Матэрыяльная культура і быт беларусаў XVII - XVIII стст.
Вучэбна-метадычны дапаможнік
Выдавец:
Памер: 114с.
Мінск 2005
Сама хата будавалася выключна з дрэва (цвікі таксама былі драўляныя) •— елкі, сасны, для ніжніх вянцоў выкарыстоўвалі дуб. Пад вуглы, a таксама, радзей, пад сярэдзіну будынка падкладаліся дубовыя «штандары», прастора паміж якімі запаўнялася не надта тлустымі бярвёнамі ці гарбылямі, таксама, вертыкальнымі чурбакамі. Замест штандараў маглі выкарыстоўвацца камяні-валуны, паміж якімі насыпалася мелкае каменне; іншым разам хату ставілі прама на зямлю. Старажытныя звесткі пра памер тагачаснага жылля паходзяць з пачатку XIX ст. і належаць англічаніну Р. Джонстану. Каля Барысава ён вызначыў сярэднія памеры ўбачаных ім каля сотні хат даўжынёй — 20, шырынёй — 14 і вышынёй — 7 футаў. Іх плошча, паводле Джонстана, складала каля 12 футаў, яны былі зроблены з неабчасанага дрэва, канцы бярвёнаў выходзілі за мяжу сцяны і былі няроўнымі. Жыллё было зрубнай канструкцыі і складалася з гарызантальна пакладзеных, часам не абчасаных бярвёнаў; сцены маглі рабіць і з раздзеленых папалам бярвёнаў — дыляў, якія часта ўзгадваюцца ў дакументах XVII—XVIII стст., а таксама рэдка — з брусоў. Паміж бярвёнамі для ўцяплення засоўваўся мох. Ніжняя частка сцяны ўнутры хаты магла пакрывацца глінай. Адзін з найбольш старажытных спосабаў умацавання бярвёнаў — «у шулы» — калі канцы гарызантальных бярвёнаў устаўляліся ў пазы вертыкальна пастаўленых слупоў, якія на пэўнай дыстанцыі адзін ад аднаго быццам бы абкружалі хату. Гэты канструкцыйны метад угадвае старажытныя слупавыя будынкі на нашых землях часоў жалезнага стагоддзя. У вуглах бярвёны злучаліся разнастайнымі спосабамі — як можна меркаваць, — часцей за ўсё з астаткам, калі канцы бярвёнаў выступаюць за сцены. Яны злучаліся адзін з адным рознымі спосабамі, сярод якіх вылучаюцца «ў чашку» — калі бярвёны злучаюцца праз вырубленыя ў іх паўавальныя гнёзды, «у замок» — калі гнёзды прамавугольныя, і «ў каню» — калі выступы бярвёнаў, што заходзяць у пазы, пашыраюцца на канцы; найбольш старажытныя з іх — «у чашку», «у замок». Са старажытных часоў вядомы ў Беларусі і спосаб рубкі вугла без выступаючых канцоў — «чысты», «нямецкі» вугал, але, як можна меркаваць, шырока ён пачаў выкарыстоўвацца з XIX ст. Страха рабілася па досыць архаічнай вяночнай апорнай сістэме, якая прадстаўлена «закотам», — калі аснова страхі — свалокі — клаліся на бярвёны тарцовых сцен, якія паступова, па меры руху ўверх, укарочваліся. Больш позні варыянт усталявання страхі — каркасны, страпільны, што распаўсюджаны і зараз,— у сваім найбольш старажытным варыянце прадстаўлены канструкцыяй «на сохах» — калі дах трымаецца на вялікіх, у памер хаты, вертыкальна пастаўленых сохах, у рагулькі якіх пакладзена тоўстая жардзіна, і сценах будынка. У мадыфікаваным варыянце — «на ключах», «на дзядках», «на сошках» — сохі замяняюцца сошкамі, стаякамі, што абапіраюцца на папярочныя бэлькі. Тут мы зноў сустракаемся з фрагментамі старажытнай слупавой канструкцыі жылля. Страха была пераважна двухсхільная. Столь, якая ў традыцыйным беларускім жыллі рабілася ў асноўным над жылой хатай,
у сваім найбольш старажытным варыянце была скляпеністая з бярвёнаў, пазней — з дошак. Гэты тып столі адпавядаў канструкцыі «закотам», ён таксама рабіў прастору хаты больш аб’ёмнай; магчыма, дадзены від столі меў лакальна-абмежаванае распаўсюджванне. Пазней распаўсюдзілася плоская драўляная столь, у сваім старажытным варыянце прадстаўленая канструкцыяй з «трамам» — вялізным чатырохвугольным бярвеннем, што ішло ўздоўж хаты і на якое ўкладваліся дошкі столі. Страха крылася саламянымі снапамі (у асноўным — ржанымі), якія ўкладваліся камлямі ўверх (гэта найбольш старажытны спосаб пакрыцця страхі — «пад колас») ці ўніз, там дзе былі вадаёмы, — чаротам, а таксама пры наяўнасці сродкаў — дрэвам: дранкай (дошчачкамі, якія дралі з калод), гонтамі (дошчачкамі, спецыяльна апрацаванымі з двух канцоў). Вокны, звычайна тры ці чатыры, досыць часта адно, радзей два ў тарцы і два на падоўжнай сцяне на сумежных вянцах зруба, былі невялікія, без рам, зачыняліся засаўкамі, маглі быць зацягнутымі бычыным пухіром. Абавязкова два параўнальна вялікія акны знаходзіліся там, дзе ў хаце быў кут (кутнія вокны). Над дзвярамі размяшчалася акенца для выхаду дыму, бо хаты былі курнымі, без дымаходаў. Падлога была добра ўтаптаная, земляная ці глінабітная. Характэрнай рысай беларускай хаты была наяўнасць заваліны, «прызбы», якой хата абносілася з трох бакоў. Для яе невялікую прастору каля ніжніх вянцоў адгароджвалі камлямі, невялікімі бярвёнамі і засыпалі зямлёй. Упрыгожванне беларускай хаты было адносна сціплым — да другой паловы XIX ст. яно абмяжоўвалася арнаментам на лабавых дошках і разнымі канькамі на грабяні страхі. Хата звычайна ставілася бокам да вуліцы (за выключэннем вёсак з вулічнай планіроўкай, якія ўтварыліся пасля валочнай рэформы).
Канструкцыйныя асаблівасці хаты маюць як поліэтнічныя, так і этнаспецыфічныя рысы. Да першых належыць зрубны характар хаты, які мелі і суседзі — рускія, украінцы. Разам з тым у беларускім жыллі прасочваюцца ў сценах, страсе элементы слупавой канструкцыі, што дамінавала на нашых землях у часы бронзавага і жалезнага вякоў і звязаная з балцкім этнасам, а таксама прысутнічала і ў раннім славянскім жыллі. Трохкамерная хата зжылым памяшканнем, халоднымі сенцамі і каморай ці жылой ізбой, агульная для насельніцтва ўсходнеславянскага арэала, існавала таксама і ў заходніх славян. Характэрныя планіровачныя асаблівасці беларускага жылля: замкнёны двор, аднарадная, лінейная забудова набліжае беларускае жыллё да польскага, чэшскага, славацкага. Тое ж тычыцца канструкцыйных асаблівасцей: шырокае прымяненне зрубнай і слупавой канструкцый пры будоўлі сцен, умацаванне столі на адной балцы, адсутнасць суцэльнага фундамента і інш. Поліэтнічны характар мае звычай класці камень пад фундамент, што быў распаўсюджаны у Літве, Латвіі, на Пскоўшчыне, драўляная канструкцыя фундамента, якая мела месца таксама ў рускіх і украінцаў. Увогуле беларускае жыллё мела этнаграфічныя асаблівасці, якія набылі поліэтнічныя рысы на палесжім памежжы з украінцамі і паўночным усходзе — з рускімі.
Што да этнаспецыфічных рыс, дык трэба адзначыць вонкавае адрозненне беларускай хаты ад пабеленай украінскай, а таксама рускай, якая досыць часта размяшчалася на падклецці. Вялікія пагонныя двары таксама характэрна вылучаюць беларускае традыцыйнае жыллё ад украінскага і рускага. Такія тыповыя рысы, як колькасць і распалажэнне вокнаў (тут маюцца аналагі з украінскім жыллём), наяўнасць прызбы, утвараюць характэрныя элементы беларускага жылля, якія маюць этнічную афарбоўку.
Характэрнымі рысамі вызначаўся і інтэр’ер хаты. Як гаварылася вышэй, большую частку свайго існавання —да другой паловы XIX ст.,— хата была пераважна курнай і працэс усталявання комінаў праходзіў досыць марудна. Як сведчыў у канцы 20-х гг. XIX ст. К. Кантрым, у хатах без коміна ў той час жыла на Палессі і дробная шляхта. Адтуліна для дыму рабілася над дзвярамі, дым выходзіў таксама праз адтуліну ў столі пасярэдзіне хаты, якая закрывалася зверху, і, зразумела, праз вокны. Перад хатай была прыступка — калода ці камень. У хату ўваходзілі праз нізкія дзверы, пераступаючы праз парог. Уваход у сені звычайна размяшчаўся з падоўжнага боку хаты, вельмі рэдка, як сведчаць матэрыялы XIX ст., у паўночна-ўсходнім рэгіёне беларускіх зямель — з тарцовай часткі (у выпадку двухкамернага жылля). Асноўная кампазіцыйная дыяганаль хаты праходзіла наўскос ад печы да чырвонага кута (покуці) — самага пачэснага месца ў хаце. Глінабітная печ традыцыйна размяшчалася адразу каля ўвахода — справа ці злева ад яго, — у залежнасці ад становішча хаты адносна вуліцы і размяшчэння кута, і была зарыентавана вусцем да падоўжнай сцяны. У куце каля печы быў качарэжнік — месца, дзе стаялі качарга, вілкі, мяцёлка, іншыя прылады. 3 другога боку ад увахода размяшчаўся «бабін кут» — там стаяла вада, вёдры, была падвешана палічка з посудам. За звернутым у хату кутком печы знаходзіўся прыпечны слуп, на які абапіраліся спальны памост, жэрдкі. Наяўнасць гэтага слупа ў старажытнасці досыць верагодная, бо вакол яго разгортваўся рытуал найбольш старажытнага вясельнага абраду — слупавога. Ад печкі да бакавай сцяны ішлі спальныя памосты — ніжэйшы — пол і той, што быў меншы па памерах, — палаці. Побач з імі была падвешана люлька (гэта характэрная асаблівасць хаты старажытных ліцвінаў, у палякаў калыска стаяла на подлозе). Ад спальных месцаў уздоўж сцяны ішла шырокая нерухомая лава (дубовая ці сасновая) да кута, куды ўздоўж бакавой сцяны падыходзіла такая ж. У куце звычайна віселі абразы, убраныя рушнікамі, стаяла дзяжа. Перад кутом размяшчаўся стол з невялікай пераноснай лаўкай — услонам. Хата асвятлялася лучынамі, якія замацоўваліся ў разнастайных лучніках ці проста ўтыкаліся ў сценку. Немец Г. Форстар, які быў на нашых землях у другой палове XVIII ст., апісвае вясковую хату з бляхай з лучынамі, якая нагадвае посвет з падвешанаю да яго знізу жалезнай рашоткай. Параўнальна невялікае памяшканне хаты, дзе жылі 5—6 чалавек, займалі досыць вялікія працоўныя прылады — у зімовы час там стаялі кросны,
у восень (ці ўвесь час) — жорны. Там жа трымалі хатнюю птушку, узімку — цялят, дробны скот.
Інтэр’ер беларускай хаты ў сваіх асноўных, сістэмаўтваральных рысах падобны на інтэр’ер хат суседніх народаў. Разам з тым тып беларускага інтэр’ера вылучаецца характэрным размяшчэннем печкі — яна павернутая вусцем да бакавой сцяны. Гэта ўласціва украінскай, заходнерускай, усходнелітоўскай хатам і з’яўляецца поліэтнічным і культурнаспецыфічным элементам для вялікага культурнага рэгіёну.
1.3. Жыллё гараджан
Жыллё гарадскіх гандляроў і рамеснікаў было сацыяльна дыферэнцыравана, а таксама вылучалася сваёй урбаністычнай спецыфікай. Яно залежала ад планіроўкі горада, узроўню яго эканамічнага, маёмаснага патэнцыялу, а таксама на яго ўплывалі гісторыка-культурныя стылі — у дадзеным выпадку — рэнесанс, барока, класіцызм. У той часткі гарадскога насельніцтва, якая атрымлівала значны прыбытак ад апрацоўкі зямлі, сядзіба функцыянальна набліжалася да вясковай, у гандляроў і рамеснікаў яна мела адпаведныя асаблівасці планіроўкі, жыллё заможных гараджан набліжалася да шляхецкіх сядзіб і лалацаў.