Матэрыяльная культура і быт беларусаў XVII - XVIII стст.
Вучэбна-метадычны дапаможнік
Выдавец:
Памер: 114с.
Мінск 2005
Антрапанімія дадзенай эпохі мела і этнічную маркіроўку. Характэрнай асаблівасцю разгорнутых мужчынскіх найменняў тагачасных беларусаў, у тым ліку і вяскоўцаў, была наяўнасць значнай колькасці патрамімічных форм з суфіксамі —овіч, —евіч, —іч . Яшчэ адна істотная этнакультурная акалічнасць: у найменнях беларусаў адсутнічалі змяншальна-прынізлівыя інтэрпрэтацыі імён, што былі ўласцівыя тагачасным рускім, у тым ліку і на афіцыйным узроўні (Астапка, Данілка, Івашка і інш.). Характэрна гаксама, што ў антрапонімах праяўляецца этнічнасць: мянушкі выхадцаў з іншых краін акцэнтуюць іх этнічную прыналежнасць. Так, у інвентары в. Свірыдавічы (Смаргоншчына) за 1672 г. прыгадваецца навасёл Ян Маскаль,
Як сведчыць шматлікі антрапанімічны інвентарны матэрыял, для перыяду, што даследуецца, уласцівы канчатковы пераход сялян на асабістыя
імёны хрысціянскага паходжання. Старажытнаславянскія імёны амаль не сустракаюцца ў вопісах насельніцтва вёсак — гэты элемент старажытнаславянскай культуры канчаткова сышоў з сялянскага побыту ці не самым першым. Разам з тым у інвентарах не прыгадваюцца ўзроставыя градацыі сялянскіх імён, якія ўласцівыя антрапаніміі беларусаў XIX ст. Магчыма, гэта звязана са спецыфікай інвентарных вопісаў.
4.3. Гарадская сям’я
Тып паводзін мешчаніна знешне арыентаваўся на мадэльны шляхецкі, але меў і свае якасныя адрозненні, перш-наперш звязаныя з паняццем буржуазнай маралі, што ляжала ў падмурку дзелавога — купецкага, рамесніцкага — жыцця гараджан. Для яго ўласцівыя такія з’явы, як прадпрымальнасць, матэрыяльны разлік, ашчаднасць, сціпласць, працавітасць, меркантылізм. Галоўная спецыфіка мяшчанскага сямейнага жыцця звязана з яго гаспадарчай сферай. Мешчанін XVIII ст. траціў на працоўныя справы значна больш часу, чым шляхціц. Калі ў папярэднім стагоддзі шляхціц меў за звычай кожны дзень сам аб’язджаць свае палі і ў сэнсе гаспадарчасці не саступаў мешчаніну, дык у XVIII ст. працоўны прыярытэт перайшоў да мяшчанства. Паказальна, што, па даных A. М. Лютага, у канцы XVIII — пачатку XX ст. з 63 вядомых уладальнікаў прамысловых прадпрыемстваў у Беларусі 46 чалавек (73%) былі мяшчанамі, астатнімі ўладарылі ў асноўным дваране.
Працоўны ўхіл мяшчанскай жыццядзейнасці наклаў адбітак на сямейнае становішча жанчыны. Жанчына-гараджанка была паўнапраўнай гаспадыняй у доме, але менш удзельнічала ў свецкім жыцці, што кампенсавалася яе вялікай роляй у якасці памочніцы ў справах мужа: так, жонкі купцоў нярэдка станавіліся гандлёвымі партнёрамі мужоў. Увогуле, мяшчанка адрознівалася параўнальна істотнай юрыдычнай самастойнасцю, правы на якую яна актыўна выкарыстоўвала. У інвентарах мы сустракаем яе ў якасці галоўнай утрымальніцы падатковай маёмасці былога мужа пры яго сынах, у судах не рэдкасць — іскі мяшчанак, прычым да асоб досыць высокага ўзроўню. Так, у 1644 г. маці бурмістра (вышэйшай асобы магістрата) г. Камянца Анастасся Кашубіна звярнулася са скаргай на яго за прысваенне маёмасці і грубае абыходжанне з ёй і яе братам. Судзіліся мяшчанкі і паміж сабой.
Структуру мяшчанскай сям’і дакладна вызначыць складана па прычыне непаўнаты інвентароў. Аднак можна адзначыць досыць нізкую, параўнальна з сялянскай, колькасць брацкіх сем’яў і, як можна меркаваць, непадзеленых увогуле. Так, па даных інвентара 1689 г. г. Смаргоні, з 78 дымоў (падатковых адзінак), дзе жылі мяшчане хрысціянскага веравызнання, 22 запісаныя за гаспадарамі без дзяцей, 38 — за гаспадарамі з сынамі, 12 — за ўдовамі і проста жонкамі амаль заўсёды з сынамі, і толькі 6 налічвалі гаспадара з братамі, пляменнікамі і інш.
Пры выхаванні дзіця, як можна меркаваць па ўскосных даных, пераважна далучалася да бацькоўскай прафесіі. Што да агульнай адукацыі, дык мяшчане ў дастатковай колькасці прадстаўлены сярод навучэнцаў калегіумаў, школ пры каталіцкіх ордэнах, брацтвах. Вядомыя факты атрымання дзецьмі мяшчан адукацыі ў замежных універсітэтах.
Можна сказаць, што пастаянным і рэзкім антыподам шляхецкага быў мяшчанскі бытавы тып, што асоба яскрава праявілася ў канцы XVIII ст. Супрацьлегласць быту мяшчанскага і феадальнага — асцярогі і рызыкі, шырокага жэсту і знявагі да працы дзеля заробку (асабліва фізічнай), пошукаў бяспекі і прагі ваяўнічай славы — мае вытокі ў антычнай старажытнасці, калі пачалі закладвацца рысы «рыцарскага» стылю жыцця. У шляхецкай Рэчы Паспалітай гэтае супрацьстаянне ўзмацнялася, з аднаго боку, каставай замкнёнасцю феадальнага саслоўя, а з другога — нарастаннем у сувязі з развіццём буржуазных адносін у мяшчанскім асяродку такіх якасцей, як эканомнасць, дзелавітасць, меркантылізм. Процілегласць гарадскога і шляхецкага стыляў жыцця выявілася ў працах паэта і філосафа, гуманіста мяжы XVII—XVIII стст. Юзэфа Даманеўскага, творчасць якога была звязаная з беларускімі землямі. У паэме «Жыццё сялянскае і гарадское», а таксама ў творы «Некаторыя эмблемы», нягледзячы на відавочную апалогію сялянскага жыцця, аўтар супрацьпастаўляе пустое баўленне часу і марнатраўства феадальнага саслоўя, яго спажывецкі лад жыцця працалюбству I беражлівасці гарадскіх рамеснікаў, купцоў, якія перасягаюць шляхту па сваім маральным абліччы I карысці, што прыносяць грамадству. У цэлым Ю. Даманеўскі фіксуе ўзмацненне светапогляднага, таксама бытавога антаганізму паміж феадаламі і гараджанамі, адлюстроўвае прынцыповае непрыманне шляхтай гарадскога жыцця з яго хуткім тэмпам, перавагай асабістых якасцей індывіда над прывілеямі саслоўнай прыналежнасці, схільнасцю да прадпрымальніцтва. Тут адзін аднаму супрацьстаялі два кулыурныя светы — які набірае моц і які трухлее,— рэзка адметныя па сістэмах каштоўнасцей, светапогляду, стылю быту. 3 пункту гледжання жыццёвых установак, асноўнымі размежавальнікамі былі, з аднаго боку, знатнасць паходжання і народжаная ёй ганарлівасць, а з другога — акцэнтаванне асаблівай жыццёвай прадпрымальнасці, матэрыяльны разлік, сціпласць. Разам з тым марудны характар усталявання буржуазных адносін абумовіў тое, што буржуазны і шляхецкі этасы на Беларусі доўга дакладна не падзяляліся, іх носьбіты былі амбівалентныя ў сваіх светапоглядных характарыстыках. Гэта нагадвае сітуацыю ў Францыі і Англіі, дзе таксама назіралася інтэрферэнцыя буржуазных і рыцарскіх асобасных узораў.
5. ГРАМАДСКІ БЫТ
5.1. Грамадскі быт шляхты
У Рэчы Паспалітай — дзяржаве, куды ў складзе Вялікага княства Літоўскага ўваходзілі землі Беларусі,— шляхта была дамінуючым саслоўем, а шляхецкая культура — узорам, мадэллюдля гараджан, местачкоўцаў, заможных сялян. 3 цягам часу ў шляхты ўсталяваўся свой адметны культурны комплекс, стыль жыцця і культуры, які склаўся на падставе ідэйнай плыні сарматызму, прынцыпаў рыцарскай культуры, такіх фундаментальных асноў шляхецкага светапогляду, як роўнасць, вольнасць, служэнне айчыне, рэлігійнасць. У падмурку гэтага стылю ляжаў сарматызм (ад сарматаў — гістарычнага ваяўнічага племені, з якога выводзіла сваё паходжанне шляхта). У аснове сарматызму знаходзіўся ідэал воіна-двараніна,— мужнага, непатрабавальнага да камфорту і стойкага да нягод, сумленнага, гатовага ахвяраваць сабой дзеля абароны дзяржавы, веры, справядлівасці.
Шляхта (слова пайшло ад старажытнага верхненямецкага Slahta — род, радавітасць) — пануючае дваранскае саслоўе ў шэрагу краін Усходняй Еўропы, у тым ліку Польшчы, Вялікім княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай, землях Беларусі. Яго вытокі ўзыходзяць да прафесійнага воіна-двараніна — рыцара, а ў той форме, якая існавала на нашых землях, яно аформілася ў Польшчы ў XIII—XIV стст. Раней прадстаўнікі пануючага феадальнага класа называліся на нашых землях баярамі, а таксама зямянамі. У XVI ст. аформіўся прававы статус шляхты як пануючага саслоўя. Да XVII ст. вылучыліся найбольш знакамітыя і ўплывовыя шляхецкія рады, звязаныя з нашымі землямі: Радзівілы, Сапегі, Тышкевічы, Пацы, Агінскія, Завішы і інш. Шляхціц быў асноўным суб’ектам прававой дзейнасці, заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады. Шляхецкае саслоўе было асноўным уладальнікам прыватнай уласнасці — зямлі і іншай маёмасці, якую дзяржаўным уладам нельга было канфіскаваць, за выключэннем выпадку здрады Радзіме,— і якая абкладалася вельмі невялікімі падаткамі. Шляхта называлася рыцарскім саслоўем — яно адно (за выключэннем пэўных катэгорый гараджан) мела права насіць зброю — сімвалічна-культавую шаблю, а таксама іншую, пераважна халодную. Як прадстаўнікоў ваеннага саслоўя, галоўным абавязкам шляхты было бараніць радзіму, збірацца для гэтага на «паспалітыя рушэнні». Пад пагрозай пазбаўлення шляхецтва дваранству было забаронена займацца гандлем, рамёствамі, шынкарствам (гэта забарона для шляхты, што жыла ў гарадах, была скасавана ў 1775 г.). Акрамя шаблі, знакавай адзнакай шляхты былі радавыя гербы (часта спалучаныя здэвізам), якія прыйшлі да нас у сваёй аснове з Польшчы і перадаваліся шляхціцамі ў спадчыну. Мужчыне зрабіцца шляхціцам можна было па нараджэнні ад бацькі-шляхціца, а таксама за вялікія заслугі перад дзяржавай праз
набілітацыю, калі шляхецтва прысвойваў кароль ці сейм, — набілітант мог адразу атрымаць усе правы старажытных радоў ці правы абіраць і быць абраным на пасады атрымліваліся праз тры пакаленні. Акрамя гэтага, можна было прыпісаць чалавека да свайго шляхецкага герба (адопцыя), але за гэта пасля 1633 г. можна было пазбавіцца шляхецтва. Атрымлівалі шляхецтва і радавітыя прадстаўнікі іншых краін. 3 другой паловы XVIII ст. жорсткія межы шляхецкай адасобленасці істотна пахіснуліся: шляхціцы пачалі браць жонак з заможнага мяшчанства, a багаты і прыстойны мешчанін мог без асаблівых перашкод атрымаць шляхецтва. Фармальна ўся шляхта была адным, абсалютна роўным у правах «шляхецкім народам», дзе апошні быў роўны першаму, — гэта тычылася і караля. Гэты пастулат быў неаднаразова пацверджаны афіцыйнымі забаронамі тытулаў князя і графа, за выключэннем тых, што былі да Люблінскай уніі 1569 г. Тым не менш, шляхта была досыць разнастайная па маёмасным становішчы: была магнатэрыя, заможная I сярэднезаможная шляхта, засцянковая (заградовая), што не мела сялян, і гербавыя браты — шляхта без зямлі, што займалася толькі службай. Шляхта складала, па розных падліках, ад 8 да 12 % насельніцтва Вялікага княства Літоўскага ў XVII—XVIII стст.— яе лічба хісталася ў межах 200 тыс. чалавек., што адпавядала сярэдняй колькасці дваранства ў краінах тагачаснай Еўропы. Пасля далучэння нашых зямель да Расіі большая частка шляхты атрымала расійскае дваранства, найменш заможная была пераведзена ў склад асабіста вольнага насельніцтва.