Мастацкі вобраз Бацькаўшчыны ў літаратуры Беларусі XIX стагоддзя
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 245с.
Мінск 2023
У рамане «Пан Падстоліц» фізічны і духоўны заняпад чалавека таксама не інтэрпрэтуецца як змены, якія, адбыўшыся, незваротна ліквідуюць усё каштоўнае, што стагоддзямі прысутнічала на радзіме. Заўвагі пра шляхту служаць мастацкай мэце нераўнадушнага аўтара, арыентаванага папярэдзіць дэ-
градацыю чалавека узмацніць усё лепшае, што ёсць у мясцовых людзях, акцэнтаваўшы на гэтым сваю ўвагу:
Калі аб’ектыўна разглядаць наш характар, дык няварта нам яшчэ кідацца ў роспач. Толькі тры ў ім галоўныя заганы: абыякавасць, тытуламанія і залішняя прага да раскошы, не зважаючы на магчымасці» [73, с. 125], разважае пан Падстоліц. Нягледзячы на агульны крытычны тон твора, паводле аўтара, не ўсё ў тагачасным насельніцтве на прасторах Бацькаўшчыны так дрэнна, але ёсць некаторыя сурёзныя недахопы, якія нядаўна з’явіліся і якія трэба вынішчыць яшчэ каля вытокаў: «Гэта, пане Уладзіслаў, агульны малюнак нашых заганаў; праўду кажучы, не надта ён чорны, бо няма ў натуры нашага роду ані з’едлівае крывадушнасці, ані скамянелага эгаізму, ані падхалімства, ані здрадлівасці, ані бязмежнае разбэшчанасці, ані глухога да згрызотаў сумлення, адным словам, нічога такога, што робіць чалавека подлым. I ўсе тыя заганы, якія ў нас гэтак пашырыліся, якія тлумяць у нашых сэрцах глыбока ўкаранёныя зародкі вялікіх дабрачыннасцяў, уласцівых усім славянам, паходзяць не з нашае натуры, але яны хутчэй набытыя ў тых акалічнасцях, якія здаўна моцна на нас уздзейнічаюць» [73, с. 126].
Э. Масальскі, які праявіў сябе ў тым ліку і ў якасці мысляра, прадстаўляючы ў творы распрацаваную канцэпцыю грамадскага і эканамічнага развіцця, прапануе шляхі пазбаўлення ад негатыўнага. Адказнасць за іх рэалізацыю ўскладаецца ім на шляхту: «Якія ж на гэту хваробу лекі? Вярнуць мэту жыцця шляхецкаму стану. А гэта ў цяперашніх акалічнасцях павінна быць не што іншае, як намаганні, скіраваныя на паляпшэнне дабрабыту краю, дзеля чаго трэба ўзяцца за прамысловасць у шырокім значэнні гэтага слова. Адно толькі вяртанне мэты жыцця, дзякуючы шляхетнай прывязанасці да Айчыны, знішчыла б усе тыя заганы, якія ўзніклі з-за абыякавасці да дабра краю» [73, с. 136], Прадэманстраваўшы ў другой частцы рамана на прыкладзе маёнтка пана Падстоліца
ўзор увасаблення сваіх рэфармісцкіх ідэй па ўдасканаленні гаспадаркі, пісьменнік недарэмна звяртае ўвагу і на тое, як спрыяльныя ўмовы могуць паляпшаюць аблічча людзей. Гэта быў «край, дзе па волі аднаго абывацеля разгортвалася нязнаная дагэтуль краса жыцця, дзе людзі былі з іншымі пачуццямі, адукацыяй, светапоглядам, благаславёныя Небам, захопленыя дабрадзейнасцю, чалавечай годнасцю ды міласэрнасцю...» [73, с. 247]. Хоць падобныя праекты прынята сёння лічыць утапічнымі, само іх з’яўленне выступае сведчаннем шырыні поглядаў аўтара і яго заклапочанасці праблемамі Бацькаўшчыны.
Развагі пра змарненне людзей, што жывуць на беларуска-літоўскай тэрыторыі, прысутнічаюць і ў паэме «Таміла» В. Каратынскага. Яны гучаць асабліва балюча на фоне апісання велічы і магутнасці старога панскага замка, які нібы плача «каменнымі слязамі», скідваючы свае цагліны з вежы. Аўтар пранікае ў думкі старажытнага сведкі былой велічы не толькі асобных людзей, але і народа, дзяржавы:
Нямала пражыў ён і бачыў нямала, I памяць свая ім шануецца вельмі. Племя гігантаў яго будавала, За мілю братам перакідвала кельмы. Мінулася тое і волаты зніклі, Здрабнелі эпохі, героі звяліся Пігмеі змянілі тых продкаў вялікіх. Але ў жылах замка вякі нясуць мыслі! Жыве ён мінуўшчынай, колішнім гартам, На нашу таўпеч пазірае з пагардай.
[60, с. 410-411]
Падобна Э. Масальскаму, В. Каратынскаму, Я. Баршчэўскаму, ва «Успамінах пра Літву» Ю. Завілейка спачатку паказвае схуднеласць літвінаў, якія жывуць у непрыдатных і шкодных для здароўя ўмовах і выконваюць разбуральны аб’ём працы. Але сутнасць нашага народа таксама малюецца ім
у вельмі пазітыўным святле: Бацькаўшчына ўяўляецца прыгожым і добрым краем, а мясцовым людзям прыпісваюцца такія выдатныя ўласцівасці, як добры характар і духоўныя цноты [62, с. 687]. Гэтыя пранесеныя праз стагоддзі вартасці і дазволілі этнасу выжыць захаваць сябе, каб у гістарычна зручны момант, стаўшы свабоднай і самастойнай супольнасцю, паказаць свету сваю прыгажосць і вялікую ўнутраную сілу.
Нягледзячы на прыгнёт і неспрыяльныя абставіны жыцця, аблічча беларускага сялянства ўяўляецца прыгожым аўтару рамана «Абрусіцелі» расійскай пісьменніцы Н. Ланской, напісанага ёю падчас жыцця на каланізаванай тэрыторыі Беларусі. Аўтар выказвае свае думкі словамі гераіні Арловай, прататыпам якой лічаць саму пісьменніцу, што таксама прыехала ў «паўночна-заходні край» услед за мужам. У характарыстыках беларуска-літоўскага народа заўважна дваістасць: «Яна пражыла ў Паўночна-Заходнім краі шэсць гадоў, і ўсе яе сімпатыі былі на баку беларускага племя, гэтага ціхмянага, добрасумленнага, крыху лянотнага, цярплівага і непатрабавальнага племя, якое з такой маўклівай пакорнасцю несла вялікі цяжар свайго жыцця. Яна ведала, што толькі даведзены да крайнасці прыгнёт мог вычарпаць цярпенне гэтага найцярплівейшага народа настолькі, каб выклікаць ягоны супраціў» [61, с. 658], Гераіня, як і сама пісьменніца, піша развянчальныя артыкулы ў прэсе пра дзейнасць суайчыннікаў, імкнецца дапамагаць сялянам, несправядліва забраным у рэкруты. Яна не хавае сваіх настрояў і адкрыта выказвае негатыўныя адносіны да таго, хто гэтага заслугоўвае. Да лагеру Арловай належыць яе муж і блізкія па духу Зыкаў і Колабаў, што спрабуюць спыніць бессаромныя дзеянні адміністрацыі і габрэяў у воласці, усталяваць справядлівасць і навесці парадак.
Яшчэ ў пачатку аповесці «Арлалёты і Падканвойны» В. Савіча-Заблоцкага прысутнічае своеасаблівая графічная метафара, якая сведчыць пра ўспрыманне ім сваіх часоў як перыяду змарнення. Апавядальнік Павел Завіша тлумачыць: «...“сяке-
рак век” мінуў, а “малых брушкаў” надышоў!.. (век сякерак век 18-ты: сякерка лічба 7, пісаная па-арабску; малых брушкаў век век 19-ты; знак 8 “двума брушкамі” завецца)» [89, № 1, с. 126], Але сама мэтавая ўстаноўка твора і жыццесцвярджальная перамога станоўчых герояў паказваюць жаданне ўзмацніць пазітыўныя праявы жыцця і ліквідаваць негатыўныя. Таму, нягледзячы на распаўсюджанасць уяўленняў, што «новыя пакаленні людзей, якія змяняюць папярэднія, слабейшыя і мацнейшыя» [104, с. 39], літаратура арыентуецца на пераадоленне сітуацыі.
На думку I. Запрудскага, «ва ўсёй польскамоўнай паэзіі Беларусі няма ніводнага аўтара, лірыка якой настолькі напрамую ідэнтыфікавалася б з малой радзімай вёскай Дарагавіца і яе ваколіцамі» [38, с. 71], як А. М-скі (3. Манькоўская). У яго творчасці патрыятычнай тэматыкі матыў змарнення людзей, якія жывуць на беларуска-літоўскай тэрыторыі, развіваецца ў межах тэмы гістарычнай мінуўшчыны. Паэтычныя творы прысвечаны ўслаўленню вядомых бітваў (Грунвальд, Хоцім, Мацеявіцы), а таксама ўладароў вялікай дзяржавы. Лірычны герой сумуе не толькі па тым, што сышла ў нябыт краіна як палітычная адзінка, але і з нагоды зменаў у насельніках. Яна разважае пра гэта ў творы «Засценак Зосін»:
Сланечнік дзе-нідзе. Старое ўсё тут знана Стадола, свіран, хлеў яшчэ з часіны Леха.
Тутэйшы люд, аднак, спрастачыўся нямала, Рука, што некалі пяро і меч трымала, Пры плугу загрубела, розум страціў годнасць.
Адно аблічча часам выдае пароду, Красу і моц цяпер здрабнелага народу, Культуру даўнюю і дум высакароднасць.
[61, с. 402]
Словы пра трываласць этнанацыянальнага фенатыпу і ў гэтага аўтара сцвярджаюць невынішчальную моц архетыповага
у чалавеку, якое і дапамагае народу пранесці праз стагоддзі сваю этнічную «самасць». У цыкле «Стары Двор» у аспекце тэмы змарнення важная першая замалёўка «Год 1585», якая апавядае пра старажытнасць, а значыць спрадвечнае права мясцовых людзей на спадчынную зямлю:
Я, Аляксандр, сын Юрыя, што ў Слуцку княжыць, Пячаткай дакумент уважніваю гэты, Які мяне з нашчадкамі надзейна звяжа, I ў актах застанецца на даўгія леты.
«За грошы, дзвесце коп, як пергамін той кажа, Слузе майму даю, без нейкай тайнай мэты (Няхай там з жонкаю загаспадарыць важна!) Абшар буйны гаёў, лес, сенажаць, палетак, Дзічына, рыба там, і пчолаў ёсць дастатак». Мінула трыста год, збуцвеў той аркуш княскі, Шляхецкі люд сышоў, што быў ваяр і ратай Мяшанае крыві літоўскай, рускай, ляскай, Так знік, нібы атрад, сустрэўшыся з засадай. А помніць аб усім тут толькі роў магнацкі.
[61, с. 398]
У суме А. М-скага расчытваюцца перыпетыі жыцця шматлікай шляхты (у параўнанні, напрыклад, з расійскай) на беларуска-літоўскіх землях у XIX ст., калі зацікаўлены ў змяншэнні колькасці прывілегіяванага саслоўя царызм праводзіў так званыя «разборы»: кожны жыхар высакароднага паходжання ў «паўночна-заходнім краі» павінен быў дакументальна даказаць шляхетнасць свайго радаводу. Апошняе выклікала цяжкасці ў сувязі з тым, што, як паказваюць працытаваныя радкі, час не шкадаваў нічога, а тым больш звычайныя паперы, якія гарэлі ў пажарах ды проста буцвелі.
Прасочваючы повязь вякоў, паэт тужыць па аднятаму ў многіх нашых продкаў Расійскай імперыяй напрыканцы XVIII ст. спадчыннаму праву распараджацца ўласнай зямлёй і нават сваім гонарам. У творы разгортваецца думка, што сыходзіла ў нябыт фактычна саслоўе, з чым і звязаны сум знікнення, змар-
нення, пераменаў, страты чагосьці вельмі значнага і вялікага, істотнага гістарычна і асабіста. У тым ліку і з гэтым перакладчыца паэзіі А. М-скага I. Багдановіч, акрэсліваючы настальгічную сутнасць многіх твораў, звязвае магчымую прычыну ўзнікнення псеўдагініма аўтара: «Сама ж гэтая легендарная Дарагавіца бацысоўскі маёнтак на Случчыне і ўсе атрыбуты даўняга шляхецкага жыцця, ваяўнічага і рыцарскага, як бы само сабою падразумявалі лірычнае “я” героя-мужчыны, сацыяльная гендэрная роля якога якраз адпавядала ваярскаму, рыцарскаму статусу. Таму імя і скарочанае прозвішча бацькі Адам М-скі адначасова рэалізоўвала і сувязь з “малой” радзімай і старашляхецкую патрыятычную дамінанту» [4, с. 81], Вобраз Бацькаўшчыны паўстае ў творах А. М-скага ў повязі з мужчынскім пачаткам нечым важкім, грунтоўным, трывалым, але знявечаным часам і прынесенымі зменамі.
* * *
Літаратары, апісваючы беларуска-літоўскае насельніцтва, якое прадстаўляе Бацькаўшчыну, шырока выкарыстоўваюць матыў змарнення людзей, прычым як сялян, так і шляхты (Э. Масальскі, В. Каратынскі, Я. Баршчэўскі, Н. Ланская, Ю. Завілейка, А. М-скі). У першым выпадку прычынай з’яўляецца ўсеагульнае зніжэнне матэрыяльнага ўзроўню жыцця, за чым звычайна крочыць духоўнае збядненне. У другім выпадку аўтары схільны вінаваціць не толькі пазбаўленне айчыны самастойнасці, але і ўласную мізэрнасць пагаршэнне характару. Гэта выліваецца ў страту спрадвечнай рысы нацыянальнага менталітэту беларуска-літоўскай гасціннасці. Адсюль аўтары схільны ідэалізаваць мінуўшчыну, у якой былі годныя ўмовы існавання і павага да чалавека. Разам з тым адзначаныя негатыўныя тэндэнцыі разглядаюцца не як іманентныя ўласцівасці, а як нешта нованабытае ў неспрыяльных умовах, што належыць вынішчыць і пераадолець.