Матэрыяльная культура і быт беларусаў XVII - XVIII стст.
Вучэбна-метадычны дапаможнік
Выдавец:
Памер: 114с.
Мінск 2005
Жаночы строй уключаў кашулі з тонкага палатна з манжэтамі, шытую безрукаўку (гарсэт), спадніцу, фартух. Сярод мяшчанскага адзення прыгадваюцца юпкі — часта з кароткімі рукавамі, гузікамі, якія апраналіся на гарсэт. Зімовыя падшываліся футрам, летнія падбіваліся кітайкай ці палатном. Папулярныя былі і кантушкі з вісячымі дэкаратыўнымі рукавамі. Насілі таксама сукні, салопы. У XVIII ст. атрымалі распаўсюджванне мантыльі. Недзе з XVII ст. насілі разнастайныя тонкія I грубыя панчохі. На галаву надзявалі футравы каўпак, часта надзеты на чапец, разнастайныя, нярэдка футравыя чапцы, хусткі — часта чорныя. Сярод мяшчанскага адзення былі распаўсюджаныя рантухі — асабліва з тонкага фламандскага палатна. 3 пачатку XVII ст. былі папулярныя высокія чапцы з каронкай, з другой паловы XVII ст. прыйшла мода на нізкія чапцы, з футравай аблямоўкай па краі. Асаблівай павагай у мяшчанак карысталіся дарагія адамашкавыя абшытыя золатам чапцы. Яшчэ адзін папулярны чапец — абшыты золатам ці срэбрам з каронкай з футра. На ногі надзявалі модныя высокія боты, з вострым наском. Заможныя мяшчанкі Рэчы Паспалітай у XVII ст. аддавалі перавагу заходнім строям — пераважна іспанскім з нямецкімі, французскімі ўплывамі, што патрабавала каштоўных матэрыялаў — адамашка, аксаміту. Увогуле, адзенне заможных мяшчанак не на шмат рознілася ад строю заможнай шляхцянкі. Заможная мяшчанка на старажытнай выяве апранута ў аксамітную безрукаўку з невялікімі рука-
вамі, атласную спадніцу, вышыты срэбрам чапец, прыбраны футрам. Як і ўся культура Рэчы Паспалітай, з другой паловы XVIII ст. мяшчанская мода зазнала французскія і нямецкія касмапалітычныя ўплывы.
3. ЕЖА
3.1. Шляхецкая ежа
Істотнае месца ў шляхецкай культурнай мадэлі займалі ежа і ўсё, чым суправаджалася яе спажыванне,— посуд, застольны рытуал, яго атмасфера. Трэба адзначыць як станоўчую рысу шляхецкай культуры тое, што прыняцце ежы з самага пачатку не было простым яе спажываннем, а мела характар менавіта рытуалу, які нёс пэўную ідэйную нагрузку, маніфеставаў тэмы братэрства, узаемнай пашаны, гасціннасці. Гэта не было навіной для тагачаснай культуры: як можна меркаваць па запісах XIX ст., рытуалізацыя ежы была ўласцівая і сялянству. Але добрыя матэрыяльныя магчымасці, а таксама высокі ўзровень элітнай карпарацыйнай самасвядомасці шляхты зрабілі менавіта шляхецкае застолле ўзорным, мадэльным для тагачаснага грамадства. Гэта быў шляхецкі рытуал, распрацаваны да дробязі, ухіленне ад якога выклікала абразу грамадства.
Зыходзячы з тых матэрыялаў, што маюцца ў нашым ужытку, шляхецкае застолле часоў Рэчы Паспалітай можна ўмоўна падзяліць на два перыяды, мяжой паміж якімі з’яўлялася другая палова XVIII ст. Менавіта прыблізна з гэтага часу пад уплывам дамінантнай для Еўропы французскай, італьянскай, англійскай моды шляхецкае застолле ўскладнілася, зрабілася больш элегантным, вытанчаным з пункту гледжання яго аздаблення, дыяпазону ежы, страў. Можна сказаць, што з гэтага часу прыкметна вырасла роля застолля як адметнай рысы шляхецкага стылю жыцця з яго паказной раскошай, якая каштавала разарэння, фінансавага банкруцтва не аднаму шляхціцу. У апошнія сто гадоў існавання Рэчы Паспалітай менавіта застолле зрабілася візітнай карткай тутэйшай культуры ўвогуле, дзяржавы, шляхты і шляхецкага ладу жыцця з яго шчодрасцю, размахам, гасціннасцю.
Шляхецкае застолле часта было месцам абмеркавання сур’ёзных спраў, як адбывалася на сейміках і сеймах, калі дэпутаты запрашаліся ўплывовымі панамі на своеасаблівыя застольна-арганізацыйныя сходы, дзе вырашаліся істотныя пытанні палітычнага, эканамічнага жыцця. Менавіта за агульным сталом сустракаліся сярэднеі нават малазаможны шляхціц і прадстаўнікі вышэйшай шляхты, магнатэрыі і дэклараваўся «святы» для шляхты прынцып роўнасці. Менавіта за сталом заможны пан фарміраваў сваю шляхецкую «партыю», якая стаяла за яго на сеймах, сейміках, у цяжкіх абставінах таго багатага на ўзброеныя дзеянні часу.
Аб значэнні застолля сведчыць уседзяржаўная вядомасць яго шчодрых заўзятараў, добрых пітакоў, якія займалі ў грамадскай свядомасці пачэснае месца побач са славутымі ваярамі, інтэлектуаламі, палітыкамі.
Шляхецкае застолле было рознае, як і рознай па ступені заможнасці была шляхта. Але мадэльным было застолле магнатэрыі, на якое арыентавалася заможная і сярэдняя шляхта. Як і любое застолле, яно падзялялася на будзённае і святочнае, звязанае з каляндарнымі рэлігійнымі святамі; асаблівым застоллем адзначаліся падзеі сямейнага жыцця, разнастайныя ўрачыстасці — прыбыццё госця, грамадская, палітычная падзея. Увогуле заможныя шляхціцы трымалі звычайна адкрыты стол — гэта значыць, што ў пэўныя гадзіны за ім мог падсілкавацца любы шляхціц. Шмат народу збіралася на званыя застоллі, на якія залрошаны госць мог прыходзіць са сваёй шляхтай. Выбранае кола гасцей збіралася на прыватнае застолле. Фактычна ў заможных дамах застоллі з гасцямі ладзіліся кожны дзень — гэта было своеасаблівай абавязковай прыналежнасцю стылю жыцця заможнага шляхціца.
3.1.1 Аздабленне стала
Вялікае значэнне ў застоллі мела аздабленне стала, якое, у першую чаргу, падаваў посуд, які з цягам часу рабіўся ўсё больш вытанчаным. Хаця з пункгу гледжання матэрыяльнай каштоўнасці новага посуду, які з’яўляўся на стале, істотнага прагрэсу не назіралася — фамільнае срэбра, якое паступова знікала са стала, коштам і мастацкай якасцю мала саступала папулярным шклу, фаянсу. Увогуле, з самых ранніх часоў Рэчы Паспалітай стол для ежы рыхтаваўся ў заможнай шляхты старанна. Ужо ў XVII ст. сталы пакрывалі багатымі дыванамі, у тым ліку турэцкімі і персідскімі. На іх клалі прыгожа вышытыя абрусы — па адным для кожнага з гасцей, паверх дывана і абруса слалася яшчэ белае палатно. Індывідуальныя сурвэткі з’явіліся дастаткова позна — недзе з сярэдзіны XVIII ст.; хто іх не меў, карыстаўся насавой хустачкай.
Відавочны прагрэс назіраўся ў вобласці посуду — пашыраліся яго віды, адбывалася індывідуалізацыя. Так, у XVII ст. асобныя талеркі для кожнай стравы былі толькі ў цэнтральнай частцы магнацкіх сталоў. Далей ад цэнтра елі з аднаго посуду, а запоўненыя рэшткамі талеркі аддавалі для ачысткі слугам ці, зрэдку, госці самі выкідвалі рэшткі ежы ў цёмны кут, малашляхетныя госці маглі выкінуць усё пад стол. Увогуле стравы, пераважна мясныя, падаваліся на вялікіх блюдах, да якіх трэба было дацягвацца кожнаму паасобку, і тут усё залежала ад спрытнасці і месца за сталом. Розны посуд для розных страў шырока пачаў выкарыстоўвацца прыблізна з першых дзесяцігоддзяў XVIII ст. Індывідуальныя кілішкі таксама распаўсюдзіліся з гэтага перыяду — раней госці пілі па чарзе з аднаго келіха, які перад піццём маглі выціраць насоўкай. У XVII ст. існавалі асобныя келіхі для дам. У пазнейшы час скпаўся тыповы індывідуальны сталовы набор прадметаў: перад кожным госцем ставілі
зменную талерку, кілішкі для віна і вады, бутэлькі з віном і вадой, клалі сурвэтку (сурвэтка таксама засоўвалася за каўнер), а таксама нож, відэлец, лыжку. Піва для жадаючых разносілі ў шклянках.
Адно з цэнтральных месц у наборы посуду займалі келіх (кубак), кілішак (адносна невялікі па памеры посуд для пітва). Згодна з класіфікацыяй XVI ст., келіхі бывалі шкляныя (гэта самы распаўсюджаны тып келіха, які меўся ў шляхты ў досыць вялікай колькасці і час існавання якога быў досыць абмежаваны), срэбныя; меліся таксама гліняныя куфлікі — для піва. Келіхі першапачаткова былі ў асноўным нямецкага паходжання і рабіліся па нямецкім узоры, але з другой паловы XVIII ст. на нашых землях пачаў шырока вырабляцца якасны шкляны пераважна бясколерны посуд, у тым ліку і для пітва, на мануфактурах у Налібоках і Урэччы. Акрамя келіхаў і кілішкаў ствараліся вялікія «шкляніцы» з накрыўкамі, арыгінальныя «дубельты» — дзве спаяныя чашы, «куляўкі» — вялікія келіхі без падстаўкі, бакалы, стромкія флеты, а таксама вялікая колькасць посуду для ўтрымання напояў: розныя бутэлькі, фафіны, жбанкі, флягі і г. д.
Што да сталовага посуду, дык яго відавая разнастайнасць заўсёды адрознівала шляхту. Гэта гліняны посуд, які па традыцыі захоўваўся на ліштвах-паліцах: міскі, паўміскі, талеркі, падносы, куфлі, медніцы, жбаны, жбаночкі, кубкі, блюдцы і інш. 3 металу рабіліся кубкі, чаркі, піўныя конаўкі, талеркі, місы, паўмісы, ступкі, кварты, наліўкі, фляшкі і інш. Сярод кухоннага посуду гэта катлы, кацялкі, скавародкі, верцялы і да т. п.
Асобнай увагі заслугоўваюць сталовыя прыборы — нож, лыжка, Biflaneq. 3 іх найбольш старажытным з’яўляецца нож, які быў асноўнай прыладай на стале да XVIII ст., — у Еўропе сярэдневяковай, а таксама часоў Рэнесансу елі рукамі, дапамагаючы сабе нажом, — так было нават пры каралеўскіх дварах, нават такіх, як італьянскі, французскі. 3 антычных часоў у Еўропе ўжываліся лыжкі, якія, адзначым, часта сустракаюцца яшчэ ў егіпецкіх пахавальніцах — напэўна, егіпцяне імі елі і раздавалі ежу. У другой палове XVIII ст. відавы дыяпазон лыжак паступова нарастаў — ад вялікіх раздатачных да зусім маленькіх для солі і гарчыцы. Апошнім з вядомых нам прадметаў для ежы на стол патрапіў відэлец. У традыцыйнай для яго функцыі — для непасрэднай ежы — відэлец выкарыстоўваўся ў Візантыі ў IV ст. н. э. Яго адносна шырокае распаўсюджванне ў еўрапейскіх краінах пачалося ў другой палове XVI ст. У Рэчы Паспалітай ён з’явіўся на шляхецкіх сталах у XVII ст. Старажытны відэлец мала нагадваў цяперашні — ён быў прамы, зроблены з цэльнага кавалка металу (без падзелу на ручку і рабочую частку), з двума доўгімі зубамі і па форме цягнуўся да нажа. Толькі ў XVIII ст. ён пачаў набываць сваю сучасную, адметную форму — з’явілася выгнутасць, параўнальна кароткія тры-чатыры зубы. Цікава, што відэлец складана прыжываўся ў Еўропе — да яго падазрона ставіліся нават пры французскім двары Луі XIV, не адразу яго прынялі ў Англіі, адносна рэдка ў параўнанні з нажом і лыжкай ён прысутнічаў і ў сталовым наборы шляхты. Самай рэдкай з’явай быў разда-
тачны відэлец. Працяглы час нож, лыжка, відэлец былі асабістымі рэчамі шляхціца, іх вазілі з сабой у спецыяльным футляры. 3 1730 — 40-хгг. сярод дваровай шляхты нават распаўсюдзілася мода насіць з сабой нож, лыжку, зрэдку відэлец у скураным са срэбнай аддзелкай футляры. На не надта шыкоўным застоллі срэбныя лыжкі, нажы, відэльцы, а таксама фарфоравыя, фаянсавыя талеркі размяшчалі звычайна на сярэдзіне стала, дзе сядзелі найбольш шаноўныя госці. Па краях клалі бляшаныя ці цынкавыя лыжкі, нажоў і відэльцаў маглі не даваць увогуле, маючы на ўвазе тое, што гэтыя прылады госці прынясуць з сабой. Хто не меў сваіх відэльца і вілкі, мог пазычыць у суседа, а найболыл спрытныя рабілі прыладу са скарынкі хлеба на нажы.