Мастацкі вобраз Бацькаўшчыны ў літаратуры Беларусі XIX стагоддзя
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 245с.
Мінск 2023
У той жа час ані кроплі беларушчыны не назіралася ў дзеях расійскай экспансіі канца XVIII ст. Імя Аляксандра Суворава таксама не стала аб’ектам народных сімпатый на абсягах ВКЛ.
Аўтар «Песні беларускіх жаўнераў 1794 года», скіраванай супраць знешняга агрэсара, выбарам беларускай мовы твора, з аднаго боку, імкнецца данесці ідэі нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Робіць гэта на зразумелай большасці мове! Як даводзіць вядомы польскі даследчык нацыятворчых працэсаў ва Усходняй Еўропе Рычард Радзік, на ўсходніх землях Рэчы Паспалітай (чытай Беларусі) «моўнай паланізацыі не саступіла частка сярэдняй, а асабліва дробнай шляхты»; прычым, як можна зразумець, страта моўнай этнатоеснасці назіралася яшчэ большай у анямечаных тады Славеніі, Чэхіі, Маравіі [86, с. 67], а гэтыя рэгіёны рэанімавалі сваю нацыянальную самабытнасць ва ўмовах «вясны народаў» (сярэдзіна XIX ст.). 3 іншага боку, аўтар такой песні бачыць (магчыма, толькі паўсвядома прадугадвае) далейшае развіццё этнічных працэсаў у гэтым рэгіёне, якія вялі да ўсведамлення сваёй беларускасці, дыферэнцаванай ад асветніцкай пальшчызны, якая тым часам увачавідкі архаізавалася.
«Нацыя, на думку ідэолагаў эпохі Асветніцтва, павінна быць зуніфікавана згодна з нормай, прынятай ва ўсёй дзяржаве, пры поўнай інтэграцыі з ёю лакальных супольнасцяў, рэлігійных і моўных меншасцяў, груп, якія адрозніваюцца звычаямі аднак не з пункту гледжання на нібыта вышэйшасць этнічнакультурнай сферы, якая яе ўтварае, а перадусім прымаючы пад увагу лепшае кіраванне такім грамадствам, большую магчымасць канцэнтравання на ажыццяўленні асветніцкіх лозунгаў», цытуем далей Р. Радзіка [86, с. 68-69], Але ці ж не было на землях будучай Беларусі Асветніцтва? Было, Што ж тады магло азначаць стварэнне аўтарскай (нароўні з народ-
нымі) песні на беларускай мове? Такі мастацкі твор ішоў жа ў разрэз «канцэнтраванню на ажыццяўленні асветніцкіх лозунгаў»! Паводле нашага меркавання, гэта азначала найперш тое, што эпоха Асветніцтва завяршала сваё існаванне, саступаючы месцы новай з лозунгамі «свабоды, роўнасці, братэрства» (у дадзеным кантэксце ў сувязі з падкрэсленымі словамі з цытаты польскага калегі акцэнтаваць увагу хацелася б менавіта на слове «роўнасць»).
Аляксей Пяткевіч бачыць у «Песні...» пэўны момант знакавасці і паказальнасці для станаўлення нацыянальнай ідэі беларусаў у агульным кантэксце паўстання 1794 г., галоўнай мэтай якога, як даволі зладжана (на погляд названага даследчыка) сцвярджаюць гісторыкі, з’яўлялася адраджэнне Рэчы Паспалітай нібыта без якіх-кольвек сепаратысцкіх імкненняў. Сапраўды, выключэннем выглядае пазіцыя, якую займае, да прыкладу, Анатоль Грыцкевіч. Ён лічыць, што «ідэя незалежнасці Беларусі была галоўнай падчас паўстання 1794 г.» [31, с. 22], «...Беларуская мова паўстанцкіх песень вельмі важны паказчык таго, што нараджалася ў гэтым асяродку (шляхецкай інтэлегенцыі. А. Т) менавіта беларуская свядомасць. <...> [У «Песні...»] адлюстраваны, такім чынам, не дробныя, побытавага ўзроўню клопаты, а кардынальныя пытанні быцця беларускага народу. Ці ж не дзейнічае тут беларуская звышзадача аўтара? Пэўна, што так» [85, с. 133-134].
Такім чынам, феномен «Песні беларускіх жаўнераў 1794 rofla» дае магчымасць зрабіць пэўныя высновы і выказаць некаторыя меркаванні. Нягледзячы на тое, што паўстанне 1794 г. было агульным на тэрыторыі Польшчы і ВКЛ, інсургенты выразна бачылі сваю этнічную аўтэнтычнасць і праяўлялі нацыянальную самаідэнтыфікацыю. Важна, што выдзялялася беларуская пасіянарная плынь, у якой бачыцца запачаткаванне сучаснага беларускага народа. Узровень той самаідэнтыфікацыі напэўна не быў высокім, аднак дастатковым, каб не ігнараваць яе высокапісьменнаму аўтару «Песні...»: яна не
з’яўлялася літаратурна-музычным творам з разраду “die Kunst fur die Kunst”, a мела практычны характар, a значыць, была разлічана на зусім пэўную аўдыторыю. Паводле гэтага твора, мэты паўстання патрыятычныя: інсургенты выступаюць супраць захопнікаў іх радзімы, разам з тым пры агульнасці падзей на польскіх і беларускіх землях няма падладжвання пад агульны патрыятызм у святле польскай нацыянальнай ідэі таго часу. Кіраўнік паўстання ў «Песні беларускіх жаўнераў 1794 года» Тадэвуш Касцюшка успрымаецца сваім, без намёку на адчужанасць ад беларускага этнасу.
У многім такія матывы закладаліся дзякуючы аўтару твора, ліцвінскае паходжанне якога несумненна (А. Мальдзіс мяркуе пра яго сувязь са Слонімшчынай [64, с. 38]). Разам з тым у яго свядомасці нараджалася этнічнае атаясамленне згодна з надыходзячай мадэрнай эпохай.
Таму вельмі падманлівай логікай з’яўляюцца меркаванні, тоесныя выказаным Уладзімірам Казберуком, што «перамога паўстання Касцюшкі раз і назаўсёды пахавала б беларушчыну як такую, паставіла б крыж на ідэі нашага нацыянальнага адраджэння. Інакш кажучы, тыя пакуты народа гэта была цана, якую заплаціла Беларусь за ўмовы для такога адраджэння, што аказалася нечаканым і непрадбачаным вынікам падзей канца XVIII ст.» [42, с. 180], Мала таго, што аўтар цытаты, выдатны навуковец, выкарыстоўвае ў якасці доказу ўмоўны лад, дык яшчэ і акцэптуе варункі царскай палітыкі, у якіх эвалюцыянавала беларуская нацыянальная ідэя, імпліцытна параўноўваючы іх, як можна зразумець, не на карысць эвентуальнай сітуацыі пры захаванні Рэчы Паспалітай.
«Умоўналадным» мадэляваннем верыфікаваць або абвергнуць ні пазіцыі У Казберука, ні адваротныя погляды немагчыма (затое выяўляецца просталінейнасць мыслення прыхільнікаў такой пазіцыі). Але наяўнасць разгледжаных мастацкіх твораў па-беларуску, з беларускім зместам ці ідэйнымі канатацыямі працуе ў адваротны бок скептыцызму фармулёвак ва
ўмоўным ладзе і бачання пераважна канструктыўнасці ў каланізацыйных працэсах на Беларусі ў XIX ст. Гэта па-першае. Па-другое, як вышэй гаварылася, змена эпох вяла да «дыверсіфікацыі» этнічных працэсаў у Еўропе, прычым у Расійскай імперыі «малыя» народы былі пастаўлены ў найгоршыя ўмовы і развіваліся як нацыя больш марудна. Варта засяродзіць увагу, што той жа «вясны народаў» у Расіі «турме народаў» (дарэчы ўспомніць Уладзіміра Леніна) не было. Тыповым прыкладам тут сталі менавіта палякі: частка іх пад германскім панаваннем перажыла яскравы нацыянальны ўздым напрыканцы 1840-х гг. з канструктыўнымі вынікамі і наступствамі для нацыянальнага развіцця, частка пад расійскай уладай не, хоць такімі спробамі былі два паўстанні (1830— 1831 і 1863-1864 гг.), якія не прынеслі карысці і змяніліся перыядам рэакцыі. Па вялікім рахунку дасягненні ў сэнсе нацыянальнага развіцця многіх еўрапейскіх народаў сярэдзіны XIX ст. у Расіі (чытай: для беларусаў) сталі магчымыя толькі пасля рэвалюцыі 1905 г. Беручы пад увагу сказанае, вылучаць «умоўналаднае» мадэляванне гэта значыць прызнаваць, што на працягу XIX ст. у нацыятворчым развіцці еўрапейскіх народаў назіраецца хутчэй статыка, чым нейкія падзвіжкі, эвалюцыя, што не адпавядае рэчаіснасці.
Разам з тым назіралася прынцыповая трансфармацыя стаўлення і польскай палітычнай думкі да маладзейшых і меншых нацый, што праз паўвека пасля ліквідацыі Рэчы Паспалітай выкрышталізавалася ў пазіцыю, ахарактарызаваную вядомым польскім дзеячам Баляславам Ліманоўскім: «Мы жадалі аднаўлення Рэчы Паспалітай у яе даўніх межах, але таксама забяспечыць правы ўсіх нацыянальнасцей, што ўваходзілі ў яе склад, і падтрымаць абуджанае пачуццё самабытнасці сярод літоўска-рускага народа» [паводле: 36, с. 85-86], Ці могуць пахваліцца аналагічнымі выказваннямі тагачасныя расійскія палітыкі? Ініцыятыва так званага нацыянальнага адраджэння запачаткавалася, ажыццяўлялася і прыходзіла на
славянскія землі з заходняга боку, і першыя публікацыі даследаванняў народнай культуры, што ў выніку прывяло да вызначэння беларускага народа як нацыі і ўсведамлення ім сваёй этнатоеснасці, былі прадпрыняты ўсё ж (пра)польскімі грамадзянамі Расійскай імперыі [гл., напрыклад: 71, с. 10-44] (прычым з мэтай вызначэння нацыянальнай аўтэнтычнасці насельніцтва былога ВКЛ / будучай Беларусі). 1 гэта спачатку польскамоўныя літаратары (спярша з ухілам у ліцвінскі патрыятызм) сталі асвойваць беларускамоўную народную стыхію, якая неўзабаве выкрышталізавалася ў літаратурную мову. Даследчыкі, якія вывучалі культуру народа, што называлі часцей на раннемадэрны капыл ліцвінскім, канцэнтраваліся у Віленскім універсітэце. Дзякуючы ім і пачало адбывацца так званае беларускае культурнае накапленне (тэрмін А. Смаленчука) [90, с. 51-52], Такім чынам, даследуючы ліцвінскую архаіку, яны працавалі на беларускую будучыню (яшчэ не бачачы яе, але ўсведамляючы аўтэнтычнасць і гістарычную суб’ектнасць народа).
Названая навучальная ўстанова, дарэчы, была закрыта расійскай уладай у 1832 г. Гэта, безумоўна, перарвала тэндэнцыю азначанага вывучэння. Яна была адноўлена неўзабаве у сярэдзіне XIX ст. ужо расійскімі даследчыкамі, але з мэтай даказаць адзінародства трох усходнеславянскіх народаў (пар. з вышэйазначаным ідэйным арыенцірам польскамоўных «ліцвіністаў»),
Перарванасць далася ў знакі, і нацыянальнае развіццё беларускага народа, які не меў тым часам «П’емонта» (у адрозненне ад украінскай Галіцыі), было прытарможана. Гэтым вытлумачваецца меншая колькасць і ніжэйшая якасць дасягненняў беларусаў як народа (перадусім літаратурных) на працягу XIX ст. і адставанне іх па самасвядомасці ў XX ст. Аднак нават у рэчышчы канцэпцыі трыадзінства расійскага народа этнаграфічныя даследаванні Беларусі volens nolens працягнулі працэс беларускага культурнага накаплення і не змаглі
перавесці рэйкі выспявання беларусаў на патрэбны імперыі пуць.
Тым не менш ажыццяўленне палітыкі заходнерусізму, паралельны працяг паланізацыі адлучылі яшчэ ў зародку мадэрную беларускую нацыю і культуру ад ліцвінскай глебы і канчаткова нівелявалі ўспрыманне Рэчы Паспалітай як поліэтнічнай дзяржавы, у тым ліку будучага беларускага народа. Гэта стала адным з чыннікаў маргіналізацыі вобраза Тадэвуша Касцюшкі ў кантэксце беларускай культуры, які напачатку быў у ёй даволі рэпрэзентатыўны.
Другім фактарам адстаранення пакуль яшчэ «тутэйшых» ад гістарычнай постаці славутага земляка стаў прыход у гісторыю народа новых герояў, якія выклікалі міфалагізацыю сваёй асобы, перадусім Кастуся Каліноўскага, які да таго ж знаходзіўся ў адным хранатопе з генезісам беларусаў як нацыянальнай супольнасці. У сувязі з гэтым А. Латышонак падкрэслівае сапраўдную народнасць славы Тадэвуша Касцюшкі, што «не мае нічога супольнага са штучным культам асобы Каліноўскага, створаным беларускімі бальшавікамі ў 20-я гг.» [57, с. 394], Менавіта з таго часу ў беларускім дыскурсе адбываецца інтэнсіўнае мастацкае асэнсаванне фігуры апошняга. Нявыключана, што легендарызацыя вобраза Кастуся Каліноўскага' ў многім ускаласілася на пасіянарнай глебе, падрыхтаванай папярэднімі хваляваннямі на зямлі нядаўняга ВКЛ, у тым ліку і перадусім інсурэкцыі на чале з Тадэвушам Касцюшкам.