• Газеты, часопісы і г.д.
  • Мастацкі вобраз Бацькаўшчыны ў літаратуры Беларусі XIX стагоддзя

    Мастацкі вобраз Бацькаўшчыны ў літаратуры Беларусі XIX стагоддзя


    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 245с.
    Мінск 2023
    66.18 МБ
    Раздзел 6
    ПАНЯЦЦЕ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ I ПАЧУЦЦЁ ПАТРЫЯТЫЗМУ Ў ТВОРЧАСЦІ УЛАДЗІСЛАВА СЫРАКОМЛІ
    6.1.	Асэнсаванне Бацькаўшчыны ў творчасці Уладзіслава Сыракомлі
    Асэнсаванне паняцця радзімы, бацькаўшчыны ў творчасці Уладзіслава Сыракомлі адбываецца падобна ў розных жанравых напрамках. Калі разглядаць белетрызаваную прозу, заснаваную на ўласным досведзе і багатым факталагічным матэрыяле (краязнаўчыя нарысы і падарожныя нататкі, літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы), то заўважаем пільнае і паважнае стаўленне аўтара да духоўнай і матэрыяльнай культуры свайго краю, як у лакальных адносінах да малой радзімы, так і ў шырокім сэнсе да спадчынніцы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, якая толькі зараджалася. У працэсе даследавання твораў Уладзіслава Сыракомлі выяўлена некалькі груп крыніц, якія паслужылі асновай творчасці аўтара: лацінамоўная пісьмовая спадчына, гісторыка-біяграфічныя нарысы, працы па гісторыі розных перыядаў. Апрача таго, ліра-эпас, як і лірыка Уладзіслава Сыракомлі, выяўляе самую важкую каштоўнасць бацькаўшчыны чалавека. Адзін з апошніх паэтаў-рамантыкаў, лірнік вясковы тагачаснай Літвы-Беларусі прапагандуе роўнасць, справядлівасць, братэрства і ўсеагульную асвету ў родным краі. Лірыка імкнецца да фальклорных традыцый, утрымлівае знаёмыя сітуацыі і фонавыя карціны прыроды і побыту, інкруставаная дэталямі, якія непасрэдным чынам адлюстроўваюць светапогляд і самаідэнтыфікацыю паэта.
    Краязнаўчыя нарысы і падарожныя нататкі дазваляюць прасачыць асэнсаванне паняцця бацькаўшчыны для паэта на
    аснове ўласных уражанняў ад вандраванняў, заглыбленасці ў краязнаўчыя і гістарычныя крыніцы. У шэрагу твораў прозы Уладзіслава Сыракомлі, прысвечанай роднаму краю, можна назваць такія працы, як “W^drowki ро moich niegdys okolicach. Wspomnienia, studja historyczne i obyczajowe” («Вандроўкі na маіх былых ваколіцах», 1853), “Wycieczki po Litwie w promieniach od Wilna” («Падарожжа па Літве i ў радыюсе Вільні», Т. 1 1857 г., Т. 2 1860 г.), “Minsk” («Мінск», 1857), “Dziennik podrozy po Litwie i Zmudzi” («Дзённік падарожжа па Літве і Жмудзі», 1858), “Niemen od zrodel do ujscia” («Нёман ад вытокаў да вусця», 1861) і многія іншыя.
    У прадмове да «Вандровак...» вельмі добра характарызуе Уладзіслаў Сыракомля мэты краязнаўчай працы, першая з якіх «жаданне падзяліцца з людзьмі сваімі асабістымі ўспамінамі». Пра другую аўтар піша так: «Будзем даследаваць тут гісторыю, народныя звычаі, словам, усё, што просіцца нам на пяро, а паколькі выбралі мы вельмі невялікую прастору для вандроўкі, хочам паказаць, што кожны закутак краю, хоць бы на першы погляд і не ўяўляе ён нічога надзвычайнага, можа быць прадметам даследаванняў, а даследаванні такога роду не могуць быць для нас бескарыснымі, бо не ўсе мы добра ведаем, сваю зямлю; што кожны, пільней прыгледзеўшыся да роднай ваколіцы і гэтак жа апісаўшы яе, мог бы дадаць нейкія звесткі да скарбніцы гісторыі» [94, с. 175], Так, і ЛітвуБеларусь у «Манаграфіі ракі Нёман» называе пісьменнік «родная Маці-зямля», заўважаючы, што пачуццё да яе любові і ахвярнасці нават не заслуга, а проста абавязак, што вывучэнне роднай зямлі «ў адносінах гістарычных, прыродазнаўчых, этнаграфічных, археалагічных, геаграфічных» па меркаванні аўтара «нязначны вынік таго, што звычайна завецца любоўю да бацькаўшчыны» [94, с. 490].
    Адна з першых падарожных кніг Сыракомлі, перакладзеная на беларускую мову, «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» цікавая ў многіх аспектах даследчыкам з розных галін
    навукі, сапраўды раскрывае біяграфію пісьменніка, гісторыю, геаграфію, побыт, матэрыяльную культуру краю. Разам з тым кніга дапамагае зразумець, што фарміруе самаідэнтыфікацыю паэта як у творчасці, так і ў жыцці, у тым ліку яго сацыяльную ролю. Тэрытарыяльна ахопліваецца Залуча і Жукаў Барок, Мір, Нясвіж, Свержань, Стоўбцы, Койданаў, пра кожны населены пункт і ваколіцы маюцца звесткі з мінуўшчыны, асабістыя ўражанні Уладзіслава Сыракомлі. Асобныя часткі прысвечаны хроніцы старажытнага Нясвіжа, традыцыйнай культуры (гаворка ідзе пра Мінскі, Слуцкі і Наваградскі паветы), вёскам і іх насельніцтву. Дакладныя каардынаты населеных, пунктаў, апісанне ландшафту, забудовы, нават інвентары свецкіх і рэлігійных помнікаў, побыту тутэйшых людзей, імёны славутых дзеячаў даўніны і сучаснасці паэта, постацей лакальнай гісторыі, постацей агулам значных для былой Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага, a то і Еўропы усё аплецена меркаваннямі паэта.
    Сухія і канкрэтныя звесткі пра куток, дзе давялося калі не нарадзіцца, але правесці багата часу, распачаць творчую справу, Сыракомля перарывае шкадаваннем, «што гэтая мясціна, нават назва якой невядома, нічым не вызначылася ў гісторыі: яна не была полем якой-небудзь бітвы, тут няма ніякага замчышча, няма нават мястэчка, якое б карысталася магдэбургскім правам і пра якое можна было б расказаць, што калісьці ў сівых вяках мела права меча» [94, с. 179]. Затое аўтар паслядоўна падае інфармацыю аб тым, у якія часы гэтыя землі належалі князям і магнатам, як праходзілі рэлігійныя змены.
    Для паўнаты карціны ва Уладзіслава Сыракомлі ўсё мае сэнс, напрыклад, сказана ў «Вандроўках...» пра Жукаў Барок, у прыватнасці, пра дом лесніка: «У гэтым дамку, у гэтым садзе правёў свае дзіцячыя гады малады, прызнаны грамадствам пісьменнік, аўтар “Споведзі”, “Дзеці забойцы”, “Заразы” і іншых твораў, Антоні Пяткевіч, вядомы пад іменем Адама Плуга» [94, с. 219],
    Трывога за лёс тутэйшага люду гучыць у выказваннях аб сучасных пейзажах, абураецца Кандратовіч-Сыракомля колькасці корчмаў у краі: «Але ж чаму мы аздабляем мы нашы найцудоўныя краявіды толькі такім спосабам! Ці ж не больш прыгожа на фоне цёмна-зялёнага лесу выглядала б касцельная вежа, франтон сельскай школы, домік лесніка альбо сапраўдны заезны дом з усімі выгодамі для падарожнікаў, з кухняй, дзе чуецца пах дымку, з гасцінным святлом вокан, з аздабленнем, якое само запрашала б падарожнага адпачыць» [94, с. 213],
    Боль за страчаную веліч радзімы Уладзіслаў Сыракомля адчувае, трапляючы ў залі Нясвіжскага палаца, збіральнік не толькі фактаў, але і прадметаў даўніны для музея старажытнасцей эмацыйна апісвае ўбачанае: «Сэрца сціскаецца, калі глядзіш на многія з гэтых карцін, асабліва, калі зойдзеш у “галерэю”, дзе выдатныя палотны, каштоўныя і з боку мастацкай вартасці, і як дарагія памяткі, што захавалі для нас вобразы гістарычных асоб, старасвецкія ўборы альбо асобныя падзеі гісторыі, без парадку, без рам, без надпісаў вісяць на сцяне, чакаючы лепшых часоў, альбо, разасланыя на падлозе, марнеюць на нашых вачах, аблазяць, абвяшчаючы аб хуткай сваёй гібелі» [94, с. 219].
    Уладзіслаў Сыракомля зазаначае ў «Вандроўках...», што яго край, па вялікім рахунку, не мае «арыстакратыі», то бок буйной шляхты, дзякуючы гэтаму «панскія грахі напышлівасць, касмапалітызм, эгаізм, раскоша не мелі магчымасці тут разрасціся і заглушыць усё тое добрае, што ёсць у гэтай мясцовасці» [94, с. 304], Аўтар у многіх творах, як мы заўважылі раней, звяртаецца да стану адукацыі (наяўнасць і колькасць навучальных устаноў, стаўленне да навучання) і асветы ў родным краі, культуры (у тым ліку стану выдавецкай справы, перыядычных выданняў, кнігагандлю, тэатру, музыкі і г. д.) сярод людзей адрозных сацыяльных статусаў. Дакладныя звесткі прыводзяцца ў краязнаўчых нарысах, напрыклад,
    У. Сыракомля разважае аб асвеце драбнейшай шляхты на Міншчыне, Случчыне, Наваградчыне, падкрэслівае, «што не ўсе яшчэ ў нас усвядомілі яе патрэбу»: «Тыя маладыя людзі, што ідуць вучыцца, гэта надзея краю. <...> Тым часам, можна ў нас знайсці мноства сямей, дзе ў святой прастадушнасці з пагардай глядзяць на кнігу, бо яна, бачыце, нічога не дае гаспадарцы, затое шчыра вераць, як у нешта святое, у прадказанні з віленскага ці бернардынкага календароў» [94, с. 304], Важнасць асветы, кніжнасці заключана і ў паэзіі, тут назавем такія творы, як гутаркі «Вулічны кнігар», «Вясковая школа», «Непісьменны», паэму-гутарку «Дабрародны Ян Дэмбарог», «Школьныя часы новае апавяданне Яна Дэмбарога» і інш.
    Варта адзначыць, што пісьменнік XIX ст., на фоне публіцыстыкі таго часу, бачыцца чалавекам, які прапануе праграму для жыцця ў родным краі (на што мы звярнулі ўвагу і ва Уладзіслава Сыракомлі). Адметнай у гэтых адносінах падаецца і творчасць Яна Чачота, у прыватнасці, артыкулы «Думкі для вышэйшага класа» і «Думкі, якія павінен пашыраць вышэйшы клас». Тут, як і ва Уладзіслава Сыракомлі падкрэсліваюцца цноты грамадзяніна, якія вызначаюцца ў дачыненні да роднага краю наступным чынам: «2. Хто дбае пра грамадскае дабро, інакш кажучы пра шчасце, асвету і славу краю, хто рады прысвяціць яму самога сябе, адаць яму ўсе здольнасці, сілы і маёмасць з’яўляецца сапраўдным грамадзянінам. <...> 9. Асвета краю найважнейшая спружына яго шчасця» [114, с. 199-200].
    У лірычнай паэзіі Уладзіслава Сыракомлі адбываецца глыбокае выяўленне любові да бацькаўшчыны, рознаўзроўневае, праз ідэйна-тэматычнае багацце. Паэт бачыць у сваёй радзіме сціпласць, адсутнасць пышнасці, краявіды яе могуць падацца панурымі на першы погляд, такімі, што не нясуць вялікай радасці. Аднак, малюнкі тагачаснай рэчаіснасці Лірніка вясковага наўрад ці шчыра маглі быць выяўлены інакшым чынам.
    Сціпласць уласную і сціпласць роднага краю выяўляе Уладзіслаў Сыракомля надзвычай празрыста і ўмела гэта падкрэсліваюць шматлікія даследчыкі творчасці паэта. Сярод літаратурна-крытычных водгукаў можна знайсці характарыстыкі светабачання паэта, яго любові да роднай зямлі праз «яе ўбогасць пяскі, балоты, хударлявыя плакучыя бярозы усё гэта прыстасавана да адчування душы чалавека, асабліва душы жыхара гэтых родных паэту мясцін, якія заключаюць у сабе смутак і бясконцы сум краявіду». «Самым спагадлівым паэтам на свеце» называе Сыракомлю зямляк Мар’ян Здзяхоўскі [39, с. 118],
    Адзін з прыхільнікаў і крытыкаў творчасці Уладзіслава Сыракомлі У Спасовіч так ахарактарызаваў супярэчлівую натуру пісьменніка: «Сам Кандратовіч (Сыракомля. М. В), разам з раздражняльнасцю і прагай славы, аб’ядноўваў нейкую баязлівую сціпласць, ніколі не спрабаваў высокіх палётаў, не выступаў з трыбуны, і песні свае прыраўноўваў да спеваў прынёманскага салаўя, да ігры дамарослага музыкі сярод вясковых беднякоў» [92, с. 2].