Мастацкі вобраз Бацькаўшчыны ў літаратуры Беларусі XIX стагоддзя
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 245с.
Мінск 2023
Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай тэрыторыя былога Вялікага Княства Літоўскага (тагачаснай Беларусі), апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Аднак ці пачуваліся жыхары тагачаснай Беларусі грамадзянамі дзяржавы, якая дыктавала свае законы ў розных сферах жыцця, насаджала мову і веравызнанне? Як фарміравалася вызначэнне паняцця Бацькаўшчыны ў пісьменнікаў XIX ст. ідэнтыфікацыя сваёй радзімы, сваёй краіны, сваёй нацыянальнай прыналежнасці на той час?
Ствараючы свой калектыўны партрэт беларускага пісьменніка XIX ст., Г. Кісялёў заўважыў, што менавіта ў той час «адбываецца паступовае фарміраванне беларускай нацыі» [47, с. 484]. Даследчык падкрэслівае, сярод абагульнення па розных крытэрыях, што выразнікам фарміравання нацыі з’яўля-
ецца літаратура, а прадстаўнікі прыгожага пісьменства XIX ст. істотна праявілі сябе ў гэтым працэсе.
У артыкуле, прысвечаным узроўням разумення радзімы А. Міцкевіча, прыналежнасці яго спадчыны да таго ці іншага народа, А. Мальдзіс ахарактарызаваў этапы развіцця нацыянальна-патрыятычных поглядаў паэта як «ранні краёвы рэгіяналізм, «літоўскасць» і польскасць да разумення (на хвалі рэвалюцыйнага 1848 г.) шматэтнічнасці і былой Рэчы Паспалітай, і ўсёй Еўропы, да прызнання ў газеце “Tribune de People” («Трыбуна народаў») права кожнага народа на роўнасць і свабоду» [63, с. 442],
Ідэнтыфікацыя бацькаўшчыны беларуса па паходжанні, ліцвіна ў канцы XIX ст. выдатна вызначана ў адным з лістоў пісьменніцы Зоф’і Манькоўскай (псеўд. Адам М-скі, таму ў ліст напісаны ад імя мужчыны. М. В.) да Зянона Пшасмыцкага: «У вершы “На крыллях Арыеля” Вы замянілі “Літву” на “родную зямлю”. Добра разумею вас баіцеся правінцыяналізму. Але ў дачыненні да мяне такая заўвага няслушная. Разумею любоў да ўсёй Айчыны і такую, як умею, паказваю. Я далёкі ад сепаратызму, але бывае так, што менавіта які-небудзь куток краю, асабліва занядбаны, патрабуе, каб толькі да яго адазвацца. Таму вось у вершы “Здалёку” я кажу: “Сягоння так і ты, Літва, спіш ціха!” У Вас няволя, але і ўніверсітэт, сталіца, пісьменства у нас нічога няма, нават уласнае імя забыліся, нас трэба клікаць па імені (курсіў наш. М. В\ нам трэба казаць: абудзіцеся! У свой час і да супольнай працы прыдамося» [124, s. XXV],
Пра мову і моўную сітуацыю ў XIX ст., яе ролю ў нацыянальнай ідэнтыфікацыі творцаў таго часу вядзецца даўняя палеміка сярод даследчыкаў. Пераважная большасць пісьменнікаў карысталася польскай мовай мовай інтэлігенцыі, выкарыстанне ж беларускай мовы (якой, безумоўна, добра валодала большасць ўраджэнцаў тагачаснай Беларусі) часта абумоўліваюць сацыяльнымі чыннікамі, жаданне пісаць на ёй,
як адзначае, напрыклад, Л. Кісялёва, у тым ліку «хлапаманствам» [46, с. 75]. Зразумела, што адукацыйныя ці выхаваўчыя мэты пісьменнікаў маглі апраўдацца толькі з улікам таго, што іх творы могуць дайсці да пісьменных «хлопаў». Ж. Некрашэвіч-Кароткая зазначае: «Беларускамоўнасць творцы ў вачах прадстаўнікоў айчыннай інтэлектуальнай эліты XIX ст. не была галоўным крытэрыем нацыянальнай ідэнтыфікацыі ні яго самога, ні яго літаратурнага плёну» [75, с. 149], Даследчыца звяртае ўвагу на тое, што выкарыстанне беларускай мовы ў XIX ст. не мэйнстрым, і варта пагадзіцца, што ўвядзенне яе «ў кантэкст прыгожага пісьменства было матывавана імкненнем зрабіць гэтую мову эстэтычным дэтэрмінантам, гарантам чысціні не толькі лексічнага складу, але і этычнай парадыгмы народа» [75, с. 154]. Пра беларускую мову як сродак зносін і пісьмовага бытавання Зоф’я Манькоўская адгукаецца наступным чынам: «Столькі гадоў пражыўшы на чужыне, скажу Табе надзвычайную рэч: размаўляю чыста па-беларуску, так як у народзе ўжо не гавораць... Гэта справа больш складаная, бо пры адсутнасці літаратуры няма магчымасці вучыцца гэтай мове» [124, s. XXV],
У творчасці Я. Чачота (1796-1847) паняцце Бацькаўшчыны раскрываецца характэрным для пісьменнікаў свайго таго часу чынам. Праявы краёвага, мясцовага патрыятызму гэта выкарыстанне беларускай мовы, зварот да народнай творчасці і яе захаванне і трансляцыя ва ўласнай апрацоўцы, любоў да малой радзімы, да лакальнай гісторыі (у зборах фальклору, вершах, уласных песнях). Нацыянальная самаідэнтыфікацыя ліцвін, крывіч паходжанне, народнасць, этнічны маркер. У глабальным плане актуальнымі былі ідэі аднаўлення былой велічы Рэчы Паспалітай, а таксама адмены прыгоннага права («няволі сялян, якая супярэчыць законам прыроды» [114, с. 203]), што адмысловым чынам праяўляецца ў публіцыстыцы Я. Чачота. Асобны ўзровень бачання Бацькаўшчыны ў спадчыне пісьменніка з пазіцыі ссыльнага, чалавека, якога не па сваёй волі выправілі з радзімы.
Жыццёвы шлях Я. Чачота, аднаго з першых пісьменнікаў XIX ст., які стала выкарыстоўваў беларускую мову ў сваёй творчасці, непарыўна звязаны з радзімай. Тут бацькаўшчына характэрная для яго эпохі, шматузроўневае паняцце. Калі звяртацца да малой радзімы, як базавага складніка фарміравання нацыянальнага светабачання, гэтае пытанне асветлена, асабліва на аснове паэзіі Я. Чачота, даследчыцай Таццянай Кохан, якая сцвярджае: «Радзіма паэта краіна кантрастаў, дзе надзвычайная прыгажосць прыроды суседнічае з цяжкай працай сялян, з іх горкім жыццём <...> Рэгіянальны свет Чачотавых твораў вызначаецца дакладнасцю ў апісанні навакольнага асяроддзя, таму створаны аўтарам вобраз Наваградчыны стаў адметным элементам нацыянальнай карціны свету» [50, с. 10].
Публіцыстыка і навуковыя працы Я. Чачота ў высокай ступені дазваляюць раскрыць яго самаідэнтыфікацыю. Яна будуецца на дэклараванай, абвешчанай любові да айчыны. Разгледзім, як разумее гэтую складаную з’яву сам пісьменнік. Важны дакумент часоў моладзевых таварыстваў «Пра будучае прызначэнне таварыства філаматаў, пра варыянты яго сённяшняй будовы, пра тое, наколькі адпавядаюць яны нашым мэтам (3 прамовы на пасяджэнні Таварыства філаматаў 7 мая 1821 г.)» нясе ў сабе крытычныя пытанні працы суполкі, акрэслівае галоўную мэту, якую Я. Чачот бачыў перад сабою, «каб таварыства і яго саюзы былі, як той гадзіннік, у якім усё ўзаемазвязана, у якім кожная спружына, кожнае колца, няспынна рухаючыся, служыць адной мэце толькі такі гадзіннік можа адбіць некалі гадзіну шчасця для краю...» (курсіў наш. М. В.) [114, с. 197], Сярод задач аўтар вылучае «пры дапамозе асветы і згуртавання суайчыннікаў яно (Таварыства. М. В) павінна рабіць дзейсны ўплыў на грамадскую думку, рабіць усё для шчасця і вызвалення айчыны» [114, с. 197], Я. Чачот ужывае далей словазлучэнне «польскі свет» у дачыненні да адзначанай раней айчыны, што ў кантэксце папярэд-
няй цытаты пра вызваленне дазваляе развіць думку аб былой Рэчы Паспалітай, якая не так даўно пацярпела тры падзелы.
Дарэчна будзе сказаць, што і да адбору будучых сяброў Таварыства Я. Чачот падыходзіць з патрабаваннямі, каб прымаліся «толькі сапраўды годныя людзі, дзейныя, з высакародным сэрцам, разумныя, людзі, якія любяць айчыну, старанныя і цвёрдыя; мы не будзем тады мець патрэбы ў пошуках спробаў хавацца адзін ад аднаго» [114, с. 197],
Асаблівым чынам нацыянальныя, этнічныя і моўныя адрозненні ў сваім светабачанні Я. Чачот транслюе ў сваіх у навуковых працах. Напрыклад, пры ўкладанні тома «Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзвіны» (1846 г.), ён падае «крыху прыказак на славяна-крывіцкай мове і яе самабытных слоў» [114, с. 215]. Менавіта «славяна-крывіцкай» К. Цвірка ў каментары да тома выбраных твораў на гэты конт робіць слушную заўвагу:): «Чачот надрукаваў у сваім зборніку слоўнічак адметных слоў, уласцівых, на яго думку, толькі беларускай (курсіў наш. М. В.) мове» [114, с. 355], Далей фігуруюць выразы «крывіцкія словы», «крывіцкі дыялект», «крывіцкая мова» у дачыненні да беларускай, а вось прыметнік «літоўскі» ў артыкулах Яна Чачота варта адсочваць кантэкстуальна нярэдка ён сустракаецца ў сувязі з літоўцамі як этнічнай групай (раней Жамойць або Жмудзь) і літоўскай мовай.
Любоў да радзімы на адлегласці праяўляецца ў паэзіі Я. Чачота перыяду высылкі, абвостраная немагчымасцю быць дома («***Толькі Айчына і Зося», «Голуб», «Вандроўная пташка» і інш.). У многім каханне да дзяўчыны з’яўляецца ў іх адной з нітак, што злучае паэта з роднай зямлёй, так, у творы «Голуб» аўтар піша:
Я паслаў бы, голуб, Цябе ў любы край, Дзе маё каханне, Дзе мой светлы май.
[114, с. 57]
Падобны драматызаваны пасыл гучыць і ў вершы «***Толькі Айчына і Зося»:
Я панясу да магілы
Любасць да краю і Зосі, Хоць мне любоў мая гэта ў сэрцы
Столькі няшчасцяў прыносіць.
[114, с. 57]
Звяртаючыся да спадчыны Уладзіслава Сыракомлі (сапр. Людвік Кандратовіч), варта адзначыць адну малахарактэрную для творцы XIX ст. рысу: фактычна, за сваё жыццё ён не пакідаў зямель былой Рэчы Паспалітай, «лірніку вясковаму» ўдалося пазбегнуць долі выгнанніка, якая спасцігала інтэлігенцыю таго часу, бо ўсё сваё жыццё паэт пражыў у межах былой Рэчы Паспалітай. У творчасці Уладзіслава Сыракомлі можна прасачыць цікавасць да мінуўшчыны і краязнаўства мясцін, дзе нарадзіўся і жыў паэт. У высокай ступені любоў да малой радзімы гэта прыязнасць да «люду простага», да якога са сваімі асветніцкімі і натхняльнымі народнымі гутаркамі звяртаўся аўтар, гэта і жаданне размаўляць з сялянствам на яго мове (хоць беларускамоўных тэкстаў Уладзіслава Сыракомлі захавалася вельмі мала). Ёсць і іншы ўзровень разумення Бацькаўшчыны, у шырокім сэнсе гістарычнай Літвы і Рэчы Паспалітай, падзей яе слаўнай мінуўшчыны, постацей, знітаваных з ёй, гэты аспект яскрава праяўляецца ў ліра-эпасе. У адрозненне, напрыклад, ад Яна Чачота, для Уладзіслава Сыракомлі вяртанне Рэчы Паспалітай не было ўжо актуальным пытаннем. Хутчэй, на аснове досведу падзей, што адбываліся цягам папярэдняй паловы стагоддзя, «лірнік вясковы» мог бачыць новую перспектыву для Літвы з-пад прыгнёту Расійскай імперыі, а захаванне пазітыўнага досведу з гісторыі і традыцый некалі магутных ВКЛ і Рэчы Паспалітай адлюстраваных ў яго творах, было важным і надалей.
Паняцце малой радзімы ў творчасці Уладзіслава Сыракомлі прысутнічае ў творах разнастайных жанравых формаў
і тэматычнай скіраванасці. У прозе (нарысах і падарожных нататках), у лірыцы і ліра-эпасе жывапіснымі расповедамі пра мясціны, дзе жыў паэт у дзяцінстве і юнацтве, праяўляецца іх гісторыя, традыцыйная культура, захаваныя моўныя адметнасці як галоўныя крыніцы натхнення.