Матэрыяльная культура і быт беларусаў XVII - XVIII стст. Вучэбна-метадычны дапаможнік

Матэрыяльная культура і быт беларусаў XVII - XVIII стст.

Вучэбна-метадычны дапаможнік
Выдавец:
Памер: 114с.
Мінск 2005
42.91 МБ
Існаваў баявы маральны кодэкс — з’яўленне крыві ў аднаго з праціўнікаў стрымлівала другога. Было нямала майстроў, у руках якіх шабля ператваралася ў страшэнную зброю: у крыніцах нагадваецца пра разрубленых наўскос, ад пляча, людзей. У асноўным гэта адбывалася ў час ваенных дзеянняў. У бойках паміж шляхціцамі высокі ўзровень валодання зброяй прыводзіў у асноўным да ран — самай сур’ёзнай і адметнай была адсечаная рука, што пачало кідацца ў вочы сучаснікам у бурным XVIII ст. У XVIII ст. шаблю ў двубоі пачаў выцясняць пісталет, што ўспрымалася тады прадстаўнікамі шляхецкай шабельнай традыцыі як паказчык фізічна-валявога заняпаду моладзі.
2.1.3.	Жаночае адзенне
Як і мужчынскае, жаночае адзенне падзяляецца на перыяды да і пасля сярэдзіны XVIII ст., калі яно істотна змянілася пад уплывам ідэй Асветніцтва, культур класіцызму і ракако, як і псіхалогія шляхцянак, іх месца ў грамадскім жыцці. Традыцыйнае адзенне шляхцянак часоў барока адрознівалася сваім «зачыненым» характарам — амаль усё цела плотна закрывалася, каўнер зашпільваўся пад падбародкам, рукі і ногі хаваліся пад даўгімі рукавамі і спадніцамі. Тут старашляхецкі строй нагадвае па прынцыповаму падыходу іспанскую моду, якая служыла ўзорам стрыманасці.
Бялізна была традыцыйна прадстаўлена кашуляй з тонкага палатна з каўняром I манжэтамі, якія не ўпрыгожваліся. Кашулі былі таксама начныя, у якіх спалі. 3 XVII ст. насілі разнастайныя панчохі. Наверх надзявалася сукня — вопратка з рукавамі і каўняром, гладкая ці з фалдамі. Потым апраналі спадніцу — шарсцяны андарак ці шырокую амазонку. Наверх надзявалі шнуроўку — жаночы кафтанік са шнуроўкай і карсетнымі пласцінамі, ці безрукаўку — кабаты, камізэлькі, сукманы, гарсеты, a таксама плечавую вопратку — юпку — з кароткімі ці доўгімі рукавамі. У халады на шнуроўку ці безрукаўку надзявалі яшчэ зімнюю юпку ці жаночы кунтуш, прыталены казакін.
Верхняя вопратка складалася з шубы, кажуха, тарлопа з каштоўных мяхоў. Галаўныя ўборы былі прадстаўлены шапкамі — каштоўнымі
мехавымі ўборамі, якія надзяваліся на хусткі ці чапцы. Істотнай часткай убора быў галаўны платок — рантуха, які ўпрыгожваўся каштоўнай вышыўкай. Рантуха магла насіцца і паверх чапца. Апошнія былі істотнай часткай галаўнога ўбору, упрыгожваліся каштоўнасцямі, перлінамі і мелі вялікую колькасць варыянтаў. Існавалі і каўпакападобныя ўборы. 3 другой паловы XVI ст. жанчыны пачалі насіць берэты. Асноўнымі ўпрыгожаннямі былі пацеркі, падвескі, ланцужкі, пярсцёнкі, завушніцы.
На ногі надзявалі чаравікі, боты.
Прыкладна з сярэдзіны XVIII ст. адзенне шляхцянкі зрабілася па-еўрапейску больш адкрытым, нават фрывольным. Спачатку прыйшлі доўгія салопы, потым кароткія паўсалопы. Адметна шляхецкім адзеннем былі рагоўкі — спадніцы з абручамі з кітовага вуса. У 1730-я гг., калі кабаты выйшлі з моды, з’явіліся першыя прадвеснікі разняволення жаночага адзення — раброны—доўгія сукенкі з шэрсці, моцна прыталеныя з дапамогаю кітовага вуса, выразы на якіх спераду і ззаду з цягам часу дасягнулі нябачных дагэтуль памераў. Нарэшце прыйшоў еўрапейскі строй тыпу шмізу — лёгкае, празрыстае адзенне ў антычным стылі, якое было прычынай шматлікіх прастудных захворванняў. Распаўсюдзіліся новыя шыкоўныя ўпрыгожанні, касметыка, мушкі, шыньёны.
2.2.	Сялянскае адзенне
Традыцыйнае беларускае адзенне, асабліва жаночы строй, з’яўляецца багатым і насычаным этнакультурным зместам кампанентам беларускай культуры. Адзенне, якое сумяшчае утылітарны, мастацкі, знакава-сімвалічны элементы, у найбольшай ступені з відаў матэрыяльнай культуры сінтэзуе розныя рэаліі культуры этнасу.
Традыцыйнае адзенне амаль цалкам выраблялася саматужна са сваёй сыравіны, і асноўным яго вырабніком была жанчына. Адзенне рабілася з ільну, валокнаў канапель, жывёльнай скуры, воўны. Шлях да гатовага вырабу быў досыць працяглы і ўключаў шэраг паслядоўных аперацый. Так, сцёблы льну ці канапель спачатку мачылі, потым мялі на спецыяльнай мялцы, трапалі з дапамогай лапаткі, часалі грабянямі і шчоткамі і толькі потым пачыналі прасці на прасніцы — спецыяльнай дошцы ці на калаўроце з колам. Пражу намотвалі на матавіла, сушылі, часта бялілі, снавалі і нарэшце пачыналі ткаць. У залежнасці ад палатна, якое меркавалася атрымаць, ткацтва ажыццяўлялася па рознай тэхналогіі. Афарбоўку рабілі самі сяляне — трэба адзначыць, што да прыходу фабрычных тэхналогій у летнім адзенні пераважалі натуральныя льняныя белыя фарбы; тое ж тычылася і зімовай вопраткі. Традыцыйна фарбавалі шарсцяную тканіну для спадніцы, штаноў, безрукаўкі. Да рамеснікаў звярталіся, калі трэба было вырабляць верхняе адзенне, якасныя віды абутку, пэўныя тыпы галаўных убораў.
Комплекс традыцыйнай вопраткі падраздзяляецца на мужчынскі і жаночы (праблемным з’яўляецца дзіцячы комплекс), сезонны, будзённы і святочны ( можна вылучыць абрадавае адзенне, — напрыклад нявесты, свахі, свата). Дарослы член сям’і павінен быў мець некалькі комплексаў вопраткі: святочны, а таксама будзённы для кожнай пары года. Гэта тычылася і такіх складаных для вырабу рэчаў, як кажух і світка, якія таксама падзяляліся на працоўную і выхадную.
2.2.1.	Жаночае адзенне
Найбольш яскрава характэрныя рысы традыцыйнага беларускага адзення праявіліся ў жаночым строі. Аснову традыцыйнага комплексу адзення складала адзенне нацельнае, сподняе, якое ў жанчын, як і ў мужчын, складалася з кашулі. У жанчын летні строй дапаўняўся спадніцай, фартухом, кароткай безрукаўкай (ці вопраткай з рукавамі), галаўным уборам і абуткам. Гэты комплекс мае поліэтнічны, усходнеславянскі характар; яго этнічныя асаблівасці тычацца ў асноўным метаду крою. Адзін з найбольш істотных элементаў традыцыйнага строю — кашуля (сарочка, рубаха). Найбольш старажытным кроем лічыўся тунікападобны — калі палатно складвалася папалам, пасярэдзіне рабіўся выраз для галавы, пакідаліся адтуліны для рук і рабіўся выраз наперадзе. Гэты пакрой шырока вядомы ў старажытнасці ў народаў Еўропы, у тым ліку і ў сумежных прыбалтаў. Аснову традыцыйнай, вядомай у пазнейшы час кашулі складала «станіна» — злучанае спецыяльным чынам на плячах палатно. У будзённых кашулях верх шылі з больш вытанчанага палатна, ніз — з грубага. Традыцыйна часткі станіны злучаліся пры дапамозе палікаў — прамавугольных уставак на плячах. Гэты тып сарочкі таксама ўласцівы рускім, украінцам. Каўняры на кашулях былі пераважна невысокія стаячыя, а таксама адкладныя. Як лічаць даследчыкі, шырокі адкладны каўнер (адзенне з ім часцей называлі кашуля) распаўсюдзіўся ў літоўцаў, беларусаў, украінцаў, а таксама, часткова, рускіх, пад польскім уплывам. Можна меркаваць, што пачатак гэтага працэсу належаў да часоў Рэчы Паспалітай. Рукавы рабіліся, як можна меркаваць, часцей з манжэтамі, акрамя рабочых кашуль. Традыцыйная беларуская кашуля даўжынёй была звычайна ніжэй каленяў. Яна ўпрыгожвалася досыць сціпла — арнамент размяшчаўся ў верхняй частцы рукава, на паліках, каўняры, грудзях, манжэтах, але ўзор у поўным камплекце наносіўся рэдка — як можна меркаваць па больш познім часе, у рэгіёнах, сумежных з Украінай. Упрыгожванне мела манахромны характар — у асноўным арнамент быў чырвонага колеру; старажытныя кашулі маглі быць увогуле без упрыгожвання. Насілася кашуля самастойна ці са спадніцай — у асноўным схаванай пад яе ці, рэдка, навыпуск.
Асноўная паясная вопратка жаночага строю — спадніца. Яна шылася з даматканага палатна ці сукна альбо паўсукна. Спадніца рабілася з некалькіх (да шасці) полак (падоўжных кавалкаў лалатна), якія
сшываліся і збіраліся ў зборкі каля пояса. Зрэдку спадніцу шылі з папярочнага кавалка тканіны — папярочкі. Спадніца завязвалася спераду ці крыху збоку тасёмкамі ці паяском. Вылучаюцца спадніцы, якія шыліся з шарсцяной ці паўшарсцяной тканіны, — андаракі (слова паходзіць з нямецкай мовы). У старажытнасці андарак быў верхняй спадніцай прадстаўніц пануючых класаў. Ён быў багата ўпрыгожаны, яго асаблівасць — наяўнасць клятчастай арнаментальнай сістэмы. Спадніца з пакупной ці даматканай пераважна шарсцяной ці тонкай тканіны, часцей аднатонна пафарбаваная, называлася саянам. У старажытнасці яе насіла шляхта. Саянам называлася таксама адзенне са сшытых ліфа і спадніцы. Магчыма, тэрмін саян як спадніца з ліфам з’явіўся ў Расіі ў дачыненні да сарафана з беларускіх зямель у XVII—XVIII стст. Да старажытнага віду лаяснога адзення належыць панёва — нясшытая ці, радзей, сшытая спадніца тыпу андарака. Магчыма, на нашых землях расхінная панёва папярэднічала андараку. Паверх спадніцы звычайна павязваўся фартух (пярэднік), які прымацоўваўся на таліі завязкамі. Ён рабіўся з адной, дзвюх, рэдка трох полак, яго даўжыня ў Беларусі амаль адпавядала даўжыні спадніцы. Такія доўгія, роўныя спадніцам фартухі мы бачым на выявах пакаёвак на іконе «Нараджэнне Маці Боскай» Маларыцкага майстра (1648—1650 гг.), Паказальна, што на выявах фартухі не арнаментаваныя — адзін натуральнага белага колеру, другі, хутчэй за ўсё, пафарбаваны, хаця ў пазнейшы час яны звычайна ўпрыгожваліся — часцей за ўсё гарызантальнай арнаментыкай, якая праходзіла па ніжнім краі, а таксама магла ісці вышэй. У верхняй частцы фартух дробна прызборваўся, што бачна на іканапіснай выяве. Беларускія фартухі тыпалагічна блізкія да пярэднікаў прыбалтаў, палякаў, што робіць гэты від адзення часткай поліэтнічнай культуры. Яшчэ адзін від адзення, які быў ўласцівы беларусам, а таксама заходнім суседзям,— безрукаўка. Гэта было досыць каштоўнае адзенне, яно, як можна меркаваць па пазнейшых этнаграфічных даных, магло перадавацца ў спадчыну. У Беларусі яно мела назву «кабат», «шнуроўка», «гарсэт», «безрукаўка» і інш. Звязаць тып безрукаўкі з пэўнай назвай досыць складана, хаця, напрыклад, назва «шнуроўка» ўказвае на асаблівасць адзення. У XVII—XVIII стст. кабат насілі гараджанкі, шляхцянкі, ад якіх ён паступова перайшоў у сялянскае асяроддзе. Безрукаўкі часцей шылі з пакупнога сукна яркай расфарбоўкі. Найболып просты і, магчыма, старажытны іх крой — з прамой спінкай, калі спіна рабілася з суцэльнага кавалка матэрыялу. Безрукаўкі ў Беларусі былі даўжынёй да таліі і ніжэй,— заходзілі за верхнюю частку спадніцы. У доўгіх безрукаўках іх ніжнія часткі разрэзваліся і абшываліся. Звычайна на безрукаўках ішоў разрэз спераду, які зашнуроўваўся ці зашлільваўся на хатнія гузікі, на грудзях рабіўся выраз — круглы ці геаметрычна-вуглавой формы. Безрукаўка шчыльна ўпрыгожвалася вышыўкамі, нашыўкамі з выкарыстаннем найлепшых нітак. Як мовілася раней, безрукаўка магла сшывацца са спадніцай, утвараючы саян. На вышэйадзначанай іконе «Нараджэнне Маці Боскай» мы бачым безрукаўкі на дзвюх пакаёўках: кабаты сіняга і