Мастацкі вобраз Бацькаўшчыны ў літаратуры Беларусі XIX стагоддзя
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 245с.
Мінск 2023
Манаграфічныя даследаванні, прысвечаныя спадчыне Кандратовіча-Сыракомлі, з’яўляюцца ў апошняй чвэрці XX пачатку XXI ст. Яны асвятляюць жыццё і творчы шлях Уладзіслава Сыракомлі, яго бясспрэчныя сувязі з Беларуссю і беларушчынай. Нарыс Кастуся Цвіркі «Дарога ў сто год» (1974) падрыхтаваны на аснове матэрыялаў экспедыцыі па мясцінах, звязаных з жыццём У Сыракомлі, а фактычна здзейсніць сваю вандроўку шляхам лірніка: «Недзе там, як сведчаць дакументы, у былым Бабруйскім павеце, месца нараджэння Уладзіслава Сыракомлі. 3 яго, з гэтага месца, і начну я сваё падарожжа, каб потым крок за крокам прайсці ўвесь шлях паэта. У дарогу я прыхапіў у Ленінскай бібліятэцы яго кнігу, выдадзеную ў 1854 годзе, “Вандроўкі па маіх былых ваколіцах”» [112, с. 4], У працы «Слова пра Сыракомлю. Быт і культура беларусаў у творчасці “вясковага лірніка”» (1975) К. Цвірка асэнсоўвае творы Сыракомлі ў этнаграфічным аспекце. Падаюцца падрабязная біяграфія пісьменніка, асновы яго светапогляду, аналізуюцца літаратурныя сувязі і, адпаведна, гістарычны кантэкст творчасці.
Грунтоўны ўнёсак у даследаванне спадчыны Сыракомлі напрыканцы XX у пачатку XXI ст. зрабіў У. Мархель сваімі працамі «Уладзіслаў Сыракомля ў беларуска-польскім літаратурным узаемадзеянні (сярэдзіна XIX пачатак XX ст.)» (1982), «Лірнік вясковы» (1983), «Вяшчун славы і волі» (1989), «Крыніцы памяці. Старонкі беларуска-польскага літаратурнага сумежжа» (1990), «Творчасць Уладзіслава Сыракомлі» (2005). Манаграфіі даследчыка шырока раскрылі постаць Уладзіслава Сыракомлі. Літаратуразнаўца поўна падае грамадска-палітычную і культурную сітуацыю, у якой жыве і піша Людвік Кадратовіч, акрэслівае яго творчыя сувязі і ўплывы, нацыянальную і сацыяльную самаідэнтыфікацыю. Важная роля ў адзначаных працах надаецца пытанню адрасата творчасці паэта. Аўтар неаднаразова падкрэслівае, што «творчасць Сыракомлі, як нічыя іншая, адлюстроўвала крызіс феадальнапрыгонніцкай сістэмы ў Беларусі, з’яўлялася аб’ектыўным мастацкім барометрам нарастання нацыянальна-вызваленчага руху, які выліўся ў паўстанне 1863 г.» [69, с. 52-53]. Магістральная тэма даследаванняў Уладзіміра Мархеля народная гутарка, прызнаная ім найбольш густоўнай з усяго кола твораў Сыракомлі. Навуковец прасачыў трансфармацыю гутаркі ва Уладзіслава Сыракомлі да народнай, фактычна як да асобнай жанравай яе разнавіднасці. Значная роля ў засваенні беларускай літаратурай польскамоўнай спадчыны Кандратовіча-Сыракомлі і перакладазнаўчыя матэрыялы У. Мархеля часткі яго манаграфій. Даследчык аналізуе узаемарэцэпцыю Сыракомлі з Вінцэсем Каратынскім і Вінцэнтам ДунінымМарцінкевічам, літаратурныя сувязі ў колах тагачаснай інтэлігенцыі (А. Вярыгам-Дарэўскім, I. Легатовічам, А. Шэмешам, П. Малышэвічам, Р. Падбярэскім і інш.) і іх уплыў на лёс вясковага лірніка. Да прыкладу, Уладзімір Мархель адзначае погляд на гісторыю ў перапісцы Людвіка Кандратовіча з Рамуальдам Падбярэскім, дзе лірнік вясковы адстойвае значнасць падзей мінулага для будучыні [69, с. 151]. Асобным аспектам
творчасці Уладзіслава Сыракомлі прысвечаны ў тым ліку навуковыя артыкулы У. Мархеля, напрыклад, на тэму ўзаемадачыненняў паміж пісьменнікамі, сярод якіх «Вінцэнт ДунінМарцінкевіч і Уладзіслаў Сыракомля», «Уладзіслаў Сыракомля і беларуская літаратура».
Крыніцазнаўчая праца «Пачынальнікі» (1977), укладзеная Генадзем Кісялёвым, змяшчае цэлы раздзел, прысвечаны адмыслова Уладзіславу Сыракомлю, у які ўвайшлі верш з «Альбома» А. Вярыгі-Дарэўскага, лісты да А. Вярыгі-Дарэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, В. Каратынскага, а таксама артыкулы па творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча.
Уладзіслаў Сыракомля ў ХХ-ХХІ стст. паўстае ў многіх працах беларускіх даследчыкаў у якасці патэнцыйнага аўтара некаторых ананімных твораў. Сярод даследчыкаў, якія раскрылі гэтае пытанне, можна назваць Генадзя Кісялёва, Ігара Запрудскага.
Працягваецца, хоць і не так актыўна, праца над перакладамі твораў У Сыракомлі. У прыватнасці, літаратуразнаўцай Ірынай Багдановіч перакладзены драматычны твор «Магнаты і сірата, або Соф’я, князёўна слуцкая», акрамя таго, маюцца матэрыялы, прысвечаныя названай драматычнай паэме і іншым творам Уладзіслава Сыракомлі, так, напрыклад, выходзяць артыкулы, прысвечаныя вобразу жанчыны-хрысціянкі ў творчасці Кандратовіча і гістарычнай аснове драмы «Магнаты і сірата». Трэба асабліва адзначыць, што названы твор, бадай, адзін з першых буйных твораў Сыракомлі на гістарычную тэматыку, які перакладзены цалкам.
Напрыканцы XX у пачатку XXI ст. з’яўляюцца матэрыялы, прысвечаныя аўтару, у сферы гісторыі, літаратуры, культуры Беларусі і замежжа, часта пляцоўкай для новых публікацый робяцца выданні, арыентаваныя на беларуска-польскія літаратурныя сувязі (у тым ліку па выніках супольных міжнародных навуковых мерапрыемстваў). Варта асобна адзначыць матэрыялы навуковых чытанняў, прысвечаных пісьмен-
ніку асабіста: так, у 2003 г. адбылася канферэнцыя «Уладзіслаў Сыракомля» да 180-годдзя з дня нараджэння польскага і беларускага паэта і этнографа, па выніках якой выдадзены грунтоўны зборнік матэрыялаў такіх даследчыкаў, як Уладзімір Мархель, Генадзь Кісялёў, Ірына Багдановіч і інш.
Названы вышэй даследчык Ігар Запрудскі ў сувязі са 190-годдзем з дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі і Паўла Шпілеўскага асвятляе іх біяграфіі і творчасць, падсумоўваючы досвед папярэднікаў у працы «Уладзіслаў Сыракомля і Павел Шпілеўскі славутыя ўраджэнцы Міншчыны» (2013). У тым жа 2013 г. выйшла навукова-папулярная кніга «Уладзіслаў Сыракомля» А. Марціновіча ў серыі «100 выдатных дзеячаў», у якой на аснове выключна беларускіх крыніц падаюцца звесткі аб асноўных этапах жыцця паэта. 190-годдзе лірніка вясковага адзначылася і выхадам кнігі Генадзя Кісялёва (на вялікі жаль, праз некалькі гадоў па смерці шаноўнага архівіста, гісторыка і літаратуразнаўцы), прысвечанай і Сыракомлю ў пэўнай ступені у прыватнасці, рэцэпцыі яго творчасці.
Асобна варта вылучаць артыкул Жанны Некрашэвіч-Кароткай «“Я песню прысвячаю гэткаму народу!” Ліра-эпічная спадчына Уладзіслава Сыракомлі». Даследчыца разглядае ў сваёй працы некалькі гістарычных твораў, якія не перакладаліся на беларускую мову, пацвярджае неперарывістасць літаратурнай традыцыі на нашых землях.
На ніве сучаснага сыракомлезнаўства працуюць не толькі гісторыкі і літаратуразнаўцы, але і даследчыкі беларускага тэатру. Сярод іх можна назваць Наталлю Валацэвіч, дзякуючы якой адбыліся ўвесну 2018 г. мастацкія чытанні фрагментаў п’есы «Каспар Карлінскі» ў перакладзе паэта Алеся Плоткі. Аднак, трэба заўважыць, што ні фрагментарны, ні, тым больш, поўны пераклад твора апублікаваны не быў.
На сучасным этапе, калі асобна адкрыты постаці творцаў, вядомыя іх творы, раскрыты іх ідэйна-мастацкі змест, усё больш актуальныя пытанні супастаўляльнага і кампаратыў-
нага аналізу творчасці, раскрыццё сувязяў і ўзаемаўплываў пісьменнікаў той ці іншай эпохі, жанравай і тэматычнай блізкасці. Так, да прыкладу, у манаграфіі Г. Шаўчэнкі «Паэзія Антона Гарэцкага і станаўленне рамантычнай традыцыі ў літаратуры Беларусі XIX стагоддзя» (2015) творы Уладзіслава Сыракомлі разглядаюцца ў кантэксце «паэзіі легіёнаў» і лірыкі напалеонаўскай тэматыкі. Прыведзена абгрунтаванае меркаванне, што «паэзія чыну» Антона Гарэцкага яшчэ не стала самастойным мастацкім феноменам, адносна пазнейшых эпічных твораў, напрыклад Адама Міцкевіча і Уладзіслава Сыракомлі [117, с. 54],
Вобраз айчыны між народаў у творчасці Уладзіслава Сыракомлі разглядаецца ў працы Наталлі Бахановіч «Аблічча Іншага ў шматмоўнай літаратуры Беларусі XIX стагоддзя» (2022), на прыкладзе яго асобных твораў робяцца высновы аб фактарах, што ўплываюць на знешняе ўспрыняцце краю. У прыватнасці, звернута ўвага на тое, што «вырашэнне пытання іміджу свайго народа ў свеце часта атаясамліваецца У. Сыракомлем з надзеяй на актыўнасць шляхты» [13, с. 239] у кантэксце змагання з прыгонам на прыкладзе верша «Вызваленне сялян». Даследчыца падкрэслівае: «Надзеі на падвышэнне аўтарытэту краю звязаны з жаданнем таго, каб жыхарам беларускай зямлі не было сорамна глядзець у вочы прагрэсіўным насельнікам Еўропы» [13, с. 239],
3 ініцыятыў апошніх гадоў варта вылучыць конкурс біяграфічных твораў «Слаўная кампанія: рэАММАцыя», прысвечаны дзеячам XIX ст. (у 2018-2022 гг. прайшло тры туры з крыху адрознымі ўмовамі). Сыракомлю прысвечана за два сезоны некалькі прац, сярод якіх, напрыклад, «Шэсць вандровак і адно фантасмагарычнае інтэрв’ю» Надзеі Скрыпнік.
Важна, што значная колькасць твораў Уладзіслава Сыракомлі перакладзена на беларускую мову (дзякуючы Янку Лучыну, Альберту Паўловічу, Гальяшу Леўчыку, Язэпу Лёсіку, Янку Купалу, Уладзіміру Дубоўку, Максіму Лужаніну, Яўге-
ніі Пфляўмбаўм, Кастусю Цвірку, Уладзіміру Мархелю, Генадзю Кісялёву, Ірыне Багдановіч, Інэсе Кур’ян і іншым). Выйшлі ў свет зборы твораў пісьменніка «Выбраныя творы» (1966), «Добрыя весці: паэзія, проза, крытыка» (1993), «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах. Успаміны, даследаванні гісторыі і звычаяў» (2002), «Згадкі Нясвіжа: санеты» (2002), «Дамок арганіста: вершы, гутаркі, эсэ» (2003), «Выбраныя творы» (2010). Творчая спадчына У Сыракомлі ўключана ў навукова-вучэбны ўжытак праз анталогіі.
&
Працы айчынных і замежных даследчыкаў у многіх аспектах шырока і падрабязна ахопліваюць жыццёвы і творчы шлях Уладзіслава Сыракомлі. Статус аўтара істотна змяніўся ў працэсе літаратуразнаўчага засваення яго спадчыны ад разумення ў кантэксце ўзаемасувязяў літаратур да паўнавартаснага ўключэння ў плынь беларускага шматмоўнага пісьменства XIX ст. лірніка вясковага і патрыёта роднага краю. Шэраг польскамоўных твораў, у прыватнасці, гістарычных паэм, вершаваных драм і гутарак, дагэтуль не перакладзены, мала вядомы чытацкаму колу, а асобныя празаічныя творы (нават пры наяўнасці перакладаў) шырока не разглядаліся, таму патрабуюць шматаспектнага ўвядзення ў навуковы ўжытак.
Далейшае вывучэнне спадчыны творцы дасць уяўленне пра здабыткі Сыракомлі, а разам з тым і сукупна пра гісторыю беларускай літаратуры XIX ст. Варта адзначыць, што некаторыя навукоўцы дапускаюць магчымасць існавання неапублікаваных беларускамоўных твораў Уладзіслава Сыракомлі так ці інакш, наступная праца дазволіць пашырыць веды пра пісьменніка.