Мастацкі вобраз Бацькаўшчыны ў літаратуры Беларусі XIX стагоддзя

Мастацкі вобраз Бацькаўшчыны ў літаратуры Беларусі XIX стагоддзя

Выдавец: Беларуская навука
Памер: 245с.
Мінск 2023
66.18 МБ
Лёсавызначальным у свядомасці нашых продкаў з далёкага XIX ст., у прыватнасці ў асэнсаванні імі тэмы вялікай і малой радзім, быў фактар страты родным краем палітычнай самастойнасці факт, які складана было прыняць і перажыць ім і іх бацысам ды дзядам, факт, незагойны боль якога яны «прышчэплівалі» нашчадкам, у тым ліку і сродкамі мастацтва слова. Агульны фон твораў шматмоўнай літаратуры Беларусі XIX ст. сведчыць, што ў асяроддзі айчыннай шляхты, а часткова і сялянства, пануе выразна патрыятычная атмасфера, а сама тэма Бацькаўшчыны аказваецца «балючай» і трывала звязваецца з грамадзянскім пачуццём. Незадаволенасць бягучымі падзеямі, звязанымі з абмежаваннем звыклых правоў і навязваннем новых абавязкаў шляхце і сялянству, вылівалася ў ідэалізацыю былых часоў, распачатую яшчэ А. Міцкевічам і адчувальную на працягу ўсяго стагоддзя. На думку А. Мальдзіса, «такой ідэалізацыі несумненна садзейнічаў уплыў літаратуры польскага народа, які жыў ва ўмовах, у многім падобных на беларускія. I там і тут праслаўленне Рэчы Паспалітай бралася на ўзбраенне патрыятычнымі сіламі, якія сучаснае і будучае часта асэнсоўвалі ў катэгорыях мінулага» [66, с. 59], У. Мархель называе падобныя спадарожныя вызваленчаму руху настроі «рэтраспектыўным дзяржаўным патрыятызмам» [72, с. 5], што дамінаваў над нацыянальнымі ўяўленнямі і памкненнямі ў будучыню ў беларуска-літоўскім асяроддзі.
Разам з тым напрыканцы XIX ст. настальгічныя матывы суму па залатых вольнасцях, а для многіх і па самім праве належаць да высакароднага саслоўя, сведчаць пра нейкую выніковасць перыяду. Паводле даследчыкаў, «паўней за ўсё культура, што сыходзіць, рэфлексуе сябе на парозе пераходу ў новую якасць. А сам акт самаспазнання аказвацца формай зжывання, растання з мінулым» [87, с. 27], У айчынным выпадку гісторыя неўзабаве дасць гэтаму пацвярджэнне, таму
што наступнае, XX стагоддзе прывядзе да новага не толькі беларуска-літоўскі народ, але і ўвесь еўрапейскі свет.
•к Ж тк
Вобраз Бацькаўшчыны ў шматмоўнай літаратуры Беларусі XIX ст. не валодае дакладна акрэсленымі межамі ў сувязі з несфарміраванасцю этнанацыянальнай ідэнтычнасці ў выніку працяглага папярэдняга суіснавання беларусаў з польскім народам у адной дзяржаве, з адсутнасцю самастойнасці і далучанасцю ў перыяд, які разглядаецца, да Расійскай імперыі. Стварэнне патрыятычных твораў адбываецца ў сітуацыі сумяшчэння, перадусім, трох моўных сістэм, таму вобраз Бацькаўшчыны ў творах прысутнічае не столькі на знешнім узроўні, колькі глыбінна у прасторы архетыповых сэнсаў. Паняцце радзімы не валодае цэласнасцю як у тэрытарыяльных адносінах, так і ў змястоўных, а самі развагі ў катэгорыях патрыятызму вымагаюць ад тагачаснага чалавека высокага ўзроўню абазнанасці, усведамлення сябе, свайго месца ў свеце і ролі ў разгортванні гісторыі. 3 іншага боку, менавіта ў такі неспрыяльны гістарычны перыяд заўважна пашыраецца цікавасць да прасторы аўтэнтычнага беларуска-літоўскай «самасці», узнікае ідэя спрадвечнай Бацькаўшчыны. Найбольш рэпрэзентатыўна вобраз Айчыны праяўляецца ў творах, напісаных прадстаўнікамі шляхецкага саслоўя параўнальна з суседнімі народамі шматлікай сацыяльнай групы, якая, нягледзячы на ўсё больш з цягам часу відавочныя складанасці з матэрыяльным самазабеспячэннем і няздольнасць быць народным лідарам ствараць і рэалізоўваць адраджэнскія праграмы, усё ж у абліччы лепшых прадстаўнікоў выступае носьбітам беларускай ідэі. Інтэлігенцыя ўсведамляе Бацькаўшчыну праз своеасаблівую прызму «падвоенасці» як вялікую і малую радзімы: першай была агульная для беларуска-літоўскага і іншых народаў дзяржава Рэч Паспалітая, другой Вялікае Княства Літоўскае як прарадзіма этнасу ці яшчэ больш вузка месца нараджэння таго ці іншага аўтара. Абедзве Бацькаўшчыны, адсылаючы да больш ці менш далёкага
мінулага, адсутнічаюць у рэальнасці XIX ст., а сама гэта тэма ў мастацтве слова пазначана «балючасцю», што праяўляецца ў скіраванасці літаратараў у мінулае і адпаведна яго мастацка-эстэтычнай ідэалізацыі.
1.2.	Выяўленне вобраза радзімы ў буйных эпічных жанрах
Непарыўнасць унутранага і знешняга, ці змястоўнага і фармальнага калі разважаць у літаратуразнаўчых катэгорыях скіроўвае даследчыка звярнуць увагу на тое, ці суадносіцца тэма ўвасаблення Бацькаўшчыны ў творах XIX ст. з жанравай сістэмай акрэсленага перыяду. Гэты традыцыйны ракурс погляду на мастацтва слова не губляе актуальнасці: аўтары найноўшага дапаможніка «Гісторыя беларускай літаратуры XIX стагоддзя» глядзяць на слоўную творчасць найперш «праз прызму аднаго з самых доказных крытэрыяў жанравага» [119, с. 5], З’яўленне або дамінаванне той ці іншай формы нельга разглядаць у адрыве ад агульнай спецыфікі развіцця мастацтва слова, паколькі «літаратурны жанр не ўзнікае адвольна ці механічна ў выніку запазычання з іншых літаратур, адзначае даследчык балады 1. Штэйнер і працягвае. Яго зараджэнне абумоўлена перш за ўсё канкрэтнымі гісторыка-літаратурнымі фактарамі. Вывучэнне генезісу жанру, як правіла, адлюстроўвае найбольш важныя асаблівасці гістарычнага развіцця літаратуры...» [121, с. 3], Шматмоўнасць беларускай літаратуры XIX ст. у сувязі з яе існаваннем і ў папярэдні, і ў гэты перыяд у адной эстэтычнай прасторы з польскім мастацтвам ўплывае і на жанравую гісторыю: «...польскамоўныя творы пісьменнікаў Беларусі, хоць і былі рэгіянальнай з’явай, але суіснавалі з творамі пісьменнікаў Польшчы, далучаючыся тым самым да развіцця ўласна польскай літаратуры» [71, с. 85].
I. Штэйнер y развагах на акрэсленую тэму рухаецца далей, і, адзначаючы спрыяльны ўплыў суседскай літаратуры на беларускую, фактычна канстатуе трывалую сувязь тэмы Айчыны з жанравай гісторыяй: «Іншамоўная спадчына ўраджэнцаў Беларусі XIX ст. надзвычай спрыяла далейшаму развіццю нацыянальнай літаратуры ўжо пад “чыста” беларускім шатамі. Бо якраз тут быў пакладзены пачатак сакралізацыі вялікай і малой Радзімы, менавіта ў іх схаваны вытокі многіх асноўных жанраў, якія і знойдуць далейшае развіццё ў беларускай стыхіі» [120, с. 168], У сутворчасці з польскімі аўтарамі, у сумесным культурным полі беларуска-польскага ўзаемадзеяння прысутнічае шэраг розных выяўленчых формаў, сярод якіх можна вылучыць, напрыклад, гавэнду, паэму, баладу, апавяданне, аповесць, раман і інш. Тэма Бацькаўшчыны засведчыла сябе ў кожным з гэтых жанраў, таму што праз прызму яе ў XIX ст. глядзелі на грамадскае, палітычнае, а таксама прыватнае жыццё паэты, празаікі і драматургі, асэнсоўваючы свае лёсы ў маштабах як прасторы уласнага пражывання, так і бягучага гістарычнага часу.
Пытанне жанру і яго выяўленчых магчымасцей у тым ці іншым ідэйна-тэматычным змесце ў гісторыі літаратуры наўрад ці будзе прадуктыўным разглядаць без сувязі з сацыяльнапалітычнай сітуацыяй ды агульнымі настроямі ў грамадстве. А. Білюценка справядліва адзначае: «Актуальнасць жанру ў вялікай ступені залежыць як ад літаратурных, так і ад пазалітаратурных фактараў, сярод якіх вельмі важную ролю іграе грамадска-палітычная сітуацыя. Яна вызначае праблематыку, спрыяе развіццю характэрных для дадзенай эпохі тэндэнцый літаратуры і культуры. Нараджэнне і развіццё любога жанру... варта разглядаць на шырокім гістарычным фоне, у цеснай сувязі з традыцыямі літаратуры, культуры, асаблівасцямі жыцця грамадства, якія аказваюць вялікі ўплыў на яго фарміраванне» [16, с. 19], Незадаволенасць агульным узроўнем жыцця і залежным ад Расійскай імперыі станам краю,
узброеныя спробы вяртання агульнай для некалькіх народаў Рэчы Паспалітай не толькі сведчаць пра наяўнасць патрыятычнага і грамадзянскага пачуцця, але актывізуюць і стымулююць яго рост і распаўсюджанне, нягледзячы на прысутнасць рэакцыйных настрояў. Гэта нараджае ў творчай інтэлігенцыі і проста неабыякавых грамадзян, якія належаць пераважна да шляхецкага асяроддзя, жаданне ўвекавечыць востры змест па-мастацку ўвасобіць ключавыя праблемы мінулага і бягучага жыцця і настройвае на пошукі неабходнага ў кожным выпадку жанру.
У даследаванні тэмы Бацькаўшчыны ў шматмоўным мастацтве слова Беларусі XIX ст. асаблівае значэнне належыць феномену мастацкай прозы, якая пачала «вяртацца» да спрадвечнага чытача толькі ў другой палове мінулага стагоддзя. Яе аўтарства належыць высакароднаму саслоўю, якое ў пераважнай большасці стварала мастацкія тэксты для сябе і выяўляла ў іх аблічча атачэння. Нягледзячы на гістарычныя прэтэнзіі да шляхты, звязаныя з яе не толькі палітычнай, але і фінансава-эканамічнай, гаспадарчай і ўвогуле светапогляднай бездапаможнасцю, якія па меры набліжэння да канца стагоддзя ўсё болей давалі пра сябе знаць, усё ж за гэтым саслоўем прызнаецца лідарства ў пытаннях захавання і трансляцыі наступным пакаленням беларускай ідэі. Хоць з акрэсленнем згаданага тэрміну айчынная гуманітарыстыка мае відавочныя праблемы і зараз, гаворачы пра XIX ст., пад ёй разумеецца хутчэй тая цікавасць да беларускай аўтахтонікі, якая ўзнікла пасля перастановак на палітычнай карце свету. Даследчык літаратуры Даўняга і Новага часу У. Мархель даводзіць: «Паэтапная анексія беларускіх земляў Расіяй мяняла характар паланізацыі беларускай шляхты: антыімперскія настроі, з аднаго боку, узмяцнялі ідэалізацыю страчанай дзяржавы, а з другога абуджалі гістарычна-прасторавую цікавасць да першаснай радзімы, радзімы продкаў» [72, с. 12], Знакавую ролю ва ўзмацненні цікавасці да этнічнай «самасці» адыграў мастацкі
кірунак рамантызму, які даў беларускаму народу адзін з самых запатрабаваных сёння празаічных твораў нацыянальнага мастацтва акрэсленага перыяду раман у навелах Я. Баршчэўскага.
Буйная мастацкая проза у гэту групу твораў уваходзяць аповесцевыя і раманныя формы, мова напісання якой была ў асноўным польская, таму што вялікі аб’ём патрабаваў добра распрацаванага інструментарыю, узнікае невыпадкова. Падзеі канца XVIII ст., паступова ўмацоўваючыся ў грамадскай свядомасці і атрымоўваючы пэўную характарыстыку (са знакам «плюс» або, як у тагачаснай айчыннай сітуацыі, «мінус»), пачынаюць бачыцца чалавеку ў разгалінаваных прычыннавыніковых сувязях. Нараджэнне ў беларускай літаратуры XIX ст. аповесцевых і раманных формаў звязана з тым, што выяўленне глабальнага зместу мае на ўвазе наяўнасць адпаведнай патрабаванням задумы маштабнай формы. Са з’яўленнем польскамоўнай прозы такіх аўтараў, як Я. Баршчэўскі, Э. Масальскі, I. Яцкоўскі, В. Савіч-Заблоцкі, айчынная літаратура дэманструе мастацкае «сталенне», нягледзячы на неспрыяльныя акалічнасці. Названыя і іншыя пісьменнікі кожны ў адметнай, непаўторнай і запамінальнай манеры у сваіх творах выяўляюць грамадскія катаклізмы і іх наступствы на прыкладзе жыцця людзей.