Матэрыяльная культура і быт беларусаў XVII - XVIII стст.
Вучэбна-метадычны дапаможнік
Выдавец:
Памер: 114с.
Мінск 2005
У асноўным жыллё гараджан у XVII—XVIII стст. было драўляным, хаця дамы цэнтральнай часткі горада, дзе жылі заможныя гараджане, патрыцыят, былі мураваныя. Так, у канцы XVII ст. рускі стольнік Пётр Талстой апісваў Магілёў як горад, на пасадзе якога шмат багатых каменных дамоў, а многія драўляныя дамы добра збудаваныя; таксама ён адзначаў наяўнасць каменных лавак у гандлёвых радах і брукаваных «дзікім» каменнем маставых.
Як можна меркаваць па старадаўніх чарцяжах, планах, малюнках, якія тычацца Гродна, Віцебска, Магілёва, драўляныя жылыя дамы сярэднезаможных мяшчан былі размешчаны на вузкім участку зямлі тарцом да вуліцы, побач з варотамі, што тлумачылася цеснатой гарадской забудовы, асабліва цэнтральнай. Плошча дома магла складаць ад 9 да 17,6 кв. м (Віцебск). Хата рубілася з круглых бярвёнаў ці брусоў, у замок, магла мець падклецце, падзялялася на жылую і гаспадарчую часткі, якія аб’ядноўваліся сенцамі. 3 XVII ст. у мяшчан распаўсюдзіліся кафляныя печы. Два—чатыры невялікія акны са свінцовымі абкладкамі і шклом пераважна зялёнага колеру выходзілі на вуліцу і гародчык за домам, двухсхільныя стрэхі крыліся гонтамі, дранкай. Падлога была з дрэва, дзверы мелі драўляныя штыры, жалезныя завесы. Над уваходам мог быць навес на слупах ці перад ім — невялічкая галерэя. Хаты пераважна былі курнымі, дым мог выходзіць праз акно ў франтоне. Зямельныя ўчасткі былі там, дзе гэта дазваляў характар мясцовасці, — там ставілася лазня, калі трэба — гумно. У якасці агароджы выкарыстоўваліся пляцень, слупкі з бярвення.
Дамы заможных гараджан займалі больш значныя па памерах дзялянкі, яны былі павернутыя да вуліцы падоўжным бокам, перад імі быў сад. Як сведчаць матэрыялы XVII ст., дамы былі на падклеццях (як і сядзібныя дамы шляхты), маглі мець два паверхі, а таксама своеасаблівыя галерэі з навесамі, якія, аднак, у XVIII ст. сышлі з гарадскога будаўніцтва. Стрэхі маглі быць чатырохсхільнымі шатровай формы. Плошча найбольш вялікіхдраўляныхдамоў — 36 кв. м (Віцебск). Гэтыя дамы мелі гаспадарчыя прыбудовы, печы з дымаходамі, крыты ганак пры ўваходзе. 3 канца XVIII ст. дамы пачалі пакрывацца бляхай. Часта гаспадарчая частка дома выходзіла на вуліцу — як можна меркаваць, там размяшчаліся майстзрні, крамы. Увогуле, асобныя майстэрні размяшчаліся, хутчэй за ўсё, уздоўж вуліц. У інвентарах узгадваюцца гаспадарчыя будынкі — свіран, піўніца, кухня, хлеў, стайня (з драўляным пакрыццём, яку Віцебску), бровар, гаспадарчыя ізбы. Сядзібы агароджваліся парканам — паміж двума вертыкальнымі бярвёнамі клаліся гарызантальныя.
Меліся і вялікія драўляныя дамы досыць складанай канструкцыі з вежамі над уваходам, шатровымі дахамі, абходнымі галерэямі.
Цікава адзначыць наяўнасць у гарадскім будаўніцтве еўрапейскай фахверкавай канструкцыі — калі драўляная аснова, каркас будынка дапаўняліся цэглай ці глінай, утвараючы досыць маляўнічае відовішча.
Фрагментарна захавалася каменнае гарадское жыллё ў Полацку, Магілёве, Гродне, Нясвіжы, Паставах. Для яго планіроўкі ўласцівы сіметрыя, падзел на жылую (звычайна ў глыбіні будынка) і вытворчую часткі (магла мецца жылая і парадная), адзін ці два паверхі, скляпы, мансарды. Фасад, дзе размяшчаўся сціплы дэкор, уяўляў сабой прамавугольнік асноўнага аб'ёму з франтонам. Сваім дэкорам вылучаюцца дом купца ў Магілёве канца XVII ст., вокны якога былі аздоблены ўзорамі, разьба парадных дзвярэй у жылым доме канца XVII ст. у Полацку, а таксама «дом на рынку» ў Нясвіжы, галоўная фасадная сцяна якога мае ламаную барочную канфігурацыю. Звяртае ўвагу тыпавая забудова ў Гродне I Паставах 60—80-х гг. XVIII ст. — каля 30 дамоў, дзе жылі пераважна замежныя майстры, запрошаныя для абучэння мясцовых вытворцаў. Гэта амаль квадратныя ў плане будынкі з традыцыйным падзелам на пярзднюю вытворчую і жылую часткі і франтонамі, што спалучаюць барочныя і класічныя элементы. У другой палове XVIII ст., калі сярод шляхты распаўсюдзілася мода жыць у гарадах, былі пабудаваны вялікія палацы — такія, як палац Агінскага ў Слоніме, Тызенгаўза ў Гродне.
Аб гаспадарчых пабудовах у заможных дамах дае ўяўленне лямус манастыра брыгітак у Гродне (каля 1634 г.), які мае двух’ярусны арачны пераход, уласцівы таксама для жылых будынкаў у старажытных беларускіх гарадах.
Пасля далучэння беларускіх зямель да Расіі пачалася перапланіроўка гарадоў, наданне ім рэгулярнай сістэмы. Жыллё, асабліва ў буйных гарадах, пачало таксама рабіцца па тыпавых праектах у стылі архітэктуры класіцызму.
Вуліцы гарадоў, у першаю чаргу іх цэнтральныя часткі, былі брукаваныя, забудова, дзякуючы строгай рэгламентацыі магістратаў, вытрымлівалася ў адзіным ключы і імкнулася да адзінага цэлага. Вуліцы, шырыня якіх, напрыклад, у Магілёве і Віцебску была 5 м, таксама насцілаліся дошкамі, якія, як гэта было ў Мінску ў XVII ст., трымаліся на сваях і папярочных лагах. Гараджане абавязаны былі сачыць за ўчасткам вуліцы, што знаходзіўся перад іх домам. Гарады ў XVII ст. мелі драўляныя вадазборнікі і водаадводы, драўляныя дрэнажныя сістэмы, а таксама каналізацыйныя адводы, якія вялі, як у Мінску, у адстойнікі на дыстанцыю 30—40 м. Увогуле на падвор’ях былі сметнікі, сама тэрыторыя пасыпалася шчэпкамі.
Да гарадскога жылля набліжалася жыллё заможных местачкоўцаў, якое мела некалькі аддзелаў — хату, святліцу, сенцы, камору, падвал, вокны са шклом, ацяплялася кафляной печкай, крылася дранкай. Адрознівала жыллё местачкоўца дастаткова вялікая колькасць вясковых гаспадарчых пабудоў: свірны, спіхлеры, каморы, хлявы, стайні, клуні, адрыны, гумны і інш. У сядзібны комплекс уваходзілі таксама бровары, пякарні, кузні, лазні.
2. АДЗЕННЕ
2.1. Адзенне шляхты
Шляхецкае адзенне як арыгінальная культурная з’ява склалася ў выніку складанага ўзаемадзеяння мясцовых традыцый з еўрапейскімі купьтурнымі ўплывамі, стылямі рэнесанс, барока, класіцызм, уздзеяннем італьянскай, французскай, англійскай, нямецкай культур. Акрамя гэтага, на шляхецкі строй істотна паўплывала ўласцівае шляхецкай сармацкай культуры захапленне ўсходам, арыенталізм. Усё гэта ўтварыла своеасаблівы культурны сімбіёз, які са здзіўленнем або з цікавасцю ўспрымалі прадстаўнікі заходнееўрапейскіх краін. Акрамя гэтага, як і паўсюдна ў феадальным грамадстве, існавала вопратка розных сацыяльна-маёмасных груп шляхты, нават у асяроддзі заможнай шляхты была мода двара і ўсіх астатніх. I апошняе — у тагачасным грамадстве адзенне выконвала знакавую функцыю — сведчыла аб сацыяльным статусе, палітычнай арыентацыі, маёмасным становішчы асобы, і таму стаўленне да яго было досыць пільнае.
Якасць адзення залежала ад гатунку тканіны, і тут шляхціцы выкарыстоўвалі даволі шырокі яе імпартны дыяпазон, які ахопліваў усіх знакамітых вытворцаў Еўропы, а таксама краін Усходу. Разам з тым паказальна, што пасля ўтварэння ў XVIII ст. мануфактур па вырабе палатна, шарсцяных, шаўковых тканін у Гародні, Нясвіжы, Слоніме, Ружанах перавага паступова пачала аддавацца мясцовым вырабам. Тым не менш, імпарт быў досыць насычаны, у тым ліку і каштоўных тканін.
Да іх ліку належалі аксаміт, шаўкі, адамашак генуэзскі, атлас, алтабас, французскі брсжат, тафта, англійскае сукно, шыфтух. Тканіны сярэдняй якасці і кошту карысталіся большым попытам — гэта розныя віды сукна — галандскае з Лейдэ, мараўскае, каразея, чэшскае, мухаяр, фалендыш, бая, кіра, англійскі лундыш, камлот, усходні баракан, каламайка і інш.; малазаможныя шылі адзенне з фалендышу ці каламайкі.
Шляхецкае адзенне, мода, маючы ўстойлівыя, базавыя мадэлі, былі, тым не менш, дастаткова дынамічныя ў дэталях і фасонах. Істотны пералом у модзе адбыўся прыблізна ў 1730-я гг., калі пад моцным еўрапейскім уплывам традыцыйны сармацкі шляхецкі строй пачаў саступаць месца уніфікаванаму еўрапейскаму касцюму, які склаўся па нямецкім (саксонскім) і французскім узорах. Гэта тычыцца як мужчынскага, так і жаночага адзення, аднак найбольш паказальнымі былі характарыстыкі мужчынскага адзення як знакавага для ўсёй культуры Рэчы Паспалітай.
2.1.1. Мужчынскае адзенне
Традыцыйны шляхецкі касцюм вылучаўся сваёй адметнасцю, а ў Еўропе — нават экзатычнасцю. У XVII ст. яго крой быў запазычаны з Усходу — Турцыі, а таксама Венгрыі. Разам з тым гэта ў асноўным тычылася верхняй, паясной вопраткі. Што да бялізны, дык яна, як I ў іншых сацыяльных колах, складалася з доўгай арнаментаванай кашулі, якая завязвалася пад шыяй тасёмкай, а таксама сподні — ніжніх штаноў з даматканага ці іншага палатна (такія штаны называліся таксама порткі). Паверх іх надзяваліся шырокія штаны з атласу, адамашку, якія называліся штаны, шаравары. Яны па шве маглі ўпрыгожвацца галуном і трымаліся на матузку, а потым на гузіках. Паверх бялізны надзяваўся жупан — двухбортнае адзенне з вузкімі рукавамі і стаячым каўняром, прыталенай спінай. Жупан шылі з каштоўнага сукна — мараўскага, а таксама аксаміту, падшывалі палатном, зашпільвалі на гузікі ці кручкі. Жупаны шылі таксама са скуры ласёў, а калі ён насіўся адзін, яго падшывалі ватай і рабілі з шарсцяных тканін. Левая фалда жупана істотна заходзіла на правую, яго таксама адрознівала залатая шнуроўка па краі каўняра і спераду. Мадыфікацыі жупана хутка мяняліся: з пачатку XVII ст. насілі кароткія жупаны з каўняром, нязначна паднятым ззаду і досыць невялікім спераду. 3 1640-х гг. жупаны падоўжыліся ззаду, каўнер зрабіўся аднолькавай вышыні, ён разыходзіўся спераду. 3 XVIII ст. жупаны насілі з паясамі. На жупан апраналі кунтуш — кафтанападобную вопратку з разразнымі рукавамі. Па колеры жупан павінен быў быць трохі святлейшы за кунтуш. Паказальна, што, як адзначаюць даследчыкі, крой кунтуша не мае непасрэдных аналагаў у культурах усходу і захаду. Кунтуш шыўся з сукна, шарсцяной тканіны I падбіваўся футрам. Гэта было параўнальна шырокае адзенне, якое не стрымлівала рухаў. Яго асновы складаў адзіны ад спіны да нізу плат тканіны, да якога прышываліся бакавыя ўстаўкі. Адметнай рысай кунтуша была вялікая колькасць спераду пятліц
з каштоўнымі гузікамі, што адпавядала тагачаснай еўрапейскай модзе, калі ў XVII ст. гузік зрабіўся адметнай часткай мужчынскага касцюма. Каўнер кунтуша быў нізкі, стаячы. Мода мяняла кунтуш: у пачатку XVIII ст. ён быў доўгі і вузкі, у сярэдзіне стагоддзя пакарацеў да каленяў. Кунтуш без разразных рукавоў называўся чэхманам. Кунтушы заўсёды насілі з поясам, якому надавалася асобая роля ў шляхецкім касцюме. Ён павінны быў быць доўгі і шырокі, канец пояса павінны быў звісаць спераду да каленяў і быць добра ўпрыгожаны — асабліва залатымі ніткамі. Мода на паясы хутка мянялася — шаўковыя, вязаныя, вельмі тонкія кітайскія, турэцкія, персідскія і, нарэшце, слуцкія. Таксама насілі кафтаны з шоўку, сукна, кітайкі — яны былі параўнальна кароткімі, мелі кішэні, доўгія рукавы і разрэз спераду, які зашпільваўся на гузікі. Сярэдняя і малазаможная шляхта на нашых землях апраналіся і ў аднарадку — аднабортную вопратку без каўняра. Кароткія і доўгія рукавы мела чамара — доўгае адзенне на гузіках, абшытае шнуркамі. Замест кунтуша для коннай язды адзявалася катанка. Верхняя вопратка была прадстаўлена традыцыйнымі кажухамі, шубамі — мехавымі, доўгімі, з рукавамі. Разам з тым шляхта аддавала перавагу дэліі — безрукаўнай, падшытай мехам вопратцы свабоднага пакрою, абшытай тканінай яркага колеру з вялікім каўняром. Таксама шырока насілі феразь — падбітую дарагім мехам вопратку з яркай тканіны свабоднага крою з шырокімі рукавамі і вялікім каўняром. 3 воўчых ці мядзведжых скур рабілі ваўчыны, якія маглі насіць на шнурку на адным плячы. Былі папулярныя бекешы, што нагадвалі па кроі жупан. Плашчападобны крой мела кярэя, якая падшывалася мядзведжай скурай. Кярэя з башлыком называлася буркай.