• Газеты, часопісы і г.д.
  • Матэрыяльная культура і быт беларусаў XVII - XVIII стст. Вучэбна-метадычны дапаможнік

    Матэрыяльная культура і быт беларусаў XVII - XVIII стст.

    Вучэбна-метадычны дапаможнік

    Памер: 114с.
    Мінск 2005
    42.91 МБ
    4.1.3.	Сямейныя адносіны
    Шляхецкія сямейныя адносіны, як і культура наогул, насілі знакава-прэстыжны характар. У значнай ступені гэта грунтавалася на падтрыманні «маястрату»— саслоўнага становішча шляхецкага роду, што праяўлялася і ў сферы сямейных адносін. Адсюль — супрацьлеглыя працэсы ў шляхецкай свядомасці: з аднаго боку — ганарлівасць
    шляхецкім радаводам, а з другога — схільнасць з другой паловы XVIII ст. да меркантыльных шлюбаў з заможнымі купцамі, вяскоўцамі. Усе пералічаныя вышэй акалічнасці рабілі сям’ю і сямейныя адносіны шляхціца досыць складаным культурным феноменам.
    Сямейная культура шляхты можа тлумачыцца зыходзячы з рыцарскага характару шляхецкай культуры ўвогуле, рыцарскай маралі, а таксама ідэалогіі сарматызму. Шляхціц, як рыцар, а таксама нашчадак ваяўнічых сарматаў, арыентаваўся на выразны ўзор дабрадзейнага ў адносінах да жанчын, а таксама ўсіх слабых і пакрыўджаных. Служэнне жанчыне, паважлівае стаўленне да яе нават з элементамі абогатварэння складае выразную адметнасць рыцарскага светапогляду. Разам з тым рыцарская культура не належала да шэрага «сямейных», фармальна яна не адмаўляла сямейную вернасць, але на самай справе яе героямі досыць часта былі людзі, якія не звярталі ўвагі на шлюбныя абавязкі — як свае, так і сваіх партнёраў. Культавы герой еўрапейскага рыцарства — Трыстан не вызначаўся пачцівым стаўленнем да сямейнага права свайго дзядзькі Марка, а матыў адзюльтэру быў адным з асноўных у распавяданнях аб рыцарах Круглага стала. Рыцарскі прыярытэт адносін да жанчыны — ці платанічнае абогатварэнне (яго крызіс вызначыў Дон Кіхот), ці рамантычна-авантурная стыхія. Нездарма культавая любоўная пара XVI ст. Барбара Радзівіл I Жыгмунд III Аўгуст не адрознівалася пачуццёвай стрыманасцю ў сваіх паводзінах да ўзаемнай сустрэчы. Гэтая дваістасць была характэрная і для мужчыны-шляхціца, які быў асобай пераважна публічнай, перш-наперш у ваенным, палітычным сэнсе. Сям’я і жонка (у першую чаргу яе радавітасць, маёмаснае становішча) выступалі хутчэй як сродак грамадскай знакавасці шляхціца. Тым больш што ў шлюбы ўступалі ў дастаткова маладым узросце, а высокі ўзровень смяротнасці як сістэматычна ваяваўшых мужчын, так і слаба абароненых медыцынай жанчын рабілі неаднаразовыя шлюбы звычайнай справай. Таксама значную ролю ў шлюбе адыгрываў матэрыяльны, прэстыжнарадавы фактар, досыць часта муж быў старэйшы за жонку, што, па логіцы, мала спрыяла ўсталяванню глыбокіх пачуццёвых адносін паміж супругамі. Таксама можна адзначыць, што ў тагачаснай літаратуры амаль не прадстаўлены творы, якія б апалагізавалі сямейнае каханне. Гэты этас адпавядае рыцарскаму ідэалу кахання, дзе яго суправаджаюць і стымулююць тайныя сустрэчы, пераадоленне перашкод,— усё тое, што адсутнічае ў сямейным жыці. Разам з тым старабеларуская (ліцвінская) шляхта выдатна засвоіла прынцып рыцарскага, пачцівага стаўлення да жанчыны, што ў сукупнасці з абароненымі артыкуламі Статута правамі (у тым ліку і маёмаснымі) і строгай сармацкай этыкай ставіла жанчыну-шляхцянку, хай сабе і фармальна, у паважанае, абароненае становішча. Гэтаму спрыялі, у тым ліку, і заканадаўчыя нормы. Напрыклад, асноўным пакараннем шляхты за «незаконнае сужыццё» часцей за ўсё было царкоўнае пакаянне, але ў выпадку неаднаразовых сямейных здрад, парушэння дадзенага слова вінаватаму мог выносіцца смяротны
    смяротны прысуд. Дамастроеўскія прынцыпы сямейнага жыцця, рукапрыкладства не мелі на беларускіх землях шырокага распаўсюджання і былі хутчэй выключэннем.
    Як сведчаць дакументы, у шляхецкіх сем’ях здараліся разводы, дазволы на якія даваліся свецкай уладай і царквой. Вядомыя выпадкі, калі шляхціц разводзіўся два ці тры разы; разводу маглі дамагчыся як мужы (падстава — адсутнасць дзяцей), так і жонкі (невыносныя ўмовы жыцця, грубыя адносіны, пры ўмове адсутнасці дзяцей). Для ўступлення ў новы шлюб было неабходна развесціся, у іншых выпадках падставай магла быць смерць мужа ці жонкі, знікненне аднаго з іх на доўгі час.
    Пахаванне шляхціца з XVIII ст. усё больш набывала раскошны, тэатралізаваны харакгар. Чорныя драпіроўкі, адпаведная вопратка прысутных, алегарычныя кампазіцыі з сімваламі нябожчыка, а таксама смерці, асобныя тэатралізаваныя імпрэзы, жалобная музыка, спевы, званы, залпы гармат, вялікая жалобная працэсія — усё гэта рабіла на гледачоў надзвычайнае ўражанне. Паказальна, што іншым разам пахавальны звычай адлюстроўваў і адмоўнае стаўленне грамадскай думкі да нябожчыка — над тым, хто не спраўдзіў чаканняў, ламалі сімвалы яго ўлады, зброю. Характэрна, што агульнадзяржаўны пахавальны рытуал меў і рэгіянальныя адрозненні: так, у адрозненне ад палякаў, ліцвіны (старабеларуская шляхта) не вымалі падчас развітання з нябожчыкам шаблі з ножан.
    3 другой паловы XVIII ст. маральныя нормы істотна змяніліся: зрабіліся больш хісткімі, вольнымі, істотнае месца пачала набываць рэпрэзентацыя эратызму. Разам з тым сексуальная рэвалюцыя, якая прыйшла на беларускія землі з Еўропы на хвалі культур Асветніцтва і ракако, мела тут абмежаваныя вынікі, хаця і адбілася ў сваіх асноўных формах. 3 гэтага часу жанчына выйшла ў свет, пачала актыўна ўдзельнічаць у балях, прыёмах, рэдутах (нешта накшталт баляў па білетах). Змянілася вопратка жанчын, яна, згодна з арыстакратычнай модай таго часу, больш адкрывала цела, давала магчымасць бачыць бялізну, якой пачала надавацца асаблівая ўвага. Разам з тым сярод тутэйшых спакушальніц, вядомых сваімі вольнымі паводзінамі, мы сустракаем у асноўным жанчын вольных прафесій — акцёрак, жанчын без пэўных заняткаў. Што да шляхціца, дык падчас ад’езду па справах ён мог правесці час у вясёлым жаночым акружэнні,— гэта не разглядалася як сур’ёзная сямейная здрада. Аднак публічна прэзентаваць грамадству сваю каханку, адкрыта з’яўляцца з ёй у сваім асяроддзі лічылася непрыстойным. Калі прыходзілася выбіраць паміж сямейным абавязкам, клопатам пра дзяцей і хай сабе і салодкім, але летуценным вольным жыццём, выбар рабіўся на карысць першага. Тым больш, гэта тычылася каханак, што паходзілі з простых колаў — пакаёвак і інш. Выпадкі адыходу ад гэтага прынцыпу, якія апісваюцца ў тагачасных мемуарах, тычацца рускіх fleapan, што запоўнілі край пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. He атрымаў пашырэння на нашых землях і звычай трымання дваранамі своеасаблівых «прыгонных гарэмаў», куды ўваходзілі залежныя ад уладара
    пераважна вясковыя дзяўчаты. Шляхецкае стаўленне да жанчыны, якое выкпючае прыніжэнне, моцны інстытут сваяцкасці, які мог, калі што, пастаяць за гонар шляхцянкі, стварылі на нашых землях дастаткова аптымальны баланс паміж разняволеннем жанчыны, яе самасцвярджэннем як асобы і трыманнем яе ў пзўных маральных рамках, якія, згодна з грамадскай мараллю, забяспечвалі ёй аўтарытэт і павагу пры ўмове адпаведнасці статусу добрай жонкі і маці.
    Увогуле, шляхцянка пры жаданні і наяўнасці здольнасцей магла рэалізоўваць свае дзейныя памкненні, як дапамагаючы мужу ў яго справах, так і дзейнічаючы самастойна. Ганна Катажына Радзівіл праводзіла эканамічныя рэформы ў Нясвіжы, заснавала знакамітую шкляную мануфактуру ў Налібоках, вытворчасць габеленаў у Карэлічах, суконную фабрыку ў Слуцку і інш., Уршуля Радзівіл пісала і ставіла п’есы, Саламея Пільштынава падарожнічала і апісвала свае «авантуры» і г. д.
    4.2.	Сялянская сям’я
    4.2.1.	Структура сям’і
    У XVIII ст. пераважнай формай сямейнай арганізацыі беларускага сялянства была, па ўсёй відавочнасці, малая сям’я — г. зн. тая, аснову якой складала адна сямейная пара з дзецьмі ці без іх; разам маглі таксама жыць сваякі — адзін з бацькоў, нежанатыя браты, сёстры і г. д., але гэтых сямей было меней. У перыяд, які даследуецца, пераважнай формай сямейнай арганізацыі беларускага сялянства была, па ўсёй відавочнасці, малая сям’я. Па даных інвентароў другой паловы 60—90-х гг. XVIII ст. (выкарыстаны толькі дастаткова поўныя вопісы), якія адносяцца да розных абласцей беларускіх зямель, з 772 сем’яў 487 (63% ) былі малымі, a 285 (37%) — непадзеленымі. Прычым колькасная перавага малой сям’і праяўляецца на матэрыялах, якія паходзяць як з заходняй, цэнтральнай, так і ўсходняй Беларусі. Сярод малых сем'яў 64% (312) складалі нуклеарныя (сямейная пара з дзецьмі), 28% (138) — ускладненыя (муж з жонкай і дзецьмі або без іх, з якой жыве адзін з бацькоў, нежанатыя браты, сёстры, другія сваякі і г. д.), 8% (37) — няпоўныя (без пары). Сярод непадзеленых сем’яў 55% (157) былі бацькоўскія, 43% (123) — брацкія, 2% прыходзілася на іншыя формы. Наогул, сярод названых тыпаў сям’і значную большасць складалі нуклеарная — 40% усёй колькасці, за імі ішла бацькоўская — 20%, малая ўскладненая — 16,5% і брацкая —16%.
    У другой палове XVIII ст. дакладна выявіліся адрозненні ў маёмасным становішчы сялян як вынік узмацнення феадальнай эксплуатацыі. Аддзяліліся, з аднаго боку, багатыя, з другога — бедныя сялянскія гаспадаркі, кутнікі, бабылі, каморнікі, лезныя людзі і г. д., прычым самі землекарыстальнікі прымушаны былі класіфікаваць сялян па іх маёмасным становішчы на 3, а часам і 4 катэгорыі. Істотнае адрозненне ў матэрыяльным
    становішчы сялянскіх гаспадарак абумовіла розны характар усёй жыццядзейнасці сем’яў, што спрыяла развіццю іх выразнай сацыякультурнай тыпізацыі.
    Важным структурным паказчыкам сям'і з’яўляецца яе колькасны склад. Ён вызначаецца даследчыкамі па даных інвентароў другой паловы XVII—XVIII стст., зыходзячы з населенасці аднаго «дыма» (двара) у Вялікім княстве Літоўскім. Розныя даследчыкі вызначаюць гэтую лічбу па-рознаму — 4, 5,6, 7 чалавек Дастаткова вялікі аб’ём матэрыялу ахоплены даследаваннямі П. Г. Казлоўскага (9697 дымоў — 65424 чал.), які лічыць, што ў мірны час колькасны склад насельніцтва дыма складаў 7 чалавек, а ў перыяд войнаў I спусташэнняў (60—70-я гады XVII і першая чвэрць XVIII ст.) — 5. Разам з тым усе гэтыя падлікі маюць пэўнае адценне верагоднасці, бо ў інвентарах не заўсёды поўна ўказваецца колькасць жанчын і дзяцей, і таму сярэднюю лічбу трэба штучна карэкціраваць.
    Трэба заўважыць, што колькасны склад жыхароў сялянскага двара розных маёнткаў і гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў быў дастаткова варыянтны. Напрыклад, у маёнтку Радзівілімонты (сучасны Клецкі раён), паводле інвентара 1786 года, са 187 дымоў больш за ўсё — 39 (20,9%) I 38 (20,3 %) налічвалі адпаведна 4 і 6 чалавек; у 34 дварах (18,2 %) сем’і складаліся з 5 чалавек. У сярэднім на дым прыходзілася 5,8 душ. Згодна з інвентаром маёнтка Вялікія Дольцы Барысаўскага павета за 1805 г. (177 двароў), большасць сем’яў — 12,4% складалася з 5 чалавек; 10,7% — з 8; 10,2% — з 10; 9,6% — з 7 чалавек. Сярэдняя населенасць двара ў маёнтку складала 8,6 душ. Такім чынам, мы бачым, што колькасны склад сялянскіх двароў, узятых у дастаткова вузкім храналагічным зрэзе і якія належаць да маёнткаў розных рэгіёнаў беларускіх зямель, можа характарызавацца адноснай зменлівасцю як сярэднестатыстычных паказчыкаў, так і суадносін колькаснай перавагі пэўных тыпаў сялянскіх сем'яў.