Матэрыяльная культура і быт беларусаў XVII - XVIII стст. Вучэбна-метадычны дапаможнік

Матэрыяльная культура і быт беларусаў XVII - XVIII стст.

Вучэбна-метадычны дапаможнік
Выдавец:
Памер: 114с.
Мінск 2005
42.91 МБ
Акрамя вызначаных, мовай навукі была лацінская, аматараў прыгожага пісьменства, сучаснай філасофіі •— французская. У вузкім, пераважна канфесіянальным асяроддзі карысталіся мовамі царкоўнаславянскай, грэчаскай. Моўную палітру горада дапаўняла гаворка на родных мовах прадстаўнікоў іншаэтнічных па адносінах да беларусаў этнасаў.
Увогуле, шматмоўнасць беларускага горада была звязана з яго роляй данатара духоўных каштоўнасцей, якія традыцыйна ствараліся на розных мовах і ўвайшлі ў бытавую культуру гараджан. У гарадах былі размешчаны друкарні, якія выдавалі прадукцыю на польскай, лацінскай, старабеларускай, стараславянскай, іншых мовах — пры манастырах, брацтвах, ці свецкія — каралеўскія. Тут можна вылучыць Магілёў, Мінск, Нясвіж, Гродна. Шырока папулярнымі ў XVIII ст. сярод шляхты і гараджан зрабіліся своеасаблівыя энцыклапедыі сучаснага жыцця — календары, а таксама газета — «Вядомасці літэрацкі», якая выдавалася ў Вільні — першыя сучасныя сродкі мас-медыя. У гарадах канцэнтраваліся асяродкі адукацыі — калегіумы, манастырскія школы. Да канца XVIII ст. горад паступова завалодаў інтэлектуальнай манаполіяй, прыцягнуў да сябе лепшыя навуковыя, літаратурныя, мастацкія сілы і пачаў атрымліваць перамогу ў гэтым сэнсе над сельскімі шляхецкімі маёнткамі.
Складаную карціну ўяўляла сабой і іерархічная струюгура этнічнай самасвядомасці гараджан-беларусаў. Найбольш высокую ступень у ёй займаў палітонім — дзяржаўны вызначальнік, якім часцей за ўсё была назва «ліцвіны». Акрамя гэтага, беларусаў — гараджан той эпохі называлі (экзаэтнанім) літвой, літоўскімі людзьмі, беларусамі (беларусцамі), палякамі, рускімі, русінамі. Самі ж сябе яны звалі (эндаэтнанім) ліцвінамі, беларусцамі, літоўскімі людзьмі. Прычым спецыфіку самасвядомасці гараджаніна складала тое, што празванне ад назвы горада, адкуль ён родам,— магілёвец, быхавец, мсціславец і г. д.— займала амаль адну ступень у таксанамічным шэрагу з вызначальнікам, напрыклад, дзяржаўнай прыналежнасці. У эпоху, якая даследуецца, ішоў працэс стабілізацыі этнічнага азначэння беларусец (яно нярэдка ўжывалася no634 з назвай ліцвін), напаўнення яго этнічным зместам у якасці экзаі эндаэтнаніма. Так,у пытальнай гаворцы ў Пасольскім прыказе ў Маскве ігумен Полацкага Увазнясенскага кляштара Афінаген Крыжаноўскі казаў, што яго паслалі «з Полацку ўсе беларусцы». Як ужо адзначалася вышэй, назва беларусец была ўласцівая ў XVII ст. выключна прадстаўнікам паўночна-ўсходніх, усходніх рэгіёнаў беларускіх зямель — тых, што называліся Белай Руссю. Тым болыв каштоўнымі з’яўляюцца звесткі аб рэгіянальным пашырэнні гэтага самавызначэння, што сведчыць аб пачатку складанага працэсу напаўнення гэтага тапоніма этнічным зместам. Так, беларусцам на распытных гаворках у Маскве назваў сябе ўраджэнец Гародні Асташка Троінскі (1672 г.). Акрамя таго, што так вызначыў сябе беларус самай заходняй часткі этнічнай тэрыторыі, якая ніколі не называлася ў гэты перыяд Белай Руссю, аб этнічным адценні гэтага
наймення сведчыць яго вялікая ўстойлівасць — А. Троінскі знаходзіўся на чужыне 17 гадоў. Доўгае захаванне саманазвы ва ўмовах значнай адлегласці ад радзімы сведчыць, што гэтая саманазва мае рысы этноніма.
5.3.2.	Падзейны від грамадскага быту
Гандлёвая плошча, а таксама галоўныя вуліцы горада, якія выходзілі на яе, былі асноўным месцам, дзе разгортвалася дзейства полісацыяльнага пласта грамадскага жыцця і, у прыватнасці, самага значнага яго віду — падзейнага. Камунікатыўная цэласнасць гараджан рэальна ажыццяўлялася ў грамадскай прасторы горада, цэнтрам якога з’яўлялася плошча — асноўны камунікатыўны вузел. Для беларускіх гарадоў XVII—XVIII стст. тыповым было існаванне двух цэнтраў — рэзідэнцыі феадала і гандлёвай плошчы (нярэдка адзінай у горадзе), дзе размяшчаліся ратуша, гандлёвыя рады, культавыя будынкі, жылыя дамы і г. д. Рыначная плошча з’яўлялася асноўным цэнтрам гандлёвага, адміністрацыйнага, дзелавога, вучэбнага жыцця гарадоў і мела адпаведныя яе значэнню памеры: у канцы XVIII ст. у Мінску яна займала 2,75 га, Магілёве — 2,72 га, Полацку — 1,93 га, Старым Быхаве — 1,88 га. Акрамя гандлёвай, у некаторых гарадах мелася яшчэ адна (Віцебск, Слуцк, Мінск і інш.) або некалькі плошчаў (Нясвіж, Крычаў і інш.), якія ігралі ролю лакальных цэнтраў грамадскай прасторы. Нягледзячы на агульнаеўрапейскі працэс адціскання на другі план функцыянальнага пачатку рыначнай плошчы ў эпоху барока, у беларускіх гарадах яна захавала значэнне цэнтра грамадскага жыцця.
Падзейны від грамадскага быту, побач з каляндарна святочным, ахоплівае найбольш буйныя сацыяльна-інтэгруючыя з’явы ў жыцці гараджан. 3 падзейнай разнастайнасці сваім грамадскім рэзанансам і рытуальнай насычанасцю вылучаецца прыбыццё ў горад розных каранаваных высокапастаўленых асоб, прыём якіх суправаджаўся ўсім комплексам існуючых сродкаў, арганізаваных у вызначаную сістэму барочных паратэатральных відовішчаў з урачыстымі брамамі, шэсцямі, тэатралізаваным афармленнем, музыкай, гарматнымі стрэламі, феерверкамі. Так, у 1699 г. у Магілёве біскупа Беларускага С. Палахоўскага сустракалі працэсія духавенства, увесь магістрат, шматлікая купецкая і мяшчанская моладзь, якая ехала вярхом з харугваю купецкай ізбы, розныя цэхі, якія ішлі ў падабаючым моманту адзенні, пры зброі, усё шэсце суправаджалася гарматнай пальбой. He менш пышна прывіталі прыбыццё ў гэты горад у 1775 г. біскупа Беларускага, Мсціслаўскага, Аршанскага і Магілёўскага I. Валчанскага. Барабаны сігналізавалі аб зборы цэхаў, літаўры — купецкай і ротмістравай харугваў. Магістрат сустракаў біскупа ў спецыяльна пабудаванай на мосце за горадам «Трыумфальнай браме» — багата аздобленай, з гербамі і надпісамі. Па дарозе да брамы госця суправаджала працэсія, на чале якой ехала купецкая харугва, затым ішоў кравецкі цэх з царкоўнымі атрыбутамі,
духавенства і — сярод яго — сам I. Валчанскі. У горадзе біскуп выконваў урачыстыя службы, прысутнічаў на абедзе «пры музыцы брацкай». Надоўга засталіся ў вусных паданнях, захаваліся ў разнастайнай літаратуры сустрэча і знаходжанне караля Станіслава Аўгуста па дарозе на сейм 1775 г. у рэзідэнцыі Караля Радзівіла — Нясвіжы. Буйнейшы беларускі магнат, які багаццем перасягнуў караля, не пашкадаваў сіл і сродкаў для дэманстрацыі сваёй магутнасці. Перад уездам у горад былі пабудаваны дзве брамы з надпісамі па латыні, у першай з якіх Станіслава Аўгуста вітаў бургамістр і даў яму ключы ад горада. На цэнтральнай, рыначнай плошчы ў ратушы стаяла пяхота асобнага войска Радзівіла, святкаванне праходзіла ў іезуіцкім касцёле, замку, горад быў багата ілюмінаваны. На сустрэчу сабралася ў горад вялізная колькасць людзей — толькі прыезджых налічвалася каля 30 тысяч. Канцэрты, балеты, оперы, паляванне, грандыёзная тэатралізаваная пастаноўка «Аб авалоданні Пбралтарам» у прыгарадзе Альба, уражальны феерверк і яшчэ многія іншыя забавы суправаджалі прыём караля, які каштаваў Пану Каханку 1 млн. 600 тысяч польскіх злотых. Падзейны пласт уключаў шэраг грамадска-бытавых акцый полісацыяльнага характару, сярод якіх вылучаецца слой рэгулярных, аднесеных да вызначанага прамежку часу мерапрыемстваў. Гэта, па-першае, кірмашы, якія адбываліся ў сярэднім 2—4 разы ў год, а таксама штотыднёвы гандаль. Прычым для ўдзелу ў іх прыбывалі не толькі жыхары вызначанага рэгіёну — лакальнага рынку з цэнтрам у буйным горадзе ці мястэчку. У разглядаемую эпоху межы лакальных рынкаў рэгулярна пашыраліся, узрастала інтэнсіўнасць гандлёвых кантактаў як ва ўнутрыбеларускім, так і ў міжэтнічным, міждзяржаўным маштабах. Такім чынам, рыначная плошча беларускіх гарадоў і мястэчак (тут у першую чаргу трэба назваць Магілёў) з’яўлялася камунікацыйным асяроддзем, дзе ішоў абмен сінхроннай этнакультурнай інфармацыяй разнастайных інтэграцыйных узроўняў: кансалідацыйнага; лакальна-этнаграфічнага (горад — сяло) і этнічнага; інтэграцыйна-міжэтнічнага.
Акрамя вышэй адзначаных, да падзей агульнагарадскога маштабу, пры ўсёй іх карпаратыўнасці, можна аднесці сеймы (кожны трэці з іх павінен быў праводзіцца ў Беларусі — у Гародні), а таксама павятовыя сеймікі. Прыбыццё значнай колькасці шляхціцаў, іх прадстаўнічай світы, асаблівасці сеймавай дзейнасці той эпохі — усё гэта прыносіла ў грамадскае жыццё гараджан налёт гіпертрафіраванага стыхійнага індывідуалізму, уласцівага шляхецкаму ладу жыцця таго часу. Спрэчкі палітычных груповак, што нярэдка пераходзілі ў скандалы і заканчваліся кровапраліццём, пышныя гулянкі, звязаныя з прыбыццём гасцей весяленні,— усе гэтыя тыповыя атрыбуты сеймаў і сеймікаў Рэчы Паспалітай, безумоўна, мянялі грамадскі быт гараджан.
Характар агульнагарадской падзеі маглі набываць і вехі жыццёвага шляху чалавека — вядома, знатнага. Разам з сеймамі, трыбуналамі, іншымі дзяржаўнымі мерапрыемствамі вяселле і пахаванне магнатаў
адносіліся да асноўных падстаў для сходаў — «з’ездаў» прадстаўнікоў пануючых класаў. Абраднасць гэтых двух дзействаў уключала шэраг грамадска-сігніфікацыйных рытуалаў. Так, пахаванне суправаджала шэсце цэхаў — са скручанымі, пакрытымі жалобным крэпам харугвамі, чорнымі барабанамі, тэатралізаванымі выявамі смерці і нябожчыка. Эмацыянальна супрацьлеглае, аднак таксама псіхалагічна моцнае ўражанне павінна было рабіць і шлюбнае святкаванне. Характэрным узорам вясельнай цырымоніі знаці можа служыць шлюб дачок князя Каэтана Выхоўскага ў Нясвіжскім замку — насычаны рытуаламі, выклікаўшы вялікі грамадскі рэзананс у горадзе. У падзею гарадскога значэння ператвараліся і імяніны высакародных асоб. Чатырохдзённае святкаванне, з’езд шматлікіх гасцей — усё гэта ўключалі імяніны маці князя Сангушкі ў Гародні. Балі, канцэрты, рэдуты, тэатральнае прадстаўленне, гарматная пальба і іншыя весяленні рабілі гэтую падзею святам гарадскога маштабу. Агульнадзяржаўнае значэнне набывала святкаванне каралеўскіх імянін, як, напрыклад, 3 мая 1791 г., калі яны ўрачыста, з ілюмінацыяй, другой пышнай атрыбутыкай адзначаліся ў гарадах Рэчы Паспалітай, у тым ліку ў Гародні, Брэсце, Мінску, Пінску.
Да ліку грамадска значных з’яў гарадскога жыцця, пастаянным месцам дзеяння якіх была рыначная плошча, належаць разнастайныя пакаранні. Так, у 1707 г. на гарадскім рынку Магілёва «казнілі» чатырох маскоўскіх афіцэраў, двух з іх — смяротнай карай. У эпоху актыўнага «палявання за вядзьмаркамі» на гандлёвай плошчы прыводзіліся ў выкананне смяротныя прыгаворы абвінавачаным (пазбаўленне жыцця за чарадзейства практыкавалася ў Рэчы Паспалітай да апошняй чвэрці XVIII ст.). У Быхаве, напрыклад, у 1688 г. было «калдуноў каля дзесятка спалена».