Матэрыяльная культура і быт беларусаў XVII - XVIII стст.
Вучэбна-метадычны дапаможнік
Выдавец:
Памер: 114с.
Мінск 2005
неўмацаванае, адчыненае селішча, якое звычайна знаходзілася на беразе вадаёма. Побач з ім ці ўнутры магло размяшчацца невялікае добра ўмацаванае гарадзішча, дзе бараніліся жыхары падчас ваеннай пагрозы. Планіроўку селішча прасачыць досыць складана, фрагментарныя матэрыялы сведчаць, што яна была двухрадная, — г. зн. хаты размяшчаліся двума паралельнымі радамі, аднарадная, а таксама кучкавая ці бессістэмная. Характэрна, што гэтыя віды планіроўкі захавалі сваю прынцыповую сістэмную спецыфіку ў планіроўцы пасяленняўтрадыцыйнага беларускага жылля XIX — пачатку XX ст., дзе аналагі са старажытнай культурай маюць вулічная і бессістэмная планіроўкі. Што да памераў старажытных славянскіх пасяленняў, дык відавочная тэндэнцыя да памяншэння іх памераў ад плошчы ў некалькі дзесяткаў квадратных гектараў у IX — X стст. да невялікіх — ад некалькіх да паўтара дзесятка хат. Са славянскіх старажытных пісьмовых крыніц паходзяць і назвы пасяленняў. Гэта — сяло, сяльцо, дзярэўня, весь, пагост. Найбольш старажытная назва пасяленняў на нашых землях — сяло — вызначэнне адносна значнага па памерах неўмацаванага пасялення, дзе жылі вяскоўцы. Традыцыйная для Беларусі назва «дзярэўня» — вёска — шырока распаўсюдзілася пазней — з ХІУ ст. Невялікае пасяленне магло называцца «весь». Пагостам у старажытнасці называліся адміністрацыйныя цэнтры пэўных акругоў, дзе ладзіліся агульныя сходы, праходзілі суды, былі размешчаны храмы, агульныя могілкі. Дваром, домам, градам называліся месцы, дзе размяшчаліся феадальныя маёнткі; магчыма, сяло таксама магло значыць княжацкае пасяленне з сядзібамі вяскоўцаў. Такім чынам, структурныя элементы традыцыйнага беларускага жылля склаліся да XIV ст. і былі звязаны з усталяваннем на нашых землях славян і ўнутраным развіццём іх культуры.
1.2.2. Пасяленні / сядзібы
Пасля ўтварэння беларускага этнасу вызначыўся асноўны тып і, у яго межах, разнавіднасці традыцыйнага жылля, якое мела комплекс характэрных рыс. У Беларусі склаўся пэўны характэрны комплекс сельскіх пасяленняў. Іх асноўныя назвы — вёска, сяло, слабада, аколіца, засценак, мястэчка. Вёска (слова ўзнікла ад старажытнаславянскага «весь») — асноўны тып вясковага пасялення, — так называлася, незалежна ад памераў, кампактнае пасяленне сялян. Звычайна вёска не Mena вялікіх сакральных, адміністрацыйных пабудоў; акрамя сялянскіх сядзіб, там магла размяшчацца карчма. Сяло да пачатку XIX ст. было досыць пашыранай назвай сельскага пасялення. Ад вёскі яно адрознівалася больш буйнымі памерамі, а таксама наяўнасцю адміністрацыйных устаноў, храмаў, адносна буйных рынкаў. Пасля правядзення ў XVI ст. валочнай рэформы колькасць пасяленняў з назвай сяло (хаця там магло не быць адміністрацыйна-культавых устаноў) значна павялічылася,— рэформа была зарыентавана на ўтварэнне вялікіх планава дасканалых
вулічных пасяленняў, што называліся сёламі. У XVIII ст., у сувязі з неабходнасцю засялення новых зямель пасля спусташальных войнаў XVII і пачатаку XVIII ст., колькасць новазаснаваных пасяленняў з такой назвай рэзка вырасла. Разам з тым пасля далучэння да Расіі сёлы паступова страчвалі свае старажытныя тыпалагічныя прыкметы I на нашых землях пачала дамінаваць такая назва, як вёска. Слабадамі называліся пасяленні, жыхары якіх у XVII—XVIII стст. пазбаўляліся на пэўны час ад выплаты падаткаў, мелі льготы ў выкананні павіннасцей з нагоды дрэннай якасці зямель (адсюль, магчыма, этымалогія слова слабада — паслабленні). Пазней слабадамі сталі называцца пасяленні каля гарадоў рамеснікаў розных спецыяльнасцей, якія адышлі ад сельскай гаспадаркі, але не зрабіліся гараджанамі. Характэрнай асаблівацю беларускіх сельскіх пасяленняў з’яўляюцца аколіцы — невялікія пасяленні дробнай шляхты (там маглі жыць і зямяне, баяры — пераходныя групы паміж шляхтай і сялянамі), звычайна агароджаныя плотам, якія размяшчаліся каля вёсак і шырока распаўсюдзіліся з XVII ст. Да аколіцы быў падобны засценак — пасяленне, якое ўзнікла ў выніку правядзення «Уставы на валокі» за межамі, «сценамі» зямлі, спецыяльна падзеленай паміж сялянамі. Такія кавалкі звычайна аддаваліся ў арэнду дробнай шляхце. Аколіцы і засценкі з цягам часу пераўтварыліся ў вёскі ці зніклі. Прамежкавае становішча паміж горадам і вёскай займала мястэчка ■— адносна вялікае пасяленне, вядомае на нашых земляхзХУ ст., заснаванае па каралеўскай прывілеі ці ўзнікшае стыхійна, пераважна ў першай палове XVII ст. з абавязковымі таргамі, ярмаркамі, часта адміністрацыйнымі, культавымі ўстановамі, сядзібай феадала. Насельніцтва мястэчка складалі гандляры, рамеснікі, сяляне. Колькасць мястэчкаў у старажытнай Беларусі была даволі значнай: у канцы XVIII ст. іх лічба падыходзіла да 300. У XIX ст. мястэчкі былі пераведзены ў статус гарадоў ці вёсак. Адзначым, што сярод традыцыйных беларускіх пасяленняў да канца XIX ст. не было хутароў, якія мелі шырокае распаўсюджванне ў суседзяў — напрыклад, украінцаў у XIX ст.
Рэгіянальныя адрозненні былі ўласцівы для памераў пасяленняў. Там, дзе была ажыццёўлена валочная рэформа, — г. зн. у заходніх і цэнтральных частках беларускіх зямель, вёскі вызначаліся адносна буйнымі памерамі ў параўнанні з вёскамі паўночнага ўсходу, дзе рэформа не была праведзена цалкам.
Істотныя рэгіянальныя адрозненні маюцца і ў планіроўцы ласяленняў. Увогуле, для беларускага жылля ўласцівая наяўнасць лінейнага, вулічнага, а таксама хаатычнага, бессістэмнага тыпаў планіроўкі пасяленняў. Істотны ўплыў на характар планіроўкі зрабіла валочная рэформа, дзякуючы якой на паўднёвым захадзе і часткова на паўночным захадзе і ў цэнтральнай Беларусі атрымалі распаўсюджванне вёскі вулічнай планіроўкі, дзя сядзібы ішлі ўздоўж адной вялікай вуліцы ў адзін рад, насупраць ставіліся гаспадарчыя пабудовы (так было, калі валоку трымаў адзін гаспадар) ці хаты ставіліся ўздоўж вуліцы насупраць адна
адной. На паўночным усходзе і ўсходзе вёскі былі параўнальна невялікімі, а іх планіроўка — аднарадная — уздоўж берагоў шматлікіх рэк і азёр, а таксама бессістэмная. Разам з тым мелася і вулічная планіроўка, калі аднарадная забудова паступова пераўтваралася ў двухрадную, перад дварамі ўтваралася вуліца, і яны пачыналі будавацца насупраць адзін аднаго, а таксама, калі вёска будавалася абапал шляху, дарогі.
Планіроўка сядзібы таксама мела істотныя рэгіянальныя адрозненні, тыпалагічна і генетычна звязаныя з папярэднімі асаблівасцямі. Увогуле ў Беларусі вылучаюцца наступныя яе тыпы: пагон — калі ўсе будынкі ставяцца ў адзін рад (пагон бывае аднарадны, двухрадны, трохрадны), вяночны (двор утварае замкнёную прастору), Г-падобны, свабодны, з нязвязанымі пабудовамі. У Цэнтральнай Беларусі, Панямонні, на Палессі — там, дзе была праведзена валочная рэформа, — бытаваў пагон, які прадпісваўся палажэннем рэформы, калі сядзіба павінна была размяшчацца побач з замацаванай валочнай зямлёй. Даўжэзныя пагоны, што месціліся ў шэраг адзін за адным уздоўж прамой доўгай вуліцы, складалі істотную асаблівасць традыцыйнай сельскай забудовы адзначаных беларускіх рэгіёнаў. Двухрадны пагон, калі будынкі сядзібы ішлі двума паралельнымі радамі, быў у большай стулені распаўсюджаны ў паўночна-заходніх раёнах Беларусі. На паўночным усходзе панаваў вяночны тып забудовы, які адзначаны даследчыкамі ў канцы XVIII ст. у Полацкім намесніцтве і Крычаўскім графстве. Наяўнасць на досыць вялікіх абшарах — цэнтральных і заходніх землях Беларусі — кампактнага кангламерату адносна вялікіх вёсак з вулічнай планіроўкай і пагонным планіровачным тыпам сядзібы істотна адрознівала па гэтым кампаненце дадзены рэгіён ад этнічных суседзяў — у першую чаргу украінцаў, у якіх у XVIII ст. пануючым быў хутарскі тып сельскіх пасяленняў, і ўтварала ў дадзеным выпадку этнічную спецыфіку беларускага жылля.
Тыповы набор гаспадарчых пабудоў таксама вылучаўся рэгіянальнымі і этнаспецыфічнымі характарыстыкамі. У яго ўваходзілі хата, да якой прымыкалі камора ці варыўня, клець (на захадзе яна называлася свіран), хлявы (хлеў для коней — стайня), павець, адрына ці пуня — будова для захавання сена, пограб (склеп), гумно з сушылкай (ёўняй, асеццю) ці без яе, лазня, калодзеж (студня ) (меней быў распаўсюджаны no634 з вадаёмамі, а таксама там, дзе грунтавыя воды залягалі глыбока — тады ў вёсцы было некалькі грамадскіх калодзежаў); двор быў абгароджаны плотам, замётам. У XVII—XVIII стст. меліся і спецыяльныя ямы-сховішчы, дзе паводдаль ад вёскі, у глухіх месцах хавалі ежу і прадметы хатняга ўжытку — асабліва падчас ваенных дзеянняў. Сярод гаспадарчых пабудоў за межы сядзібы выносілася гумно — яно часта стаяла праз вуліцу насупраць хаты, пуня, калодзеж (мог размяшчацца побач з пуняй). Разам з тым поўны набор гаспадарчых пабудоў у сядзібе ў рэчаіснасці не меў усеагульнага распаўсюджвання; акрамя гэтага, яго набор быў абумоўлены рэгіянальнай спецыфікай. Так, сушыльні пры гумне
былі распаўсюджаны на Усходзе і Паўночным Усходзе Беларусі, дзе яны размяшчаліся ў гумне ці стаялі асобна. Спецыяльныя прыстасаванні для сушкі зерня — азяроды (канструкцыя з гарызантальных слупоў, замацаваных гарызантальнымі жэрдкамі, паміж якімі замацоўваліся снапы) былі распаўсюджаны ў Цэнтральнай Беларусі, на Усходнім Палессі. Лазні не былі распаўсюджаны ў заходніх раёнах Беларусі — там мыліся ў хатніх печах, вялікіх карытах, улетку — у вадаёмах. Для мыцця маглі выкарыстоўваць і ёўню — там была печ для сушкі збожжа. Адсутнасць лазні ў дадзеным рэгіёне набліжала яго да зямель памежнай Украіны і супрацьпастаўляла паўночна-ўсходнім абласцям, якія па гэтай прыкмеце набліжаліся да рускіх зямель.
1.2.3. Хата
Цэнтральнае месца ў сядзібе займала хата (ізба, дом—добрая хата, халупа — дрэнная). Найбольш старадаўняя хата — аднакамерны будынак, да якога потым дадалі сенцы, — так утварыўся двухкамерны будынак. Далейшая эвалюцыя хаты ішла праз ускладненне планіроўкі. Хутчэй за ўсё першым трохкамерным будынкам быў у старажытнасці такі, які меў планіроўку хата + сенцы + клець. Потым, за выключэннем пагонных двароў і рэгіёнаў Цэнтральнай Беларусі, клець выдзелілася ў асобнае памяшканне, а хата зрабілася двухкамернай: хата + сенцы, прычым у пэўных рэгіёнах у сенцах маглі спаць. Далейшая эвалюцыя планіроўкі жылля звязана з пераходам да трохкамернай планіроўкі: хата+сенцы+камора. Трохкамерная планіроўка магла ўзнікнуць як у выніку будаўніцтва пераходу паміж хатай і клеццю, як гэта было ў старажытнасці, ці праз прыбудову да сенцаў яшчэ аднаго памяшкання, ці праз выдзяленне ў сенцах асобнага закутка, які пераўтварыўся з цягам часу ў асобнае памяшканне — камору, дзе захоўвалі збожжа, прадукты, каштоўныя рэчы, стаялі жорны; у зімовы час размяшчалася жывёла. Прыбудаванае памяшканне магло быць меншых памераў, чым асноўны аб’ём, мець сваю страху. У адносна заможных сялян камора рабілася асобна ў якасці клеці, свірна. У паўночных раёнах камору замяняла варыўня. Падаецца, што пераход да трохкамернага жылля адбываўся на працягу XVII—XVIII стст.— ужо ў канцы XVIII ст. на тэрыторыі Полацкага намесніцтва будаваліся трохкамерныя хаты з «каморкай». Разам з тым, як адзначаў А. Мейер пры апісанні Крычаўскага графства ў канцы XVIII ст., хаты былі па большай частцы без сенцаў. Ускосна аб характары планіроўкі можа сведчыць наяўнасць ці адсутнасць у дварах клецей (свірнаў) — там, дзе яны прыгадваюцца, хутчэй за ўсё камор не было і, наадварот, — там, дзе свірны не прыгадваюцца як асобныя будынкі, яны, магчыма, складалі адзінае цэлае з хатай. Так, згодна з вопісам 1786 г. уладання Радзівілімонты (зараз — Клецкі раён, Міншчына), са 186 сядзіб свіран адсутнічаў у 116 дварах (62,4%).