Матэрыяльная культура і быт беларусаў XVII - XVIII стст.
Вучэбна-метадычны дапаможнік
Выдавец:
Памер: 114с.
Мінск 2005
Другім відам экзальтацыі паводзін быў рэлігійны фанатызм, праявы якога суправаджаліся самакатаваннямі. Яскравы прыклад аднаго з іх, удзельнікамі якога былі найбольш знакамітыя людзі Берасцейскага ваяводства і што
адбылося ў Берасцейскім касцёле, згадвае пісьменнік Ю. Нямцэвіч. Увогуле, самабічаванне да крыві, публічная прэзентацыя самапакутніцтва зрабілася ў часы позняга барока правілам добрага тону.
Разам з тым шляхта не заўсёды была носьбітам гіпертрафіраванай рэлігійнай апантанасці — больш таго, у першай палове XVII ст. менавіта пратэстанцкая шляхта — Крыштаф II Радзівіл, Багуслаў Радзівіл і інш.— спрыяла ўсталяванню талерантнасці ў Вялікім княстве Літоўскім. Як лічыць вядомы польскі навуковец Я. Тазбір, дзякуючы дзейнасці пратэстантаў, у лершую чаргу з роду Радзівілаў, у княстве, у адрозненне ад Кароны, у гэты перыяд рэлігійная сітуацыя вызначалася талерантнасцю, якая мела тут сваю слецыфіку, што ўзыходзіла да папярэдніх эпох.
У кантэксце ўласцівага еўрапейскай культуры другой паловы XVIII ст. і яе сентыменталісцкім плыням імкнення да ўсяго натуральнага, прыроды, моцным каталізатарам чаго была канцэпцыя «прыроднага чалавека» Ж. Ж. Русо, былі гульні ў вясковасць ліцвінскай шляхты. Найбольш яскрава яны праявіліся ў размешчаным каля Нясвіжа паркава-палацавым комплексе Альба. Там мясцовыя шляхціцы і шляхцянкі мелі свае сялянскія домікі, вакол якіх займаліся агародніцтвам і садаводствам, апранутыя ў сялянскую вопратку, спявалі традыцыйныя песні; прычым традыцыйная архітэктура была прадстаўленая і іншаземнымі — фінскімі, нямецкімі і інш. хатамі. Захапленне традыцыйнай культурай праявілася і ў жаночай шляхецкай модзе, дзе досыць экзатычна спалучалася з модай на антычнае адзенне і звычаем фларыстычнага аздаблення вялікіх ракайльных прычосак.
У канцы нельга не спыніцца на актуальнай праблеме спецыфікі старабеларускага (ліцвінскага) быту ў дачыненні да быту шляхты Кароны. Гэтае пытанне досыць складанае, таму што, як адзначалася, у шляхты Рэчы Паспалітай саслоўнае дамінавала над палітычным і этнічным. Разам з тым адрозненні, безумоўна, існавалі — прычым на ўзроўні свядомасці, што праяўлялася ў палітоніме з моцным элементам этнакультурнага сэнсу — ліцвін, які вызначаў культурную канцэпцыю ліцвінскасці як усведамлення сваёй этна-культурнай адметнасці. На ўзроўні бытавых элементаў спецыфіка праяўлялася досыць шырока: гэта і спосаб ліцвінаў насіць шаблю, адсутнасць на пахаванні коннікаў з вынутымі шаблямі, магчымая адсутнасць у ежы славутага польскага бігаса і інш. На больш высокім таксанамічным узроўні гэта — большая ступень талерантнасціі, дэмакратызму ў бытавых зносінах. Так, у XVII ст. на агульных застоллях разам сядзелі каталікі з кальвінісцкай магнатэрыяй; знакамітыя Радзівілы не надта звярталі ўвагу на радавітасць іншых. Бытавы дэмакратызм, а таксама стрыманасць традыцыйна вылучалі ліцвінскую шляхту.
5.2. Грамадскі быт сялян
У пачатку дадзенага перыяду беларускае сялянства ў сваёй асноўнай колькасці было прыгонным і падзялялася на тых, у павіннасцях каго пераважала паншчына ці грашовы чынш. На версе саслоўнай іерархіі знаходзіліся баяры і зямяне, гаспадаркі якіх мала чым адрозніваліся ад сялянскіх, але прававое становішча было іншым — па ступені асабістай свабоды, падатках (у асноўным чыншу) яны набліжаліся да дробнай шляхты. Ніжэй звычайнага селяніна знаходзіліся сябры ці здольнікі — тыя, што ў звязцы з гаспадаром вялі сумесную гаспадарчую працу. У сацыяльным нізе былі кутнікі (за выключэннем тых, хто жыве ў хаце на панскай зямлі), каморнікі — тыя, што не мелі ўласнай хаты і жылі ў гаспадара, а таксама парабкі, чаляднікі — тыя, што працуюць выключна на сялян. Асноўным грамадскім інстытутам, які інтэграваў, кантраляваў, кансерваваў жыццё вяскоўцаў, была абшчына (грамада). Дэвальвацыя яе эканамічнай функцыі склала адзін з сістэмаўтваральных стрыжняў дынамікі сялянскага быту XVI—XVIII стст. Дэструкцыя эканамічнай функцыі абшчыны (грамады) была звязана з правядзеннем валочнай памеры 1557 г. Пасля ажыццяўлення валочнай рэформы грамада распараджалася толькі зямлёй агульнага карыстання — сенажацямі і выганамі, прычым сенажаці таксама маглі знаходзіцца ў падворным карыстанні. У XVIII ст. абшчына ў Беларусі толькі ў некаторых мясцінах мела пазямельныя функцыі (гэта тычылася ў асноўным не ўсёй сялянскай пахаты, а толькі невялікай яе часткі) і іграла пераважна падатковую, адміністрацыйную, інтэграцыйна-ахоўную ролю. Разам з тым грамада не страціла цалкам свайго гаспадарча-эканамічнага значэння. Так, «вся громада» вёскі Лукі Берасцейскага ваяводства, «ручаясь друг за друга» (г. зн. кругавой ларукай), вырашыла перадаць надзел з царквой, атрыманы пры абмене зямель, у царкоўнае карыстанне (1717 г.). Асноўная падатная адзінка паслярэформеннага часу —дым, двор, які валодаў у сярэднім ад адной чвэрці да паловы валокі (адна валока — 21,36 га зямлі). Аднак, асабліва на ўсходзе, дзе валочная памера не была ажыццёўлена цалкам, сяляне вялі гаспадарку службамі, якія складаліся з некалькіх двароў, там жа было распаўсюджана здольніцтва і сябрынства, што спрыяла кансервацыі традыцыйных форм гаспадаркі і быту.
5.2.1. Характэрныя рысы грамадскага быту
Стыль паводзін сялян вызначаўся традыцыйнымі стэрэатыпамі абшчыны, сацыянарматыўная функцыя якой у азначаны перыяд была вельмі істотнай. У сямейных бытавых паводзінах селянін выяўляў сябе як сацыялагізаваную асобу, чые адносіны з абшчынай вызначаліся прынцыпам арганічнага канфармізму. Досыць істотна гэты прынцып праяўляўся пры разглядзе спорных спраў, які праводзіўся па нормах пісанага і, што мае асабістае значэнне для вывучэння характару існавання традыцыі, звычаёвага права. Адной з такіх форм архаічнага грамад-
скага быту быў удзел у копным судзе. Гэта старажытная форма саматужнага вясковага суда існавала да пачатку XVIII ст. на Палессі. Копны суд, капа (у XVII ст. ён мог называцца грамадой) — суд сельскай, досыць рэдка — гарадской, абшчыны дзейнічаў на аснове звычаёвага права. Часта ён быў абмежаваны пэўнаю адміністрацыйнаю адзінкаю. Пад яго юрысдыкцыю траплялі сяляне, зрэдку гараджане, таксама баяры, зямяне, дробныя шляхціцы. У ім удзельнічалі выбраныя паважаныя сяляне, часам баяры, гараджане, прадстаўнікі адміністрацыі — копныя мужы. У судзе звычайна прымаў удзел прадстаўнік вышэйшага суда, які назіраў за ходам працэсу. Суд разглядаў часцей за ўсё справы аб крадзяжах, патравах, забойствах, ён мог вынесці і смяротны прысуд. Сярод відаў суда можна вызначыць гарачую капу, калі злачынцу судзілі па свежых слядах, завітую — канчатковую. Копны суд звычайна збіраўся на вызначаным месцы : «...месяца сакавіка 9 дня сабралі на капутыхжа мужоўзсёл ваколічных...там, дзе здаўна капу збіралі...на сцяне паміж зямель яго каралеўскай міласці вёскі Каменья і іншай Каменья, вёскі шляхецкай» (Берасцейшчына, 1664 г.). Можна вылучыць таксама «вялікую капу», якая вызначалася істотнай прадстаўнічасцю. Так, вялікая «сабралася капа на 2 мілі ў акружнасці» (Берасцейшчына, 1665г.). На капу для разгляду асабліва важных спраў магло збірацца досыць прадстаўнічае кола. Так, з нагоды падпальвання гумна ў шляхецкім маёнтку ў Пінскім павеце на капу, што адбывалася ў царкве, сабраліся людзі з 17 населеных пунктаў (1664 г.).
Галоўнымі цэнтрамі грамадскай камунікацыі былі карчма і царква. Разам з тым гэтыя ўстановы размяшчаліся пераважна ў сёлах ці мястэчках, У якасці ўніверсальнага шматфункцыянальнага цэнтра грамадскіх камунікацый можна вылучыць карчму — месца правядзення вольнага часу, адзначэння рэлігійных, сямейных свят, гэта быў своеасаблівы цэнтр лучнасці сямейнага і грамадскага. Таксама ў карчме праходзілі дзелавыя сходы, заключаліся здзелкі. Гэтыя два цэнтры камунікацыі — царква і карчма — меліся таксама ў горадзе і мястэчку, але там існаваў яшчэ адзін істотны цэнтр грамадскіх камунікацый, якога была пазбаўлена вёска, — плошча.
Адрозненні сацыяльна-эканамічных характарыстык рэгіёнаў беларускіх зямель, іх гісторыка-культурная, канфесіянальная своеасаблівасць абумовілі існаванне рэгіянальных адметнасцей беларускай сялянскай сям’і даследуемага перыяду.
Трэба адзначыць, што адсутнасць ва Усходняй Беларусі развітой фальваркова-паншчыннай сістэмы стымулявала рынкавую скіраванасць сялянскай гаспадаркі гэтага рэгіёну, што надавала ладу жыцця сялян, а значыць, і іх сямейнаму ўкладу адносную мабільнасць, схільнасць да абмену культурнай інфармацыяй. Разам з тым кансервацыя старажытных форм землекарыстання, пры якіх грамада, абшчына працягвала выконваць эканамічную функцыю, лагічна павінна была стрымліваць працэс сепарацыі асобных сем’яў, індывідуалізацыі іх быту.
Рэгіянальнай спецыфікай, заснаванай як на прыродных, так і на этнакультурных асаблівасцях, вылучалася ў гэты час і вясковае жыццё Палесся. Яго аснову складаў замкнёны, унутры-лакальна і рэгіянальна адасоблены лад жыцця, у сістэме якога кансерваваліся рысы палескага этнаграфічнага рэгіёну, што паступова набывалі элементы субэтнасу. На геаграфічных картах, дакументах XVI—XVIII стст. Палессе дастаткова часта фіксуецца ў сваіх цяперашніх межах, прычым падзяляецца на заходняе і ўсходняе, што адпавядае яго сучаснаму регіянальна-этнаграфічнаму падзелу. Можна меркаваць, што менавіта ў дадзены перыяд склалася на ўзроўні лакальна-этнаграфічнай ці, магчыма, субэтнічнай самасвядомасці ўяўленне палешукоў аб уласнай своеасаблівасці, якая адрознівала культуру Палесся ў наступную гістарычную эпоху.
Рэгіянальная своеасаблівасць беларускай сялянскай сям’і ў даследуемы перыяд у немалой ступені была абумоўлена і такім фактарам, як войны. За перыяд вайсковых дзеянняў з 1648 па 1667 гг. найвялікшыя людскія страты ў Вялікім княстве Літоўскім назіраліся ў Віцебскім, Мсціслаўскім, Полацкім, Менскім, Мазырскім, Рэчыцкім, Аршанскім ваяводствах — 60—70% насельніцтва. Як можна заўважыць, тэрыторыі гэтых ваяводстваў ахоплівалі, у асноўным, усходнюю палову беларускіх зямель, што не магло не адбіцца на маёмасным становішчы, полаўзроставай структуры сялянскіх сем’яў гэтага рэгіёну. Фактычна асновы сялянскай жыццядзейнасці, у тым ліку і бытавой, гэтых рэгіёнаў былі зруйнаваныя.
На звычаі і абрады сялянства аказала ўплыў і канфесіянальная сітуацыя ў Беларусі. У другой палове XVII — XVIII ст. найвялікшая колькасць каталіцкіх і уніяцкіх прыходаў знаходзілася ў цэнтральных і заходніх раёнах беларускіх зямель. Як сведчаць даныя першай паловы XIX ст., сямейная абраднасць сялян праваслаўнага веравызнання адрознівалася ад абраднасці каталікоў і уніятаў. Можна меркаваць, што менавіта з дадзенага перыяду пачалася істотная дыферэнцыяцыя беларускіх зямель на ўсходнія і заходнія вобласці па канфесіянальнай прыкмеце, за якой стаяць больш глыбокія ментальныя, этнакультурныя працэсы.