парукаю [123, с. 6], Устаноўку на праўдзіваць аповеду адкрыта дэкларуе ў аповесці «Арлалёты і Падканвойны, або Полацкая шляхта» В. Савіч-Заблоцкі: «У рэшце рэшт, усё, што я пішу, усе гэтыя мізэрныя апавяданнейкі не для таго выпускаю надрукаванымі ў свет, каб вастразубыя заілы ўздымалі іх на свой кол і каб з іх нагоды плявузгала потым мноства языкоў. Пішу іх, бо хацеў быў я для сваіх нашчадкаў і для іншых, што добразычліва ставяцца да гэтай працы, намаляваць праўдзівую выяву свайго часу...» [89, № 6, с. 180], I ў каментарыях да гэтага твора В. Савіч-Заблоцкі кожны раз імкнецца пераканаць чытача, што прыведзенае з’яўляецца гістарычнай праўдай, таму, напрыклад, нярэдка падае крыніцы інфармацыі. Пісьменнік вуснамі апавядальніка заяўляе ў якасці аднаго з ключавых таксама і павучальны момант сярод мэтаў напісання свайго твора: «I хаця гэтыя мае апавяданнейкі не які-небудзь там айчынны летапісны звод, а ўсяго толькі звычайная аповесць пра паўсядзённыя, негістарычныя падзеі і здарэнні, аднак жа і з іх можна павучыцца» [89, № 6, с. 180].
Прыведзеныя прынцыпы цалкам упісваюцца ў агульныя тэндэнцыі часу такую выснову можна зрабіць пазнаёміўшыся, напрыклад, з праграмным тэкстам лідара грамадскага кірунку 1870-90-х гг. «варшаўскі пазітывізм» Э. Ажэшкі. Яе артыкул пад назвай «Некалькі заўваг пра раман» акцэнтуе менавіта праўдзівасць у якасці абавязковай прыкметы высокаякаснага мастацтва: «Лёгка трактаваць мінулае нельга,
а гістарычны раман, недасканала напісаны, замест карысці прыносіць шкоду, бо не дастаткова адукаваным розумам дае фальшывае паняцце пра тое, пра што ў сто разоў лепш нічога не ведаць, чым няпраўду» [154]. Прага галоснага выказвання праўды ў жывых сведак гісторыі зыходзіць з перажывання гістарычнай несправядлівасці, якая мела месца ў жыцці іх народа напрыканцы XVIII ст. падзелу Рэчы Паспалітай паміж трыма суседнімі дзяржавамі. Шырокае палатно рамана як нельга лепш падыходзіць для таго, каб, апроч рэалізацыі выключна мастацкіх мэтаў, пазбавіцца ад пачуцця віны за страчаную Бацькаўшчыну, падзяліць адказнасць і апраўдацца перад нашчадкамі за палітычныя змены.
3 пералічаных задач, пастаўленых пісьменнікамі яшчэ ў пачатку твораў, вынікаюць і жанравыя асаблівасці шматмоўнай прозы Беларусі XIX ст. Погляд на ідэйна-эстэтычныя адметнасці паказвае шчыльнае ўпляценне ў мастацкую структуру дакументальных («Аповесць з майго часу» I. Яцкоўскага), сацыяльных і навуковых («Пан Падстоліц, альбо чым мы ёсць і чым быць можам» Э. Масальскага), публіцыстычных («Арлалёты і Падканвойны» В. Савіча-Заблоцкага), дзённікавых («3 крывавых дзён» Я. Лучыны, «Споведзь. Урывак з жыцця майго прыяцеля» А. Плуга) і іншых элементаў. У выніку сінкрэтычнасці жанравы статус многіх твораў далёка не заўсёды бачыцца адназначным, а ў некаторых выпадках увогуле выступае для даследчыкаў падставай для адмаўлення гэтым тэкстам у праве лічыцца мастацкай літаратурай. Аднак, як ужо гаварылася, наўрад ці правамерна падыходзіць да твораў без уліку тагачасных сацыяльна-культурных і гістарычнапалітычных абставін, а таксама законаў развіцця слоўнай творчасці.
Яркім прыкладам жанравай неадназначнасці выступае адметная структура рамана Я. Баршчэўскага, у якой апавяданні аб’ядноўваюцца між сабой вобразам наратара. Недарэмна так адрозніваюцца вызначэнні жанравай спецыфікі твора рознымі
даследчыкамі: аўтар манаграфіі «Рамантычная шляхецкая гавэнда ў польскай прозе XIX стагоддзя» А. Білюценка вылучае ў ім прыкметы жанру гавэнды (канцэпцыя апавядальніка, прынцып арганізацыі аповеду ды інш.) [16, с. 113], a I. Штэйнер балады (баладны сюжэт становіцца асновай многіх апавяданняў і інш.) [118, с. 181], Зрэшты, гэта бачыцца заканамерным: шлях аўтара беларускага прытчавага бестселера быў зусім не прамым і сапраўды праходзіў праз баладу, пасля якой, дзякуючы парадам сяброў, ён знайшоў свой улюблёны мастацкі жанр. На самай справе і гавэнда, і балада ў гісторыі нашай літаратуры ўзніклі невыпадкова, таму што сталі выяўленнем жадання ідэалізаваць і рамантызаваць светлае айчыннае мінулае. Гэты факт якраз і паказвае сувязь у шматмоўнай літаратуры Беларусі XIX ст. вобраза Бацькаўшчыны як вялікай і малой радзім з развіццём жанравай сістэмы.
Гавэнда ўзнікла як заканамернае наступства спосабу абмену інфармацыяй, папулярнага да эпохі тэхнічных дасягненняў, якія надалі працэсам камунікацыі хуткасць і інтэнсіўнасць. Пазнакі гавэнды, нават калі ў прозе яна пачала саступаць месца іншым мастацкім формам, ляжаць на многіх творах шматмоўнай літаратуры дадзенага перыяду. Гэта звязана з такой мастацкай рысай, якую даследчыца А. Білюценка называе рухомасцю жанру, даводзячы, што адно толькі «перавага таго ці іншага элементу робіць гавэнду паэмай або раманам, песняй або апавяданнем, паколькі яна валодае нязвыклай гнуткасцю формы. Пасля жорсткіх патрабаванняў класіцызму літаратуры востра неабходна была такая свабодная літаратурная форма» [16, с. 6], Факт узаемадзеяння гавэнды з польскамоўнай беларускай прозай XIX ст. даследчыца ўжо прадэманстравала падрабязным аналізам рамана ў навелах Я. Баршчэўскага.
Але і іншыя буйныя эпічныя творы таксама не пазбаўлены ўплыву гэтага жанру: яны часта будуюцца па прапанаваным гавэндай узоры, у якім асаблівыя значэнне і ролю мае
вобраз апавядальніка. У аповесці «Арлалёты і Падканвойны» В. Савіча-Заблоцкага вобраз персаніфікаванага наратара Паўла Завішы кампазіцыйны цэнтр твора. «Для таго, каб стварыць такога апавядальніка, аўтар павінен быў спачатку “пранікнуць” у спосаб мыслення людзей мінулага, а пасля “схавацца” за апавядальнікам, ствараючы ілюзію перадачы яму сваіх праў. Гэты адзін з асноўных прыёмаў паводзінаў аўтараў у гавэндзе дазваляў яму пазбегнуць папрокаў у абскурантызме і кансерватызме. У выніку апавядальнік адрываўся ад аўтара і пачынаў жыць уласным жыццём, становячыся побач са сваім стваральнікам» [16, с. 117],
Кансерватыўнасць Паўла Завішы пазіцыянуецца як сталая адзнака старога пакалення і ўключае наяўнасць добрай адукацыі, дзякуючы якой гавэндзяж паўстае асобай не толькі інтэлектуальнай, але і інтэлігентнай. (Нявыхаванасць ён ставіць у дакор сучаснай моладзі, якая атрымоўвае належную адукацыю, але не клапоціцца пра захаванне нормаў паводзінаў і духоўнасць.) Мова апавядальніка насычана незразумелымі шараговаму чытачу словамі, лацінізмамі, алюзіямі да старажытнай міфалогіі, падобна як у класічнага гавэндзяжа. Адзнакай кансерватыўнасці выступае і ідэалізацыя мінулага разам з імкненнем замацаваць яго вобраз у памяці людзей. Сувязь з гавэндай паказвае шматузроўневасць аповеду, калі наратар перадаручае распавесці той ці іншы эпізод камусьці з герояў: паданні пра марскога чалавека, пра Васіліска расказвае Дыдак Бурба, пра Караля-вужа пакаёўка Агнешка, а пра гісторыю Жароўскага возера чытач даведваецца ад самога персаніфікаванага наратара.
Незвычайнай жанравай спецыфікай валодае раман «Пан Падстоліц» Э. Масальскага: аўтар называе свой твор «адміністрацыйным». Даследчыца I. Бурдзялёва адзначае, што па сваіх жанрава-кампазіцыйных адметнасцях гэты мастацкі тэкст стаіць у беларускай літаратуры асобна: «Раман Э. Т. Масальскага “Пан Падстоліц”, спалучаючы жанры дыдактычнага