Матэрыяльная культура і быт беларусаў XVII - XVIII стст.
Вучэбна-метадычны дапаможнік
Выдавец:
Памер: 114с.
Мінск 2005
Паказальнікам інтэлекгуальнага жыцця было існаванне магнацкіх бібліятэк, сярод якіх вылучалася Радзівілаўская ў Нясвіжы, дзе ў першай палове XVIII ст. знаходзілася мноства кніг па разнастайных галінах ведаў. У 1770 годзе яна налічвала да 20 тысяч тамоў.
Асноўная частка шляхты сістэматычна чытала. Як можна меркаваць па дзённікавых запісах, чыталі кожны дзень, няшмат, удумліва. Досыць папулярным масавым чытаннем былі календары. У калегіуме шляхціца вучылі класічным мовам — лацінскай і грэчаскай, таксама як і галоўнай інтэрнацыянальнай мове таго часу — французскай; ён быў абавязаны ведаць дзяржаўную мову — польскую, а таксама мову сялянства —старабеларускую. Такім чынам, шляхціц быў моўна дасведчаным чалавекам, а ў побытавай сферы — білінгвам.
5.1.4. Пстарычныя змены быту
Шляхецкі лад жыцця па сваёй іманентнай сутнасці адмаўляў змены — ён быў арыентаваны на сярэдневяковыя нормы саслоўна-карпаратыўнай замкнёнасці, ідыялагему непахіснасці, адвечнасці рыцарскага ідэалу і яго асноўных кампанентаў. Разам з тым шляхецкі лад жыцця павольна мяняўся як пад уплывам унутраных дынамічных працэсаў, што вынікалі з яго асноўных канцэптаў, — такіх, як індывідуалізм, так і пад уздзеяннем знешніх фактараў, якія можна падзяліць на культурна-стылявыя ўплывы (барока, ракако, Асветніцтва, французскі, італьянскі ўплывы), а таксама ўздзеянні, звязаныя з новымі эканамічнымі, сацыяльнапалітычнымі рэаліямі.
Як праява агульнага працэсу развіцця барока і гіпербалізацыі адраджэнцкага індывідуалізму з ягонай схільнасцю да стракатасці і дэталізаваных адчуванняў, значнае месца сярод бытавых стыляў шляхты на беларускіх землях сталі займаць прыгодніцтва і авантурызм. Яскрава выявіўся гэты бытавы тып у аўтабіяграфічным рамане прыгод ураджэнкі Наваградчыны С. Пільштынавай ( 1718—пасля 1760 г.), прычым мемуары свядома
прызначаліся аўтаркай да выдання, што сведчыць аб тэндэнцыі да грамадскай «легалізацыі» прыгодніцкага жыцця.
Пачуццёвы характар стылю жыцця праявіўся ў баўленні вольнага часу і, у прыватнасці, у нястрымнай заўзятасці да такіх яго пацешных форм, як балі, паляванні і інш. Характэрныя прыклады баўлення вольнага часу шляхціцамі можна знайсці ў мемуарнай літаратуры таго часу. Так, нататкі мінскага ваяводы Крыстафа Завішы (1666 —1721 гг.) багатыя на згадкі пра «дні бахусавыя», на якіх заставаліся часта да ўсходу сонца і дзе «таньчылі танцы ўтрапёныя і пілі з задавальненнем шалёна». Усе найбольш буйныя святы царкоўнага календара шляхта адзначала банкетамі, танцамі, разнастайнымі пацехамі. Сярод новых для дадзенага перыяду свят, звязаных з каляндарнай абраднасцю, сваёй спецыфікай вылучаюцца «кулігі». Іх адзначала, у асноўным, шляхта сярэдняга дастатку з перадапошняга тыдня запустаў на працягу дзесяці дзён. Падчас куліг некалькі суседзяў з усёй сям’ёй і прыслугай (за выключэннем малых дзяцей і тых, хто глядзіць за імі) ездзілі ад аднаго шляхціца да другога, балюючы там і забіраючы ў сваю чаргу гаспадара з радзінай у другі дом. Кулігі суправаджаліся карнавальнымі пераапрананнямі.
Моднымі сталі грандыёзныя, часта спусташальныя для наладжвальнікаў «з’езды», на якія запрашалася вакольная шляхта (іншы раз запрашалася амаль уся шляхта княства). Нагодай былі самыя розныя падзеі: імяніны, каляндарныя святы, сустрэча знатных людзей. Апафеозам такіх «з’ездаў» была знакамітая сустрэча Каралем Радзівілам у Нясвіжы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Аб вялікіх зменах быту ў канцы XVII! ст., звязанымі з замежнымі, пераважна французскімі ўплывамі, сведчыў сучаснік Е. Крашэўскі. Згодна з яго назіраннямі, змяніліся літаральна ўсе бакі жыцця: традыцыйны строй замяніўся фракам, камізэлькай, лёгкай тканінай, з'явіўся парфум, ларнеткі, сам стыль жыцця стаў іншым, больш гарэзлівым, — жанчыны кінуліся падарожнічаць, моладзь замест адукацыі і службы праводзіла час на кулігах, рэдутах, асамблеях ці па кавярнях, більярдных, тэатрах, ад чаго, як адзначаў Е. Крашэўскі, у яе здараліся мігрэні, спазмы, іншыя хваробы. Пахіснулася нават святая святых — шляхецкая саслоўная замкнёнасць. Ужо Канстытуцыя 1775 г. дазваляла набываць шляхецтва без грамадсжага абвяшчэння, а ў канцы існавання Рэчы Паспалітай шлях да шляхецтва быў адчынены для заможнага і разумнага гараджаніна.
Актыўная пачуццёвая скіраванасць выразна дэманструе адрозненне шляхецкага стылю жыцця ад напоўненых дзейным пазнаннем бытавых тыпаў эпохі Адраджэння і Асветніцтва. Тэндэнцыі пашырэння пачуццёваасалодавага боку жыцця ў сувязі з распаўсюджваннем замежных уплываў праглядаюцца яшчэ ў «Прамове Мялешкі» XVII ст., дзе аўтар падкрэслена адмоўна ставіцца да знешняй дэструкцыі мясцовага ладу жыцця. Нарастанне імкнення да раскошы, пачуццёвай дробязнасці бытавога жыцця звязана з дэвальвацыяй этыкі традыцыйнага, старажытнага сарматызму, ідэалам якога быў мужны, непераборлівы ў бытавых
адносінах, просты і шчыры, адданы ідэям рыцарства, Айчыны ваяр-шляхціц. Дэструкцыя гэтага ідэалу зрабілася відавочнай недзе з другой чвэрці XVIII ст., была выкліканая ў асноўным еўрапейскімі — французскім і італьянскім уплывамі і досыць дынамічна прагрэсіравала.
Сугучнай культуры барока была актыўная тэатралізацыя падзейнай грамадска-побытавай культуры, узнікненне разнатыпных паратэатральных дзеянняў. 3 другой паловы XVIII ст. у грамадскі быт шырока ўвайшла музыка, якая суправаджала наладжаныя па французскім узоры з другой паловы XVIII ст. балы. Як і ў Еўропе, XVIII ст. у Беларусі зрабілася стагоддзем музыкі — часам, калі гэты від мастацтва заняў пачэснае месца побач з жывапісам, архітэктурай, скульптурай. У гэты перыяд кожны магнат лічыў ледзь не абавязковым трымаць інструментальную ці вакальна-інструментальную капэлу. Капэлы старабеларускіх магнатаў не саступалі еўрапейскім — аркестры М. К. Агінскага, А. Тызенгаўза лічыліся аднымі з лепшых ва Усходняй Еўропе. Шляхціцы музыцыравалі, стваралі музыку самі, яна суправаджала іх у быце — гучала на імянінах, хаўтурах, балях, абедах, сесіях трыбуналаў.
Яшчэ адной папулярнай I агульнапрынятай пацехай было паляванне. Каралі і буйнейшыя магнаты ў XVII ст. палявалі з ручніцамі (парахавымі ружжамі) увесну, з сокаламі ўлетку, з іншымі каштоўнымі птушкамі ў астатнія поры года. Супраць звера ўжываліся пікі, сеткі, гроты. Параўнальна ў невялікай колькасці трымаліся ганчакі. У XVIII ст. прылады палявання засталіся ў асноўным тыя ж, аднак сакалінае паляванне было ўжо рэдкай справай, а ганчакі зрабіліся галоўнай дапамогай паляўнічых. Прыблізна з другой паловы XVIII ст. магнацкае паляванне, дзе дагэтуль вытрымліваўся высакародны прынцып адкрытага суперніцтва са зверам у сіле і спрытнасці, усё больш ператваралася ў загадзя падрыхтаваную і бяспечную для ўдзельнікаў разню жывёл, што было адной з праяў самаадмаўлення прынцыпаў рыцарскай культуры.
Сярэдняя і дробная шляхта прытрымлівалася, зразумела, значна болыв сціплага ладу жыцця, аднак па агульнай скіраванасці ён супадаў з вышэйапісаным. Акрамя гэтага, дробныя шляхціцы нярэдка прысутнічалі на магнацкіх трапезах і паляваннях, і галоўнае — яны імкнуліся стылёва пераймаць, капіраваць стыль жыцця магнатэрыі. «Святочны» шляхецкі стыль жыцця спалучаўся з дэструкцыяй такога важнага прынцыпу рыцарскай культуры, як педантычныя адносіны да грашовых пытанняў. Патрэба ў раскошным жыцці, замешанае на славалюбстве жаданне не адстаць, раўняцца на магнатаў у размаху і бляску, што склалася ў своеасаблівы комплекс прэстыжнасці, патрабавалі значных грашовых сродкаў, якімі шляхціца часта не мог забяспечыць яго маёнтак. Прыходзілася здаваць яго ў арэнду, закладваць, браць бясконцыя пазыкі. Найвялікшай інтэнсіўнасці працэс збяднення сярэдняй шляхты дасягнуў у XVIII ст., калі рэзка павялічылася маёмасная дыферэнцыяцыя феадальнага саслоўя. Судовыя акты тае пары зафіксавалі мноства спраў пра няўплату пазык, за што прызначалася пакаранне ў выглядзе значнай грашовай
пені, выгнання, перадачы маёнткаў даўжнікоў у часовае карыстанне крэдытору, а таксама «сядзенні» (здаралася і на ланцугу) пры двары ці ў замку, прычым зняволенне часам працягвалася дастаткова доўга. Напрыклад, за няплату Кіеўскаму мітрапаліту Антонію Сяляве пазыкі ў 200000 польскіх злотых надворнага падскрабія Вялікага княства Літоўскага, старасту Рэчацкага Багуслава Юрыя Служку прысудзілі ў 1649 г. да выплаты значнай грашовай пені і да 12 тыдняў «сядзення» ў Мінскім замку. Разам з тым адзначым, што матэрыяльнае марнатраўства было ў большай ступені ўласцівае шляхціцам Кароны.
Памяркоўны, хаця і строга іерархічны, характар правіл грамадскабытавых паводзін у XVII—XVIII стст. у сувязі з нарастаннем працэсу сацыяльна-эканамічнай залежнасці сярэдняй і дробнай шляхты ад буйных феадалаў набыў рысы зневажальнага пакланення. Знакі выражэння ўдзячнасці сталі больш шматлікімі і «нязмушанымі»: патронаў цалавалі не толькі ў руку, але і ў ступні, жывот, падалі плазам ім у ногі, кланяліся ім глыбокімі паклонамі, мялі шапкамі па зямлі, «шарачковы» шляхціц звычайна цалаваў далонь магната, што яшчэ ў XVI ст. здавалася немагчымым, і г. д.
Нормы палітыка-публічнага жыцця дасягнулі найвялікшай стулені свайго ўзаконенага скажэння ў дзейнасці сеймікаў і сеймаў. Разгул у XVIII ст. шляхецкай анархіі, празмернае ўладалюбства магнатаў зрабілі магчымым існаванне ў якасці абавязковых і непазбежных атрыбутаў працы гэтых органаў дзяржаўнай улады рэгулярныя застоллі са шчодрымі гасцяваннямі для патрэбных магнатам людзей, а таксама ўзброеныя сутычкі паміж варожымі групоўкамі. Як норма паводзін падчас праслухоўвання выступленняў успрымаліся ўжыванне спіртных напояў, перакусванне, беспералынныя размовы, кіданне з галёркі ў непапулярных аўтараў яблыкамі I грушамі, звычайнай справай стала зрываць і самі сеймы, чаму спрыяла права Liberum veto.
Гіпербалізаваная экспрэсіўнасць, у аснове якой ляжаў шляхецкі стыхійны індывідуалізм, была адлюстравана і на канфесіянальнай сферы быту, закрануўшы такі дакладна рэгламентаваны яе бок, як рэлігійны рытуал. У XVII—XVIII стст. храм у Рэчы Паспалітай, як і ва ўсёй Еўропе, паступова ператварыўся ў тэатр, які шчодра быў насычаны барочнымі эфектамі і ў эмацыянальных дзеях якога актыўна бралі ўдзел як святары, так і прыхаджане. Нормы паводзін рэлігійнай культуры позняга Сярэднявечча, якія адрозніваліся глыбокай набожнасцю і добрасумленным выкананнем прадпісаных правіл, змяніліся афектаванай тэатральнасцю I нястрыманай экспансіўнасцю прысутных, што найболыл яскрава выяўлялася ў контррэфарматарскай каталічнай літургіі. Падчас імшы, як апісваў у XVIII ст. Феафан Пракаповіч, людзі ўсплёсквалі рукамі, скакалі, лілі слёзы, смяяліся.