Матэрыяльная культура і быт беларусаў XVII - XVIII стст.
Вучэбна-метадычны дапаможнік
Выдавец:
Памер: 114с.
Мінск 2005
Увогуле падзейны полісацыяльны тып грамадскага жыцця вылучаўся значнай разнастайнасцю і ўключаў, акрамя вышэйадзначаных — адносна рэгулярных і характэрных, — багатую гаму з’яў гарадской жыццядзейнасці. Тут і святкаванне ў гонар адкрыцця ў Мсціслаўі і Клімавічах у 1778 г. службовых месц, што праходзілі, як адзначаў сведка, пры ўдзеле цахоў, штатных каманд пры гараднічых, суправаджаліся малебнам і г. д. У 1671 г. у Полацку ў сувязі з кананізацыяй св. Францішка Боргія адбылося трыумфальнае шэсце, пасля якога паказвалася драма. Спецыфічны, як і шмат што з жыцця Нясвіжа той эпохі, быў загад 1735 г., згодна з якім усё гарадское насельніцтва было абавязана ўдзельнічаць штогод у спецыяльных спаборніцтвах па стральбе — «кароль курка»,— адчынялі якія сам Радзівіл, яго жонка, камендант замка і г. д.
5.3.3. Каляндарна-святочны пласт грамадскага быту
У параўнанні з падзейным каляндарна-святочны пласт полісацыяльнага грамадскага жыцця валодаў шэрагам асаблівасцей, што набліжалі яго на таксанамічнай шкале да субсацыяльнага. Сваёй семантыкай гэты слой звязаны з рэлігійнай сімволікай, і ў сацыяльным плане для яго
характэрны канфесіянальны сепаратызм,— прадстаўнікі розных веравызнанняў адзначалі свае святы ў розны час і неаднолькава. Каляндарна-святочны пласт больш дуалістычны — ён ахоплівае падзеі ў значнай ступені хатняга, сямейнага быту. I, нарэшце, гэты грамадскі камунікацыйны стыль быту ў большай ступені звязаны з вызначаным для кожнай групы веруючых культавым будынкам — камунікацыйным цэнтрам параўнальна нізкага ўзроўню і лакальнай грамадскай прасторай — плошчай перад ім. Пры гэтым нельга не заўважыць істотную ролю царкоўнага прыходу ў сацыяльна-тапаграфічнай ідэнтыфікацыі гараджан. 3 часоў сярэднявечча ён ажыццяўляў функцыю ідэалагічнага і маральнага кантролю над мясцовым насельніцтвам, з прыходам былі звязаны асноўныя жыццёвыя вехі чалавека, рэалізацыя яго рэлігійных патрэб, баўленне часу ў выхадныя і святочныя дні.
У сістэме дадзенага пласта вылучаюцца буйныя царкоўныя каляндарныя святы, якія асабліва пышна праводзіла каталіцкая царква. Святочны рытуал быў вывераны да дробязі, вялікае значэнне надавалася тэатральным пастаноўкам і эфектам, што з’яўлялася вынікам дзейнасці езуітаў. Амаль усе касцёлы праводзілі шмат агульных і мясцовых свят; каб прыцягнуць веруючых, устанаўлівалі спецыяльныя святы, на якіх раздавалі індульгенцыі (адпусты), павялічвалі колькасць свят у гонар разнастайных святых, праводзілі старанна падрыхтаваныя буйныя акцыі — юбілеі. Асабліва дбайна каталіцкая царква ставілася да святкавання Цела Гасподня — сваёй буйнейшай каляндарнай урачыстасці. Пункт аб абавязковым удзеле цэха ў гэтай святочнай працэсіі ўпісваўся ў цэхавы статут. У прыватнаўласніцкіх гарадах Слуцку, Нясвіжы ўрачыстае шэсце суправаджалася ваеннай музыкай магнацкай пяхоты, гарматнымі залпамі. Таксама пышна, але ў больш традыцыйна-кананічным стылі адзначала свае святы і праваслаўная царква.
Нягледзячы на свой фармальна-канфесіянальны характар, каляндарна-святочны пласт, як ніякі іншы, захаваў сувязь з традыцыйна-бытавой культурай. Гэтая сувязь праяўлялася ў падабенстве асобных элементаў, а таксама ў агульным духу каляндарных святкаванняў з іх падарункамі і шчодрай ежай, які ўзыходзіць да народнай культуры. Так у 1671 г. магістрат Магілёва выдзеліў у якасці падарунка шэрагу знатных паноў «валачобнае» з грошай, рэдкіх вострых прыпраў, цукру і іншых прадуктаў. Паднашэнне было зроблена ў снежні, што адпавядае традыцыйнаму часу, калі ходзяць валачобнікі,— першаму велікоднаму вечару. Як вядома, валачобны абрад — адзін з найстаражытных і яго захаванасць у традыцыйнай культуры беларусаў уяўляе этнічную спецыфіку. Іншае абавязковае прынашэнне — «каляда» таксама звязана з шырока распаўсюджаным абрадам калядавання. У тым жа 1671 г. магістрат Магілёва выдаў грошы на «коляды пад час Рождества Хрнстова, подлуг давного звычаю». Аналагічныя падарункі рабіліся ў 1697, 1709 гг., прычым яны, як і папярэднія, прыходзіліся на снежань, што супадае з традыцыйным перыядам калядавання, якое было досыць трывалым і
падтрымлівалася афіцыйна. Так, у каралеўскім прывілеі 1695 г. гараджанам Пінска і Турава прадпісвалася аднавіць стары, але трапіўшы ў забыццё звычай: на святы Ражства, Уваскрэсення, а таксама пры буйных шэсцях у кафедральны сабор — даваць уніяцкім епіскапам гэтых гарадоў «волочобнае» альбо «коляду». Абрад гарадскога калядавання, мабыць, адлюстраваны на гравюры славутага А. Тарасевіча (Глускі цыкл для кнігі «Разарыум...», гравюра «Студзень», 1672 г.).
Сувязь сялянскай і гарадской культур пацвярджаецца святкаваннем у Магілёве яшчэ аднаго старажытнага свята — Сёміка, Троіцы, Духа. У расходнай кнізе горада за май 1680 г. запісана: «купнлм маю о духу святому». Гэта вясенне-летняе блукаючае свята звязана з сашэсцем св. Духа на вучняў Хрыста, а таксама ў розных, у тым ліку і славянскіх народаў, з культам расліннасці. А цэнтрам абрадавага пакланення з’яўлялася Майскае дрэва — Май, як яго называлі ўсюды (у беларусаў часцей за ўсё гэта была бярозка).
Што да карнавалу, які ў гарадах Еўропы ў дадзены перыяд у асноўным сышоў, дык яго элементы ў беларускіх гарадах перайшлі ў маладзёжна-дзіцячую гульнявую сферу, што сведчыць аб дэструкцыі гэтага кампанента кулыгуры.
Можна паспрабаваць вызначыць спецыфіку культурна-бытавога жыцця беларускага горада. У параўнанні з расійскім, дзе сістэма гарадской культуры была пабудавана па імперска-іерархічным прынцыпе (Масква і Санкт-Пецярбург — гарады—донары), старабеларускія гарады адрозніваліся больш разнастайнай, паліфанічнай формай арганізацыі урбаністычнай прасторы, ухілам у стракатасць і індывідуальную выразнасць бытавой урбаністыкі. Гэтаксама можна сказаць і пра ўзровень рэгламентацыі гарадскога жыцця, які быў вышэйшы ў Расійскай імперыі.
Такім чынам, духоўная культура і грамадскі быт беларускага горада другой паловы XVII — канца XVIII ст., нягледзячы на адмоўны ўплыў шэрага палііычных, сацыяльна-эканамічных, гісторыка-культурных фактараў, у цэлым захавалі паступовую дынаміку, лагічная лінія якой адпавядала эпахальным тэндэнцыям развіцця гарадской культуры Еўропы. Падаецца, што спецыфіка беларускага горада (у тым ліку яго грамадскага быту) вызначалася яго прамежкавым становішчам паміж істотна еўрапеізаванымі па французскім і, менш, нямецкім узорах гарадамі Рэчы Паспалітай — Варшавай, Кракавам, Вільняй і рускім горадам, які будаваўся на іншых, чым магдэбургскае права, пачатках.
5.3.4. Быт мястэчка
Характэрнымі рысамі вылучаўся быт мястэчка — памежнай формы пасялення паміж горадам і вёскай. Пасяленні гэтага тыпу пачалі з’яўляцца на нашых землях у першай палове XV ст. Шляхі ўзнікнення мястэчка былі досыць разнастайныя. Гэтыя пасяленні ўзнікалі з таргоў і згуртавання рамеснага люду побач з каралеўскім ці прыватнаўласніцкім дваром
(такім чынам узнікла каля 100 мястэчак); з людзей, якія сяліліся побач з замкам дзеля атрымання аховы; у ходзе правядзення валочнай памеры; на ажыўленых трактах — для іх абслугоўвання; з прадмесцяў каля невялікіх гарадоў; у сістэме храмавага комплексу — для забеспячэння культу; з вялікай вёскі — дзякуючы каралеўскаму прывілею ці самазвана. XVII ст. і асабліва яго першая палова былі часам інтэнсіўнага ўзнікнення мястэчак: у першай палове ў Вялікім княстве Літоўскім іх узнікла 86, у другой палове — 46. Разам з тым досыць праблемным з’яўляецца крытэрый вылучэння непасрэдна мястэчка. Хаця працэс узнікнення мястэчка кантраляваўся каралеўскай уладай і абавязковымі былі прывілеі на ўтварэнне пасялення, гандаль, карчму, радзей — будаўніцтва замка, адрозніць мястэчка ад невялікага горада было складана. Сейм 1775 г. вызначыў мястэчка як пасяленне, дзе меней за 300 дамоў, сейм 1793 г.— менш за 400, аднак найбольш вялікая ўвага надавалася прававому стану — наяўнасці магдэбургскага права. Гісторык С. Александровіч лічыць мяжу мястэчка для XVI — першай паловы XVII ст. у 200—250 дамоў і 300 — 1625 чалавек. А. П. Грыцкевіч, згаджаючыся з Ю. Капыскім, лічыць, што крытэрыем розніцы паміж горадам і мястэчкам з’яўляецца лічба ў 300 дамоў. Усяго ж па яго падліках, паводле карты, выдадзенай М. К. Любаўскім, у XVI ст. на беларускіх землях было 265 мястэчак. Паводледаных A. М. Лютага, уканцы XVIII — пачатку XIX ст. на нашых землях было 287 мястэчак. Такім чынам, як бачна, іх колькасць на працягу больш за дзвесце гадоў хісталася адносна нязначна.
Размяшчэнне мястэчак на землях княства было нераўнамерным — у заходняй частцы ў параўнанні з усходняй (Мінскае, Полацкае, Віцебскае, Мсціслаўскае ваяводства, княства Слуцкае) шчыльнасць мястэчак была амаль удвая большая — адно на 261 кв. км супраць аднаго на 586 кв. км — С. Александровіч тлумачыць гэта наяўнасцю на ўсходзе вялікай колькасці пушчаў і балот. Адсюль можна зрабіць выснову аб большай уцягнутасці жыхароў захаду нашых зямель у местачковы быт з усімі яго характэрнымі рысамі.
Спецыфіка быту мястэчка ў значнай ступені вызначалася яго «спецыялізацыяй» — г. зн. тыпам існавання, звязаным з генезісам. Побач са сваімі профільнымі — гандлёвымі заняткамі — жыхары мястэчка былі ўцягнуты ў пэўную спецыфічную дзейнасць. Сярод такіх спецыфікацый адзначым канфесіянальную, звязаную з суседствам, сімбіёзам мястэчка і канфесіянальнай установы. Так, у мястэчку Бялынічы гаспадар Леў Сапега пабудаваў вялізны кляштар ордэна кармелітаў, яго сын Казімір у 1624 г. упрыгожыў абраз Цудадзейнай Божай Маці ў Бялыніцкім касцёле, куды сыходзілася шмат вернікаў, пры кляштары былі вялізны сад, друкарня; у мястэчку Любешава на Піншчыне размяшчаўся піярскі касцёл і касцёл капуцынаў; у мястэчку Картуз-Бяроза быў у XVII ст. адзіны ў Рэчы Паспалітай кляштар картузаў; у мястэчку Глыбокае на Мядзельшчыне былі парафіяльны і кармеліцкі касцёлы; у касцёле мястэчка Будслаў быў цудадзейны абраз Панны Марыі. Яшчэ некаторыя
мястэчкі былі спадарожнікамі гарадоў і іх канкурэнтамі — Сапежын (каля Друі), Новы Койданаў,— іх быт вылучаўся урбаністычным характарам. Таксама былі мястэчкі-абслугоўцы буйных шляхоў — Воля Радзівілаўская (Нача), мястэчкі — транспартныя вузлы — Крупкі, Зембін, Беразіно, Койданава. Іх быт вылучаўся дастаткова насычанымі камунікацыямі, інфармацыйным абменам. У шэрагу мястэчакбылі буйныя мануфактуры, што капіталізавала быт іх жыхароў (Налібокі, Урэчча).