Матэрыяльная культура і быт беларусаў XVII - XVIII стст.
Вучэбна-метадычны дапаможнік
Выдавец:
Памер: 114с.
Мінск 2005
5.3.1. Характэрныя формы грамадскага быту
Горад уяўляў сабой закрытую сацыяльную сістэму, якая існавала ў значнай ступені па сваіх прававых, судовых, эканамічных, культурных нормах. Таму ў падмурку разгляду і тыпалогіі гарадскога быту знаходзяцца пераважна тыпы ўнутрыгарадской камунікацыі і звязаныя з імі формы культуры. Пры гэтым можна выдзеліць тры асноўныя камунікацыйныя цэнтры горада: агульнакамунікацыйны — рынкавая плошча, лакальна-камунікацыйныя — прыход і карчма. Адным з цэнтраў агульнагарадской камунікацыі была плошча перад прыходскім храмам. Таксама грамадскі быт магчыма падраздзяліць на полісацыяльны, які ахоплівае прадстаўнікоў розных класавых, этнічных, канфесіянальных, прафесійных і іншых груп, і субсацыяльны — характэрны для вузкавызначанага сацыяльнага асяроддзя. У сваю чаргу змястоўны бок гэтых двух тыпаў грамадска-бытавой камунікацыі складалі падзейны, каляндарна-святочны і будзённы пласты. Падзейны пласт абдымае кола пераважна паратэатральных відовішчаў, звязаных у асноўным з пазакаляндарнымі падзеямі агульнагарадскога характару — прыбыццём значных асоб, вехамі сямейнага, асабістага жыцця магнатаў — вяселлямі, імянінамі, пахаваннямі, а таксама іншымі падзеямі гарадскога жыцця — сеймікамі і сеймамі, грамадскімі пакараннямі і інш. Гэты тып грамадскага быту меўу болынай ступені асобасны, рэгулярны, свецкі характар. Разам з тым у пэўных выпадках ён мог сумяшчацца з каляндарна-святочным тыпам — калі яго падзеі прымяркоўваліся да рэлігійных каляндарных свят. Таксама падзейны пласт уключаў і рэгулярныя полісацыяльныя акцыі, такія, як кірмашы.
Каляндарна-святочны пласт полісацыяльнага грамадскага быту звязаны з хрысціянскімі каляндарнымі святамі, якія рабіліся падзеямі агульнагарадскога маштабу. Гэта, зыходзячы з дамінавання ў тагачасных гарадах каталіцкай канфесіі, у першаю чаргу — святы па новым календары,
сярод якіх вылучаліся Ражство, Вялікдзень, свята Божага Цела, святы ў гонар шматлікіх святых. Разам з тым шматканфесіянальны склад гарадскога насельніцтва беларускіх зямель XVII—XVIII стст. надаваў каляндарна-святочнаму тыпу быту субсацыяльны характар: прадстаўнікі пратэстантызму, праваслаў’я, іудаізму, ісламу адзначалі свае рэлігійныя святы асобна.
Бурныя палітычныя, сацыяльныя канфлікты эпохі спецыфічна адбіліся на грамадскім быце гараджан, актывізуючы яго мілітарысцкі бок. Увогуле, тагачасныя беларускія гарады ўяўлялі сабой істотныя ўмацаваныя пункты з дзвюма асноўнымі абарончымі фартэцыямі — сістэмай забудоў вакол горада і замкамі, акрамя гэтага, абарончы характар мела I планіроўка горада з культавымі будынкамі ў вузлавых месцах. У гарадах налічваліся значныя абарончыя арсеналы — так, у Слуцку паводле вопісу 1620 г. было 26 гармат, 130 пішчалей, больш за 200 мушкетаў; у Нясвіжы ў 1753 г. было 30 гармат. Названыя гарады, а таксама Магілёў, Стары Быхаў былі значнымі абарончымі пунктамі, што адыгрывалі істотную ролю ў ваенных дзеяннях. Параўнальна вялікія, пераважна прыватнаўласніцкія гарады мелі апалчэнне, якое дзялілася на палкі, сотні, дзесяткі, магло ўключаць усё здаровае мужчынскае насельніцтва, як гэта было ў Слуцку; прычым у апалчэнне ўваходзілі ўсе групы гараджан: рамеснікі, «люзныя» людзі, яўрэйскае насельніцтва. Абарона горада ад знешняга ворага, унутрыгарадскія сутычкі — усё гэта вымушала дзейнічаць сумесна прадстаўнікоў розных сацыяльных слаёў гараджан, садзейнічала нівеліроўцы гарадскога быту. У гарады зыходзілася насельніцтва ў час войнаў, паўстанняў, гарадская рыначная плошча была месцам збору паспалітага рушэння, тут адбываліся з’езды часоў канфедэрацый, што ўвогуле рабіла гэты тып пасялення цэнтрам маштабных падзейна-бытавых камунікацый. Экстрэмальныя ўмовы спрыялі росту значэння гандлёвай плошчы ў грамадскім быце гараджан: сюды збягаліся жыхары ў час небяспекі, аб якой абвяшчаў, напрыклад у Магілёве, звон.
Полісацыяльнаму бытавому тыпу супрацьпастаўляўся субсацыяльны. Ён абапіраўся на выразную сацыяльна-іерархічную, рэлігійную, этнічную дыферэнцыяцыю гараджан. Структурна субсацыяльны быт падзяляўся на сацыяльна-класавы (патрыцыяту, шляхты, мяшчан, нізоў I г. д.), этнічны (быт I культура жывучых адносна кампактна і этнічна адасоблена дысперсных груп — яўрэяў, татар, рускіх стараабрадцаў і інш.), вузкапрафесійны (лад жыцця кліру, цэха), сацыяльна-тапаграфічны (прадмесці, часткова насельніцтва прыхода). Усе гэтыя соцыумы, нягледзячы на ўзаемапранікненне адзін у аднаго, тым не менш былі дастаткова стабільнымі, мелі свае вузкалакальныя цэнтры камунікацыі, валодалі пэўным сацыяльным эгацэнтрызмам. Гэтыя асноўныя тыпы субсацыяльнага быту наогул адрозніваліся значным кансерватызмам, аднак і сярод іх сваёю карпаратыўнасцю вылучаўся быт латрыцыяту — заможнай шляхты (элітарна-рэферэнтнай групы гараджан), да якой прымыкаў слой найбольш забяспечаных рамеснікаў, купцоў. Свае нормы паводзін дыктавала I шляхта —
так, напрыклад, у Мінску мяшчане першы раз былі дапушчаны на баль у 1791 г. Досыць спецыфічным і замкнёным быў быт аб’яднаных у кагалы яўрэяў, лічба якіх у гарадах павялічылася да 20—40 % усіх жыхароў. Па-ранейшаму ўнутранае жыццё абшчын было строга рэгламентавана, але яны звычайна прымалі актыўны ўдзел у полісацыяльным грамадскім быце. Што датычыцца цэхаў, дык іх традыцыйна-кансерватыўны лад жыцця пачаў дэфармавацца недзе з другой паловы XVIII ст.— часу агульнага заняпаду гэтай формы аб’яднання рамеснікаў. Сярод новых з’яў субсацыяльнага прафесійнага быту трэба адзначыць першапачатковую крышталізацыю ладу жыцця тых, хто працаваў на мануфактурах, аднак яго спецыфіка была звязана пакуль што амаль толькі з асаблівасцямі працы.
Разам з тым буржуазна-дэмакратычныя плыні новай гістарычнай эпохі ў першую чаргу захапілі гарады. У апошнія дзесяцігоддзі XVIII ст. агульнадаступнымі зрабіліся тэатральныя пастаноўкі (тут сваю ролю адыграў перасоўны тэатр), балі, іншыя з’явы культурнага жыцця, узніклі рэдуты (агульнадаступныя балі, уваход на якія быў па білетах). Размыванне саслоўнай замкнёнасці адбывалася ў першаю чаргу пад уплывам буржуазнага ладу жыцця — саслоўна дыферэнцыраваны феадальны горад паступова саступаў месца больш дэмакратычнаму гораду раннебуржуазнаму.
3 шырока зразумелым субсацыяльным бытавым тыпам звязана функцыянаванне трэцяга асноўнага (у сістэме горада — лакальнага) цэнтра ўнутрыгарадской камунікацыі — карчмы. Гэта было месца, дзе грамадская падзея рабілася фактам асабістага жыцця I наадварот. Карчма з’яўлялася адначасова субсацыяльным і тапаграфічным лакальным цэнтрам — яе наведвалі ў асноўным гараджане нізкага і сярэдняга дастатку, якія жылі недалёка ад піцейнага дома. 3 карчмой былі звязаны будзённы і святочны быт, тут вырашаліся дзелавыя справы. XVII—XVIII стст. былі часам развіцця піцейных дамоў. Так, у Нясвіжы за 107 год колькасць карчмоў павялічылася амаль у тры разы — з 17 у 1654 г. да 47 у 1761 г. З’явіліся і новыя дыферэнцыраваныя віды — аўстэрыі, шынкі і інш.
Адным з найбольш важных фактараў духоўнага жыцця гарадоў той эпохі была рэлігійная прыналежнасць. Своеасаблівасць існавання канфесіі ў XVI —XVIII стст. складалася з таго, што яна адначасова з этнічным адценнем несла яшчэ і палітычнае. Экспансія каталіцкай царквы нанесла моцны ўдар канфесіянальнаму плюралізму, які ў добры бок адрозніваў Беларусь у бліжэйшым мінулым, і зрабіла пытанне аб веравызнанні крытэрыем палітычнай надзейнасці. Элементы дыскрымінацыі праваслаўных і пратэстанцкіх мяшчан, прадстаўнікоў іншых вер і культур, акрамя каталіцкай і, у пэўнай ступені, уніяцкай — усё гэта істотна дэстабілізавала гарадское жыццё, надавала яму рысы жорсткасці. Разам з тым нельга меркаваць, што беларускія гарады пераўтварыліся ў арганізуючыя цэнтры канфрантацыі. На плошчах захоўвалася суіснаванне розных па належнасці культавых устаноў, рэлігійная палеміка
не абавязкова выклікала ўзброеныя сутычкі. Акты міжканфесіянальнай агрэсіі адбываліся ў асноўным паміж прафесійнымі носьбітамі той ці іншай рэлігіі, тымі, хто належаў да пэўных рэлігійных устаноў: манахамі, навучэнцамі царкоўных, манастырскіх школ, калегіумаў. Шырокія грамадскія хваляванні на рэлігійнай, этнічнай глебе былі справай экстраардынарнай. У час, калі не было войнаў, узброеныя супрацьстаянні гараджан былі выключэннем — забойства I. Кунцэвіча мела вялікі рэзананс як раз дзякуючы свайму выключнаму характару. Традыцыя верацярпімасці аказвалася досыць трывалай і здольнай да супраціўлення. Што тычыцца канфесіянальнага складу гарадскога насельніцтва, дык ён адлюстроўваў спецыфіку беларускай сітуацыі — у гарадах панавалі католікі, меліся праваслаўныя, уніяцкія рэлігійныя ўстановы, а таксама вернікі яўрэі, што спавядалі іудаізм (асабліва трэба адзначыць рэфармацыйны рух хасідаў), мусульмане — татары, невялікая колькасць пратэстантаў.
Субсацыяльная функцыя праявілася ў моўнай сферы. Складана назваць перыяд у гісторыі беларусаў, калі б шматмоўе было так распаўсюджана сярод гараджан. Разам з тым агульны моўны прынцып дзяржавы меў месца і там: асноўнай мовай была дзяржаўная польская. A. М. Лунін у 1792 г. пісаў, што беларусы ўсіх гарадоў Полацкага намесніцтва (Полацка, Віцебска і інш.) гавораць «мовай польскай», якую ён адрозніваў ад «нспорченного польского языка» сельскага насельніцтва. Гэта трэба разумець як канстатацыю польскамоўнасці гараджан, у адрозненне ад беларускамоўнасці вяскоўцаў. Безумоўна, пасля Варшаўскага сейма 1696 г., на якім старабеларуская мова ў якасці афіцыйнай у Вялікім княстве Літоўскім была заменена польскай, апошняя паступова стала дамінуючай у розных сферах ужывання. На польскай мове, разам з лацінскай, адбывалася навучанне ў асноўных вучэбных установах, на гэтых мовах выдавалася амаль уся надрукаваная прадукцыя таго часу. Па-польску пісаўся асноўны тэкст актаў, у тым ліку і гарадскіх, ужо з пачатку XVII ст. Разам з тым польская мова наўрад ці можа прэтэндаваць на ролю адзінай дамінуючай мовы камунікацыі гараджан. Напэўна, гэта быў час субсацыяльных моў, сярод якіх польская адыгрывала сацыякамунікатыўную ролю. Большасць гараджан была, відавочна, білінгвамі, прычым другой мовай, як у простых мяшчан, так і ў часткі заможнай, была беларуская. У актавых кнігах магістратаў уступная і заключная часткі нярэдка пісаліся па-беларуску, зрэдку сустракаліся і дакументы цалкам на гэтай мове, на старажытнабеларускай мове іншы раз падпісваліся члены магістрата (праваслаўныя), на ёй працягвалі стварацца асобныя літаратурныя, публіцыстычныя творы. Беларуская мова выкарыстоўвалася ў традыцыйным сілабічным вершаскладанні ў беларускай любоўнай лірыцы другой паловы XVII — першай паловы XVIII ст., якая ўзнікла і развівалася ў асяроддзі мяшчан і збяднелай шляхты. Беларуская мова гучала з канца XVI ст. у інтэрмедыях, прычым яна магла быць цалкам звязана з жывой народнай мовай. Яе чулі ва уніяцкіх царквах у час казанняў, яна вывучалася ў школах пры кляштарах базыліян.