Матэрыяльная культура і быт беларусаў XVII - XVIII стст.
Вучэбна-метадычны дапаможнік
Выдавец:
Памер: 114с.
Мінск 2005
Вельмі праблематычнае пытанне пра полаўзроставую структуру сялянскай сям'і ў XVII—XVIII стст. Яго даследаванне абцяжарваецца зноў жа непаўнатой асноўных крыніц — інвентароў. Разам з тым ёсць і асобныя дакладныя даныя. Так, у люстрацыі маёнтка Урэчча 1789 г. усё насельніцтва ўлічана па ўзросце і полу. 3 1331 чалавека найвялікшы працэнт — 41 (546 душ) і 30 (399 душ) складалі людзі ва ўзросце адпаведна ад 1 да 16 год і ад 16 да 30; суадносіны колькасці мужчын (51 %) і жанчын (49% ) былі прыблізна роўнымі. Характэрна, што асобы мужчынскага полу часта колькасна пераважаюць у інвентарах: маёнтак Вялікія Дольцы — мужчын 52% (802 чалавекі), жанчын — 48 % (741 чал.), што можа тлумачыцца іх больш дакладным улікам.
Ёсць і іншыя даныя лра дэмаграфічную структуру сям’і, у прыватнасці, пра колькасць дзяцей. Згодна з інвентаром маёнтка Вядцы (Віцебшчына) 1790 г., 126 сямейных пар мелі 315 дзяцей, прычым часцей за ўсё ў мужа і жонкі было двое ці трое дзяцей (адпаведна па 24,6%), потым ідуць пары з адным дзіцём (18,2%), чатырма дзецьмі (13,3%); па 6 дзяцей мелі, паводле вопісу, толькі 4 пары (каля 4%). У 8,2% сем’яў дзяцей
не было. Сярэдняя колькасць дзяцей у сямейнай пары — 2,5. Улічваючы дастаткова высокі ўзровень дзіцячай смяротнасці ў тую эпоху, дадзеная лічба бачыцца цалкам рэальнай. Паказальны ўзрост бацькоў: 13,5% складаюць групу ад 15 да 20 год; 36,9% — ад 21 да 30; 31,5% — ад 31 да 40 год. Прычым жанчыны пераважаюць у першай (амаль удвая) і другой узроставых групах. Гэты факт тлумачыцца тым, што ў абсалютнай большасці выпадкаў (акрамя 5 на 126 пар) муж быў старэйшы за жонку, і гэтая розніца максімальна складала ў азначаным маёнтку 12—14 год. Што да мінімальнага ўзросту ўступіўшых у шлюб, то для жанчын ён раўняўся 15—16 гадам, для мужчын — 18—19. Дастаткова малады ўзрост тых, хто ўступіў у шлюб, быў, гледзячы па ўсім, тыповай з’явай у сялянскім асяроддзі XVII—XVIII стст.
Такім чынам, у дадзены перыд, як можна меркаваць па вышэй прадстаўленых матэрыялах, ішлі павольныя змены ў структуры сялянскай сям’і, самыя істотныя з якіх былі звязаны з развіццём малой сям’і, на што істотны ўплыў зрабілі наступствы правядзення валочнай рэформы і дэструкцыя эканамічнай ролі грамады. Перавага малой сям’і, а ў межах яе — нуклеарнай — сведчыць аб якасных зменах у сямейным жыцці, звязаных з рэаліямі новай гістарычнай эпохі. Колькасны склад тагачаснай беларускай вясковай сям’і хістаўся ў дастаткова істотным дыяпазоне, што робіць праблематычным з навуковага пункту гледжання магчымасць аперыраваць сярэднімі лічбамі, але лічба ад 4 да 6 чалавек, на якую прыпадае найбольшы працэнт даследаваных сем’яў, падаецца аб’ектыўна адпавядаючай тагачаснай рэчаіснасці. Альтэрнатыву гэтым сем’ям складалі вялікія ці непадзеленыя, якія маглі быць бацькоўскімі — г. зн. складацца з бацькоў з жанатымі дзецьмі, ці брацкімі — з некалькіх жанатых братоў. Такія сем’і былі досыць вялікімі — колькасць іх членаў магла даходзіць да 15—18 чалавек. У сярэднім беларуская сям’я таго часу налічвала 5—7 чалавек. Улічваючы характар сямейнага быту таго часу — аднапакаёвая хата памерам прыкладна 20—24 кв. м. з сенцамі і каморкай, хата, дзе ўзімку трымалі дробную жывёлу, цялят—такая шчыльнасць насельніцтва падаецца досыць значнай.
4.2.2. Выхаванне дзяцей
Значную па насычанасці частку быту складалі падзеі сямейнага жыцця, сярод якіх адной з найбольш істотных было нараджэнне дзіцяці. Як можна меркаваць па матэрыялах наступнай гістарычнай эпохі, а таксама зыходзячы з рзальных умоў тагачаснага вясковага жыцця, больш пажаданым было нараджэнне хлопчыка. «Дзякуй Богу і Хрысту, што я хлопчыкам расту» (асабісты архіў Л. М. Салавей, палявыя запісы 70-х гг. XX ст.) — гэтая вясковая прыказка, падаецца, была актуальнай і ў элоху, што даследуецца. Пасля нараджэння немаўлятка клалі ў калыску, якая на нашых землях была падвешанай, у адрозненне ад калыскі польскай, што стаяла на зямлі. Каб дзіця заснула, яму, як спрадвеку павялося, спявалі. Часам
маці вымушана была браць дзіця ў поле, на жніво. Ежу давалі немаўляці тую ж, што елі самі: пражаваныя гарох, капусту, разам з тым немаўляткам давалі рэчы спецыфічнага ўздзеяння, напрыклад мак. Мала вядома і пра дзіцячую спецыяльную вопратку — хутчэй за ўсё яна складалася з кашулькі, якую насілі амаль да дзесяці гадоў як хлопцы, так і дзяўчаты. Такім чынам, у сялянскай сям’і мелася праблема спецыяльнай, адаптаванай для дзіцяці сферы бытавой культуры, дзе б дзеці не разглядаліся цалкам як непаўнацэнныя, малыя дарослыя, асноўная задача якіх — як мага хутчэй вырасці і зрабіцца ўдзельнікамі грамадска-працоўнага сялянскага жыцця.
Падрыхтоўка да працоўнай дзейнасці ляжала ў аснове выхавання дзяцей. Яна, гледзячы ла ўсім, праходзіла, як і ў наступную гістарычную эпоху. У працоўным выхаванні можна вылучыць тры перыяды: імітацыйны, дапаможных работ («пастухоўскі») і спецыялізаванай працы. Да 5 год дзеці імітавалі працоўныя аперацыі, а з 6—8 год уключаліся ў прымітыўную гаспадарчую дзейнасць, аснову якой складала пастухоўская праца. Як адзначаў Л. Галямбёўскі, у «люду рускага», куды ён уключаў і беларусаў, да 12 год дзеці толькі пасвілі валоў, бацькоўскі ці грамадскі статак, і былі пакінутыя на саміх сябе.
Паказальна, што з 12 год дзецям у адным з інвентароў 1787 г. прадпісвалася выходзіць раз на тыдзень разам з дарослымі членамі сям’і на вялікія «гвалты». Прыблізна з 13—15 год падлеткаў сістэматычна прывучалі да спецыялізаванай працы, хаця ўменні, асабліва дзяўчынкам, спарадычна прывіваліся і раней. 3 гэтага часу пачыналася сацыялізацыя юнакоў і дзяўчат, яны, калі можна дапусціць гэтую паралель, уваходзілі ў фазу ініцыяцыі, у чым вялікая роля належала менавіта змене характару працоўнай дзейнасці. Увогуле, выхаванне дзяцей у сялян мела выразны утылітарна-рацыянальны характар, мела задачай вырасціць працаздольнага, непатрабавальнага да знешніх умоў жыцця чалавека, які здолее адаптавацца да складаных умоў навакольнай рэчаіснасці, барацьбы за матэрыяльныя жыццёвыя патэнцыі.
4.2.3. Шлюб
Сярод даследчыкаў існуе досыць устойлівае меркаванне, што шлюбы па каханні былі не надта распаўсюджанымі ў сялянскім асяроддзі — першае месца займалі практычныя, маёмасныя высновы, сацыяльны статус, разлікі бацькоў; акрамя гэтага, на шлюб трэба было атрымаць дазвол пана (прычым дзяўчаты і ўдовы, што ішлі ў шлюб у іншы маёнтак, абкладаліся падаткам — куніцай). Разам з тым, традыцыйныя маладзёжныя дашлюбныя звычаі, абрады і гульні, такія, як вячоркі, купалле, калядкі, гульня «Жаніцьба Цярэшкі» і інш., давалі магчымасць юнаку і дзяўчыне выбраць сабе спадарожніка жыцця зыходзячы з пачуццяў адзін да аднаго, а таксама прыналежнасці да сваёй маёмаснай, сацыяльнай групы. Прычым у першую чаргу ўвага звярталася на матэрыяль-
нае забеспячэнне мужчыны, яго маральныя якасці (каб не быў п’яніцай, буянам), а таксама маральны прэстыж яго сям'і. Звычайна заможныя жаніхі бралі багатых нявест, у той час як не было заведзена, каб забяспечаныя нявесты ўступалі ў шлюб з малазаможнымі жаніхамі. 3 XVIII ст. пашырыліся шлюбы заможных сялян з прадстаўнікамі малазаможнай шляхты. Асабліва ўдалым лічыўся шлюб сялянскай дзяўчыны са шляхціцам — у гэтым выпадку яна рабілася дваранкай, калі ж шляхціц уступаў у шлюб з сялянкай, дык ён пазбаўляўся шляхецтва. Што да нявесты, дык істотным крытэрыем яе грамадскага поспеху ў шлюбным выбары была яе працавітасць. Як сведчыць вопіс пачатку XIX ст., калі дзяўчына не ўмела ткаць, шыць, вышываць і г. д., то яе называлі «няўмека», «няздольніца», і яна звычайна няхутка знаходзіла сабе мужа, у той час як для працавітай дзяўчыны («работніцы», «здольніцы») хлопцы сваталіся так хутка, што яна не паспявала скончыць працу над пасагам. Найбольш распаўсюджаны ўзрост бацькоў — ад 21 да 40 год, хаця кожны восьмы-сёмы з сялян, што былі ў шлюбе, меў дзяцей ва ўзросце ад 15 да 20 гадоў. Але апошняе тычыцца ў асноўным жанчын — асноўная частка іх мела дзяцей ва ўзросце да 20 гадоў і, у меншай ступені, да 30. Што да шлюбнага ўзросту, дык, як адзначалася, ён складаў у сярэднім 15—16 гадоў для дзяўчыны і 18—19 — для хлопцаў. Я. Ласіцкі, які апісаў беларускае вяселле ў 1581 г., казаў, што дзяўчынкі ўступаюць у шлюб у 10—11 гадоў, што адпавядае шлюбнаму ўзросту прадстаўнікоў старажытных цывілізацый, аднак, магчыма, гэты ўзрост не суадносіўся непасрэдна са шлюбам, а тычыўся ўзросту заручын; сапраўдны шлюб мог адбывацца пазней. Па даных інвентароў, у абсалютнай большасці выпадкаў муж быў старэйшы за жонку, і гэтая розніца максімальна магла складаць 12—14 год. Увогуле сялянская сям’я мела ў сярэднім 2—3 дзіцяці, хаця сустракаліся і такія, дзе было і па 6 нашчадкаў.
У азначаны перыяд шлюб паміж сялянамі быў царкоўны і мог адбыцца пры ўмове згоды ўладара-феадала. Аднак муж і жонка маглі жыць разам і без санкцыі царквы ці вянчацца без ведама ўладальніка. Як адзначаў М. В. Доўнар-Запольскі, сумеснае жыццё без вянчання, на «сумленне», сустракалася, хаця і зрэдку, у асноўным сярод хаця і дальніх, але сваякоў, якія не маглі вянчацца па царкоўных правілах. Духавенства імкнулася абвянчаць фактычных мужа і жонку і не арганізоўвала праследаванні. Дастаткова рэальнай, хаця і нячастай, з’явай сямейнага жыцця былі разводы, дазволы на якія давалі свецкія і радзей — царкоўныя ўлады. У выпадку працяглага знікнення мужа ініцыятарам разводу магла быць жонка.
Сямейнае жыццё пачыналася, было санкцыянавана вясковай грамадой пасля традыцыйнага вяселля — разнастайнага абраду, які ў беларусаў вылучаўся рытуальным, фальклорным багаццем. Характэрна, што, нават павянчаўшыся, маладыя не маглі жыць разам, пакуль не адбудзецца вяселле, якое магло затрымацца па прычыне няхваткі грошай і інш.; такое становішча магло цягнуцца да году. Вяселле ладзілася
ў досыць кароткі перыяд — ад свята Пакроваў (14 кастрычніка ў праваслаўных) да першага тыдня каляднага посту (28 лістапада ў праваслаўных, 15 — у каталікоў). Такім чынам, перыяд, калі дзяўчына ці хлапец маглі ўступіць у шлюб, быў досыць малы — у выпадку няўдачы трэба было чакаць яшчэ год. Царква не забараняла рабіць вяселле ў іншы час, але вяскоўцы трымаліся гэтага часу перш-наперш таму, што ён быў спрыяльны ў матэрыяльных адносінах — ураджай сабраны, засекі поўныя, працы няшмат. Само вяселле складалася з папярэдняй часткі, трох дзён вясельнага застолля і паслявясельных рытуалаў. Аб папярэднім этапе вяселля дае ўяўленне апісанне вяселля мяжы XVIII — XIX стст. Гаенскай парафіі (Барысаўскі павет). Традыцыйна яно пачыналася са сватання (раней уваходзіла ў рытуал, які называўся заручыны, першыя ці малыя запоіны), якое адбывалася ў суботу ці чацвер, звычайна ўвечары; гэты рытуал быў насычаны іншасказаннямі, парафразамі. Зразумела, прыход свата не быў у хаце, дзе жыла дзяўчына на выданні, нечаканасцю і таму ў гэтыя дні там панаваў асаблівы настрой. Дзяўчына апраналася па будзённаму, але ў больш вытанчанае, чыстае адзенне, увечары яна адна з усёй сям'і да апошняга мітусілася па хаце, прыбіраючы рэчы. Нарэшце з’яўляўся сват — адна з цэнтральных асоб вяселля, які павінен быў адпавядаць шэрагу патрабаванняў — быць сталага, але не старога ўзросту, заможным, добра ведаць вясельныя звычаі, умець жвава размаўляць, захоўваць цвярозы розум на застоллі. Разам са сватам маглі быць 2—3 паплечнікі. Свата, што заходзіў у хату, звычайна нібыта не заўважалі, але пасля рытуальнага звароту да гаспадара з павагай садзілі ў кут, дзе ён пачынаў размову па сутнасці: пералічваў вартасці жаніха. Тым часам дзяўчына бегла за сяброўкай і вярталася з ёй назад, прычым у хату не ўваходзіла, а чакала запрашэння побач, у каморцы. Па запыту свата жанчыны ішлі ў сенцы, каб запрасіць дзяўчыну ў хату; пасля некалькіх захадаў яна, нарэшце, уваходзіла. Hi ў якім разе нельга было выходзіць на сярэдзіну пакоя, глядзець у вочы прысутным; увесь выгляд дзяўчыны павінен быў дэманстраваць сціпласць. Яна станавілася недалёка ад дзвярэй, каля пячнога куточка, дзе размяшчаліся качарга, венік, іншыя хатнія прылады, вочы былі апушчаныя, пальцамі яна калупала сцяну. Адзначым апошняе дзеянне: згодна з меркаваннем неафрэйдыста К. Юнга, калупанне, трэнне, звязанае з нашымі глыбіннымі, падсвядомымі лібідыёзнымі, эратычнымі інстынктамі і дзеяннямі, упісваецца ў вясельную тэматыку. На запыт бацькоў аб шлюбе дзяўчына адказвала ціха, галава яе заставалася апушчанай, адказ не меў прамога характару: «як сабе хочаце», «што ж рабіць, калі трэба спраўляць тое свята, то хай так і будзе»; пасля чаго выходзіла на цэнтр хаты. Далей пачыналася застолле, дзе ўсе пілі гарэлку свата, шануючы адзін аднаго. Напаследак гаспадыня абкручвала пляшку даматканым палатном і ў такім выглядзе сват урачыста адносіў яе ў хату маладога. Паспяховае сватанне яшчэ не абавязвала да вяселля. У выніку адмовы вопытны сват ішоў у іншую хату і гэтак далей. Расплатай за адказ былі